О картине О художнике Материалы Галерея
Савіцкі, М. А. Партрэт Алены Аладавай, 1996 : палатно, алей ; 110х90 см.— Мастацкі музей імя П. В. Масленікава філіял УК "Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Е. Р. Раманава"
"Яна ў музейнай справе была непаўторны талент. Ёй, ад прыроды вельмі сціпламу чалавеку, не патрэбны былі рэклама, зыбкая вядомасць, слава, грамадскае прызнанне. Яна і яе памочнікі – супрацоўнікі музея – заўсёды стваралі вельмі дзелавую і ўтульную атмасферу – атмасферу працы ў сваё задавальненне і радаваліся гэтаму, не думаючы аб тым, як будуць ацэнены іх дзеянні".
М.А. Савіцкі
Алена Васільеўна Аладава і Міхаіл Андрэевіч Савіцкі – гэта дзве фундаментальныя постаці ў гісторыі беларускага мастацтва XX ст., чые лёсы і творчыя шляхі былі цесна звязаныя праз Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь. Алена Аладава, будучы шматгадовым дырэктарам Дзяржаўнага мастацкага музея БССР (цяпер Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь), стала першаадкрывальніцай і галоўным калекцыянерам прац мастака. Яна разгледзела талент маладога Савіцкага і актыўна купляла яго маштабныя палотны (напрыклад, знакаміты твор "Віцебскія вароты", 1967) для фондаў галоўнага музея краіны. Легендарны твор Міхаіла Савіцкага "Партызанская мадонна" (1967) пасля Усесаюзнай выстаўкі забрала сабе Траццякоўская галерэя ў Маскве. Аладава была вельмі засмучаная тым, што шэдэўр пакінуў Беларусь, і асабіста папрасіла мастака стварыць новы варыянт. Дзякуючы яе настойлівасці, у 1978 г. Савіцкі напісаў новы аўтарскі варыянт карціны "Партызанская мадонна Мінская". Гэтая праца стала адным з галоўных сімвалаў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.
Калекцыя твораў Міхаіла Савіцкага, якую сабрала Алена Аладава, заклала падмурак для шырокай папулярызацыі творчасці мастака, што ў выніку прывяло да адкрыцця асобнай Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага на плошчы Свабоды ў Мінску.
Таму невыпадкова, што ў 1996 г. мастак стварае палатно "Партрэт Алены Аладавай", якое зараз захоўваецца ў фондах Мастацкага музея імя П.В. Масленікава філіяла УК "Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Е.Р. Раманава".
У сваім творы мастак увасобіў вобраз шчырага патрыёта, мудрага кіраўніка і непахіснага рупліўца нацыянальнай культуры. Алена Васільеўна валодала неверагодным энергічным запалам, уменнем пераконваць і дабівацца мэтаў дзеля развіцця культуры. Ёй удалося аднавіць разрабаваную ў гады Вялікай айчыннай вайны карцінную галерэю БССР, сабраць столькі шэдэўраў, што яшчэ пры яе жыцці пра беларускую музейную калекцыю жывапісу загаварылі як пра найбагацейшую ў Еўропе.
На партрэце Аладава намалявана ў цёмным працоўным касцюме і светлай сукенцы. Мастацтвазнаўца знаходзіцца побач са сталом, пакрытым узорным абрусам у асяроддзі музейных экспанатаў. У руцэ яна трымае расчыненую запісную кніжку з алоўкам, што падкрэслівае яе дзелавое амплуа.
Міхаілу Савіцкаму у сваёй карціне перадаў вобраз Алены Аладавай як яркай, адукаванай, валявой жанчыны з вытанчанымі манерамі і гарачым сэрцам, якая зрабіла тое, што падавалася немагчымым, – вярнуць Беларусі яе мастацкую спадчыну.
У памяць аб Алене Васільеўне Аладавай на фасадзе будынка Нацыянальная мастацкага музея Рэспублікі Беларусь 26 чэрвеня 1998 г. устаноўлена бронзавая шыльда з барэльефным партрэтам працы скульптара Івана Міско. Да 100-годдзя з дня нараджэння (якое адзначалася ў 2007 г.) РУП "Белпошта" выпусціла памятны мастацкі паштовы канверт з выявай будынка Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і маркай з партрэтам Алены Аладавай. Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь увёў у абарачэнне памятныя сярэбраныя манеты вартасцю 1 і 10 рублёў, прысвечаныя яе юбілею.















