О картине О художнике Материалы Галерея

Паплаўскі Георгій Георгіевіч
(15.02.1931 – 29.10.2017)

Паплаўскі Георгій Георгіевіч – беларускі мастак, графік, жывапісец, педагог. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1978), народны мастак Рэспублікі Беларусь (1997). Акадэмік Расійскай акадэміі мастацтваў (1991) і Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь (1995).

Нарадзіўся 15 лютага ў г. Роўна, Валынскага ваяводства, Польскай Рэспублікі (зараз Украіна). У 1933 г. сям’я Георгія Паплаўскага пераехала ў г. Бабруйск.

Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча (1955) (зараз УА "Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А.К. Глебава"), Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут па спецыяльнасці "Жывапіс" (1961) (зараз УА "Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў").

У 1962–1965 гг. выкладаў у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. У 1965–1968 гг. – выкладчык у Беларускім палітэхнічным інстытуце (цяпер УА "Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт"). З 1988 г. па 2012 гг. – кіраваў графічнай майстэрняй ДУК "Творчыя акадэмічныя майстэрні графікі" Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Удзельнік міжнародных і рэспубліканскіх мастацкіх выставак (1954). Член Беларускага саюза мастакоў (1961).

Працаваў у розных тэхніках станковай і кніжнай графікі, валодаў тэхнікамі алейнага жывапісу, акварэлі, літаграфіі, афорта. Творы мастака адлюстроўваюць характэрныя падзеі сучаснасці. Ім уласцівыя завершанасць мастацкай формы, пластычнасць ліній, гармонія тону.

Сярод асноўных твораў: цыклы "Памяць" (1968), "Індыйскі дзённік" (1969–1978), "Сыны партызаны" (1969), "Белы кантынент", "Браслаўскія калгасніцы" (усе 1970), "Браслаўшчына – край азёрны" (1971–1976), "Камыш" (1977); серыі "Высокае неба" (1974), "Радзіма касманаўтаў" (1971-1980), "Час доўгіх нажоў" (1982), "Чарнобыль – вёска без лісця" (1987), "Таемная вячэра" (1999), "Сутычка асілкаў" (2010).

Сярод жывапісных твораў: карціны "Пакроў дзень" (2001), "Францыск Скарына. Асветнік эпохі Адраджэння" (2007), "Слаўны горад Полацк" (2008); серыя пейзажаў "Па Беларусі" (2008), партрэты Сімяона Полацкага (2007), Еўфрасінні Полацкай, Барбары Радзівіл, Якуба Коласа (усе 2005–2006), Героя Савецкага Саюза С.Ф. Шутава, Кірылы Тураўскага (абодва 2011–2012).

Выканаў манументальны роспіс для ДУ "Нацыянальная бібліятэка Беларусі", "Заклік князя Ігара" (2007–2008). Аформіў кнігі твораў беларускіх пісьменнікаў Я. Купалы, Я. Коласа, А. Куляшова, В. Караткевіча, В. Быкава, А. Адамовіча, І. Мележа; класікаў сусветнай літаратуры Ф. Шылера, В. Шэкспіра, Ф. Петраркі, Дж. Свіфта, Р. Тагора.

Творы знаходзяцца ў фондах УК "Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь", УК "Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Я.Р. Раманава" філіял "Мастацкі музей імя П.В. Масленікава", ГА "Беларускі саюз мастакоў", у выставачным аб’яднанні "Цэнтральны дом мастака " (г. Масква), Музеі выяўленчага мастацтва імя А. Пушкіна (г. Масква), Дзяржаўным рускім музеі (г. Санкт-Пецярбург), Смітсанаўскім цэнтры ў г. Вашынгтоне (ЗША).