О картине О художнике Материалы Галерея

Паплаўскі, Г. Г. Еўфрасіння Полацкая, 2007 : палатно, алей ; 90х80 см.

У 2007 годзе Георгій Паплаўскі стварыў галерэю вобразаў беларускіх асветнікаў і дзеячаў культуры і мастацтва. Сярод іх партрэты Францыска Скарыны, Еўфрасінні Полацкай, Сімяона Полацкага. Асаблівае месца ў творчасці мастака займае партрэт асветніцы перыяду Кіеўскай Русі Еўфрасінні Полацкай.

Еўфрасіння Полацкая – дачка полацкага князя Святаслава, малодшага сына полацкага князя Усяслава Брачыславіча, асветніца перыяду Полацкага княства. Нарадзілася каля 1101 ці 1104 года.

Пасля дасягнення паўналецця адмовілася ад дынастычнага шлюбу і пайшла ў манастыр, пасялілася ў келлі полацкага Сафійскага сабора, дзе ў храмавым скрыпторыі перапісвала кнігі, вяла актыўную міратворчую і асветніцкую дзейнасць. Пабудавала на свае сродкі дзве царквы ў Полацку, заснавала пад Полацкам жаночы і мужчынскі манастыры, якія сталі цэнтрам асветы ў Полацкім княстве. Па яе замове Лазар Богша зрабіў крыж, вядомы як крыж Еўфрасінні Полацкай. Мужчынскаму манастыру падарыла выдатны твор візантыйскага мастацтва – абраз "Маці Божая Адзігітрыя Эфеская". У 1167 годзе памерла ў Іерусаліме, здзяйсняючы паломніцтва, і была пахавана ў манастыры Святога Феадосія.

Прыжыццёвага партрэта славутай беларускай асветніцы і ігуменні не захавалася. Ствараючы яе партрэт, Георгій Паплаўскі абапіраўся на духоўны подзвіг і агульнапрынятыя ўяўленні аб абліччы асветніцы.

На партрэце Еўфрасіння Полацкая паўстае ў манаскіх адзеннях з высакароднымі рысамі твару, якія падкрэсліваюць яе княжае паходжанне. Гэта паясны партрэт. У левай руце святая трымае кнігу – сімвал асветніцкай дзейнасці. Пальцы правай рукі, складзеныя ў малітоўным жэсце, – сімвал веры ў Святую Тройцу і ў ахвяру Ісуса Хрыста. У правым верхнім куце мастак адлюстраваў выяву Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку і зрабіў надпіс: "Еўфрасіння – заступніца нябесная зямлі роднай". Усё гэта падкрэслівае ролю ігуменні ў заснаванні манастыроў і важнасць яе асобы для Беларусі.

На гэтым партрэце Георгій Паплаўскі паспрабаваў перадаць свае ўражанні пра Еўфрасінню Полацкую і захаваць яе вобраз для нашчадкаў.