О картине О художнике Материалы Галерея

Лісоўскі, М. Я. Настаўніца, 1960 : палатно, алей. — Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь.

"Над партрэтам настаўніцы я пачаў працаваць яшчэ калі быў студэнтам мастацкага інстытута. Мне вельмі хацелася стварыць светлы вобраз чалавека, вернага сваёй справе, шчырага ў сваім высакародным імкненні аддаць веды, вопыт, чуласць сэрца новаму пакаленню. Такі вобраз настаўніцы пачынаў складвацца ў маёй свядомасці яшчэ, мусіць, у школьныя гады, калі я з глыбокай павагай ставіўся да сваіх канкрэтных выхавацеляў. Цяпер жа канкрэтнае аформілася ў абагульнае, тыпазаваніе".
Міхаіл Лісоўскі

Яркі вобраз прафесіянала, захопленага сваёй справай, стварыў Міхаіл Лісоўскі ў партрэце "Настаўніца" (1960). Для яго пазіравала жонка мастака і калега па педагагічнай працы ў Віцебскім мастацка-графічным педвучылішчы Генрыета Станіславаўна Скакоўская.

Генрыета (Грэта) Станіславаўна Скакоўская – гераіня партрэта, жонка мастака Міхаіла Лісоўскага, педагог. Педагагічную біяграфію пачала ў якасці старшай піянерважатай школы. Потым паступіла ў Віцебскае мастацка-графічнае педвучылішча. Пасля заканчэння вучобы яе як адну з найлепшых студэнтак пакінулі ў вучылішчы на пасадзе выкладчыка. Тут яна пазнаёмілася з Міхаілам Лісоўскім. Потым яны ажаніліся. У 1955 г. Гентрыета Скакоўская пераехала ў Мінск разам з мужам, які прыняў рашэнне працягнуць адукацыю ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (зараз УА "Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў"). У Мінску яна працавала настаўніцай у школе, выкладала чарчэнне і маляванне. Менавіта да гэтага перыяду адносіцца стварэнне згаданага партрэта. Гісторыя яго напісання вельмі добра раскрывае задуму аўтара.

Трактоўка вобраза настаўніка як чалавека творчай працы была блізкая Міхаілу Лісоўскаму. Мастак успамінаў, як сам наведваў урокі жонкі, калі тая выкладала ў школе. Яго цікавіла, як ёй удаецца падтрымліваць дысцыпліну ў класе, не падвышаючы пры гэтым голасу (у Лісоўскага-выкладчыка так не атрымлівалася). Яна ўмела на ўроку стварыць па-сапраўднаму творчаю атмасферу, і дзеці вучыліся з захапленнем, без прымусу. Тады і ўзнікла кампазіцыйнае рашэнне партрэта, якое раскрывае характар гераіні праз прафесійную дзейнасць. Да моманту стварэння партрэта Генрэеце Скакоўскай было 27 гадоў.

На карціне маладая настаўніца спакойна і ўпэўнена вядзе ўрок. Яна стаіць за сталом, спіной да дошкі і тварам да вучняў. Апранута строга і ў той час прыгожа. Адкрыты, ветлы і добразычлівы погляд. Жэсты простыя і натуральныя. У адной руцэ – крэйда, у другой – сшытак. Мастак стварыў жывы, выразны, запамінальны вобраз.

Геаметрычна прамыя лініі краю стала і класнай дошкі падкрэсліваюць стройную паставу гераіні, яе грацыёзную жаноцкасць. У той жа час разварот фігуры ў тры чвэрці да гледача, ледзь адведзеная ўбок рука з крэйдай, адухоўлены твар напаўняюць вобраз унутранай энергіяй. Сэнсавы і кампазіцыйны цэнтр партрэта, безумоўна, – твар мадэлі. Мастак адлюстроўвае яго на цёмным фоне на галоўнай вертыкальнай восі карціны, акцэнтуе белым жабо на сукенцы. І гэта не адзіныя кампазіцыйныя прыёмы. Ён, нібы рэжысёр, выкарыстоўвае раскадроўку, прапаноўваючы гледачу то агульны, то сярэдні, то буйны план. Агульны план – гэта фармат самаго партрэта. Наступны кадр, які нібы набліжае постаць гледача, пазначаны рамай класнай дошкі. Нарэшце разгорнуты сшытак у левай руцэ і карункавае жабо з брошкай факусіруюць увагу гледача на твары гераіні.

Лёгкасць у інтэрпрэтацыі вобраза партрэта выявілася ў пэўнай свабодзе пластычнай мовы. Шырокія мазкі ствараюць адчуванне хуткага пісьма, непасрэднага ўражання і паэтычнай усхваляванасці. Плаўнымі рухамі пэндзля напісаны фон, пастозна намалявана жабо на сукенцы. Цені і рэфлексы на прадметах пярэдняга плана выкананы ў тэмпераментнай дынамічнай манеры. Фарбы нібы струменяцца па паверхні формы, ствараючы прыгожае пераліванне колераў.

Гераіня партрэта намалявана ў класе ў кантэксце працоўнага працэсу. Мастак не паведамляе нам пра тое, які менавіта прадмет выкладае гэтая настаўніца. У гэтым партрэце індывідуальныя рысы мадэлі аформіліся ў абагульнены вобраз педагога, шчыра адданага сваёй справе. Мастак чуйна ўлавіў пафас пакалення маладой савецкай інтэлігенцыі, што верыла ў свае сілы і з энтузіазмам уключылася ў будаўніцтва новага жыцця.

Партрэт "Настаўніца" быў напісаны Міхаілам Лісоўскім яшчэ ў студэнцкія гады, але сёння ён успрымаецца як праца сталага майстра. Партрэт "Настаўніца", выкананы ў ранні перыяд творчасці, не страціў для сучаснага гледача жывога пачуцця і рамантычнай усхваляванасці.