О картине О художнике Материалы Галерея
Кудрэвіч Раіса Уладзіміраўна
(01.04.1919 – 18.05.2000)
Кудрэвіч Раіса Уладзіміраўна – беларускі мастак-графік. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1972), заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1973), народны мастак БССР (1991), прафесар.
Нарадзілася ў 1919 г. у Мінску, у сям’і вядомага беларускага пейзажыста, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Уладзіміра Мікалаевіча Кудрэвіча. Скончыла Віцебскае мастацкае вучылішча (1941). Педагогі: Ф.А. Фогт, І.В. Ахрэмчык, Л.М. Лейтман, Х.С. Гутэрман. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны эвакуіравалася ў Куйбышаўскую (Самарскую) вобласць, вёску Кануеўка Аляксандраўскага раёна, дзе працавала ў полі, потым выкладала маляванне і чарчэнне. У 1943–1945 гг. жыла ў Кемераве і працавала выяўленчым інспектарам аддзела мастацтваў аблвыканкама. У 1945 г. вярнулася ў г. Мінск.
Удзельніца мастацкіх выставак з 1941 г. Член Беларускага саюза мастакоў з 1946 г.
Працавала ў станковым жывапісе ў жанрах карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. Яе творчасці ўласцівы паэтызацыя паўсядзённасці, грамадзянскасць, трапнае колеравае рашэнне. Вялікая колькасць твораў прысвечана моладзі: "У родны калгас" (1948), "Сяброўкі" (1952), "Гарманіст ідзе" (1957), "Беларускія прыпеўкі" (1960), "Маладыя едуць", "Першае знаёмства" (абодва 1961), "Перад канцэртам" (1967), "Майскі дожджык" (1970), "Беларуская антонаўка" (1973), "Калі цвітуць сады" (1978), "Вясна ў Серабранцы" (1983).
Сярод карцін на гістарычныя тэмы: "А.С. Пушкін у Міхайлаўскім" (1951), "Першая рэпетыцыя" (1963), "Вясна. 1945 год" (1970), "Дачкам Айчыны прысвячаецца" (1975), "Народжаная Кастрычнікам" (1980).
Аўтар пейзажаў: "Восень у Прылуках" (1974), "Азёрны край" (1975), "На Бярэзіне" (1979), "Вясна" (1981); нацюрмортаў: "Нацюрморт з рабінай" (1979), "Ландышы і півоні" (1991); партрэтаў: "Партрэт дзяўчынкі" (1956), "Сашок. Партрэт сына" (1959), "Партрэт студэнткі" (1960), "Студэнтка", "Партрэт урача" (абодва 1962), "Наташа" (1973), "Партрэт студэнта кансерваторыі" (1976), "У майстэрні. Аўтапартрэт" (1979), "Палеская маладзіца" (1980).
Творы Раісы Кудрэвіч знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага беларускага мастацтва (г. Мінск), Мастацкім музеі імя П. В. Масленікава – філіяле УК "Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Е. Р. Раманава".















