О картине О художнике Материалы Галерея

Кудрэвіч, Р. У. У майстэрні. Аўтапартрэт, 1979 : палатно, алей ; 127х118 см. — Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь.

У сваёй творчасці Раіса Кудрэвіч не раз звярталася да аўтапартрэта, які стаў для яе формай творчай рэфлексіі і самапазнання. Найбольш вядомы – "У майстэрні. Аўтапартрэт" (1979).

Гэтая праца вырашана ў прэзентатыўным ключы. Тут важна не толькі асоба мастака, але і дэманстрацыя яго месца ў прафесійным асяроддзі, яго творчай прасторы. На пярэднім плане – фігура аўтара ў поўны рост. Сярэдні план займаюць акно з гарадскім пейзажам і мальберт з палатном. Злева ў кампазіцыі – заслона і фрагмент іншага палатна. Усё гэта стварае кантэкст прафесійнай дзейнасці. У руках мастачка трымае пэндзлі – галоўны атрыбут сваёй працы, пры гэтым поза са скрыжаванымі рукамі перадае ўпэўненасць і грунтоўнасць яе як майстра. Погляд накіраваны на гледача.

У партрэце дамінуюць яркія, насычаныя колеры: светла-зялёныя сцены майстэрні, залаціста-охрыстыя драпіроўкі заслоны, кантраснае спалучэнне чорнай сукенкі і жоўтай камізэлькі, ружова-тэракотавыя колеры падлогі. Каляровая гама пабудавана на спалучэнні цёплых і халодных адценняў, якія ствараюць адчуванне напоўненай святлом прасторы.

Адметна трактоўка акна з гарадскім пейзажам. Белыя архітэктурныя формы гарманічна чытаюцца на фоне светлага неба, ствараючы адчуванне паветра. Акно з відам на гарадскі пейзаж забяспечвае светлавое рашэнне кампазіцыі, звязвае замкнёную прастору майстэрні са знешнім светам і ўказвае на канкрэтнае месца – Мінск, дзе працавала мастачка.

Карціна "У майстэрні. Аўтапартрэт" (1979) з’яўляецца ўласнасцю Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.