О картине О художнике Материалы Галерея

Кашкурэвіч Арлен (Арсен) Міхайлавіч
(15.09.1929 – 26.08.2013)

Кашкурэвіч Арлен Міхайлавіч – беларускі мастак-графік. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1972), заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1973), народны мастак БССР (1991), прафесар.

Нарадзіўся 15 верасня 1929 г. у г. Мінску ў сям’і службоўца. У Вялікую Айчынную вайну ў эвакуацыі ў Саратаве. У 1953 г. скончыў Мінскае мастацкае вучылішча (зараз УА "Мінскі дзяржаўны каледж імя А.К. Глебава"). У 1959 г. выпускнік першага набору Беларускага Дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (зараз УА "Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў") па спецыяльнасці "Графіка". Дыпломная праца – ілюстрацыі да рамана ісландскага пісьменніка Х. Лакснеса "Атамная станцыя". У 1959–1969 гг. выкладаў у Беларускім Дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце.

Удзельнік мастацкіх выставак з 1959 г. Член Саюза мастакоў СССР і Беларускага саюза мастакоў з 1960 г.

Працаваў у кніжнай і станковай графіцы, у галіне плаката. Творам уласцівы глыбокае філасофскае асэнсаванне тэмы, мастацкае абагульненне. Майстар малюнка. Сярод станковых работ: трыпціх "Прысвячэнне В. Быкаву" і "Спрадвечнае" (абодва 1984), дыпціх "Напалм" (1985), серыі графічных лістоў: "Партызаны" (1969–1970), "Купаліяна" (па матывах твораў Я. Купалы, 1971), "Блакада" (1979), "Гэтае мілае гарадское жыццё…" (1988), "Пацалунак Юды" (1990), "Святыя зямлі Беларускай" (1993), "Апошняя калыханка" (1996), "Анёл і пастухі" (1999), "Пасля Моцарта" (2009), "Віяланчэлістка" (2010), "Чалавек з віяланчэллю" (2011), "Парыў ветру", "Сустрэча без гальштукаў" (абедзве 2012).

Аўтар ілюстрацый да кніг: "Тры паэмы" (1962), "Курган" Я. Купалы (1967), "Авадзень" Э. Войніч, "Каласы пад сярпом тваім" У. Караткевіча (абедзве 1968), "Песня пра зубра" М. Гусоўскага (1973), "Фауст" І. Гётэ (1976), "Карнікі" А. Адамовіча (1981), "Дзікае паляванне караля Стаха" У. Караткевіча (1983), "Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае" А. Лойкі, "Да новага завету", "Евангелле паводле Лукі", "Апакаліпсіс" (усе 1990).

Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў, у Музеі сучаснага беларускага мастацтва (г. Мінск), Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі (г. Масква), Дырэкцыі выстаў Саюза мастакоў Расійскай Федэрацыі (г. Масква), прыватных збораў Беларусі і за мяжой.