О картине О художнике Материалы Галерея

"Вера Вярба"
(1967)

Вера Вярба – беларуская паэтэса пасляваеннага пакалення. Нарадзілася 14 студзеня 1942 г. у вёсцы Высокі Гарадзец Талачынскага раёна Віцебскай вобласці ў сям’і служачых. Сапраўднае імя Гертруда Сакалова. У якасці псеўданіма абрала спалучэнне слоў вера і вярба.

Для паэтэсы жыццёвым ідэалам была Вера Харужая – слаўная дачка беларускага народа, адна з 92 жанчын – Герояў Савецкага Саюза (адсюль і Вера). Ёй прысвечаны верш "Веры Харужай".

Я іду па слядах тваіх
За справялівасцю,
За высокай гордасцю і дружнасцю.
Кожны крок мой – на белай паперы,
Я дайду да цябе, мая Вера.

Вярба – назва дрэва, якое часцей за іншыя згадваецца ў беларускай паэзіі, народных песнях, яно сімвалізуе тугу, самотнасць і разам з тым любоў да людзей, клопат пра іх, жаданне спрыяць іх памкненням і марам. Вярба заўсёды ўспрымаецца намі як нешта жаноцкае, рамантычнае.

Генадзь Бураўкін пісаў пра Веру Вярбу: "Вера была трапяткой, тоненькай, прыгожай, і вершы яе адразу не былі падобныя да іншых. Акрамя відавочнага таленту, у іх была жаноцкасць, тая жаноцкасць, якой вельмі не хапала беларускай паэзіі".

Згадала паэтэса вярбу і ў знакамітым вершы "Ручнікі", што быў пакладзены на музыку кампазітарам Мікалаем Пятрэнкам, а выкананне песні ансамблем "Песняры" прынесла ёй неверагодную папулярнасць.

Менавіта такой убачыў Веру Вярбу ў 1960-я гг. Арлен Кашкурэвіч, будучы народны мастак Беларусі, які толькі скончыў тэатральна-мастацкі інстытут (зараз УА "Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў"). Той час быў надзвычай плённым для паэтэсы: яна дэбютавала з вершамі ў часопісах "Полымя", "Вясёлка", "Работніца і сялянка", убачылі свет яе паэтычныя зборнікі "Вочы вясны", "Белыя пісьмы", "Высакосны год", прыхільна прынятыя чытачамі і літаратурнай крытыкай.

У 1967 г. Арлен Кашкурэвіч стварыў знакаміты аркуш "Вера Вярба", які з’яўляецца партрэтам паэтэсы. На ім Вера Вярба выступіла ў ролі музы мастака, і гэты пранікнёны жаночы вобраз лічыцца выдатным узорам яго лірычнай графікі. Выкарыстанне гуашы на паперы дазволіла мастаку сумясціць графічную дакладнасць ліній з мяккай, насычанай маляўнічасцю і тонкай перадачай лірычнага настрою, уласцівага паэзіі Вярбы.

Па словах Ігара Кашкурэвіча, сына народнага мастака, Вера Вярба і Арлен Кашкурэвіч сябравалі, яна была ў майстэрні графіка. Тэхніка пісьма a la prima ("за адзін сеанс") дазволіла выявіць самае істотнае: перад ўзнёслы вобраз дзяўчыны, яе позірк, пазначаны надзеяй і верай, дабразычліва адкрыты свету і людзям. Пацверджанне таму – яе паэтычныя радкі, напоўненыя ўслаўленнем кахання, мацярынства.

Партрэт "Вера Вярба" Арлена Кашкурэвіча ў 2026 г. у якасці падарунка перададзены Нацыянальнаму цэнтру сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь.