О картине О художнике Материалы Галерея
Ахрэмчык Іван Восіпавіч
(16.12.1903–09.03.1971)
Ахрэмчык Іван Восіпавіч – беларускі жывапісец. Народны мастак БССР (1949). Прафесар (1964).
Нарадзіўся 16 снежня 1903 г. у Мінску. Скончыў Вышэйшы мастацка-тэхнічны інстытут у Маскве (1930). З 1931 г. – выкладчык у Віцебскім мастацкім тэхнікуме, з 1939 г. – дырэктар Віцебскага народнага мастацкага вучылішча. Член Саюза мастакоў БССР (1940).
У 1941 г. Ахрэмчык пераехаў у Мінск. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, ён эвакуіраваўся ў пасёлак Пышма Свярдлоўскай вобласці і выкладаў у сярэдняй школе са жніўня 1941 г. да лістапада 1942 г. Потым быў адазваны ў Маскву, дзе беларускія мастакі і пісьменнікі супрацоўнічалі ў газеце "Раздавім фашысцкую гадзіну" і часопісе "Партызанская дубінка".
У 1944–1948 гг. выконваў абавязкі старшыні Саюза мастакоў БССР. Выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы (1948–1952) (цяпер – УА "Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А. К. Глебава"), у Беларускім політэхнічным інстытуце (1953–1963) (цяпер – ВНУ "Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт"), а пасля і ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (1963–1971) (цяпер – ВНУ "Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў").
Працаваў у станковым жывапісе ў галіне партрэта, тэматычнай карціны, пейзажу, а таксама ў галіне манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. Сярод работ: "Падпісанне маніфэста пра ўтварэнне БССР" (1929), эцюд да карціны "Асінбуд" (1930), "Уступленне Чырвонай Арміі ў Мінск" (1935), "Гідраторф Асінбуд" (1937), "Твар ворага" (1942), "Пасяджанне ЦК КП(б) Беларусі 3 ліпеня 1941 г." (1944), "Абаронцы Брэсцкай крэпасці" (1958), партрэты сучаснікаў: Л.П. Александроўскай (1943–1963), У.І. Уладамірскага (1948), Е.А. Міровіча (1952), С.Б. Баткоўскага (1971), пейзажы: "Сонечны дзень" (1952), "Квітнеючая вясна" (1963), "З акна майстэрні" (1971). Аўтар твораў манументальнага жывапісу: 2 пано для Усебеларускай выстаўкі сельскай гаспадаркі і прамысломасці (1930), дэкаратыўная фрыза "Свята беларускага народа" для беларускага павільёна Усесаюзнай сельска-гаспадарчай выстаўкі ў Маскве (1939), плафона "Дружба народаў" у Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача ў Мінску (1955), пано "Беларускія народныя майстры" ў канферэнц-зале Беларускага таварыства дружбы з замежнымі краінамі (1956, у сааўтарстве).
У 1972 г. імя І.В. Ахрэмчыка атрымала Рэспубліканская школа-інтэрнат па музыцы і выяўленчаму мастацтву (цяпер – ДУА "Гімназія-каледж мастацтваў імя І.В. Ахрэмчыка"). На доме, дзе жыў мастак, па вуліцы Ульянаўскай, 29, устаноўлена мемарыяльная дошка.
Творы жывапісца захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (Мінск), фондзе Беларускага саюза мастакоў, Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
















