О картине О художнике Материалы Галерея

Ахрэмчык, І. В. Партрэт народнай артысткі СССР Ларысы Александроўскай, 1943–1963 : палатно, алей. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь.

Ларыса Пампееўна Александроўская – легенда Беларускага дзяржаўнага тэатра оперы і балета, першая беларуская Кармэн, удзельніца франтавых канцэртных брыгад, чый голас і творчасць падымалі баявы дух, натхнялі і ўсялялі надзею на Перамогу. На палатне Івана Ахрэмчыка яна паўстае чалавекам вялікай духапад'ёмнай сілы, прыкладам элегантнасці і мужнасці.

Партрэт народнай артысткі Іван Ахрэмчык ствараў 20 гадоў, з 1943 па 1963 гг. За дзвюма датамі стаіць цэлая гісторыя. Мастак распачаў работу над палатном у час Вялікай Айчыннай вайны ў Маскве.

Эцюд Іван Ахрэмчык накідаў у 1943 г. Ён пісаў Александроўскую – жонку пракурора Вярхоўнага суда БССР і народную артыстку СССР, што была ўшанаваная за шматгадовыя творчыя дасягненні. Нездарма Ахрэмчык папрасіў Ларысу Пампееўну прыкалоць да канцэртнай сукенкі ордэн Леніна – узнагароду, якую спявачка атрымала за ўдзел у Дэкадзе баларускага мастацтва ў Маскве ў 1940 г. Пастаянныя раз’езды артысткі не давалі магчымасці завяршыць партрэт. Ад гэтага перыяду творчых стасункаў спявачкі і мастака засталося адзінкавае дакументальнае сведчанне – паштоўка Ахрэмчыка, датаваная снежнем 1943 г.: "Паважаная Ларыса Пампееўна! Не маючы магчымасці Вас асабіста наведаць і дамовіцца адносна нашых сеансаў, прашу Вас выбраць гадзіну-паўтары ў дзень і даць мне магчымасць скончыць які-небудзь з партрэтаў. Прыходзьце проста ў майстэрню ў любы час, бо знаходжуся ў ёй весь дзень. Прашу ўлічыць, што выстава на носе і я не адной хвіліны не марную дарма. З прывітаннем, Ахрэмчык". Праз занятасць Александроўскай партрэт так і не быў завершаны. Мастак адклаў гэтую працу і не прадставіў яе на знакавай выставе 1944-га г., прысвечанай 25-годдзю БССР у Траццякоўскай галерэі.

Няскончанае палатно заставалася ў майстэрні на працягу 20 гадоў, паступова набіраючы новыя сэнсы. І только праз 20 гадоў, да Рэспубліканскай выставы 1963 г., Іван Восіпавіч вырашыў завяршыць партрэт Ларысы Пампееўны. Прайшло шмат гадоў і мастак з натуры мог напісаць зусім іншую мадэль, стварыць новую карціну. Але Іван Восіпавіч вырашыў не мяняць выявы, а толькі прапісаць фон старога партрэта 40-гадовай Александроўскай, увёўшы антураж – букет бэзу на раялі.

"Жывапісны твор задумваецца сэнсава, тонава і калярова", – гаварыў Ахрэмчык вучням. Ідэя гэтага партрэта – стварэнне вобраза вялікай артысткі, выбітнай беларускай жанчыны-ардэнаносца, "беларускай Кармэн". Ля раяля, у канцэртнай сукенцы – партрэт рэпрэзентатыўны, парадны, няўлоўна "сяроўскі" па кампазіцыйнай структуры, па грацыёзным руху рукі, па жывапісным артыстызме. Мастак выкарыстаў у якасці натхнення вядомую фатаграфію спявачкі ў ролі Кармэн, ролю, якую яна выконвала першай у БССР.

Партрэт пабудаваны на найтанчайшых тонавых суадносінах, найбольш поўна бачных у руплівай працы з фонам – кутняй сцяной пакоя. На ёй вылучаецца сілуэт артысткі, якая стаіць прыгожа абапіраючыся на раяль. Сіла колеру праяўляецца ў акцэнтах: віртуозна паказанымі серабрыста-белымі рукавамі сукенкі і асабліва яркай пляме бэзу.

Галерэя партрэтаў беларускіх дзеячаў культуры пэндзля Івана Ахрэмчыка зрабілася скарбам Нацыянальнага мастацкага музея, і выява Александроўскай – адна за самых арыгінальных у сталай творчасці жывапісца.