О картине О художнике Материалы Галерея

Асядоўскі Леанід Мікалаевіч
(09.04.1934–12.02.1990)

Асядоўскі Леанід Мікалаевіч – беларускі мастак, жывапісец, педагог.

Нарадзіўся ў в. Лошыца (цяпер у межах г. Мінска). Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (зараз УА "Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў") (1961). Педагогі: А.П. Мазалёў, М.В. Данцыг, В.К. Цвірка. Дыпломная карціна – "Салігорскія шахцёры. Перасменка". Выкладаў у Мінскім мастацкім вычылішчы (зараз УА "Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А.К. Глебава"), з 1983 г. – у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (зараз УА "Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў").

Жыў і працаваў у г. Мінску.

Працаваў у станковым жывапісе ў жанрах фігуратыўнай карціны, партрэта, пейзажа. У творчасці пераважалі гісторыка-рэвалюцыйная тэматыка і тэма сучаснасці.

Работам Леаніда Асядоўскага ўласцівы публіцыстычнасць, вастрыня і яркасць вобразных характарыстык, каларыстычная насычанасць, шырыня і сакавітасць жывапіснага пісьма.

Сярод твораў: "Хай заўжды будзе сонца" (1964), "Нафта беларуская ёсць!" (1972), "Дажынкі" (1980), "Балада аб маці, А.Ф. Купрыянавай. 9 мая" (1986); трыпціхі "М.В. Фрунзе ў Мінску" (1967), "25-га. Першы дзень" (1969); партрэты: "Партрэт маладога вучонага" (1968), "Пачынальнікі беларускай музыкі" (1983); пейзажы: "Сакавік" (1961), "Зімовы матыў" (1965), "Пасля дажджу" (1967). Аўтар дыярам "Мінскі кацёл" для Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны (1969–1971; у сааўтарстве з П. Крохалевым, У. Лагуном, Б. Аракчэевым), "Бой пад Мілаславічамі" для Клімавіцкага краязнаўчага музея (1981).

Творы мастака знаходзяцца ў фондах УК "Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь", УК "Клімавіцкі раённы краязнаўчы музей", установы "Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны", музеях і прыватных калекцыях у Рэспубліцы Беларусь і за мяжой.