О картине О художнике Материалы Галерея
Асядоўскі, Л. М. "Балада аб маці, А.Ф. Купрыянавай. 9 мая", 1984 : палатно, алей. Нацыянальны мастацкі музеі Рэспублікі Беларусь.
Жывапісец і педагог Леанід Мікалаевіч Асядоўскі належыць да пакалення мастакоў, якія прыйшлі ў прафесійнае мастацтва ў 1960-я гады. У творчасці мастака пераважвала гісторыка-рэвалюцыйная тэматыка і тэма сучаснасці. Асаблівае месца займала тэма Вялікай Айчыннай вайны.
У аснове сюжэта карціны "Балада аб маці, А.Ф. Купрыянавай. 9 мая", напісанай да 40-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, ляжыць рэальная гісторыя сям’і беларускі Анастасіі Фамінічны Купрыянавай (1872–1979).
У гады Вялікай Айчынай вайны пяцёра яе сыноў – Мікалай, Міхаіл, Сцяпан, Уладзімір і Пётр – пайшлі на фронт. Чатыры з іх не вярнуліся. Уладзімір застаўся жывы, нягледзячы на цяжкія выпрабаванні, але праз тры гады пасля Перамогі памёр на руках у маці.
2 лістапада 1944 г. па-геройску загінуў на тэрыторыі Латвіі малодшы сын Пётр, які закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота, паўтарыўшы подзвіг Аляксандра Матросава. Дзякуючы яго ўчынку батальён змог ірвануць наперад і прадоўжыць бітву. За гэты подзвіг Пятру было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза пасмяротна. На момант смерці яму споўнілася ўсяго 18 гадоў.
У аснове кампазіцыйнай пабудовы карціны ляжыць кантраст статычнасці фігуры маці і дынамізму групы сыноў. Выява Анастасіі Купрыянавай з’яўляецца сімвалам подзвігу савецкіх жанчын-маці ў гады Вялікай Айчыннай вайны. А трагічны і слаўны прыклад яе сыноў сімвалізуе гісторыю подзвігу савецкага народа. Карціна з'яўляецца адной з яркіх узораў жывапісу, прысвечанага подзвігу і смутку беларускага народа.
У 1972 г. А.Ф. Купрыянавай прысвоена званне Ганаровага жыхара г. Жодзіна.
У 1975 г. у г. Жодзіна адкрыты Манумент у гонар савецкай маці-патрыёткі А.Ф. Купрянавай.















