О картине О художнике Материалы Галерея
Эрлер, Л. М. Партрэт А. І. Казей. Героя Сацыялістычнай Працы, заслужанага настаўніка БССР, 1987 : Палатно, алей. — Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь.
У 1987 г. Музей сучаснага выяўленчага мастацтва (у 2015 г. уключаны ў склад Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь) набыў жывапісны партрэт Арыядны Казей, створаны беларускай мастачкай Лідзіяй Эрлер. На палатне адлюстравана прывабная жанчына на фоне школьнай дошкі. Гэтая дэталь, а таксама стос вучнёўскіх сшыткаў, класны журнал у цвёрдай вокладцы гавораць пра тое, што гераіня твора – настаўніца.
На партрэце Лідзія Эрлер перадала выяву Арыядны Іванаўны Казей (25.12.1925–15.04.2008) – Героя Сацыялістычнай Працы, заслужанага настаўніка БССР, сястры піянера-героя Марата Казея.
Дзяцінства Арыядны не было бязвоблачным. Ёй і яе маладшаму брату Марату, што нарадзіліся ў сялянскай сям’і ў вёсцы Станькава Койданаўскага раёна, шмат гора прыйшлося перажыць. У 1942 г. іх маці Ганну Аляксандраўну немцы павесілі ў цэнтры Мінска за дапамогу партызанам. На тый момант Арыядне боло 17 гадоў. Праз год – новае выпрабаванне: у партызанскім атрадзе імя 25-годдзя Кастрычніка ў час прарыву блакады дзяўчына адмарозіла ногі. У студзені 1943 г. ёй ампутавалі абедзве ступні – пілой, без наркозу. У маі наступнага года гераічна загінуў Марат, яму было 14 гадоў.
Не кожны здольны вытрываць такое і працягнуць жыць з верай у будучыню. Пасля ампутацыі Арыяна апынулася ў Іркуцку, дзе дактары літаральна вярнулі дзяўчыну да жыцця, там яна навучылася хадзіць на пратэзах. Жыццё працягвалася. У 1959 г. Арыядна паспяхова скончыла філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута (зараз УА "Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка"), пачала выкладаць родную мову і літаратуру ў 28-й сярэдняй школе г. Мінска. Шасцідзясятыя гады сталі для яе надзвычай паспяховымі: у 1965-м Арыядне Іванаўне надалі ганаровае званне заслужанага настаўніка БССР, праз тры гады – Героя Сацыялістычнай Працы. Напэўна, толькі ёй адной была вядома сапраўдная цана тых дасягненняў. Арыядна Казей нарадзіла і выхавала сына і дачку, стварыла школьны музей, прысвечаны подзвігу Марата Казея і гісторыі партызанскай брыгады імя К.К. Ракасоўскага.
Партрэт Арыядны Казей, створаны ў выніку шматлікіх сустрэч і душэўных размоў дзвюх жанчын, пазначаны глыбокім псіхалагізмам: гераіня твора задумалася, магчыма, заглыбілася ва ўспаміны і збіраецца сказаць нешта вельмі істотнае, у чым глыбока пераканана сама. Таленавітая мастачка змагла перадаць на палатне тую цеплыню пачуццяў, якую гэтая мужная жанчына выпраменьвала на працягу свайго жыцця.
Жывапісны партрэт Арыядны Іванаўны Казей належыць да залатога фонду Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь.















