Біяграфiя Літаратурная спадчына Галерэя

 

Біяграфія

Барыс Мікуліч

Барыс Міхайлавіч Мікуліч нарадзіўся 19 жніўня 1912 года ў горадзе Бабруйску ў сям’і медыкаў – земскага фельчара Міхаіла Вікенцьевіча і акушэркі Марыі Антонаўны, якая ў 1900 годзе скончыла Магілёўскую фельчарска-акушэрскую школу. Бацька памёр у 1919 годзе ад заражэння крыві, а ў 1927 годзе не стала маці. Пасля смерці бацькоў Барыс разам з малодшай сястрой Марыяй жыў пад апекай стрыечнай сястры.
Бацька меў для таго часу даволі багатую бібліятэку, і будучы пісьменнік з маленства далучыўся да сусветнай класікі. Ён шмат чытаў, уважліва сачыў за навінкамі, ведаў літаратурныя плыні і кірункі 20-х гадоў, якіх было ў той час нямала.
Самы актыўны ўдзел Б. Мікуліч прымаў у рабоце Бабруйскага філіяла “Маладняка”. Арганізатарам і кіраўніком філіяла быў Міхась Лынькоў, які з 1928 года стаў рэдактарам бабруйскай акруговай газеты “Камуніст”. Сюды, праз год, уладкаваўся на працу Б. Мікуліч.
У 1930 годзе Барыс Міхайлавіч пераехаў у г. Мінск. Працаваў у газеце “Літаратура і мастацтва”, у Беларускім дзяржаўным выдавецтве. Вучыўся на літаратурных курсах у г. Маскве (1934–1935). У 1934 годзе Барыс Мікуліч становіцца членам Саюза пісьменнікаў Беларусі і СССР. У 1936 годзе – запрошаны ў Камуністычны інстытут журналістыкі (г. Мінск) чытаць курс лекцый па тэорыі літаратуры.
На 30-я гады прыйшоўся росквіт літаратурнай дзейнасці Барыса Мікуліча. У 1936 годзе ён быў беспадстаўна арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў зняволення. У 1937 годзе пераведзены ў г. Марыінск Навасібірскай вобласці, у 1938 – у сяло Рашоты Краснаярскага краю. У 1943 годзе Барыс Міхайлавіч пераведзены ў катэгорыю ссыльнага, працаваў інжынерам, затым начальнікам аддзела працы і зарплаты аднаго з лагераў, кіраваў мастацкай самадзейнасцю.
Пасля вызвалення ў 1946 годзе выехаў у г. Ашхабад да старэйшай сястры Кацярыны. У Ашхабадзе, піша першую частку рамана “Адвечнае”. У 1947 годзе вярнуўся ў Беларусь. Жыў у г. Бабруйску, затым у сваякоў бацькі ў вёсцы Церахавічы на Лагойшчыне, затым зноў у г. Бабруйску, дзе яму ўдалося ўладкавацца на працу ў гарадскую бібліятэку ім.А. С. Пушкіна (1946–1949). У 1949 годзе паўторна арыштаваны і высланы на пасяленне ў Краснаярскі край. Жыў у вёсцы Машукоўка Краснаярскага краю, працаваў дыспетчарам у канторы леспрамгаса, удзельнічаў у самадзейным тэатры.
У 1950 годзе ажаніўся з настаўніцай Марыяй Іванаўнай Смеляковай.
17 чэрвеня 1954 года, не дажыўшы трох месяцаў да рэабілітацыі, памёр.

Творчасць

Пісьменнік пражыў усяго 42 гады, але паспеў пакінуць пасля сябе значную творчую спадчыну.
У літаратурным дадатку да газеты “Камуніст” у 1927 годзе было надрукавана першае апавяданне Б. Мікуліча “Міроніхін курган”. Пісьменнік звярнуўся да тэмы вельмі папулярнай у 20-я гады – гераічнага мінулага нашага народа. Б. Мікуліч аўтар зборнікаў апавяданняў “Удар”, “Чорная Вірня” (1931), “Яхант” (1935), аповесцей “Наша сонца” (1932), “Дужасць” (1934), п’есы “Rot Front” (1933). Апошнім творам Б. Мікуліча ў 30-я гады стала аповесць “Дружба” (1936), напісаная пасля паездкі ў Грузію. Пісьменнік імкнуўся паказаць асаблівасці гэтага краю – яго прыроду, старажытную культуру, народныя звычаі, адметнасць мовы.
Выступаў Мікуліч як перакладчык і тэатральны крытык. Пераклаў на беларускую мову раман Арцёма Вясёлага “Краіна родная” (1932), аповесць Уладзіміра Лідзіна “Магіла невядомага салдата” (1934).
У 1946–1948 гадах былі напісаны раман “Адвечнае” (апубл. 1972) пра падзеі вайны 1812 года на Беларусі, аповесць “Жыццяпіс Вінцэся Шастака”, апавяданне “Зорка”, прысвечаныя падзеям гістарычнага мінулага, філасофскаму асэнсаванню пройдзенага шляху. У апавяданнях “Цяжкая гадзіна” (апубл. 1959), “Вецер на світанні”, “Зялёны луг” (апубл. 1960) расказваецца аб гераічных падзеях у час Вялікай Айчыннай вайны і цяжкасцях пасляваеннага жыцця. Аповесць “Развітанне” (апубл. 1959) распавядае пра апошнюю сустрэчу М. Багдановіча з Беларуссю. У кнізе-дзённіку “Аповесць для сябе” (апубл. 1993) пісьменнік звярнуўся да тэмы лёсу чалавека ў тагачасным грамадстве, падзяліўся ўспамінамі пра пісьменнікаў-сучаснікаў Я. Купалу, Я. Коласа, М. Лынькова, зрабіў агляд літаратурнага і тэатральнага жыцця Беларусі 1920–1950 гадоў.
У 1959 годзе быў выдадзены зборнік аповесцяў і апавяданняў “Выбранае”. Барыс Мікуліч пісаў на сваёй роднай беларускай мове, некаторыя яго творы перакладзены на рускую мову.

Памяць

У 2002 годзе ў вёсцы Машукоўка (Краснаярскі край) быў адкрыты надмагільны помнік Барысу Мікулічу.

5 снежня 2012 года рашэннем Бабруйскага гарвыканкама гарадской бібліятэцы № 4 УК “ЦБС г. Бабруйска” прысвоена імя славутага земляка – Барыса Міхайлавіча Мікуліча.

Літаратурна-крытычныя і метадычныя матэрыялы

Артыкулы

Барыс Мікуліч // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / складальнік А. К. Гардзіцкі. – Мінск, 1994. – С. 382–383.

Барыс Мікуліч // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя : у 4 т. / пад рэдакцыяй У. В. Гніламёдава. – Мінск, 2002. – Т. 2 : 1921–1941. – С. 600–615.

Барыс Мікуліч // Расстраляная літаратура : творы беларускіх пісьменнікаў, загубленых карнымі органамі бальшавіцкай улады / укладальнікі: Л. Савік, М. Скобла, К. Цвірка. – Мінск, 2008. – С. 631–642.

Барыс Міхайлавіч Мікуліч // Аповесць 1920–1930-х гадоў : у 50 т. / укладанне І. М. Шалдонава. – Мінск, 2020. – Т. 20. – С. 9–11.

Голубева, Т. Талент малады і светлы / Таццяна Голубева // Бабруйскае жыццё. – 2012. – 8 жніўня. – С. 29.

Грамадчанка, Т. Барыс Мікуліч : не раздаўлены абставінамі / Таіса Грамадчанка // Полымя. – 2018. – № 9. – С. 112–123.

Кекелева, Т. Калі ўваскрасае імя : новыя дакументы ў архіве Барыса Мікуліча / Таццяна Кекелева // Літаратура і мастацтва. – 2016. – 18 лістапада. – С. 5.

Марціновіч, А. На ростанях часу : 100 год з дня нараджэння Барыса Мікуліча / Алесь Марціновіч // Літаратура і мастацтва. – 2012. – 17 жніўня. – С. 7.

Марціновіч, Д. Вяртанне Мікуліча / Дзяніс Марціновіч // Літаратура і мастацтва. – 2013. – 1 сакавіка. – С. 15.

Мікуліч Барыс // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / пад рэдакцыяй А. В. Мальдзіса. – Мінск, 1994. – Т. 4 : Лазарук – Перкін. – С. 302–305.

Мікуліч Барыс Міхайлавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдактар Г. П. Пашкоў. – Мінск, 2000. – Т. 10 : Малайзія – Мугаджары. – С. 365–366.

Мікуліч Барыс Міхайлавіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя : у 6 т. / рэдкалегія: В. В. Калістратава [і інш.]. – Мінск, 2014. – Т. 5 : Л – М. – С. 492.

Микулич Борис // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. / редактор Г. П. Пашков. – Минск, 2007. – Т. 4 : Картография – Миноговые. – С. 745 – 746.

Несцяровіч, В. Апошні прытулак – Машукоўка / Віктар Несцяровіч // Літаратура і мастацтва. – 2008. – 26 верасня. – С. 12.

Сакалова, Т. Вернутая памяць / Тамара Сакалова // Літаратура і мастацтва. – 2013. – 12 красавіка. – С. 5.

Трус, М. Нязбыўная мара Барыса Мікуліча / Мікола Трус // Полымя. – 2017. – № 8. – С. 94–96.

Чабатарова, А. “Засталося нашчадкам”, або разважанні над “Аповесцю для сябе” / Аліна Чабатарова // Бабруйскае жыццё. – 2008. – 5 верасня. – С. 4.

Інтэрнэт-рэсурсы

Мікуліч Барыс Міхайлавіч - Таленты ад роднай зямлі : фактаграфічная літаратурна-краязнаўчая база дадзеных

Микулич Борис Михайлович - Все аудиокниги рунета : форум