Могилевская областная библиотека
им. В.И.Ленина
Русская версия Беларуская версія Версия сайта для слабовидящих

ВИРТУАЛЬНЫЕ ВЫСТАВКИ - ПЕРСОНАЛЬНЫЕ

Андрэй Ягоравіч Макаёнак
Біяграфiя Літаратурная спадчына

Андрэй Ягоравіч Макаёнак (12.11.1920–16.11.1982)

Імя народнага пісьменніка Беларусі Андрэя Макаёнка ўпісана ў драматургію вялікімі літарамі не толькі як аўтара шматлікіх выдатных п'ес, у якіх адлюстроўваюцца адметнасці свайго часу, яго каларытныя асобы. Ён ярка і глыбока ўвасобіў адну з вельмі характэрных і значных рыс нашай нацыянальнай ментальнасці — смехавую асаблівасць і культуру беларускага народа, якая генетычна ўзрастала і перадавалася з глыбокай старажытнасці.
Андрэй Ягоравіч Макаёнак нарадзіўся 12 лістапада 1920 г. у вёсцы Борхаў цяперашняга Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.  Па волі абставінаў Макаёнак рана быў далучаны да грамадзка-карыснай працы. У роднай вёсцы быў створаны калгас, адным з арганізатараў якога стаў бацька будучага пісьменьніка. Андрэй з братам атрымалі абавязак пасвіць калгасных свіней. Дзякуючы вялікай настойлівасці, упартасці Андрэю Макаёнку ўдавалася не толькі паспяхова вучыцца ў школе, а і чытаць кнігі па мастацкай літаратуры.
У 1938 г. ён скончыў Журавіцкую сярэднюю школу. Прадоўжыць жа вучобу пакуль не ўдавалася. У ваенным вучылішчы, куды быў залічаны, узбунтаваўся супраць існуючых парадкаў, і Андрэя "з мірам" адпусцілі. Ва Усесаюзны інстытут кінематаграфіі, куды паступаў на наступны год, не прайшоў па конкурсу.
У 1939 г. А. Макаёнак быў мабілізаваны ў армію. Вайсковую службу праходзіў у Грузіі, якая беларускага жыхара напачатку ўразіла і зачаравала сваёй прыгажосцю, экзатычнасцю прыроды. Але хутка выявілася, што адна справа любавацца высокімі, незвычайных абрысаў заснежанымі гарамі, будучы звычайным сузіральнікам, і зусім іншая — лазіць па іх з цяжкімі салдацкімі амуніцыямі, ды яшчэ і акопвацца на скалістым грунце.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны А. Макаёнак служыў у Іране, куды былі ўведзены савецкія войскі, у далёкай адлегласці ад баёу, ад фронту, потым у складзе керчанска-феадасійскага дэсанта армейскія часці былі перакінуты на Крымскі паўвостраў — у самае пекла вайны. Смерць літаральна ішла па пятах... У адным з чарговых баёў А. Макаёнак быў цяжка паранены ў абедзве нагі. Урачы, западозрыўшы гангрэну, вырашылі іх ампутаваць. Але Макаёнак праявіў цвёрды характар і, пагражаючы хірургам трафейным пісталетам, рашуча адмовіўся ад аперацыі. Яго ўдалося з акружэння пераправіць у тыл. Лячыўся ў розных гарадах, перанёс некалькі цяжкіх аперацый, прытым, па тагачасных умовах, нават без наркозу. I ўсё ж застаўся цэлы. Пазней з уласцівай пісьменніку іроніяй жартаваў, што стаіць і ходзіць на сваіх нагах, хаця накульгваў усё жыццё.
Вярнуцца на фронт па стану здароўя А. Макаёнку, як ні дабіваўся, ужо не давялося. Пасля шпіталяў працаваў ваенруком школы ў адной з грузінскіх вёсак, а затым на сваёй вызваленай ад фашыстаў радзіме.
У 1947 г. паступіў у Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ, якую праз два гады скончыў, і быў накіраваны на працу ў часопіс "Вожык". Як сам пісаў: "Стаў журналістам. Хочаш не хочаш — пачаў пісаць".
Пісаць Макаёнак пачаў яшчэ ў школе, але даваенныя творы не захаваліся. Сур'ёзна гэтай справай заняўся толькі маючы за плячамі немалы жыццёвы вопыт. Назапашаныя ўражанні і назіранні, роздум над падзеямі, знаёмства з многімі людзьмі абуджалі фантазію, штурхалі да творчасці. Узнікала настойлівая патрэба дзяліцца з чытачамі сваімі думкамі, сваім разуменнем рэчаіснасці. Першая п'еса "Дабра, калі дабра канчаецца" была апублікавана ў газеце "Чырвоная змена" ў 1946 годзе і адзначана дыпломам і прэміяй на рэспубліканскім конкурсе, заснаваным кіраваннем па справах мастацтва і культуры БССР.
Яшчэ да прыходу ў "Вожык" А. Макаёнак шмат увагі надаваў драматургіі. Стварыў шматактовыя п'есы: "Ворагі" (1947), "Выйгрыш", "Узыходы шчасця" (абедзве — у 1948). Ніводная з трох п'ес не была надрукавана ці пастаўлена, і не памятаецца, каб пазней калі-небудзь пра іх успамінаў аўтар. Апублікаваны яны толькі ўжо ў пасмяротным "Зборы твораў" і маюць цікавасць хіба што для біёграфаў драматурга, гісторыкаў літаратуры.
Адлік твораў А. Макаёнка, як і прыход яго ў драматургію, звычайна пачынаецца з п'есы "На досвітку", напісанай у нехарактэрным для аўтара жанры драмы. Яна пазначана 1951 г. "На досвітку" апублікаваў часопіс "Полымя", твор выйшаў і асобным выданнем. З'явіўся станоўчы водгук у друку. Перачытваючы цяпер драму і разумеючы яе схематызм і палітычную падкладку — найбольш крытычна пазней да гэтага ставіўся сам аўтар, — нельга не заўважыць і сапраўдныя пробліскі макаёнкаўскага таленту. А менавіта: адчуванне сцэнічнай дзейснасці, смак да вострага, колкага слова, пачуццё гумару, цяга да камедыйных і сатырычных фарбаў.
Наступны твор А. Макаёнка — сатырычная камедыя "Выбачайце, калі ласка!", датаваны 1953 г., — склаў цэлы этап у беларускай, ды і ва ўсёй тагачаснай савецкай драматургіі. Вострае пяро сатырыка запрацавала на ўсю моц.
"Выбачайце, калі ласка!" стала ў творчасці А. Макаёнка ці не самай сацыяльна вострай і па-грамадзянску смелай п'есай. У ёй няшчадна бічуюцца кар'ерызм, паказуха, прыпіскі — з'явы, не толькі шырока распаўсюджаныя ў савецкай рэчаіснасці, а і народжаныя дзяржаўнай сістэмай.
Прэм'ера "Выбачайце, калі ласка!" адбылася ў лістападзе 1954 г., а ў лютым наступнага года спектакль ігралі ў Маскве на Дэкадзе беларускага мастацтва і літаратуры. Ён прайшоў з вялікім поспехам, і п'еса, і пастаноўка атрымалі высокую ацэнку, у тым ліку і выдатных дзеячаў культуры. "Выбачайце, калі ласка!" загучала з падмосткаў на многіх мовах, дастаткова сказаць, што за межамі Беларусі п'есу ставіла рэкордная колькасць тэатраў — сто дваццаць пяць.
Пасля трыўмфу сатырычнай камедыі А. Макаёнак пакінуў журналістыку і цалкам прысвяціў сябе літаратурнай дзейнасці. Толькі ў 1966-1978 гадах ён згадзіўся на пасаду галоўнага рэдактара часопіса "Нёман", таму што яна дазваляла спрыяць папулярызацыі сучаснай беларускай літаратуры.
Неўзабаве з'явіліся наступныя творы аўтара: "Каб людзі не журыліся" (1957), "Лявоніха на арбіце" (1961), "Зацюканы апостал" (1969).
У канцы 1970 г. "Зацюканы апостал" паставіў Маскоўскі тэатр сатыры. Спектакль меў сенсацыйны поспех. Выстройваліся вялізныя чэргі па білеты, для многіх гледачоў было марай патрапіць на спектакль. У 1971 г., амаль праз два гады пасля напісання, адбылася прэм'ера ў Беларускім тэатры імя Янкі Купалы, затым у Беларускім тэатры імя Якуба Коласа, іншых калектывах рэспублікі. "Зацюканага апостала" ўвасаблялі ва Украіне, Арменіі, Казахстане, Латвіі, шэрагу краін Заходняй Еўропы.
Падзеі наступнага драматычнага твора А. Макаёнка адбываюцца ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў акупіраванай фашыстамі Беларусі, у адным з сёлаў Гомельшчыны. Аўтар пісаў: "Мяне доўгі час стрымлівала праблема жанру. Хацелася захаваць у п'есе гераічны, суровы пафас Вялікай Айчыннай вайны і адначасова застацца верным камедыйнаму жанру. Не здраджваць яму. Доўга не знаходзіў матэрыялу для сюжэта". I вось на памяць прыйшоў аповед пра адно здарэнне: партызаны, каб мець свайго сувязнога, зрабілі нямецкім старастам акупіраванай вёскі старога надзейнага чалавека. А праз два дні той прыйшоў да партызан прасіцца, каб вызвалілі ад даручаных абавязкаў: жонка з дачкой, якім з-за канспірацыі чалавек не мог адкрыцца, збілі яго і запатрабавалі адмовіцца ад cтараства.
У трагікамедыі "Трыбунал", блізкай да традыцый народнай драмы, Андрэй Макаёнак спалучыў нізкае з узвышаным, фарсавае з трагедыйным. Упершыню ў беларускай драматургіі высокая героіка ўвасоблена ў камедыйным жанры. П'еса была ўхвалена і адзначана прэміяй на Рэспубліканскім конкурсе на лепшы драматычны твор, яе адразу ж уключыў у рэпертуар Беларускі тэатр імя Янкі Купалы. I пакуль там п'еса чакала сваёй чаргі, "Трыбунал" паставілі ў Літве (пад назвай "Высокі суд"), у Бабруйску — у Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі. А далей — тэатральны ўзлёт трагікамедыі на купалаўскай сцэне, паспяховае яе шэсце па тэатральных калектывах былых саюзных рэспублік, у краінах замежжа.
У пошуках новых жанравых і структурна-кампазіцыйных форм А. Макаёнак прыйшоў да камедыі-рэпартажу "Таблетку пад язык" (паст. 1973), да складанай у жанравых адносінах камедыі "Кашмар" (паст. пад назвай "Святая прастата" ў 1976), якая падкупляе клопатам пра ўсталяванне разумных сацыяльна-палітычных узаемаадносін, гуманістычным пафасам.
За п'есы "Трыбунал" і "Таблетку пад язык" аўтар у 1974 г. быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Якуба Коласа.
Як драматург А. Макаёнак амаль заўсёды нечаканы. Яго п'есы розняцца не толькі па змесце, а і па самой форме. Нечаканым А. Макаёнак паўстаў у двух апошніх творах — у, па вызначэнні аўтара, сентыментальным фельетоне "Верачка" (паст. ў 1979) і ў фарсе, а па сутнасці вострай сатыры "Дыхайце эканомна!.." (апубл. 1983) у якой аб'ектам аўтарскага асэнсавання стала найважнейшая агульначалавечая праблема захавання Зямлі ад тэрмаядзернай катастрофы.
Акрамя п'ес А. Макаёнак пісаў сцэнарыі для фільмаў, а таксама займаўся перакладчыцкай дзейнасцю. Аўтар кінааповесці "Твой хлеб" (1956), сцэнарыяў фільмаў "Шчасце трэба берагчы" (1958), "Кандрат Крапіва" (1961), "Рагаты бастыён" (1975), тэлефільма "Пасля кірмашу" (1973). Пераклаў п'есы "Дабракі" Л. Зорына, "Я, бабуся, Іліко і Іларыён" Н. Думбадзэ і Р. Лордкіпанідзэ, "Чацвёрты" К. Сіманава і інш.
Андрэй Макаёнак мог яшчэ здзейсніць многае. Ад яго чакалі новага ўзлёту, новага ўсплёску таленту. Але 16 лістапада 1982 г. яго раптам не стала — лёс наканаваў пражыць драматургу толькі 62 гады.
У сваёй кароткай, напісанай па просьбе даследчыка Сцяпана Лаўшука "Аўтабіяграфіі", апублікаванай пасля смерці, Андрэй Ягоравіч Макаёнак пісаў: "Жыць хочацца. Працаваць хочацца. Буду працаваць. Што ж мне яшчэ застаецца? Вунь колькі гарцуе на сытых конях руціннасці сатырычных персанажаў. Гэта ж кепска — што на конях. Не там іх месца".
I, колькі было сіл, драматург змагаўся з сатырычнымі персанажамі, якія яму сустракаліся ў жыцці.

Крыніца:
Макаёнак, А. Я. Зацюканы апостал : п'есы : для старэйшага школьнога ўзросту / А. Макаёнак ; прадмова А. Сабалеўскага. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2009. – 303 с.

Прэміі і ўзнагароды

Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, "Знак Пашаны", Кастрычніцкай Рэвалюцыі і медалямі.
Народны пісьменнік БССР (1977).
Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1962) за п'есу "Лявоніха на арбіце", Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1974) за п'есы "Трыбунал" і "Таблетку пад язык".

Памяць

Імя А. Макаёнка носіць вуліца ў Мінску, Гродзенская цэнтральная гарадская бібліятэка і Журавіцкая СШ Рагачоўскага раёна, у якой створаны музей драматурга.
У Мінску на доме № 10 па Вайсковым завулку ў 1986 годзе ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

Літаратурна-крытычныя матэрыялы

Вишневская, И. Комедия на орбите : очерк творчества Андрея Макаенка / И. Вишневская. — Москва : Советский писатель, 1979. — 238 с. : портрет.

Видный белорусский драматург Андрей Макаенок относится к числу тех писателей, которые сразу заявили о себе весомо и серьезно. Его пьесы "Извините, пожалуйста!", "Левониха на орбите", "Затюканный апостол", "Трибунал", "Таблетку под язык" и другие широко ставятся на сценах театров, издаются отдельными книгами в переводе на русский язык и на языки других братских народов, о них много пишут, много спорят.
Книга И. Вишневской — первая серьезная монографическая работа о творчестве этого талантливого драматурга. В ней затрагиваются важные теоретические вопросы — проблемы жанра, новаторства советской комедии, проблемы драматургического стиля, языка комедии, природы конфликта.

Сохар, Ю. М. На пульсе жыцця : Андрэй Макаёнак і беларускі тэатр / Ю. М. Сохар ; [рэдактар У. І. Няфёд] ; АН БССР. — Мінск : Навука і тэхніка, 1979. — 160 с. : фота.


У манаграфіі даследуецца камедыйна-сатырычная драматургія А. Макаёнка, яе інтэрпрэтацыя на беларускай сцэне. Значная ўвага ўдзяляецца разгляду спектакляў, аналізу розных рэжысёрскіх і акцёрскіх трактовак. Кіруючыся сучаснымі эстэтычнымі крытэрыямі, аўтар паказвае своеасаблівасць творчага стылю народнага пісьменніка Беларусі А. Макаёнка, ролю яго драматургіі для беларускага тэатра.

Усікаў, Я. Андрэй Макаёнак : нарыс жыцця і творчасці / Якуб Усікаў. — Мінск : Народная асвета, 1984. — 136 с. фота. — (Народныя пісьменнікі БССР).

У кнізе даследуецца творчасць народнага пісьменніка БССР Андрэя Макаёнка. Раскрыты яго самабытны талент, наватарскія пошукі і камедыяграфічнае майстэрства, ідэйны змест і праблематыка твораў, адметнасць стылю і мовы, роля ў развіцці беларускай драматургіі.

Дадатковыя матэрыялы аб жыцці і дзейнасці

Президент Республики Беларусь Министерство культуры Республики Беларусь Могилевский областной исполнительный комитет Национальная библиотека Беларуси Науиональный правовой интернет-портал