Магілёўская вобласць утворана 15 студзеня 1938 года. Рашэнне аб яе стварэнні прыняла першая сесія Вярхоўнага Савета СССР. Тэрыторыя вобласці ў сучасных межах была сфарміравана ў студзені 1964 года. Пачаўся адлік сучаснай гісторыі Прыдняпроўскага краю.
Герб Магілёўскай вобласці створаны на аснове гербу Магілёўскай губерні (1878 г.) і ўяўляе сабой выяву на залатым полі французскага шчыта ў авале блакітнага колеру Магілёва-Брацкай Божай Маці. Унізе размешчаны тры зялёныя ўзгоркі, на якіх тры барвовыя каласы з залатымі сцябламі. Шчыт акружаны злучаным Андрэеўскай стужкай вянком з залатых дубовых і лаўровых лісцяў.
У адміністрацыйным дачыненні рэгіён дзеліцца на 21 раён, 17 гарадоў і 6 пасёлкаў гарадскога тыпу. Абласны цэнтр – горад Магілёў. Найбуйнейшыя гарады: Бабруйск, Горкі, Асіповічы, Крычаў.
Плошча вобласці – 29,1 тыс. кв. км. Тут пражывае 1000, 8 тыс. чалавек (на 1 студзеня 2022 г.), 75,79% насельніцтва жывуць у гарадах, 88,7% жыхароў складаюць беларусы.
Магілёўшчына – важны транзітны маршрут паміж Расіяй і Еўропай.Усходнія суседзі рэгіёну – Смаленская і Бранская вобласці Расійскай Федэрацыі. На поўначы вобласць мяжуе з Віцебскай, на захадзе – з Мінскай, а на поўдні – з Гомельскай абласцямі Рэспублікі Беларусь. Сёння праз тэрыторыю вобласці пралягае разгалінаваная сетка чыгуначных і шасейных дарог. Чыгунка звязвае вобласць з усімі рэгіёнамі Беларусі, Украінай, Малдовай, краінамі Балтыі, шэрагам рэгіёнаў Расіі. Прамымі аўтобуснымі рэйсамі вобласць звязана з Мінскам, Навагрудкам, Гомелем, Наваполацкам, Віцебскам, Оршай, Масквой, Смаленскам, Санкт-Пецярбургам і інш.
Прырода надзяліла Магілёўскую вобласць маляўнічымі мясцінамі. Па тэрыторыі рэгіёна працякаюць 453 ракі, у тым ліку Днепр, Бярэзіна, Сож, Свіслач, Пціч, Друць, Асцёр, Бесядзь, Іпуць.
Большасць азёр Магілёўшчыны маюць ледніковае паходжанне і крышталёва чыстыя празрыстыя воды. Усяго ў Магілёўскай вобласці 120 азёр. Самыя буйныя з іх – Выгада, Заазёрскае, Чорнае, Няропля, Вяхава, Дзікае.
Тут створаны 5 заказнікаў рэспубліканскага значэння і 61 гідралагічны, біялагічны і ландшафтны заказнік мясцовага значэння.
У вобласці размяшчаецца 91 помнік прыроды, многія з якіх папулярныя не толькі сярод беларусаў, але і замежных гасцей. Гэта, напрыклад, Трафімава крыніца, размешчаная непадалёку ад аграгарадка Александрыя, Палыкавіцкая крыніца пад Магілёвам, Жыліцкі парк у Кіраўскім раёне або дэндрапарк у Горках.
Турыстычную дзейнасць ажыццяўляюць 92 арганізацыі. На тэрыторыі Магілёўскай вобласці размешчаны 9 санаторыяў: "Санаторый імя У.І.Леніна", "Шыннік", "Дубровенка", санаторый імя К.П.Арлоўскага, "Сосны", "Энергетык", "Чайка", "Свіслач", "Вясёлка".
Магілёўская вобласць – яркі культурны рэгіён краіны. У вобласці налічваецца 343 бібліятэкі, 344 клубы, абласны метадычны цэнтр, 24 музеі, 6 тэатральна-відовішчных арганізацый, 2 прадпрыемствы кінавідэапракату, 3 паркі культуры і адпачынку, установа сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў сферы культуры, 43 установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
У Прыдняпроўскім краі праводзіцца мноства яркіх мерапрыемстваў. Гэта рэспубліканскае свята "Купалле" – "Александрыя збірае сяброў", міжнароднае музычна-спартыўнае свята "Вялікая бард-рыбалка" ў Быхаўскім раёне, свята сярэднявечнай культуры "Рыцарскі фэст" у Мсціславе, міжнародны фестываль дзіцячай творчасці "Залатая пчолка" ў Клімавічах, фестываль народнага мастацтва "Вянок дружбы" ў Бабруйску, міжнародны маладзёжны тэатральны форум "М@rt.кантакт" у Магілёве і многія іншыя.
Жыхары Магілёва не толькі беражліва захоўваюць традыцыі і помнікі архітэктуры, што дайшлі да нас, але і аднаўляюць страчаныя. Яркім сімвалам такога адраджэння стала каменная Ратуша Магілёва, якая была ўзведзена ў 1698 годзе і лічылася лепшым творам грамадзянскай архітэктуры Беларусі ХVІІ стагоддзя. Не раз яна перажывала пажары і аднаўленні. І нават узрыў ратушы ў 1957 годзе не змог знішчыць яе назаўжды – у 2007-м пачаліся работы па аднаўленні ўнікальнага аб’екта, старт якім даў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. А ў падмурак адноўленай ратушы Кіраўнік дзяржавы заклаў наказ нашчадкам.
Яшчэ адна знакавая мясціна Магілёўшчыны – велічны мемарыял "Буйніцкае поле", прысвечаны гераічным абаронцам Магілёва ў 1941 годзе. Каля сцен горада вораг, памкнёны да Масквы, быў затрыманы на 23 дні. Менавіта тут развеялі міф аб непераможнасці гітлераўскіх войскаў і выйгралі час для мабілізацыі сіл.
Вобласць скончыла вайну, страціўшы палову свайго эканамічнага патэнцыялу. Аднаўленне народнай гаспадаркі запатрабавала ад жыхароў Прыдняпроўскага краю велізарных сіл. І толькі к канцу чацвёртай пяцігодкі (1946–1950 гг.) народная гаспадарка па асноўных паказчыках было адноўлена. У 60–70-ыя гады Прыдняпроўскі край стаў рэгіёнам вялікай хіміі. Увайшлі ў строй буйнейшы ў Еўропе камбінат "Хімвалакно", завод "Бабруйскшына", якія і сёння даюць трэць аб’ёмаў вырабленай у вобласці прадукцыі. Крычаў і Касцюковічы сталі цэнтрам цэментнай вытворчасці Беларусі. Далёка за межы рэспублікі ляцела слава працаўнікоў калгасаў "Світанак" Кіраўскага, "Камінтэрн" Магілёўскага, імя Фрунзе Шклоўскага, імя Чкалава Горацкага раёнаў.
За ратныя і працоўныя подзвігі Магілёў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 1-ай ступені, Бабруйск – ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, вобласць – ордэнам Леніна.
Асаблівым гонарам Прыдняпроўскага краю заўжды былі людзі. 114 Герояў Савецкага Саюза, 113 Сацыялістычнай Працы выгадаваў рэгіён за гэты час, хоць і прайшоў праз войны, чарнобыльскую трагедыю і эканамічныя крызісы. Генерал Іосіф Гусакоўскі, гвардыі палкоўнік Сцяпан Шутаў, генерал-маёр Іван Якубоўскі двойчы ўдастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза. Старшыня легендарнага калгаса "Світанак" Кіраўскага раёна Кірыл Арлоўскі за свае баявыя і працоўныя подзвігі адзначаны зоркамі Героя Савецкага Саюза і Героя Сацыялістычнай Працы.
Магілёўшчына падарыла свету плеяду выдатных вучоных, празаікаў і паэтаў, мастакоў і музыкантаў, военачальнікаў і грамадскіх дзеячаў. Навечна ў гісторыю нашай дзяржавы ўпісаны імёны архіепіскапа Георгія Каніскага, асветніка і беларускага кнігадрукара Пятра Мсціслаўца, навукоўца і вандроўніка Ота Шміта, кампазітара Эдуарда Калманоўскага, акцёра Пятра Алейнікава, выдатнага жывапісца Вітольда Бялыніцкага-Бірулі і іншых.
У 1991 годзе адкрылася новая старонка ў гісторыі Прыдняпроўскага края як часткі суверэннай Беларусі. Неабходна вылучыць 1994 год – год увядзення інстытута прэзідэнцтва ў нашай краіне, які дазволіў вывесці сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны і вобласці на новы ўзровень.
Сучасная Магілёўшчына валодае значным шматгаліновым прамысловым і сельскагаспадарчым патэнцыялам. У вобласці налічваецца амаль 1 650 прамысловых прадпрыемстваў і арганізацый. Самыя буйныя з іх – ААТ "Белшына", ААТ "Магілёўхімвалакно", ААТ "Беларускі цэментны завод" і ААТ "Крычаўцэментнашыфер", ААТ "Магілёўліфтмаш", ААТ "Магатэкс", ААТ "Магілёўскі металургічны завод", ААТ "Бабруйскі завод трактарных дэталей і агрэгатаў", ААТ "Кіруючая кампанія холдынга "Бабруйскаграмаш", СЗАТ "Магілёўскі вагонабудаўнічы завод", РВУП "Завод газетнай паперы", холдынг "Магілёўская малочная кампанія "Бабушкіна крынка".
Паспяхова развіваецца аграрны сектар эканомікі. На працягу апошніх гадоў вобласць стабільна збірае добрыя ўраджаі. У раслінаводстве пераважаюць збожжавыя, бульба, кармавыя культуры. На высокім узроўні знаходзіцца льнаводства.
Пасля прыняцця і рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі на Магілёўшчыне было добраўпарадкавана каля 200 аграгарадкоў.
Аграпрамысловы комплекс Магілёўскай вобласці прадстаўлены 198 сельскагаспадарчымі арганізацыямі. У ліку вядучых – СЗАТ "Сервалюкс Агра", ААТ "Александрыйскае", Бялыніцкі СВК "Калгас "Радзіма", УКСП "Саўгас "Добраахвотнік", ЗАТ "Агракамбінат "Зара", ААТ "Світанак імя К.П.Арлоўскага" Кіраўскага раёна.
Магілёўская вобласць ажыццяўляе знешнегандлёвае супрацоўніцтва са 122 дзяржавамі свету. У 2002 годзе ў рэгіёне заснавана свабодная эканамічная зона "Магілёў".
Больш падрабязна пра гісторыю, сацыяльна-эканамічнае і культурнае развіццё вобласці можна даведацца з інфармацыйных рэсурсаў, створаных супрацоўнікамі Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У.І. Леніна і бібліятэкарамі вобласці:
- Таленты ад роднай зямлi
- Край мой - Магілёўшчына
- Под чернобыльским пеплом
- Малая родина. Деревеньки с большой историей
- Кнігадрукары Магілёўшчыны
- Вiртуальны музей Аркадзя Куляшова
- Площадь звезд
- Улицы Героев
- Туристическая карта Могилевщины
- Краеведческий портал Могилевской области
- Жиличский Версаль
- Олимпийские вершины Могилевского спорта
- Литературные прогулки
- Гастрономичеcкий туризм
- Могилев на Днепре
- Медицинские работники Могилёвской области
Юбілейная дата – добрая нагода, каб успомніць і праверыць свае веды па гісторыі роднага краю. Аддзел краязнаўства запрашае наведаць кніжную экспазіцыю “Нам ёсць чым ганарыцца, нам ёсць што шанаваць” на якой сабраны кнігі, фотаальбомы, энцыклапедычныя і даведачныя выданні, якія расказваюць пра гісторыю вобласці, слаўныя і гераічныя падзеі, станаўленне і развіццё прамысловасці, сельскай гаспадаркі, аховы здароўя, адукацыі. Прадстаўлены фаліянты, дзе можна пазнаёміцца са знакамітымі людзьмі Магілёўшчыны, помнікамі гісторыі, архітэктуры, садова-паркавага мастацтва.
Кніжная экспазіцыя будзе рэгулярна абнаўляцца і дзейнічаць да канца 2023 г.