«Знаёмыя пытаюцца, чаму гэтак раптоўна ад раманаў перайшоў я да драм, дакладней, што стала прычынай жанравай змены. Тут іх некалькі, гэтых прычын.
Па-першае, я ўжо займаўся інсцэнізацыяй сваіх твораў. У Купалаўскім тэатры шмат гадоў ішоў спектакль «Плач перапёлкі». У Брэсцкім – «Апраўданне крыві». У тэатры-студыі кінаакцёра паспяхова працягваецца спектакль па п’есе «Дзівак з Ганчарнай вуліцы», што зроблена па апавяданнях. Створана п’еса таксама па рамане «Свае і чужыя». Валерый Раеўскі паставіў па ёй радыёспектакль. Так што, драматургіі я вучыўся, можна сказаць, настойліва і не адзін год. Па-другое, Ігар Дабралюбаў сёлета пачынае здымкі шматсерыйнага тэлевізійна-мастацкага фільма па трох маіх раманах, а мне давялося леташнюю восень і сёлетнюю вясну пісаць сцэнарый. Зноў, бачыце, драматургія. Ужо кінадраматургія. Такім чынам, да арыгінальнай драматургіі падвяла мяне сама практыка мастацкай творчасці. У выніку была напісана першая драма «Следчая справа Вашчылы», надрукаваная ў адзінаццатым нумары часопіса «Полымя»; рэдакцыя часопіса «Маладосць» узяла да друку другую драму – «Звон – не малітва». Яна таксама гістарычная: пра княгіню Рагнеду, Уладзіслава Кіеўскага і Усяслава Полацкага. Трэцяя драма – «Чалавек з мядзведжым тварам» друкуецца ў часопісе «Полымя», здаецца ў першым нумары 1989 года. Гэта сучасны твор, хоць гэтак, відаць, дарэмна казаць. Гістарычныя творы таксама сучасныя, бо навошта было б іх тады пісаць, калі б яны не прыносілі карысці сучаснаму чалавеку? А цяпер вось на рабочым стале новая драма, якая мае назву «Толькі мёртвыя не вяртаюцца». Раней, усяго месяц які, яна мела ў мяне назву «Ішлі стары ды старая». Але цяпер назва ў яе іншая. Гэта драма пра чарнобыльскую трагедыю, пра зямлю, якая «захварэла» ў выніку той трагедыі… Не напісаць такой драмы я не мог – і мой Вялікі Бор, мая родная вёска засыпана чарнобыльскай радыяцыяй, і колішнія светлыя воды Бесядзі таксама замуціліся ад яе…
Ну а што ж раманы? Сапраўды, я меўся здаць гэтым годам у выдавецтва «Мастацкая літаратура» чацвёрты твор з ваеннага цыкла раманаў: «Кожны знаходзіць сябе». Але вымушаны быў павініцца перад чытачом, што не скончыў яго. Раптам адчуў, як у час нашай вялікай перабудовы, а найперш – галоснасці, сталі дзіўна паводзіць сябе на старонках рамана мае старыя і звыклыя героі, верамейкаўцы і ўсе іншыя. Можаце ўявіць сабе, што Зазыба пачаў… крычаць!.. Акурат міжволі адбывалася на вачах маіх гіпертрафізацыя, калі можна сказаць так, і іншых дзейных асоб. І мяне гэта напалохала. Таму давялося свядома аднесці раман трохі надалей.
І гэта вось і з’явілася галоўнай прычынай актыўнага далучэння да новага жанру. Але няхай. Было б толькі на карысць літаратуры!..».
Іван Чыгрынаў