ГІСТАРЫЧНАЯ РЭКАНСТРУКЦЫЯ Ў ДЗВЮХ ДЗЕЯХ
1995
У радзівілаўскім замку князь Канстанцін і яго былы аднапалчанін адстаўны паручнік Станіслаў Юрага.
Радзівіл. Я рады, пане Станіслаў, бачыць цябе. Прызнацца, мяне трохі здзівіла…
Юрага. Што, князь?
Радзівіл. Ранняя твая адстаўка. Скажы праўду, пане Станіслаў, сам пайшоў ці акалічнасці змусілі?
Юрага. Мне далі пенсіён, што даволі рэдкая з’ява цяпер.
Радзівіл. Што ж, гэта добра. Сапраўды, пенсіён у чыне паручніка… А ўвогуле, як помню я, ты быў падпаручнікам?
Юрага. Так, адстаўка з наданнем чарговага вайсковага звання.
Радзівіл. I якія ў цябе, Станіслаў, планы на далейшае жыццё?
Юрага. Самі ведаеце, маёнтнасці ў мяне няма. Дакладней, амаль няма, бо з тае Маёнтнасці, якую пакінуў мне бацька…
Радзівіл. Так, з тае маёнтнасці, вядома, не пражывеш. Трэба нешта больш значнае. Нават больш значнае, чым пенсіён.
Юрага. Давядзецца шукаць службы. Таму я і прыйшоў да вас, князь Канстанцін.
Радзівіл. Службу знайсці не дужа цяжка, Станіслаў. Аднак… Усё жыццё служыць?..
Юрага. Князем жа я не нарадзіўся. Але пра маёнтнасць падумваю… Варта пашукаць паблізу Крашына зямлі, каб купіць. Грошы я апошнім часам трохі збярог.
Радзівіл. Няўжо ў карты выйграў? Ты ж, помню, аматар быў?
Юрага. Не, князь. Пра карты давялося забыць. Але грошай усё роўна не багата. Давядзецца ў банк звяртацца… пад ваша паручыцельства, князь, калі будзе на тое ваша ласка.
Радзівіл. Ну, паручыцца, вядома, я магу. Але не ў гэтым галоўнае. Трэба падумаць. Увогуле, трэба падумаць, Станіслаў. Я ўсё-такі ніколі не забываю пра бітву пад Модліным. Ты мяне тады моцна выручыў. Можна сказаць, выратаваў. Дык хіба ж дазволена пра такое забываць, мой стары таварыш. Ну, ды няхай. Раскажы, як там наш полк?
Юрага. Камандзір палка цяпер новы. Князь Васільцаў. З нашых саслужыўцаў сёй-той таксама ўжо выйшаў у адстаўку. Многа афіцэраў зусім маладых. Так што жыццё працягваецца, князь.
Радзівіл. Аў сувязі з чым адбылася змена камандзіраў у палку?
Юрага. Не ведаю дакладна. Але хадзілі чуткі, што наш стары палкоўнік камусьці не дагадзіў.
Радзівіл. На яго гэта падобна. Аднак цару ён паслужыў. Рэдка здараюцца такія сумленныя служакі ў палках. Можа, некалі толькі ў нашых, радзівілаўскіх. Ну, ды няхай. Павер, Станіслаў, мне сапраўды прыемна бачыць свайго аднапалчаніна. Прыходзь сёння да нас вячэраць. Людзей не багата будзе, аднак нездарма кажуць – кампанія не велька, ды пажондна. Буду чакаць. Там і пра твае справы размову працягнем.
Юрага выходзіць.
Да Канстанціна Радзівіла заходзіць ягоная сястра Антаніна.
Антаніна. Была ў Крашыне, брат. У нашага настаўніка.
Радзівіл. Што ксёндз?
Антаніна. Хварэе.
Радзівіл. Але ж гады ягоныя яшчэ не дужа вялікія?
Антаніна. Гэта як каму, брат. Бывае, што дрэвы і ў маладым узросце падаюць.
Радзівіл. На тое воля боская. Але ксёндз Магнушэўскі раней зусім не кволіўся.
Антаніна. Настаўнікам ён быў добрым.
Радзівіл. Так, з настаўнікамі нам з табой, сястра, заўсёды шанцавала. Бацька наш, царства яму нябеснае, умеў падбіраць што трэба. Але гэта добра, што з’ездзіла да айца Войцеха. Можа, гэта дапаможа яму ў нечым.
Антаніна. Так, я з’ездзіла. Аднак без прыгодаў зноў не абышлося. Помніш, на дарозе той вялікі выварацень? Дык коні раптам так заўпарціліся, быццам сатана пад ім. Ледва мой Казік справіўся з імі.
Радзівіл. Можа, воўк дзе паблізу быў?
Антаніна. Хто ж яго ведае! Але ці не перабрацца мне ў Крашын, у свой дом, на цэлае лета? Што тут цікавага ў горадзе ўлетку?
Радзівіл. Як ведаеш, сястра. Можа, паедзеш са мной заўтра ў Наваградак?
Антаніна. Што там?
Радзівіл. Шляхту павятовую збіраем.
Антаніна. Не, Канстанты, мне там нічога не свеціць. Ты – маршалак, табе трэба, а мне?..
Радзівіл. Ну, як ведаеш, сястра. Але паказвацца ў свеце ўсё роўна трэба. У твае гады…
Антаніна (з сумнай усмешкай). Не папракай мяне, брат, гадамі. Мае гады – маё багацце. Але скажы, хто гэта ад цябе цяпер выйшаў?
Радзівіл (ажывіўся). А-а-а, прыкмеціла?
Антаніна. Дык ён жа з нейкай радасці ледзь не наскочыў на мяне.
Радзівіл. Ну-ну, скажы, а прыгожы паручнік?
Антаніна. Хто ён?
Радзівіл. Ты спярша скажы, ці спадабаўся ён табе?
Антаніна. Дык я ж яго бачыла ўсяго адно імгненне. Ну так, не паручнік, адно заглядзенне. Дык хто ён?
Радзівіл. Крашынскі. Паручнік Юрага.
Антаніна. А-а, гэта той, што…
Радзівіл. Бацька яго аканомам у нас некалі быў. А гэты пад Модліным моцна выручыў мяне. Калі б не ён, ляжаць бы мне цяпер недзе…
Антаніна. Помню, ты мне расказваў, як са службы вярнуўся. Дык ён таксама ў польскім войску служыў?
Радзівіл. Так. Спярша, здаецца, у царскім, затым – у цэсарэвічавым. Дарэчы, я запрасіў яго вячэраць. I вось пра што падумаў. Чалавек ён бедны, павінен шукаць ладу жыцця. Хоча купіць зямлі.
Антаніна. Але ж ты гаварыў таксама, што ён карцёжнік вялікі? Дык навошта купляць зямлю? Каб прайграць?
Радзівіл. Жыццё прымусіць забыць пра карты.
Антаніна. Гэта калі яно цяжкае будзе. А раптам паручніку пашанцуе?
Радзівіл. Што нам цяпер варажыць, сястра! Гэта няхай будзе ягоны клопат.
Антаніна. Дык пра што ты падумаў?
Радзівіл. Ага, забыў. Дык я падумаў, што табе варта прыгледзецца да паручніка.
Антаніна (смяецца). Чаму раптам? Ці не хочаш ты, Канстанты, выдаць за яго мяне?
Радзівіл. А чаму б і не?
Антаніна. Багатую князёўну за беднага паручніка без роду і племені? Няхай бы…
Радзівіл. Разумею. Табе не хапае ў гэтым рамантычнай гісторыі?
Антаніна (уздыхае). Не, брат. Рамантычная гісторыя тут таксама не падыходзіць. Не кожны паверыць у яе. Бо я ўжо даўно ў вачах суседзяў старая дзева. Не, брат. Жаніха мне трэба шукаць у другім месцы.
Радзівіл. А ты не спяшайся. Кажуць, што раніца мудрэй ад вечара. А калі раптам наадварот? Калі раптам вечар выйдзе мудрэйшым? Давай-тка, сястра, дачакаемся вечара.
Антаніна. Не выдумляй, брат. А то я ад скрухі заплачу. Я разумею, што табе край трэба выдаць мяне замуж. Але ж не абы-якім чынам!..
Радзівіл. Давай, сястра, дажывем да вечара.
Князёўна выходзіць.
Кузня ў Крашыне. Тут Восіп Багрым. Распальвае горан. Каля яго – сын Паўлюк. Заходзіць адстаўны салдат Ержыковіч.
Ержыковіч. Добры дзень вам у хату.
Восіп Багрым. Дзень добры, салдат. Куды ідзеш?
Ержыковіч. Прыстанку шукаю.
Восіп Багрым. Ты праходзь, праходзь. Сядай во.
Салдат садзіцца на скрыню, што стаіць амаль пасярод кузні.
Восіп Багрым. Відаць, нядаўна са службы?
Ержыковіч. А вось адразу і йду. У свет, як у капейку.
Восіп Багрым. Хіба хаты няма?
Ержыковіч. А й няма, калі сказаць шчыра, пане дабрадзею. Кажуць, у вас тут вольна жывуць?
Восіп Багрым. Хто – вольна, хто – за паняй, хто – за пробашчам. А яшчэ ж ёсць у нас і уніяцкі святар. Таксама маёнтнасць мае. Дык кажаш, няма сваёй хаты?
Ержыковіч. Некалі ў бацькі было ўсё. Але гэта даўно ўжо. Гаспадарка звялася. Цяпер няма ні бацькі, ні маткі. Адна сястра. Дык і яна нічога не мае. За беднага выйшла. Таму я і шукаю месца. А гэта хто? (Паказвае на Паўлюка). Падмайстар?
Восіп Багрым. Сын. Таксама прыглядаецца да бацькавай справы.
Ержыковіч. Але яшчэ молат, відаць, нямоцна трымае?
Восіп Багрым. Што з яго возьмеш? Падлетак. Але затое грамату разумее. У нас тут парафіяльная школа.
Ержыковіч. Ну а што мне параіш, пане дабрадзею?
Восіп Багрым. Дык… Гэта ж не так, каб… Словам, калі б ты прынёс кавалак жалеза ды заказаў што-небудзь…
Ержыковіч (да Паўлюка). А хто ў настаўніках у вас?
Паўлюк. Дзядзька Парфімовіч ды арганіст Арлоўскі. Але я ўжо не хаджу ў школу.
Восіп Багрым. Ён пакуль мясцоваму ксяндзу прыслужвае. А там… Сам бачыш, у бацькі рамяство ў руках. Дык чаму сыну нечага на старане шукаць? Але ў ксяндза лягчэй. Гэта не молатам па кавадле біць. Тут адно потам сыдзеш. Дык…
Ержыковіч. Зразумела, што ў прыслузе лягчэй, калі гаспадар добры. Ці вялікая ж гаспадарка ў плябаніі?
Восіп Багрым. Двароў шэсцьдзесят. Справа ў тым, што ксёндз некалі вучыў дзяцей нашага князя. Дык той і адпісаў яму таксама ад сваіх. А так уся маёмасць належыць і ў нас, і ў суседніх вёсках ягонай дачцы.
Ержыковіч. Можа, і мне паспрабаваць ласкі ў пробашча?
Восіп Багрым. Сам жа хоць рымскай веры?
Ержыковіч. Якая ў салдата вера?
Восіп Багрым. Усё-ткі…
Ержыковіч. Канечне, перад кожным боем звычайна ўспамінаеш бога, а якога?.. За столькі гадоў службы забываеш, дзе цябе хрысцілі.
Восіп Багрым. Галоўнае, каб чалавек бога ў душы насіў.
Ержыковіч. Дык і я так разумею. (Да Паўлюка). Як думаеш, знойдзе мне работу твой гаспадар?
Паўлюк. Трэба пагаварыць.
Ержыковіч. Ты, можа, закінеш слова?
Паўлюк (смяецца). Вы й самі, дзядзька салдат, не зломак гаварыць.
Ержыковіч. Колькі ж ты гадоў у школе вучыўся?
Паўлюк. Не багата. Але чытаць, пісаць, арыфметыцы вучыўся.
Ержыковіч. Я гэта таму, што маю вось у гэтай торбе (паказвае сваю торбу) ўсякія кніжкі. I пісаныя, і друкаваныя.
Паўлюк (у якога загарэліся вочы). То паказаў бы, дзядзька салдат?
Ержыковіч. А вось уладкуюся ў вас на жыццё, дык і пачнем разам чытаць. (Да Восіпа Багрыма). То я пайду, паспрабую шчасця, пане дабрадзею.
Восіп Багрым. Ідзі, ідзі, добры чалавек. Але пачні з уніяцкага святара, здаецца, у яго таксама месца некалі было.
Салдат выходзіць.
Вячэра ў князя Канстанціна Радзівіла. Тут сястра яго Антаніна, адстаўны паручнік Юрага ды яшчэ два шляхціцы.
Радзівіл (звяртаючы ўвагу на Юрагу). Рэкамендую, панове, мой баявы таварыш, паручнік Юрага.
Усе ківаюць галовамі ў знак сваёй прыязнасці.
Радзівіл. Чалавек ён нязнатнага роду, але ягоны афіцэрскі мундзір шмат пра што гаворыць, панове. Служыў разам са мной у корпусе цэсарэвіча. За бітву пад Модліным мае першую ўзнагароду. Так што, панове, рэкамендую паручніка.
Юрага. Дзякуй, Канстанцін Мацвеевіч.
Радзівіл. Можаш называць мяне, як і ў палку. Бацька мой, Мацей, таксама даруе табе, калі не кожны раз нагадаеш яго. Ну, то за вайсковую дружбу і выручку, панове.
Прысутныя за сталом выпіваюць.
Антаніна. Скажыце, паручнік, а на вайне сапраўды не страшна?
Юрага. Хто вам гэта сказаў, княжна?
Антаніна. Ды вось, Канстанты.
Юрага (усміхаецца). Раз вашаму брату не страшна было на вайне, княжна, то і мне, само сабой.
Адзін са шляхціцаў. А я вось служыў, дык… гм, гм… Не, лепей раскажу вам вось пра што. Забіла пада мной ядром каня, а знаёмаму афіцэру адарвала галаву. Дык доўга, доўга я не мог есці пасля. Усё нешта крывавіла ўваччу, а ў роце… Ды што гаварыць? На вайне…
Радзівіл (смяецца). На вайне, як на вайне. (Да Антаніны). Ты, канечне, сястра, тут мяне выдала… Але навошта мне было палохаць цябе тым часам?
Антаніна. Брава, Канстанты, брава! Значыць, і пану Юрагу было страшна на вайне?
Юрага. Трохі, княжна.
Той жа шляхціц. Усе мы смертныя. Як гасподзь распарадзіцца, так і выходзіць. А вось яшчэ…
Антаніна (апярэджвае шляхціца). Толькі ўжо не пра адарваную галаву, пане Жыгоцкі.
Шляхціц. Як пані жадае.
Антаніна. Раскажыце вы, пан паручнік.
Юрага. Пра што, княжна?
Антаніна. Ну, пра свае геройствы.
Юрага. Я саромеюся, княжна. Пры такім адважным ваяры, як ваш брат, усё будзе выглядаць як выхваленне.
Антаніна. Лаўлю вас на слове, паручнік. Калі сёння вам перашкаджае мой брат, то заўтра нішто не стане замінаць – запрашаю вас да сябе ў госці, тым больш, што і заўтра мне давядзецца наведацца ў Крашын.
Радзівіл (пляскае ў далоні). Брава, сястра, брава! (Да Юрагі). А ты, Станіслаў, таксама лаві яе на слове. Згаджайся. Як ужо там пахвальба твая выглядаць будзе, невядома, але сапраўдны кавалер не можа адмовіць такой даме.
Юрага. Ды я што, князь, я…
Радзівіл. Ну вось, сястра, Станіслаў, здаецца, гатовы.
За сталом усе смяюцца. Антаніна ўстае з-за стала.
Антаніна. А цяпер, панове, я вас пакідаю. Мы з нянькай дамовіліся сёння варажыць, дык час якраз настае.
Радзівіл. Што гэта вы раптам? Не ў Каляды, а зараз?
Антаніна. Нянька ведае, калі варажыць.
Антаніна выходзіць.
Радзівіл. Ну што, мы сваёй, мужчынскай, кампаніяй абыдземся. Давайце яшчэ па кроплі, панове! А тады я вам раскажу, як пан Станіслаў аднойчы…
Юрага. Князь, злітуйцеся! Я ўжо напроч забыў усе свае ранейшыя пракуды!..
Радзівіл (трохі здзіўлены). Ну што, панове, пашкадуем паручніка?
Госці. Так, так.
Радзівіл. Але возьмем з яго слова, што ўсё-ткі завітае да маёй сястры ў Госці. Дамам адмаўляць нельга. Як?
Госці. Так, так.
Радзівіл. А ты, Станіслаў, неяк пасля загляні сюды да мяне.
Юрага. Я, князь, таксама ў Наваградак паеду.
Радзівіл. Тоі добра. (Да астатніх). Мы там сеймік збіраем, дык мне, як павятоваму маршалку, край трэба быць. Ну а пана Станіслава я прадстаўлю іншым панам. Згода?
Юрага. Буду вельмі ўдзячны, князь.
Радзівіл. Тым больш, што я тут сёння прыкінуў сёе-тое. Гэта па нашай нядаўняй гаворцы. Ну, няхай дае пан Бог! (Узнімае чарку).
Ксёндз Магнушэўскі. З ім – Паўлюк Багрым. Заходзіць адстаўны салдат Ержыковіч.
Ержыковіч. Будзь слаўны Езус Хрыстас!
Магнушэўскі (хрысціць адстаўнога салдата). Пан рымскай веры?
Ержыковіч. Некалі сапраўды ў касцёле хрысцілі. Але з таго мне шмат гадоў давялося ў войску служыць.
Магнушэўскі. У польскім войску цэсарэвіча?
Ержыковіч. Не, у царскім. Пра нашу веру там не дужа нагадвалі. У царскім войску, святы ойча, папы службу правяць.
Магнушэўскі. Ведаю. Ну і што, цяжка было служыць?
Ержыковіч. Усё залежыць ад звыкласці. Прывыкнеш – будзеш цэлы, не прывыкнеш – наракай потым. Да таго ж, часта піры для салдата здараюцца.
Магнушэўскі (з усмешкай). Як гэта разумець?
Ержыковіч. Бойкі, сражэнні… Для салдата – гэта пір. Няхай нават крывавы.
Магнушэўскі. Дзе служыў?
Ержыковіч. I на Каўказе, і ў фінскім стылым краі…
Магнушэўскі. Цяпер дамоў?
Ержыковіч. Няма дома. (Паказвае на Паўлюка). Я ўжо казаў ягонаму бацьку.
Магнушэўскі. Ах, так! (Глядзіць на Паўлюка). Гэта пра яго ты казаў?
Паўлюк. Так.
Магнушэўскі. Няма ў маім доме цяпер службы. Але ты не спяшайся. Занятак у Крашыне ўсё роўна знойдзеш. У нас тут адстаўныя ўжо ёсць. Але яны унтэр-афіцэры. Цяпер з’явіўся нават паручнік. Але ў таго свой клопат. Чытаць-пісаць разумееш?
Ержыковіч. О так, на гэта я здольны. Дзяншчыком адзін час быў у разумнага чалавека, дык той прымушаў вучыцца. Цяпер вось у торбе кніжкі нашу.
Магнушэўскі. Пакажы, калі не сакрэт.
Ержыковіч. Які можа быць у кніжках сакрэт? (Дастае з торбы кніжкі).
Магнушэўскі. Якраз у кніжках цяпер найбольш за ўсё сакрэту. (Бярэ з рук салдата кніжкі). Расейскія. А мы з Паўлюком чытаем найбольш польскіх аўтараў. Я люблю нашых. Напрыклад, Нарушэвіча. Паўлюк добра чытае на памяць Эзопа. Бываюць госці, то хлопак моцна забаўляе гэтым іх. А то што ў цябе? (Паказвае на сшытак).
Ержыковіч. Гэта – тутэйшае. Гэта – наша, мужыцкае. Быў у адным двары, дык перапісаў «Размову хлопаў».
Магнушэўскі. То пачытай.
Ержыковіч (чытае). «Дзецюкі! Худа нам жыць, пакіньма прыгон служыць, зробім вольнасць – і ўрэч нас ураднік не будзе сеч».
Магнушэўскі. Цікава. Сапраўды – гэта мужыцкае. I напісана, здаецца, для хлопаў. Ну-тка, ну-тка, чытай далей.
Ержыковіч (усміхаецца, што дагадзіў пробашчу). «Ці мы людзі не такія, што нам угрозы ўсякія?»
Магнушэўскі (задумваецца, тады гаворыць Паўлюку). Ты перапісаў бы гэтую размову хлопаў у наш сшытак, га, Паўлючак?
Паўлюк. Як скажа, святы ойча.
Магнушэўскі. Ну то перапішы, перапішы. (Ківае на дзверы). Там, у бакоўцы, атрамэнт ёсць і пяро.
Паўлюк. Ведаю.
Магнушэўскі. То перапішы, перапішы. А мы тут з салдатам пагамонім яшчэ. (Да Ержыковіча). Дарэчы, яшчэ што-небудзь з мужыцкага ў тваёй торбе ёсць?
Ержыковіч. Есць, няхай хлопец спіша вам.
Магнушэўскі. А ты, выпадкам, не сам складаеш гэтыя гутаркі?
Ержыковіч (з усмешкай). Не, святы ойча, куды мне? Мне б перапісаць, а як самому напісаць, дык…
Паўлюк ідзе ў бакоўку.
Магнушэўскі (да адстаўнога салдата). Ды ты не хвалюйся, служывы, занятак знойдзеш. Калі не ў мястэчку, то ў двары. Пані – мая вучаніца. Учора яна наведвала мяне. Каб знаў пра твой клопат, то сказаў бы…
Ержыковіч. Дзякуй на добрым слове. Але хацелася знайсці нешта больш свойскае.
Магнушэўскі. То пасватайся да каго ў нас. Праўда, прымацкі хлеб… Ну, ды чалавек ты, бачу, кемлівы і рукі яшчэ дужыя. I чужую гаспадарку ў стане паправіць, і на сваю ўзбіцца можаш. Так што… Вось ты хадзіў па зямлі многа, салдат, бачыў нямала, дык расказаў бы, дзе як людзі жывуць?
Ержыковіч. Ды так, як у гэтай мужыцкай размове, святы ойча: худа нам жыць, пакіньма прыгон служыць…
Магнушэўскі. I на Каўказе прыгон?
Ержыковіч. Не, там сваё гора, але не лепшае, чым дзе.
Магнушэўскі. А ў фінаў?
Ержыковіч. У фінаў лепш. Там крэпасці не ведаюць.
Магнушэўскі. Значыць, бываюць мясціны, дзе больш вольна чалавеку?
Ержыковіч. Напэўна ж бываюць. Але найбольшы прыгон, здаецца, тут, на землях былога Вялікага Княства.
Магнушэўскі. Дзіўна. А ў нас тут, у Крашыне, яшчэ трываць можна. Нябожчык князь Мацей Радзівіл добры чалавек быў. Дзеці ягоныя, а мае вучні, Антаніна з Костусем, здаецца, не збіраюцца парушаць заведзеныя ім парадкі.
Ержыковіч. Што за парадкі, святы ойча?
Магнушэўскі. Сяляне маюць магчымасць прадаваць альбо закладваць свае землі другім часткова ці цалкам, пераносячы адработкі і чыншы на сябе. Так што, новы чалавек атрымлівае зямлю без павіннасцяў. А былы гаспадар яе можа перабрацца жыць, куды яму захочацца. Двор на гэтым, вядома, траціць. Акрамя таго, што не мае дастаткова працоўных рук, мусіць яшчэ аплочваць у казну і падатак за сялян, што пакінулі свае землі, бо новыя пакупнікі не адчуваюць у сабе падобнага абавязку. Ну ды што я табе кажу? Гэта, мусіць, не так ужо і цікава? А сам усё ў дарозе?
Ержыковіч (смяецца). Іншы раз думаю: як толькі спынюся, то й павалюся, ужо не ўстану. Дарогі – гэта мае мыліцы.
З бакоўкі выходзіць Паўлюк, моўчкі ідзе ў сенцы. Тады вяртаецца.
Паўлюк. Пане пробашч, да вас шляхціц Давыдоўскі.
Магнушэўскі. Прасі яго, Паўлюк.
Заходзіць местачковы шляхціц Нупрэй Давыдоўскі.
Магнушэўскі. Калі ласка, пане Давыдоўскі, калі ласка, праходзьце.
Давыдоўскі. Дзень добры, пробашч.
Магнушэўскі. Хвала ўсявышняму, сёння сапраўды добры дзень. Вясна пакрысе ў лета ўбіраецца. А мы вось з салдатам тым часам пра жыццё штокольвеч згадваем. Што ў вас да мяне, шляхціц?
Давыдоўскі. То справа няспешная, можа пачакаць. Вы гаварыце, а я паслухаю.
Магнушэўскі. Не, ужо кажыце пра сваю справу. Навошта адкладваць.
Давыдоўскі. Гэта я сустрэў неяк адстаўнога паручніка Юрагу. Чуў, што некалі бацька яго ў Мацея Радзівіла ў гэтым маёнтку аканомам быў…
Магнушэўскі. Ну то і што?
Давыдоўскі. Гэта людзі кажуць, а сам я ўжо, здаецца, не помню. Тым часам вы, святы ойча, шмат пражылі, пра многіх ведаеце.
Магнушэўскі. Так, семдзесят гадоў – гэта не жарты.
Давыдоўскі. То задавольце маю цікаўнасць.
Магнушэўскі. Сапраўды, быў такі Юрага, бацька гэтага паручніка. Аканомам служыў у маёнтку ля Паланечкі. Пасля жыў у Крашыне з ласкі князя Мацея. Помню, як ён співаўся. Словам, нічога цікавага. Сыну ад яго застаўся пабіты моллю вайсковы мундзір ды шляхецкае званне. Багацця не было. Так што… То чаму пана цікавіць гэта?
Давыдоўскі. Так, зводжу штокольвеч у адно. Здаецца, у Беластоку некалі, у асобным літоўскім корпусе, сустракаў яго. Але ж моцна прабіўны быў афіцэр.
Магнушэўскі. Ці не служыў ён разам з князем Костусем у адным палку?
Давыдоўскі. Так, князь Радзівіл тады служыў у Беластоку. Цяпер усё зразумела, а то я ўсё думаю, чаму гэта ён запраста ездзіць у замак?
Магнушэўскі (з усмешкай). Аказваецца, проста. Але добра, панове. Здаецца, збольшага задаволена цікаўнасць кожнага з нас? Тады дазвольце прасіць да стала. Я ўжо думаў сёння, што давядзецца абед спажываць у ложку, а тут Госці. Пане Давыдоўскі! Пане салдат! Не адмаўляйцеся!
Ержыковіч. Неяк няёмка выйшла, святы ойча. Але ж Паўлюк, здаецца, яшчэ не вызваліў мае паперы?
Давыдоўскі. I я прашу прабачыць, пробашч.
Магнушэўскі. Не турбуйцеся, госцейкі, не турбуйцеся. Гэй, Паўлюк! Скажы там, каб неўзабаве на стол падавалі!
Сцэна мяняецца.
Канстанцін Радзівіл і паручнік Юрага. Пахаджаюць у двары замка.
Радзівіл. Ці прыгледзеўся ж ты, будучы ў гасцях у маёй сястры, да яе маёнтнасці?
Юрага. Збольшага, князь, я крашынскую гаспадарку ведаю яшчэ з маленства, калі бацька аканомам служыў.
Радзівіл. Але Антаніна мае за сабой, дакладней, будзе мець за сабой, калі выйдзе замуж, таксама Стары Двор, Тоцін, Уласы і Дуброўну. Такая была воля бацькі нашага. I я слова стрымаю.
Юрага. Такой нявесце можна пазайздросціць, князь.
Радзівіл. Праўда, яна не дужа маладая, ну ды што з таго? Гэта калі выбіраеш кабылу, то маладую глядзіш, а жонка павінна добры пасаг мець.
Юрага. Гэта так, князь.
Радзівіл. Добра, што мы з табой па-ранейшаму адны думкі на некаторыя рэчы маем. То як ты глядзіш тады і на тое, каб стаць маім шваграм?
Юрага. Гэта для мяне нечакана, князь!
Радзівіл. Штосьці я не веру, Станіслаў, што ты, спрабуючы нанава ўладкаваць сваё жыццё, не меў якраз вось гэтага на ўвазе?
Юрага. Адна справа трымаць у галаве, князь Канстанцін, зусім іншае – рэальна разлічваць.
Радзівіл. Гэта так, Станіслаў. Парадніцца з Радзівіламі не дужа проста ва ўсіх адносінах. Ну а як Антаніна? Як яна цябе прыняла?
Юрага. Здаецца, нішто. Яна паказала мне маёнтак, мы пагаварылі. Словам, бадай, пасябравалі.
Радзівіл. Ну, гэтага мала. Але добра. То як ты глядзіш, каб да гэтае справы, гэта значыць, на тваё сватанне да маёй сястры, прыклаў я сякія-такія намаганні?
Юрага. Я вушам сваім не веру, князь.
Радзівіл. Чаму не верыш? Мы з табой старыя таварышы па вайсковай службе, ты шляхціц, дарма што адну вош на аркане маеш, словам… Ну а мне сястру трэба прыпарадкаваць.
Юрага. Да канца жыцця буду ўдзячны, князь. Ці ж думалі некалі нашыя бацькі, што гэтак усё выйдзе?
Радзівіл. Значыць, будзем лічыць, што мы з табой змовіліся? Я гэтымі днямі перамоўлюся з Антанінай, а ты пакруціся каля яе. Ведаеш, няроўнае становішча ў вас. Таму і стараннасці патрэбна больш у гэтай справе і з твайго боку, і з майго. Зрэшты, ты малады, прыгожы. Павінен зачараваць княжну.
Юрага. Больш за ўсё я на вас спадзяюся, князь!
Радзівіл. Правільна разважаеш. Але ведай, у нас, у Радзівілаў, здараліся ўсялякія шлюбы. Так што нам не прывыкаць. Таму, дасць бог, і гэты раз усё абыдзецца, вяселлем закончыцца.
Юрага. Даў бы бог!
Радзівіл (ці не жартуючы). Амін.
Юрага. Але практычна, князь…
Радзівіл. Я ж сказаў, пагавару з Антанінай…
Юрага. Ды не, я не пра тое!
Радзівіл. Кажы.
Юрага. У Крашыне багата мяшчан. I зусім мала людзей за прыгонам. Так што…
Радзівіл. Што ж, ты маеш рацыю. Гэта мой бацька такі ліберал быў, што прывілеі сваім сялянам раздаваў налева і направа. Толькі ты не турбуйся. Мяшчанскія землі мы табе вернем, таксама крашынцаў – былых нашых падданых. У іх на цяперашнюю маёмасць ніякіх дакументаў. Бацька вызваляў усіх на словах.
Юрага. Але ж многія паспелі прадаць іх альбо здаць у арэнду.
Радзівіл. I гэтаму рады мы знойдзем. Праз суд. Вось толькі дай часу мне звесці вас з Антанінай.
Юрага. I яшчэ, князь!..
Радзівіл. Пачакай, пачакай, Станіслаў. Дай зрабіць першыя крокі. А то ты з радасці гатовы ўжо гнаць наўскоч. (Смяецца).
Юрага. Не без гэтага, князь.
Радзівіл. Вось бачыш, што значыць жаніцца. Але гавары ўжо, чаго яшчэ хочаш?
Юрага. Ці не замнога ў Крашыне плябанскіх двароў? I ці нельга і гэтую справу неяк перагледзець у будучым?
Радзівіл (узнімае рукі). Ну, гэта ўжо не маё! Такую праблему няхай Антаніна вырашае. Справа ў тым, што цяперашні крашынскі пробашч наш былы настаўнік. Хіба не ведаеш?
Юрага. Так.
Радзівіл. I Антаніна лічыць яго сваім найлепшым духоўнікам. Дык ці стане тады яна ўшчамляць ягоныя інтарэсы?
Юрага. Цяжка меркаваць.
Радзівіл. Ну калі табе цяжка, то мне і падаўна. Але з чым чорт не жартуе? На якія ўступкі добраму мужу жонка не пойдзе? Так што, спрабуй свайго шчасця, Станіслаў.
Князь ляпае паручніка па спіне, ідзе на выхад.
У касцёле пробашч Магнушэўскі і Антаніна Радзівіл.
Магнушэўскі. Бачу, княжна сёння тварам светлая?
Антаніна. Выходжу замуж, святы ойча.
Магнушэўскі (усё роўна як здзіўлена схіляе галаву). За каго?
Антаніна. Знайшоўся нарэшце і мне жаніх. Ды вы яго ведаеце.
Магнушэўскі. Хто ж?
Антаніна. Паручнік Юрага.
Магнушэўскі (робіць здзіўлены твар). Юрага?
Антаніна. Так.
Магнушэўскі. А я сабе думаю, чаму б гэта пытаўся пра яго шляхціц Давыдоўскі?
Антаніна. А Давыдоўскаму якая справа да Юрагі?
Магнушэўскі. Дык жа шляхі боскія невядомыя!..
Антаніна. I то праўда, святы ойча.
Магнушэўскі. Значыць, Юрага пасватаўся, княжна?
Антаніна. Можна сказаць, што так. Але не без удзелу Канстанты. Гэта яму вельмі хочацца збыць мяне.
Магнушэўскі. Пара, пара, княжна.
Антаніна. Дык я і сама ведаю, што час. Але ж ці думалася калі, што давядзецца Радзівілішцы выходзіць за сына бацькавага аканома?
Магнушэўскі. Не наракай на лёс, княжна. На ўсё воля бога.
Антаніна (усплакнуўшы). Але ж бацька таксама… Я дараваць не магу, што не аддаў мяне за таго наваградскага сотніка, які гатовы быў узяць некалі мяне. Ну і што, што не князь? Ці іх, тых князёў, набярэшся? Цяпер вось у старых дзеўках хаджу. I сабе характар псую, і другім не менш.
Магнушэўскі. На ўсё воля бога, княжна. На ўсё воля бога. Але як гэта Юрага здолеў парахавацца з Костусем?
Антаніна. Дык яны ж у корпусе некалі служылі разам. I ваявалі. Адтуль і прыязнасць у майго брата да гэтага беднага шляхціца.
Магнушэўскі. Зразумела. Дык ты парады прыйшла прасіць?
Антаніна. Так, блаславення, святы ойча. Але ўсё ўжо згаворана. I я згоду сваю дала на шлюб.
Магнушэўскі. Што ж, бласлаўляю, княжна. Няхай за вамі заўсёды стаіць Езус Хрыстас наш. (Жагнае). Амін.
Антаніна (бярэ ксяндзову руку, цалуе). Дзякуй, святы ойча.
Магнушэўскі. Калі ж вяселле?
Антаніна. Брат кажа, што недзе ўвосень.
Магнушэўскі. Багатая пара. Але тым не менш шлюбы ажыццяўляюцца не на зямлі, а на небе. Няхай бы заглянуў да мяне гэты Юрага?
Антаніна. Святы ойча не ўхваляе майго жаніха?
Магнушэўскі. Я ўжо стары чалавек, княжна, і мне кожны раз шкада свае вучаніцы. Шкада было, што замуж доўга не выходзіла, а як справа, здаецца, скранулася, то таксама шкада – які чалавек ёй трапіўся. Я шкоды, княжна, не зраблю. Няхай прыйдзе паручнік. Я пагавару з ім. Спадзяюся, ён веру сваю не забыў? Бацька яго быў каталіком, а ён?
Антаніна. Так, нашай веры.
Магнушэўскі. А то ж нямала ў нас ужо запісалася ў уніяты. Шляхціц Давыдоўскі ў іх ліку.
Антаніна. Цікава, што прымушае чалавека мяняць веру?
Магнушэўскі. Каго што. Адных абставіны змушаюць, другія самі, няйначай, ад ерасі. Вось і гэтыя уніяты.
Антаніна. Але дзед мой некалі гаварыў, што падтрымліваў грэка-католікаў, каб стварыць дзяржаўную веру, якая б дапамагала станаўленню дзяржавы.
Магнушэўскі. Ніколі, княжна, не будзе ў тутэйшага народа сваёй дзяржавы. Адна бачнасць яе. Не так ляжыць гэтая зямля, каб стаць незалежнай. Таму і вера новая ёй не патрэбна. Хопіць ужо, што дзве хрысціянскія змагаюцца тут паміж сабой. Католікі думаюць, што пранясуць рымскую да Урала, можа, і далей, а праваслаўныя імкнуцца на захад. Я ўжо наперад ведаю, бо пераканаўся – вечна будзе кіпець гэты кацёл на нашых абшарах. I не хопіць яму пары, каб выбухнуць у які-небудзь бок. Ну ды няхай, гэта, як кажуць, к слову. А што Костусь? Калі ён будзе жаніцца? Вось ужо не думаў, што ў князя Мацея дзеці стануць зацятымі халасцякамі.
Антаніна (з усмешкай уздыхае). Не ведаю, але да пані Сулістоўскай усё радзей наведваецца.
Магнушэўскі. Што так?
Антаніна (паціскае плячыма). Хто іх ведае. Ці не прывабіла яго нечым дачка Сапегі – Стэфка?
Магнушэўскі. Няхай дае бог ім пабрацца. Ты ж яе ведаеш?
Антаніна. Звычайна, святы ойча. У нас не дужа шырокі круг для знаёмстваў (смяецца). Таму вось некаторым у дзеўках падоўгу заставацца даводзіцца.
Магнушэўскі. Але ж я рады, што княжна нібыта перамянілася. Усміхаецца, нават смяецца, не тое, што раней. Дык буду чакаць суджанага.
Антаніна. А як ваша тутэйшая школа, святы ойча? Я жаночаму манастыру ў сувязі з нечаканым шлюбам вялікі ўклад раблю. Можа б, і крашынскай школе таксама?
Магнушэўскі. Гэта добра, што княжна не забывае пра асвету. I манастыру варта дапамагчы, і школе. Праўда, сам я цяпер праз хваробу мала займаюся ёю. Але арганіст Арлоўскі са старым Парфімовічам спраўляюцца.
Антаніна. Я неяк бачыла гэтага Парфімовіча, то дужа п’яны быў, пробашч. Як жа ён з дзецьмі?
Магнушэўскі. А так і з дзецьмі. (Усміхаецца). Ён больш па наглядзе за імі, як звычайны дзядзька. Але варта было б яму пенсіён ужо выпісаць.
Антаніна. Я падумаю, святы ойча.
Магнушэўскі. Гэтая справа можа пачакаць. Але тут ходзіць нейкі адстаўны салдат, Ержыковіч, дык той таксама пісьменны. Не прыходзіў яшчэ ў двор?
Антаніна. Не чула.
Магнушэўскі. Вось яго я ўзяў бы замест Парфімовіча. Я гэтага салдата даўно помню. Ен прыходзіў у Крашын яшчэ пасля вайны дванаццатага года. Потым знік. Кажа – служыў у царскім войску. Словам, калі прыйдзе ў двор…
Антаніна. Буду ведаць, настаўнік.
Магнушэўскі. Ён тут паказваў пісаныя творы на простай мове. Дык я Паўлюку свайму сказаў перапісаць іх. Каб почырк лепей выпрацоўваўся. Ды і сам ахвочы слухаць цяпер рознае ўсякае. Эх, ма!.. Старасць!..
Антаніна. Дасць бог, здароўе вернецца, святы ойча.
Магнушэўскі. Усе ва ўладзе госпада.
Сцэна мяняецца.
Кузня ў Крашыне. Тут Восіп Багрым і ягоны сын Паўлюк. Бадька правіць невялікім малатком нейкае лязо. Сын раздзімае горан. Заходзіць карчмар Борух.
Восіп Багрым. Чым гэтак усхваляваны, пане Борух?
Борух. Хіба ж і я пра тое самае не пацікавіўся?!
Восіп Багрым. У каго?
Борух. Бег аднекуль Андрэй Драздовіч, дык я і спытаў!..
Восіп Багрым. Адстаўны унтэр-афіцэр?
Борух. Так. Дык я і кажу – чым ты ўсхваляваны, унтэр, што ажно бяжыш? А ён…
Восіп Багрым (не перастае правіць лязо). А ён?
Борух. А ён і кажа: бо людзей картавых многа развялося! Ты чуў, пане слесар? Для яго я, ды Гірша, ды Саламон, ды яшчэ колькі габрэйскіх сем’яў у мястэчку – гэта многа картавых? А пранцаў ён не хацеў?
Восіп Багрым. Супакойся, Борух. Сабака брэша – вецер носіць. Чым гэта Драздовічу даліся габрэі?
Борух. Можа, чуў штосьці такое…
Восіп Багрым. …Што прымушае наперад плявацца ў калодзеж? А ты вазьмі адмоў яму іншы раз у крэдыце. У доўг больш не давай.
Борух. Такога, як ён, ужо нічога не стрымае. Усё роўна будзе плявузгаць, каб лаяць габрэяў. Але я маю да цябе, пане слесар, заказ.
Восіп Багрым (плюскае сыну). Заказам мы заўсёды рады, праўда, Паўлюк?
Паўлюк. Праўда, тату.
Борух. Бачу, ён ужо ў вас падмайстар? Хіба не так, пане слесар?
Восіп Багрым. Было б жаданне, а рамяству пры бацьку навучыцца. Дык які заказ, пане Борух?
Борух. Трэба скаваць новы замок і моцную завалу.
Восіп Багрым (з усмешкай). Пане карчмар чакае злодзеяў?
Борух. Ну, злодзеяў – не злодзеяў, а табе, пане слесар, я таксама раіў бы ўмацаваць свае запоры.
Восіп Багрым. Што ў мяне тут красці, пане карчмар?
Борух. Калі не тут, дык дома, у хаце.
Восіп Багрым (зноў з усмешкай). Хіба што. Але мы ўжо са сваімі сынамі, а іх у мяне пяцёра з Паўлюком, дык мы самі каго хочаш здольныя абрабаваць, не тое што абараніцца ад злодзеяў.
Борух. Так, табе, слесар, пашанцавала на сыноў, а ў мяне ўсё дочкі. Як іх выдаць?
Восіп Багрым. Нічога, жаніхі знойдуцца. Вас жа, габрэяў, у навакольных паселішчах нямала.
Борух. Гэта табе толькі здаецца, слесар, што дачок лёгка выдаваць. Радзівіл вунь са сваім незлічоным багаццем не знойдзе жаніха сярод роўных сваёй сястры. Добра, што гэты Юрага пасватаўся.
Восіп Багрым. Гэта ўжо пэўна?
Борух. Так.
Восіп Багрым. Ну, то скажы нарэшце, навошта табе, пане карчмар, новы замок, новая завала? Я ж табе здаецца, ці не пазалетась каваў і замок, і завалу.
Борух (акурат павучальна). То было пазалетась, а сёлета… Словам, чуе маё сэрца, што з гэтым Юрагавым шлюбам павінна ў Крашыне штосьці адбыцца.
Восіп Багрым. Так думаеш?
Борух. Выдам табе, пане слесар, адну рэч. Да мяне часта пачаў заходзідь чалавек Юрагі. З грашамі. Поіць мяшчан і ўсё дапытваецца, хто мае надзейныя паперы на зямлю і на волю. Я так думаю, што паручнік Юрага нешта задумаў. Ці не хоча ён вярнуць сялян у крэпасць? Каб працавалі на двор?
Восіп Багрым. Ад яго ўсяго можна чакаць. Чалавек нібыта і тутэйшы, а тым часам і не тутэйшы. Бацька яго моцна служыў старому князю. I калі б Радзівіл часам не асаджаў, то на мужыках бы спіны гарэлі.
Борух. Бачыш, пане слесар, слуга горай за пана. Хіба ж бывае так?
Восіп Багрым. Значыць, бывае, Борух. Але князь Мацей – рэдкая з’ява на нашай зямлі.
Борух. Ну, здаецца, пра ўсё дамовіліся?
Восіп Багрым. Так, пане Борух. Будзе табе і замок, і завала.
Борух. То бывай, пане слесар. Ды не мінай маю карчму.
Выходзіць.
Восіп Багрым (да Паўлюка). Збегай-тка, сынок, па Казіміра Камінскага. Скажы, бацька ў кузню яго кліча. Нешта не падабаецца мне жыдаў настрой.
Паўлюк выбягае, а затым праз колькі хвілін прыводзіць войта Камінскага. Той сядае на парог кузні. Паўлюк тым часам кідаецца да горана, пачынае працаваць.
Камінскі. Што ты хацеў ад мяне, дзядзька Восіп?
Восіп Багрым. Параіцца трэба.
Камінскі (дастае табаку, круціць цыгарку, тады падыходзіць да горана, прыкурвае ад вугельчыка). Параіцца?
Восіп Багрым. Так.
Камінскі. Што ж, давай параімся.
Восіп Багрым. Толькі што прыходзіў сюды карчмар Борух, то гаварыў нейкія дзіўныя рэчы. Нібыта ў ягонай карчме Юрагаў чалавек дапытвае п’яных мяшчан, ці маюць яны пэўныя дакументы ад князя Мацея на зямлю і волю?
Камінскі. Але ж зямля і воля ў Крашыне не толькі ад Радзівіла. Многія атрымалі іх за службу на карысць Вялікага Княства.
Восіп Багрым. Гэта так. Толькі Юрага не стане дарэмна пачынаць штосьці. Ці не збіраецца ён…
Камінскі. Вярнуць нашых мяшчан у прыгон, каб працавалі на яго?
Восіп Багрым. Так.
Камінскі. Цікава. Але ж ці парушыць цяперашні князь бацькаву волю?
Восіп Багрым. Трэба ж дагадзіць швагру. Той усё-ткі жаніўся з сухарлявай князёўнай?
Камінскі. Паручнік нарэшце пераапрануўся ў цывільнае, гойсае па вёсках, якія яму адыдуць праз шлюб з Антанінай. Так што… Словам, Борух недзе блізка да разгадкі, чаму гэты Антапант дапытвае п’яных мужыкоў. Вось што мне прыйшло цяпер у галаву, дзядзька Восіп, – трэба схадзіць з гэтым да пробашча. Няхай таксама падумае, можа, што нараіць.
Восіп Багрым. Але ты, войт, пакліч яшчэ сяго-таго з сабой. Няхай разам будзеце.
Камінскі (прытушвае цыгарку). Вядома ж, дзядзька Восіп. (Да Паўлюка). Ну што, хлопец, адвядзеш нас да Магнушэўскага?
Паўлюк. З радасцю, пане войт.
Яны выходзяць.
Ксёндз Магнушэўскі па-ранейшаму хварэе. Да яго забягае Паўлюк Багрым.
Магнушэўскі. Нешта ты доўга бавіўся ў кузні? А мне аднаму сумна. Хацеў, каб мы пачыталі трохі.
Паўлюк. Да вас прыйшлі, святы ойча.
Магнушэўскі. Хто?
Паўлюк. Войт Камінскі. Тады Казімір Ермакоўскі ды Мацей Шышлоўскі.
Магнушэўскі. Не ведаеш, што ў іх да мяне? А то я і праўда не дужа сябе пачуваю сёння.
Паўлюк. Хочуць параіцца.
Магнушэўскі (трохі падумаўшы). Добра, пакліч. (Сядае на ложку, звесіўшы ногі).
У пакой заходзяць Казімір Камінскі, Мацей Шышлоўскі, Казімір Ермаковіч.
Магнушэўскі (усміхаецца). Прыемна бачыць колішніх вучняў. Што, нейкі клопат?
Камінскі. Юрага штосьці задумаў супроць мястэчка. Сёння Борух казаў кавалю, што ў карчме вядуцца падазроныя размовы. А тут Мацей (ківае на Шышлоўскага) кажа, што нейкія паперы ўжо знаходзяцца ў судзе ў Наваградку.
Магнушэўскі. Кажы ясней, войт.
Шышлоўскі (адказвае замест Камінскага). Ці не збіраецца адстаўны паручнік, а цяпер і зяць князеў, вярнуць крашынскіх мяшчанаў у прыгон?
Магнушэўскі (глядзіць на войта). Гэта праўда ці толькі нейчыя здагадкі?
Камінскі. Усё разам, святы ойча. Але вельмі падобна на тое, што трывога наша недарэмная.
Магнушэўскі (прамаўляе ўсё роўна як самому сабе). Так, так…
Ермакоўскі. Вось мы і прыйшлі параіцца, пане пробашч.
Магнушэўскі (зноў). Так, так…
Шышлоўскі. Але ніхто яму не стане вяртаць ні зямлі, ні волі. Будзе бунт, святы ойча!
Магнушэўскі. Так ужо й бунт?
Камінскі. Не выключана, святы ойча.
Магнушэўскі. Вы не гарачыцеся!.. Не хапала нам бунту?! Ніхто вас не блаславіць на бунт. Ведаеце, што пасля бывае? Калі каго не заб’юць, то ў Сібір сашлюць!
Камінскі. Калі Сібіры баяцца, то і жыць не варта.
Магнушэўскі. Ну а калі заб’юць каго?
Шышлоўскі. Волю трэба бараніць.
Магнушэўскі. Ну-ну, не гарачыцеся! Але я так думаю, што ў Наваградак варта наведацца. Трэба знаць, якія паперы шукае там Юрага. I трэба ж было прыперціся яму сюды, да нас!
Ермакоўскі. На каго бог, на таго і людзі.
Магнушэўскі. Ну-ну, не грашы супраць бога, Казімеж… Зрэшты, калі раптам высветліцца, што Юрага сур’ёзна задумаў пачаць справу з нашымі крашынцамі, то неабходна шмат што прадугледзець.
Камінскі. Але на яго баку, няйначай, будзе князь. Супроць князя нам не вытрымаць. Князь і ў судзе, князь і ў сейміку.
Магнушэўскі. Тады можна будзе звярнуцца ў Варшаву, да цэсарэвіча. Толькі не бунт. Да бунту справа не павінна дайсці.
Ермакоўскі. Але Мацей мае рацыю — свабоду трэба бараніць, святы ойча.
Магнушэўскі. Усё ва ўладзе ўсявышняга. Трымайце мяне ў коле сваіх спраў.
Камінскі, Шышлоўскі, Ермакоўскі цалуюць ксяндзу руку, ён жагнае кожнага, нарэшце яны выходзяць.
Магнушэўскі (да Паўлюка). Ты, хлопча, цяпер не адлучайся падоўгу з плябаніі. Няхай бацька ў кузні неяк сам спраўляецца.
Паўлюк. Добра, святы ойча.
Магнушэўскі. I да гэтых радыкалаў не далучайся. А то хоць ты і малы яшчэ, але ж можаш таксама нявінна пацярпець. Няхай дарослыя займаюцца самі сваімі справамі. Мы з табой зараз пачытаем. Помніш, на чым мы мінулы раз спыніліся ў Нямцэвіча? То нясі ксёнжку.
Паўлюк накіроўваецца ў бакоўку.
Князь Радзівіл і Станіслаў Гедройц Юрага. Князь ходзіць па пакоі ў замку, Юрага сядзіць у крэсле. Ён ужо Радзівілаў швагер.
Радзівіл. Вось бачыш, Станіслаў, усё ідзе як след. Праўда, твой максімалізм выклікаў у часткі павятовай шляхты не тое што нездаволенасць, будзем гаварыць – здзіўленне. Надта ты бесцырымонна ўварваўся ў нашае асяроддзе.
Юрага. Да канца жыцця свайго не забуду, князь, што вы дзеля мяне, дробнага шляхціца, зрабілі. А касавокія позіркі я адчуваю на сабе. Толькі што з таго?
Радзівіл. Цяпер патрэбна больш абачлівасці. Пастарайся падружыцца з навакольнай шляхтай. Ведай… што дазволена Юпітэру, тое…
Юрага. Помню, помню… тое не дазволена валу.
Радзівіл. Ты правільна разумееш. Але гэта не для мяне. Гэта – для іншых. Я не дазваляю табе ні чыніцца са мной, ні княжыцца. Нарэшце ты павінен зразумець, што жанаты на жанчыне з роду знакамітых Радзівілаў.
Юрага. Як знакамітых, так і магутных, дарагі князь.
Радзівіл. А цяпер – бліжэй да справы. Помніш, я абяцаў табе разабрацца з крашынскімі мяшчанамі?
Юрага. Якраз гэтым я і займаўся апошні час. Мой чалавек пад розным выглядам выведаў у крашынцаў, што вельмі мала хто з іх мае надзейныя дакументы на зямлю.
Радзівіл. Недзе так я і здагадваўся – бацька мой, Мацей Радзівіл, надта даражыў сваім словам гонару. Але часы мяняюцца. На змену старым прыходзяць новыя. Таксама як і людзі. I што ты рашыў, швагер? Я пытаюся ў цябе, бо ты гаспадар Крашына.
Юрага. I Пуцятаў.
Радзівіл. Так, і Пуцятаў, і Старога Двара, і Тоціна, і Уласаў, і Дуброўны…
Юрага. Дзякуй князю за гэта. Але Пуцяты я прыгадаў, што там, як і ў Крашыне, таксама шмат хто не мае надзейных папераў на зямлю. Праўда, і ў Пуцятах, і ў Крашыне мужыкі кажуць, што яны атрымлівалі землі і прывілеі ад Вільні за панцырную службу Вялікаму Княству…
Радзівіл (моршчыцца). Можаш быць упэўнены, Станіслаў, маёмасць гэта ўся наша, радзівілаўская, дарма што бацька наш параздаваў яе абы-каму і абы-як. Ён увогуле апошні час жыў не столькі на зямлі, колькі там. (Паказвае ўгору). Ну а раз ты ўжо высветліў сваім чынам, што ў хлопаў надзейных дакументаў няма, то наступ нае слова за судом. Ну а ў судзе – сам ведаеш!
Юрага. Справе ўжо дадзены ход.
Радзівіл. Я пацікавіўся, як яна рухаецца. Вока таксама не буду спускаць з яе.
Юрага. Але мяне цікавяць адным часам і землі плябаніі. Ці не на халяву і ксяндзы атрымалі ад старога князя двары? Іх жа там каля шасцідзесяці ці нават болып?
Радзівіл. Так, крашынская парафія багатая. I атрымаў яе больш мінулы пробашч, а не гэты, Магнушэўскі. Дакапацца да праўды там цяжка будзе. Ды і жонка твая, а мая сястра заступіцца за свайго былога настаўніка і духоўніка. Дарэчы, я ўжо неяк казаў пра гэта табе. Ты раіўся з Антанінай?
Юрага. Так. Але вы, князь, мелі і маеце рацыю. Яна не хоча нават слухаць, каб пачынаць справу супроць плябаніі.
Радзівіл. Дзіва што! Яна, Станіслаў, – жанчына. I ўсё гэтым сказана.
Юрага. Жанчыны, князь, розныя бываюць. I калі ўжыць адпаведныя захады…
Радзівіл. Вось і ўжывай, швагер. Ды не забывай – абачлівасць і яшчэ раз абачлівасць.І не таму, што… Словам, вакол цябе таксама жыве шляхта. I табе не павінна быць абыякава, што яна стане гаварыць пра цябе. Наш век, Станіслаў, складаны век: адным часам жорсткі, але ж і ліберальны, вярней, адукаваны; у рускіх ёсць, здаецца, больш дакладнае слова – просвещенный…
Юрага. Лаўлю, князь, вас на слове. Дык вось, пра адукацыю. Вы ж, нябось, ведаеце, што ў Крашыне працуе парафіяльная школа?
Радзівіл. Так, мне сястра штосьці гаварыла. Ах так, успомніў. Яна хацела ў сувязі са шлюбам ахвяраваць ёй сякія-такія грошы. Ты пра гэта?
Юрага. Ды што грошы, князь? Яны сёння ёсць, заўтра – няма.
Радзівіл. О не, швагер. Гэтак ты раней мог думаць. Цяпер у цябе іншы статус і іншы гонар. З уланствам трэба канчаць. З гэтага часу ты заўсёды павінен жыць адным клопатам – як болей мець грошы. Без грошай, Станіслаў, ты будзеш ніхто, нават калі і завешся Радзівілавым шваграм. Табе ясна?
Юрага. Ясна, ваша мосць. Але пра школу я прыгадаў не ў сувязі з жончыным ахвяраваннем. Зрэшты, Антаніна жаночаму манастыру таксама ўнесла значны ўклад. Між тым да мяне даходзяць чуткі, што парафіяльная школа айца Магнушэўскага з асветнай установы непрыкметна ператвараецца, калі ўжо не ператварылася, у рассаднік вальнадумства.
Радзівіл. Якое вальнадумства можа выйсці з ведання алфавіту ды ліку? Яны ж, здаецца, там да большага не дайшлі. Ну а валоданне алфавітам ды ўменне лічыць не лішне нават для хлопаў. Кажу ж, век цяпер настаў такі – пр-све-щенный! На свеце ёсць нават рэлігіі ў некаторых краінах, якія абавязкам ставяць перад прыхаджанамі валоданне пісьменнасцю. Іначай, які ты вернік?
Юрага. Князь так думае?
Радзівіл. Не я, пане Юрага. Век наш вымагае гэтага. Праўда, у пэўных межах. Калі хочаш, у самых такенечкіх. (Паказвае далонямі, амаль упрытык збліжаючы іх).
Сцэна мяняецца.
Багрымава кузня ў Крашыне. Тут сам каваль, адстаўны салдат Ержыковіч, Казімір Камінскі, Мацей Ермакоўскі, Казімір Шышлоўскі. Другія местачкоўцы. Як заўсёды, таксама Паўлюк Багрым.
Камінскі. Пакуль мы высвятлялі, што да чаго, паручнік Юрага з дапамогай свайго швагра дамогся ў судзе таго, што многім з нас зноў давядзецца ісці на працу ў панскі двор.
Шышлоўскі. Бацькі нашы заўсёды былі вольныя. Мелі сваю зямлю. Няхай гэтыя воля і зямля прыйшлі нам ад старога князя, але мы тым не менш ужо даўно жылі вольна, дарма што ніхто не браў ад пана панерак на прывілеі. I ў двор ніхто з нас цяпер не пойдзе.
Галасы ў кузні. Казімір праўду кажа.
Ержыковіч (пакашляў, каб крашынцы сціхлі). Я таксама цікавіўся ў Наваградку вашымі справамі, бо меў намер неяк прыжыцца сярод вас. Міравы суддзя выдаў сакрэт – Юрага не толькі дамогся свайго ў павятовым судзе, але звярнуўся таксама да гродзенскага грамадзянскага губернатара, каб вярнуць у сваю маёмасць вашыя землі.
Пасля гэтага ў кузні зноў узбурыліся галасы, тады запанавала цішыня.
Восіп Багрым (нарэшце да Камінскага). Ну што, войт, рашай ты. Тваё слова будзе апошнім, хоць мяне гэтая ваша справа і не дужа датычыць.
Шышлоўскі. Сёння Юрага спрабуе адабраць у нас зямлю, пазбавіць волі, заўтра – прагоніць цябе з кузні, дарма што ў цябе залатыя рукі.
Восіп Багрым. Усё можа стацца. I я не абаронены нічым. Думалася ж, што з добрым князем жыць нам вечна.
Ержыковіч. Думалі-гадалі, а тут…
Восіп Багрым. Я так сабе думаю. Раз Юрага звярнуўся за дапамогай да губернатара, маючы дазвол ад павятовага суда, значыць, ён нечага яшчэ апасаецца. Ну а пакуль губернатар умяшаецца ў справу, ці не варта нам звярнуцца да цэсарэвіча ў Варшаву? Можа, наш козыр возьме верх? Дарэчы, надоечы ты, войт, штосьці падобнае ўжо гаварыў. Як?
Камінскі. Не веру я ні ў добрых князёў, ні ў добрых цэсарэвічаў. Але не стану адгаворваць, каб напісаць да цэсарэвіча. Няхай вось салдат (ківае на Ержыковіча) складзе патрэбную паперку, можа, сам і занясе ў Варшаву, га?
Ержыковіч. Чаму не паслужыць людзям?
Камінскі. Згодны, людцы?
Галасы. Так, так… Няхай паслужыць, а мы тады яму… Так, так, няхай паслужыць!
Камінскі. Але трэба думаць, як абараніцца ад Юрагі сілай. Калі ўсе станем разам, нічога ён не зробіць! Урэшце, ёсць прывілеі пісаныя і няпісаныя. Будзем стаяць за няпісаныя, раз пісаных нашы бацькі не здагадаліся ўзяць у старога князя. (Да Паўлюка Багрыма). Як гэта ў «Размове хлопаў» напісана? «Худа нам жыць, пакінем прыгон служыць»? Ты б калі-небудзь прачытаў яе мужчынам.
Паўлюк. Дык я хоць зараз. (Дастае з запазухі складзеньія аркушы паперы, але пачынае чытаць па памяці). «Дзецюкі, худа нам жыць, пакіньма прыгон служыць, зробім вольнасць – і ўрэч нас ураднік не будзе сеч. Ці мы людзі не такія? Што нам пагрозы ўсякія?.. Досыць нас бізуном сеч!..»
Галасы. Во, пра нас! А няго ж!.. Ну так, так, пра нас.
Ержыковіч (да Восіпа Багрыма). Светлая галава ў твайго хлапца, пане каваль. А памяць? Дык і зусім!
Шышлоўскі. Хто ж гэта напісаў? Ты, Паўлюк?
Паўлюк. Не, мне гэтую размову даў перапісаць ён вось, дзядзька салдат.
Шышлоўскі. Аказваецца, у тваёй торбе, салдат, не толькі кавалкі жабрацкія, але і кольвеч іншага хапае.
Камінскі. Значыць, дамовіліся, мужыкі? Салдат сёння ж панясе ў Варшаву да цэсарэвіча нашу скаргу, а мы тут будзем пільнавацца. Не аддамо Юрагу сваёй волі!
Канстанцін Радзівіл у крашынскім маёнтку Юрагаў. Тут з ім сястра Антаніна і швагер Станіслаў. Па ўсім відаць, што князь толькі што зайшоў.
Юрага. Для нас вялікая нечаканасць і няменшая радасць, князь, што вы наведалі нашу абіцель!
Радзівіл. Ты, швагер, як той праваслаўны поп! Абіцель!..
Юрага. Словы прыходзяць на памяць згодна чыну жыцця. Якое жыццё, такія і словы. А мы з Антанінай, як бачыш, жывем у сваім маёнтку ціха, дабрачынна. Я, як вы раілі, князь, спрабую падабацца суседзям. Праўда, не дужа гатовы прымаць іх тут, у сябе, аднак на вечары да сяго-таго ўжо з’ездзілі. Антаніна шмат танцуе, а я кажу ёй…
Радзівіл (цалуе сястру ў лоб). Правільна кажаш, швагер. Трэба часцей наведвацца да доктара. Я ж яшчэ спадзяюся, што кумам у вас пабуду.
Усе задаволена смяюцца.
Антаніна. Якім ты шляхам да нас?
Радзівіл. З Наваградка.
Антаніна. Значыць, спадзяваўся на абед у нас?
Радзівіл. Так. Праўда, снедаў я добра. Але растросся ў карэце – ад смачнага абеду не адмоўлюся.
Антаніна. Тады я распараджуся.
Радзівіл. Распарадзіся, сястра, распарадзіся. Але, бачу, пахарашэла!..
Антаніна (шчасліва смяецца). За добрым мужам няхітра пахарашэць. (Глядзіць на Юрагу).
Радзівіл. Я вельмі рады, сястра, што паміж вас усё добра. А то ж і мне часам нясоладка было, што ў дзеўках затрымалася. Твая журба і на мяне перакідвалася. Ну а цяпер… Цяпер усё будзе залежаць ад таго, як зберажэце адзін аднаго.
Антаніна. Як жа твая сапяжанка?
Радзівіл. Дзякуй, сястра. Таксама жывём у згодзе. Сёлета ўзімку збіраецца даць два разы баль. Яна, як і ты, аматарка да скокаў. Я і ёй кажу, каб часцей наведвалася тым часам да доктара.
Антаніна (смяецца). Ты, Канстанты, сапраўдны муж. Вучы гэтай мудрасці іншы раз і майго Стася.
Радзівіл. Што, скаргі ёсць? (Глядзіць на швагра).
Антаніна. Што ты, ніякіх скаргаў, брат. Але добрая навука ніколі не пашкодзіць. Я нядаўна сустрэла пані Сулістроўскую. Дык вельмі крыўдавала, што ты ажаніўся з сапяжанкай, а не з яе дачкой.
Радзівіл. Што ж, сястра, хто каго любіць, той таго і чубіць. Чула?
Антаніна. Чула. Але яна нават нібыта пагражала. Каб не пачала, крый божа, помсціць.
Радзівіл. Цікава, як гэта яна сабе ўяўляе?
Антаніна. Не ведаю, аднак ажно некалькі разоў паўтарала, што яна таксама радавітая шляхцянка. Значыць, і ейная дачка.
Радзівіл. Гм, мой дзед некалі казаў, што шляхціц ды шляхцянка – самыя брыдкія з тых, каго стварыў усявышні.
Антаніна. Фі, брат, пасаромеўся б!.. Ды і не толькі ж патомныя князі тут!
Радзівіл. Ты пра сайго мужа? Дык Станіслаў усё разумее, бо таксама дастаткова цынічны чалавек.
Юрага. Добра, вы пагаварыце, я сам распараджуся наконт абеду.
Радзівіл. Не, ты не спяшайся. Няхай Антаніна пра абед паклапоціцца. А нам трэба пагаварыць.
Антаніна выходзіць.
Юрага. Што ў вас, князь?
Радзівіл. У Гародні, у губернскім праўленні, таксама прыйшлі праз дакументы да высновы, што крашыняне ніякія не мяшчане, а звычайныя мужыкі, якія незаконна валодаюць тваёй зямлёй, не плоцяць падаткаў і не адбываюць паншчыны. Так што пара, Станіслаў, дзейнічаць. Настаў час абвясціць рашэнне губернскіх інстанцый. Тым больш, што выкуп ужо ўнёс у ніжэйшы суд.
Юрага. Але ж яны напісалі цэсарэвічу, князь.
Радзівіл. Ну і што? Да бога высока, да цара далёка. Словам, сёння ж пасля абеду і збірай сход у Крашыне.
Юрага. Хачу, князь, каб і вы прысутнічалі пры гэтым.
Радзівіл. Прывыкай рабіць свае справы без мяне. Я заўсёды буду стаяць за табой. З Наваградка я прывёз з сабой земскага спраўніка. Ён і зачытае загад.
Юрага. Як вашай мосці будзе пажадана.
Сцэна мяняецца.
На пляцы ў Крашыне. Тут цэлы натоўп. А таксама Юрага і земскі спраўнік.
Юрага. Доўга гэта цягнулася, ажно некалькі гадоў, але цяпер я нарэшце стаў вашым гаспадаром. Вярней, панам у Крашыне, які належыць маёй жонцы, уроджанай княгіні Радзівіл. Скажу вам праўду – перад тым, як ісці сюды, я зноў паглядзеў на план зямлі крашынскага двара. Мястэчка Крашын, дарэчы, як і вёска, знаходзяцца ў сярэдзіне зямель майго двара.
Голас з натоўпу. Ну і што?
Юрага. А тое, што так званыя вашыя палеткі былі і ёсць землі радзівілаўскія. Ну а цяпер зразумела, што мае. Я заявіў на гэтыя землі свае правы і атрымаў пацвярджэнне.
З натоўпу выходзіць Казімір Камінскі.
Камінскі. Справа ў тым, што нашы продкі былі панцырнымі баярамі…
Юрага. Ведаю я вашых продкаў!
Камінскі. Гэта добра, паручнік, што вы ведаеце нашых продкаў. (У натоўпе хтосьці засмяяўся). Але вам неабходна ведаць і пра тое, што нашы продкі альбо набылі гэтыя землі ва ўласнасць, альбо атрымалі іх ад дзяржавы за панцырную службу ў войнах.
Юрага. Зноў ты, Камінскі, за старую песню! Тады дзе афіцыйныя дакументы на гэта? Няма? То скажы яшчэ, калі ты дужа разумны і ад імя ўсіх выступаеш тут: як жа гэта выйшла, што вашыя землі апынуліся пасярэдзіне радзівілаўскіх без вольнай дарогі адтуль?
З натоўпу выступае Мадей Шышлоўскі.
Шышлоўскі. Дазвольце мне патлумачыць!
Земскі спраўнік. Калі ласка.
Юрага. Кажы, кажы!..
Шышлоўскі. Пасля вуніі некалі польскія каралі раздавалі мясцовым магнатам, хто польскай веры, цэлыя паветы. Так вось і траплялі землі тутэйшых людзей пасярод магнацкіх. I вольныя дарогі раней, як вы кажаце, былі ў нас. Але княскія служкі альбо звузілі іх паступова, альбо зусім зааралі.
Земскі спраўнік. Ты ясней кажы, ясней!
Нехта падказвае Шышлоўскаму з натоўпу: «Ты пра чынш не забудзь! Пра чынш».
Шышлоўскі. I пра чынш скажу. Гэта-ўжо на маёй памяці было. Бацька цяперашняй князёўны, а вашай жонкі, пан Юрага, сам прапанаваў местачкоўцам перайсці на чынш. Але сяляне падумалі…
Юрага (нервова). На ўсё патрэбны дакументы.
Земскі спраўнік. Як афіцыйная асоба я нарэшце хачу пачуць ад вас: ёсць у вас ці няма праўных папераў на вашу зямлю і на вашу асабістую вольнасць?
Камінскі. Ніякіх праўных дакументаў нашыя продкі нам не пакінулі.
Земскі спраўнік. Ну а… дзе планы на вашу зямлю?
Камінскі. I планаў няма. Тады паміж крашынцамі і патомным князем існавалі асаблівыя адносіны, якія пан Юрага не хоча разумець. Таму ён і ўшчаў усё гэта.
Юрага (да земскага спраўніка). Вы, пане земскі спраўнік, спадзяюся, пераканаліся, што я маю права, а гэта і суд пацвердзіў… дык я маю права здзейсніць сваё права ўладара на зямлю?
Земскі спраўнік. Так, я зразумеў гэта. Вы маеце права лічыць іхнюю зямлю сваёй, пане Юрага.
Камінскі. Значыць, вы дазваляеце адстаўному паручніку адабраць нашу зямлю?
Земскі спраўнік. Вы не дакладна гаворыце. Не адабраць! А вярнуць тутэйшую зямлю законнаму гаспадару. Запрашайце, пане Юрага, каморнікаў, няхай яны пачынаюць наводзіць межы.
Галасы. Якія межы? Якія каморнікі? Мы нікому не дазволім наблізіцца да нашай зямлі! Мы не дамо!
Юрага (насмешліва). А ў вас цяпер ніхто і пытацца не стане!
Камінскі (паварочваецца да натоўпу). Далоў іх!
Натоўп страпянуўся. Кінуўся да Юрагі і земскага спраўніка.
Сцэна мяняецца.
Восіп Багрым, Мацей Шышлоўскі, Казімір Ермакоўскі ў ксяндза пробашча Магнушэўскага. Тут і Паўлюк Багрым, які ўсё яшчэ служыць у плябаніі.
Ермакоўскі. Святы ойча, у мястэчку арышты праведзены!
Магнушэўскі. Няўжо вы сапраўды думалі, што ўлады цацкацца з вамі стануць? Дарэчы, я вас папярэджваў.
Шышлоўскі. Але ж мы нічога такога не зрабілі, каб…
Магнушэўскі. Даволі, што ўсталі супроць уладальніка маёнтка. Гэта заўсёды канчалася пакараннем. (Глядзіць на Восіпа Багрыма). Ну, яны (ківае на іншых двух прысутных), няхай гэтыя, дык яны маладыя, гарачыя, а ты, Восіп? Куды ты глядзеў? Ды яшчэ сына прывучаеш тырчэць там, дзе яму шкодна быць?
Восіп Багрым. Хто ж ведаў, што так выйдзе?!
Магнушэўскі. Хто ведаў? Я асабіста ім казаў, што бунт ні да чаго іншага не прывядзе, акрамя як да карных мераў.
Восіп Багрым. Але што мужыкам рабіць? Прыйшлі да вас, святы ойча, параіцца.
Магнушэўскі. Я і сам цяпер столькі ж ведаю, як і вы.
Восіп Багрым. Можа, схадзіць да князя?
Магнушэўскі. Як па-сапраўднаму, то я вас не павінен бы слухаць, бо вы мяне наперад не паслухаліся. Але давайце па парадку. Каго ўрэшце арыштавалі?
Шышлоўскі. Камінскага, гэта перш. Тады яшчэ васьмёра дзядзькоў, што стаялі ў натоўпе наперадзе. Няйначай, таму, што земскі спраўнік запомніў іх у твары. Тут вось (падае пробашчу паперчыну) яны ўсе перапісаны.
Магнушэўскі. А вы, як вы з Ермакоўскім уратаваліся?
Шышлоўскі. Убачылі, як ехалі ў мястэчка на світанку жандары, дык адразу і схаваліся за Шчарай.
Магнушэўскі (з іроніяй). Гэта вы ўмееце – схавацца, а вось хаўруснікаў сваіх…
Ермакоўскі. Не кінешся ж з голымі рукамі на ўзброеных!
Магнушэўскі. Навошта ў такім разе было бунтаваць натоўп супраць улады?
Ермакоўскі. Мы не супраць улады. Мы супраць Юрагі, які адбірае ў нас зямлю і вольнасць.
Магнушэўскі. Я вам вось што скажу – гэта яшчэ не пакаранне за бунт, што сяго-таго з вас арыштавалі. Магло да салдатаў дайсці, да шампалоў. А ты, Восіп (да Багрыма), зачыні сваю кузню ды нікога туды не пушчай. Можа, неяк само супакоіцца!..
Шышлоўскі. Але як нам дапамагчы сваім таварышам?
Магнушэўскі. Яны дзе цяпер?
Шышлоўскі. Пад арыштам.
Магнушэўскі. Гэта зразумела, што пад арыштам!.. Але дзе знаходзяцца?
Шышлоўскі. У наваградскай турме.
Магнушэўскі (усё роўна як здзекліва). Бачыце, а там краты! I стража ходзіць! Словам, я не ведаю, як вам памагчы. Трэба было слухацца мяне. Тады б не дайшло да ўсяго гэтага!
Восіп Багрым. Дык я і кажу, можа, князя папрасіць, каб заступіўся за мужыкоў?
Магнушэўскі. Князь хутчэй заступіцца за свайго швагра, чымся за вас. Давядзецца спадзявацца на аднаго ўсявышняга. Вы ідзіце, мужыкі, а я стану маліцца. I не прыходзьце болей сюды.
Усе падступаюцца да ксяндза, цалуюць яму руку. Тады выходзяць. За імі быў памкнуўся і Паўлюк Багрым.
Магнушэўскі. Пачакай, хлопча. Хачу з табой пагаварыць.
Паўлюк застаецца ў пакоі.
Паўлюк. Слухаю, святы ойча.
Магнушэўскі. Бачыш, што выйшла з дурноты дарослых?
Паўлюк. Гэта не дурнота, святы ойча. Людзі бароняць зямлю, нарэшце – сваю волю!
Магнушэўскі. Вось як ты загаварыў?!
Паўлюк. Я там быў, святы ойча, і ўсё бачыў!
Магнушэўскі. Таму я і папярэджваў цябе – не хадзі! Цяпер, нябось, дакараеш мяне, што не бегаў і не крычаў разам з усімі? А я не магу, хлопча, не маю ўжо моцы ні на тое, ні на другое. Я хворы. Ды і не мая гэта справа. Я маліцца павінен за людзей і настаўляць іх. А яны мяне ў бунт цягнуць! Ну што я скажу князю?
Паўлюк. Так і скажыце, святы ойча,– у мястэчку людзям з прыездам Юрагі становіцца цяжка жыць. Няхай заступіцца. А то яны не спыняцца на ўчарашнім.
Магнушэўскі. Думаеш, не спыняцца? Ну тады да крыві дойдзе!
Паўлюк. А калі яны і крыві не збаяцца?
Магнушэўскі. Тады – Сібір! Вы гэтага дамагаецеся?
Паўлюк. Мы хочам зямлі і волі.
Магнушэўскі (уздыхае). Якая табе яшчэ воля патрэбна? Хіба вы з бацькам запрыгонены?
Паўлюк. Я не пра нас, святы ойча.
Магнушэўскі. Не пазнаю я цябе, Паўлюк. Ты зрабіўся падобны на ваўка пераярка.
Паўлюк. З ваўкамі быць – па-воўчы выць.
Магнушэўскі. Ну-ну, супакойся. Езус Хрыстас усё бачыць. Ён усё на сваё месца паставіць. Нясі Біблію, пачытаем. А там, можа, і прыдумаем нешта. Але я даўно на свеце жыву, Паўлюк.
Сцэна мяняецца.
Юрага і ягоная жонка Антаніна Радзівіл. Заходзіць князь Канстанцін. Па ўсім відаць, што ён толькі што з карэты.
Антаніна. Як добра, што часта цяпер наведваеш нас, Канстанты!
Радзівіл. I як заўсёды, прыязджаю з павятовага цэнтра згаладалы. Але сёння, прызнацца, і не паснедаў як след. Ты б распарадзілася, сястра.
Антаніна. З радасцю, брат.
Выходзіць.
Юрага. Што ў Наваградку, ваша светласць?
Радзівіл. Ды не чынься ты! Не хапала яшчэ, каб мы адзін пры адным толькі і займаліся гэтым? Скажы лепей, што ў вас тут?
Юрага. Па-ранейшаму кіпіць мястэчка.
Радзівіл. Нават арышты на хлопаў не падзейнічалі?
Юрага. Сёння ўранні збіраліся ў Багрымавай кузні, газету чыталі. А тады – нейкую паэму.
Радзівіл. Якую яшчэ паэму?
Юрага. Называецца – «Размова хлопаў».
Радзівіл. Цьфу, чортведама што! Газеты, паэмы! Што? Паэма надрукавана ў газеце?
Юрага. Ад рукі перапісана. Гэта ўсё адтуль. З гнязда пробашча Магнушэўскага. З ягонай школы.
Радзівіл. Не гавары глупства, Станіслаў. Радзівілы заўсёды школы заводзілі, бо разумелі і разумеюць, што разумнейшыя з нашых падданых павінны ўмець арыфметыцы і пісьму. Хоць збольшага, а ўмець. Ну ды няхай. Учора адбыўся суд над арыштаванымі за крашынскі бунт супраць цябе і земскага спраўніка. А яму ўсё-ткі косці памялі трохі!
Юрага. Мне таксама дасталося б, каб не паспеў ускочыць на каня. Дык што суд, ваша светласць?
Радзівіл. З тваімі судзілі яшчэ чатырох. Здаецца, так. Ну так. Гэтыя чатыры з іншых станаў. Дзесяць чалавек мы засудзілі, у тым ліку і твайго Камінскага, да здачы ў рэкруты. На трох прыгавор яшчэ мецьме. Але нават губернатар не мае права зацвердзіць прыгавор суда. Справа ў тым, што падсудных было больш за дзевяць чалавек. (Усміхаецца). Такая судовая казуістыка, мой швагер, што нават губернатаравай улады не хапае. Патрэбна рэзалюцыя самога цара.
Юрага. Значыць, па-айшла пісаць губерня? Гэтага суда хопіць нам на доўгія гады! Толькі і будзеш рабіць, што карміць ды паіць розных начальнікаў ды чыноўнікаў.
Радзівіл. Так, цяпер сюды злятацца яны стануць, як крумкачы. Ва ўсякім выпадку, чыноўнік па асобых даручэннях Нечвалодаў збірае свой дарожны бавул. Але я прасіў сенатара Навасільцава, каб той звярнуўся з гэтым да цэсарэвіча.
Юрага. Вы ж кажаце, патрэбна рэзалюцыя цара?
Радзівіл. Так. Але цэсарэвіч можа зрабіць, што справа пойдзе да цара міма кабінета міністраў.
Адчыняюцца дзверы. Парог пераступае Антаніна.
Антаніна. Панове, стол сабраны! Праўда, на скорую руку, але ж…
Мужчыны рушаць да яе.
Ксёндз Магнушэўскі стаіць на цвінтары касцёла. Да яго падыходзіць ужо знаёмы нам земскі спраўнік з Наваградка.
Земскі спраўнік. Хвала Езусу Хрыстасу, святы ойча!
Магнушэўскі. Ва векі вякоў. Амін. Апошнія дні ў нашым Крашыне шмат новых людзей. З кім маю гонар?
Земскі спраўнік. Павятовы земскі спраўнік, ваша светласць.
Магнушэўскі. Ну, я не князь, пане земскі начальнік, са мной можна прасцей.
Земскі спраўнік. Добра, святы ойча, можна прасцей. Але ў мяне да вас справа.
Магнушэўскі. Слухаю, пане спраўнік.
Земскі спраўнік. Далікатная справа, святы ойча.
Магнушэўскі (з усмешкай). Выкладвайце сваю далікатную справу. Мае вушы прывыклі да ўсяго – і да далікатнага, і да грубага. Я – божы служка, пане спраўнік. То гаварыце.
Земскі спраўнік. Са мной у Крашын прыехаў чыноўнік па асобых даручэннях губернскага праўлення пан Нечвалодаў. Дакладней, прадстаўнік грамадзянскага губернатара для далейшага высвятлення прычынаў нядаўняга непадпарадкавання пастанове павятовага суда адносна…
Магнушэўскі. Мне вядома тутэйшая справа, пане спраўнік. Але хацелася б удакладніць. Бадай, лепей было б кваліфікаваць той выпад трохі іначай, ну, звычайна – непаслушэнства.
Земскі спраўнік. Суд вызначэнне сваё прыняў – не-пад-парадкаванне, святы ойча.
Магнушэўскі (уздыхае). Усё ва ўладзе ўсявышняга. То выкладвайце сваю далікатную справу, пане спраўнік.
Земскі спраўнік. Добра было б, калі б вы, святы ойча, запрасілі пана Нечвалодава да сябе на абед.
Магнушэўскі. Буду рады прыняць у сябе такога чалавека, пане спраўнік. Вось зараз перакажу ахмістрыні, каб мела на ўвазе за абедам сёння і шаноўнага госця з губерні.
Земскі спраўнік. Вельмі ўдзячны, святы ойча! Вельмі ўдзячны!
Магнушэўскі. То і вы прыходзьце разам з чыноўнікам па асобых даручэннях, пане спраўнік. За сталом месца хопіць.
Земскі спраўнік. Але тым не менш хацелася б патлумачыць. На абед нас запрашаў пан Юрага. Ды пан Нечвалодаў лічыць, што дзеля аб’ектыўнасці гэта не зусім па часе.
Магну шэўскі. Зразумела, пане спраўнік. Будзем чакаць вас к абеду.
Земскі начальнік кланяецца, адыходзіць.
Станіслаў Юрага з жонкай Антанінай у сваім маёнтку.
Юрага. Нешта ты стала цямнець з твару, каханая?
Антаніна. Хіба ж цяперашнія нашы справы дазваляюць іначай выглядаць?
Юрага. А ты не перажывай дарэмна. Спадзявайся на мяне. Дазволь мне давесці ўсё да канца. Справа гонару…
Антаніна. Ну, мне гонар твой непатрэбны. Але я ўсё роўна перажываю…
Юрага. Можа б, паехала на гэты час у Нясвіж? Альбо ў Слуцк? Там жа ў цябе сваякоў хоць адбаўляй.
Антаніна. Ведаеш, дарагі, штосьці мне не хочацца сустракацца з родзічамі.
Юрага. Дарэмна. Ад сваякоў адмаўляцца не варта. Што б мы цяпер былі, калі б не твой брат?
Антаніна. Брат – гэта адно, а сваякі – другое. Але калі ўжо ты хочаш збыць мяне з вачэй…
Юрага. Што ты гаворыш, Антаніна? Пабойся бога!
Антаніна. Але калі ўжо ты хочаш, каб я не мазоліла табе вочы тут, дазволь мне з’ездзіць у манастыр. Маці ігумення даўно заве. Трэба замаліць грэх перад ёй.
Юрага (усміхаецца). Які ў цябе грэх перад ёй?
Антаніна. А ты не здагадваешся, каханы?
Юрага. А ні чутачку!..
Антаніна. Дарэмна. Грэх ёсць. Яны ж там, у манастыры, спадзяваліся, што мне у жыцці нічога не застанецца, як далучыцца да іх. А тут раптам жаніх знайшоўся. Ну і прапала маёмасць, якая павінна была за мной адысці ў манастыр.
Юрага. Ты ж вялікія ахвяраванні зрабіла перад шлюбам!
Антаніна. Ахвяраванні – адно, а маёмасць – другое. Так што, мой каханы, ёсць чаго ехаць мне ў манастыр.
Юрага. Як знаеш, дарагая. Ты сама сабе гаспадыня.
Антаніна. Але будзь абачлівы, Станіслаў. Не кідайся на мужыцкае колле!.. Іншы раз лепей саступіць.
Юрага. Каб я ды адступіў? Не, гэтага ад мяне не дачакаюцца! Слова гонару!
Антаніна. Толькі не выкрыквай гэтак перад братам. А то ён вельмі не любіць падобны шляхецкі гонар.
Сцэна мяняецца.
У доме пробашча Магнушэўскага за абедам чыноўнік асобых даручэнняў Нечвалодаў, земскі начальнік. Разам з ахмістрыняй прыслужвае таксама Паўлюк Багрым.
Магнушэўскі. Закусвайце, госцейкі, чым бог паслаў.
Нечвалодаў. Парафія ў Крашыне, бачу, багатая, святы ойча?
Магнушэўскі. О так, пане Нечвалодаў. Нашы князі не паскупіліся, ствараючы яе. Гэта адбылося яшчэ пры маім папярэдніку, ксяндзы Маліноўскім…
Нечвалодаў. I як у вас, калі дазволіце, – князь настаяцеля падбірае?..
Магнушэўскі. Так. А ўжо затым гродзенскі біскуп зацвярджае.
Нечвалодаў (смяецца). Усё, як і пры звычайнай нашай бюракратыі.
Магнушэўскі. Відаць што. Але чаму гэта мы за абедам ды пра справы? Вось паямо, а тады пагамонім ужо.
Нечвалодаў. Згодны, святы ойча. Але дазвольце яшчэ адно пытанне.
Магнушэўскі. Слухаю, пане Нечвалодаў. (Да спраўніка). А вы, пане спраўнік, закусвайце сабе, закусвайце. Не саромцеся. (Да Нечвалодава). Дык якое ў вас пытанне?
Нечвалодаў. У вас, у парафіі, з сялянамі няма праблемаў?
Магнушэўскі. У нас ўсё ў парадку.
Нечвалодаў. А то ж у Юрагі…
Магнушэўскі. I там не ўсё проста. У ягонай справе з яго мужыкамі абавязкова трэба ўлічваць няпісаныя правы… Так некалі павялося ў нас у Крашыне.
Нечвалодаў. На змену традыцыйнаму праву, святы ойча, ідзе законнасць. Усяму патрэбна пісьмовае пацвярджэнне.
Магнушэўскі. У тым-та і бяда, пане Нечвалодаў. Але я не да канца разумею таксама і Юрагу.
Нечвалодаў. А што яго разумець? Ён дамагаецца свайго. I суд стаў на яго бок.
Магнушэўскі. Штосьці я не помню, каб у Радзівілаў хто-небудзь выйграў калі працэс.
Нечвалодаў. Юрага ж, святы ойча, не Радзівіл.
Магнушэўскі. Затое жонка ягоная Радзівіліха.
Нечвалодаў. Вось гэта праўда, святы ойча.
Магнушэўскі. Бачу, нам з вамі не разабрацца ў гэтай справе.
Нечвалодаў. Пакуль, святы ойча, пакуль. Цяпер жа, дай божа, хоць бы разабрацца вось з гэтым. (Паказвае на багаты стол).
Смяюцца. Асабліва шчыруе земскі спраўнік.
Нечвалодаў (яўна задаволены сва’ёю дасціпнасцю). Але мне хацелася таксама штокольвечы даведацца і пра вашу школу. Яе адчыняць нам?
Магнушэўскі. Так. А пакуль уставаць з-за стала, то можна паслухаць аднаго з вучняў. (Да Багрыма). Паўлюк, ты пачытай нам.
Паўлюк. Што?
Магнушэўскі. А як пан захоча.
Паўлюк (паварочваецца да Нечвалодава). Што пану хацелася б пачуць?
Нечвалодаў. Кажуць, у вас цэлы літаратурны Парнас, пане ойча?
Магнушэўскі. Як вам сказаць? Але вучні, бывае, і самі складаюць і перапісваюць. Цяпер вось Павел перапісаў у аднаго салдата і, вывучыў на памяць цэлую паэму. Скажу вам, пане Нечвалодаў, цікавая рэч. Нават пасмяяцца з яе можна. Напісана простаю моваю, а пасмяяцца можна. Павел, прачытай яе, га?
Паўлюк падыходзіць да стала. Пачынае чытаць і калі дасягае чатырохрадкоўя: Досыць нас бізуном сеч, // Цяпер і мы будзем іх печ, // Цяпер наша пара жыць, гуляць, // А эканомаў у саху запрагаць», – ксёндз Магнушэўскі насцярожана пытаецца: «А гэтых жа радкоў раней не было ў паэме? Ты што, сам іх дапісаў?» Паўлюк маўчыць. Пробашч зніякавела пераводзіць позірк з Нечвалодава на земскага спраўніка.
Магнушэўскі. Што маўчыш, Павал?
Нечвалодаў (спяшаецца патушыць гаспадарову падазронасць). Сапраўды, смешна, святы ойча. Але хто гэту паэмку напісаў?
Магнушэўскі. Не ведаю. Нам сюды прынёс аднекуль адстаўны салдат.
Нечвалодаў. Сапраўды, ёсць з чаго пасмяяцца, святы ойча. (Да Паўлюка). Дык, кажаш, худа нам жыць, пакінем прыгон служыць? Зробім вольнасць? То, можа, яшчэ пачытаеш?
Паўлюк. Нанава?
Нечвалодаў. Не, нанава не трэба. Штокольвеч новае.
Паўлюк глядзіць на ксяндза. Той не гаворыць ні «так», ні «не». Тады Паўлюк пераступае з нагі на нагу, пачынае чытаць:
Зайграй, зайграй, хлопча малы,
I ў скрыпачку, і ў цымбалы,
А я зайграю ў дуду,
Бо ў Крошыне жыць не буду.
Бо ў Крошыне пан сярдзіты,
Бацька кіямі забіты,
Маці тужыць, сястра плача…
Чыноўніка па асобых даручэннях гэты верш настолькі ўражвае, што ён ледзь не збянтэжана сядзіць за сталом колькі хвілін і моўчкі. Астатнія таксама не падаюць голасу. Адзін Паўлюк ані шманае.
Нечвалодаў (нарэшце). Ну, гэта ўжо хоць і не зусім смешца, але ж… (Да Паўлюка). Ты гэта сам напісаў?
Магнушэўскі. Дзе яму? Яшчэ малы. Усяго пятнаццаць гадкоў.
Нечвалодаў. Не сказаў бы. Выглядае старэйшым.
Магнушэўскі (спрабуе жартаваць). Яны тут, на свежым павётры…
Нечвалодаў. Хочаце сказаць, святы ойча, што на свежым паветры дзеці хутка растуць?
Магнушэўскі (усё роўна як прыніжана). Так, так, пане Нечвалодаў. Дык пойдзем глядзець школу?
Нечвалодаў. Я хачу пра сёе-тое спытаць хлапчука. (Да Паўлюка). Дык гэта ў цябе бацька кіямі забіты?
Магнушэўскі (мусіць, баючыся, што чыноўнік па асобых даручэннях пачне блытаць сваімі пытаннямі Паўлюка, спяшаецца на дапамогу). Якое там, пане Нечвалодаў! Бацька яго і сёння ляскае молатам у кузні. I сёетры ягоныя, Ганна і Тэрэза, не плачуць праз гэта. I маці Ганна-Марыя зусім не тужыць. Гэта нейчая выдумка! Гэта не яго!
Нечвалодаў. I тым не менш трэба прызнаць, святы ойча, што таленавітыя людзі жывуць у вашым Крашыне. А Паўла вы беражыце. Самародак.
Магнушэўскі. ІІІто праўда, то праўда. (Хапаецца за сэрца).
Гродзенскае губернскае праўленне. Тут губернатар Бабяцінскі і чыноўнік па асобых даручэннях Нечвалодаў.
Нечвалодаў. Ваша сіяцельства, здаецца, што хваляванне сялян у маёнтку памешчыка Юрагі сціхае ўжо. Есць, вядома, яшчэ незадаволеныя, але пастанова павятовага суда нарэшце будзе выканана.
Бабяцінскі. Я таксама спадзяюся, што там усё абыдзецца. У Радзівілаў рэдка калі здараюцца нечаканасці. У гэтым выпадку так жа будзе. Ніхто не сумняваецца, што за Юрагам стаіць магнат Радзівіл. Але справа тым часам пачынае ўсё-ткі і ўскладняцца ў нечым. Крашынскімі падзеямі зацікавіўся цэсарэвіч Канстанцін.
Нечвалодаў. Гэта дакладна?
Бабяцінскі. Так, мой дарагі. Але ж акрамя Варшавы ёсць яшчэ і Пецярбург. Я зрабіў паведамленне ў кабінет міністраў. Пачакаем, што адтуль скажуць. Ну а пакуль што да чаго, накіруем у неспакойнае мястэчка роту Літоўскага пяхотнага палка.
Нечвалодаў. Ведаеце, ваша сіяцельства, мяне ва ўсім гэтым хвалюе не столькі маёмасны стан спраў ва ўладаннях зяця князя Радзівіла, колькі духоўны стан саміх сялян. Здаецца, гэта так цяпер у наш адукаваны век называецца?
Бабяцінскі. Кажыце выразней.
Нечвалодаў. Школа там, у мястэчку, даволі… Словам, гэта не парафіяльная школа, якой яна лічыцца, а змесцішча свабодалюбства. Можаце ўявіць сабе, ваша сіяцельства, навучэнцы там складаюць вершы, а ўжо што чытаюць паміж сабой, дык і сказаць немагчыма. Адзін з вучняў прачытаў мне вось гэтыя вершы. (Дастае са скураной папкі паперы, кладзе перад губернатарам). Адзін – штосьці накшталт паэмкі на простай мове, а другі адлюстроўвае тамтэйшае жыццё.
Губернатар пасоўвае да сябе паперы, чытае.
Губернатар (нарэшце ўзнімае галаву). I гэта складаюць у местачковай парафіяльнай школе?
Нечвалодаў. Дакладна ўстанавіць мне не давялося. Чытаў і паэмку, і верш хлопчык. А школу трымае ксёндз Магнушэўскі. Чалавек ужо ў вялікіх гадах. Дык ён тлумачыў мне, што вершы гэтыя прыносіў ім нейкі адстаўны салдат. З яго папераў нібыта хлопчык, які цяпер прыслужвае ў ксяндза, і перапісаў іх сабе ў сшытак. Ці нехта другі. Скажу вам, ваша сіяцельства, – ксёндз крашынскі заслугоўвае асобнай увагі, як і ягоная школа.
Губернатар. Што ж, давядзецца ўзяць і ксяндза, і школу пад нагляд. Я распараджуся. А вам трэба зноў наведацца ў Крашын. Трэба ўзяць і ад ксяндза, і ад настаўнікаў тлумачэнні. Генія таго, ну, хлапчука, што чытаў вам гэтыя вершы, таксама варта дапытаць.
Нечвалодаў. Ад некаторых я ўжо ўзяў тлумачэнні. Напрыклад, у настаўнікаў Арлоўскага і Парфімовіча. Таксама ад самога генія, як вы кажаце, ваша сіяцельства.
Губернатар (чытае спярша адно тлумачэнне, затым другое. Нарэшце гаворыць). А, вось яно. Што ж, паглядзім, што піша пра гэта сам геніяльны хлопчык. (Чытае). «Ад роду мне пятнаццаць гадоў, рэлігіі рымска-каталіцкай, вучыўся ў плябаніі чытаць, пісаць і пачаткам арыфметыкі ў ксяндза пробашча Войцеха Магнушэўскага і ў былога ў яго вікарыям ксяндза Півуса Гарбацэвіча…» М-так. Чытаем далей. «Вывучваў розныя вершы… у тым ліку і «Размову хлопаў»… Але ніколі ксёндз плябан не прымушаў мяне чытаць іх…» Так. Аказваецца, толькі вам, пан Нечвалодаў, даверыліся змоўшчыкі. I зусім няма нічога ў гэтым тлумачэнні пра верш «Зайграй, зайграй, хлопча малы». Чаму, пан Нечвалодаў?
Нечвалодаў. Упёрся хлопец, кажа, таксама некалі перапісаў гэты верш у адстаўнога салдата.
Губернатар. Цікава было б глянуць на таго адстаўнога салдата, га, пан Нечвалодаў?
Нечвалодаў. I я сабе так падумаў.
Губернатар. Значыць, мы аднолькава думаем. Дзякуй. Але шкада, што гэтага малога генія нельга здаць у рэкруты. Яму ўсяго пятнаццаць гадоў. Хоць вамі ўжо і зроблена шмат па гэтай справе, пан Нечвалодаў, аднак тым не менш давядзецца вам зноў паехаць туды, каб прыняць пэўнае рашэнне, трэба мець больш звестак. Вазьміце пісьмовае тлумачэнне ў самаго пробашча. Урэшце, пагаварыце аб школе з князем Радзівілам.
Нечвалодаў. Тут ёсць адна далікатная акалічнасць.
Губернатар. Якая?
Нечвалодаў. Справа ў тым, што ксёндз Магнушэўскі некалі вучыў і самога князя, і ягоную сястру.
Губернатар. Дык і што?
Нечвалодаў. Самі ж ведаеце.
Губернатар. А вы з магнатамі, пан Нечвалодаў, нібыта паміж іншым. Таксама далікатна. Але тым не менш тлумачэнне ад ксяндза прывязіце. Дарэчы, перад паездкай у Крашын перагаварыце аб усім з дырэктарам вучылічшаў Брадоўскім.
Нечвалодаў. Будзе зроблена, ваша сіяцельства. Можна ісці?
Губернатар. Бывайце, Нечвалодаў. Хвалю. Здаецца, вы намацалі там што трэба. Асноўныя справы па ўсмірэнні падданых пана Юрагі таксама на вас ляжаць. Дзейнічайце.
Сцэна мяняецца.
Чыноўнік па асобых даручэннях Нечвалодаў у князя Радзівіла.
Нечвалодаў. Ваша сіяцельства, я звяртаюся да вас як да члена Віленскай адукацыйнай камісіі і кавалера.
Радзівіл. Слухаю вас.
Нечвалодаў. Есць думка, што прычынай усяго няшчасця, якое здарылася ў маёнтку вашай сястры, стала парафіяльная школа, заведзеная ксёндзам Магнушэўскім у Крашыне. Маю гонар прасіць вашу княскую міласць растлумачыць, якім спосабам гэта школа прычынілася да цяперашніх няшчасцяў у мястэчку?
Радзівіл. Ды ніякім, пане Нечвалодаў.
Нечвалодаў. Але ж…
Радзівіл. Добра, я патлумачу. Справа ў тым, што ксёндз Магнушэўскі ніколі шкодных павучанняў не выкладаў. Так, на мяне зрабіла не найлепшае ўражанне неўласцівае сялянскім дзецям дэкламаванне па волі ксяндза Магнушэўскага на памяць баек і вершаў. Не магу, аднак, сцвярджаць з пэўнасцю, каб школа была прычынай няшчасця, што здарылася цяпер.
Нечвалодаў. А які яна можа мець уплыў на неспакой і непаслушэнства жыхароў?
Радзівіл. Паколькі я ніколі ў мястэчку не жыў, то і ніякіх падрабязнасцяў уплыву навучання не ведаю. Думаю, што гэтага для пана губернатара будзе дастаткова. Дарэчы, вы абедаць у нас застанецеся, пане Нечвалодаў?
Нечвалодаў. Дзякуй, ваша сіяцельства, за запрашэнне. Але трэба ехаць у Крашын.
Радзівіл. Як знаеце. Але сястру маю па вашым пытанні не турбуйце, пане Нечвалодаў. Бывайце.
Нечвалодаў. Рады быў наведаць вас у вашым родавым гняздзе, пра якое ідзе слава па ўсім свеце. Бывайце, ваша сіяцельства.
Нечвалодаў, ксёндз Магнушэўскі.
Нечвалодаў. Паводле распараджэння грамадзянскага губернатара яго сіяцельства Бабяцінскага маю намер спытаць вас, святы ойча, пра сёе-тое.
Магнушэўскі. Нічога не маю супроць, пане Нечвалодаў.
Нечвалодаў. Скажыце, святы ойча, як даўно існуе парафіяльная школа ў Крашыне? Дарэчы, як правільна – у Крошыне ці ў Крашыне?
Магнушэўскі. Мясцовыя людзі гавораць і так, і гэтак. Адказваю – школа наша заснавана яшчэ маім папярэднікам ксёндзам Маліноўскім. Здаецца, я мінулы раз казаў вам.
Нечвалодаў. Так. Тады скажыце, як яна ўтрымлівалася і ўтрымліваецца?
Магнушэўскі. На сродкі плябаніі. На ахвяраваннях таксама.
Нечвалодаў. Ці належыць Павел Багрым цяпер да вучняў парафіяльнай школы?
Магнушэўскі. Не належыць. Акрамя пачатковай навукі алфавіту ён іншаму не навучаўся ў школе.
Нечвалодаў. З якога часу вядомы вашай высокапрападобнасці вершы пад назвай «Размова хлопаў»? Ці не ведаеце вы, хто з’яўляецца аўтарам верша «Зайграй, зайграй, хлопча малы»?
Магнушэўскі. Я ўжо казаў вам раней, пане Нечвалодаў, што паэму «Размова хлопаў» прынёс у Крашын нейкі адстаўны салдат. Што ж датычыць верша «Зайграй, зайграй, хлопча малы», то магу паведаміць адно – я ўпершыню чуў яго разам з вамі з вуснаў майго слугі Паўлюка Багрыма, сына мясцовага каваля.
Нечвалодаў. Ці няма яшчэ іншых падобных вершаў або твораў, складзеных прозай, сярод вучняў парафіяльнай школы?
Магнушэўскі. Ніякія іншыя вершы, таксама творы, складзеныя прозай, не знаходзяцца ў школе.
Нечвалодаў. Ці нельга дапусціць, што аўтарам верша «Зайграй, зайграй, хлопча малы» з’яўляецца арыштаваны Камінскі?
Магнушэўскі. Не ведаю. Ён вучыўся ў школе яшчэ пры маім папярэдніку Маліноўскім. Але калі меркаваць па жыццёвых акалічнасцях, то верш гэты Камінскага датычыць бліжэй, чым Багрыма.
Нечвалодаў. Дзякуй за ласку, святы ойча. У мяне ўсё. Бывайце.
Магнушэўскі. Беражы вас гасподзь, пане Нечвалодаў.
Сцэна мяняецца.
Кузня Восіпа Багрыма ў Крашыне. Як заўсёды, каваль робіць сваю справу. Адпушчаны з плябаніі Паўлюк раздзімае мяхі горана.
Восіп Багрым. Чыноўнік з Гродні зноў прыходзіў да ксяндза пробашча?
Паўлюк. Так.
Восіп Багрым. Аб чым яны гаварылі?
Паўлюк. Не ведаю. Яны не пусцілі мяне ў пакой.
Восіп Багрым. Вось так узялі сабе ды не пусцілі?
Паўлюк. Не, мяне пробашч паслаў у касцёл. Я насіў туды свечкі. Восіп Багрым. Што, у касцёле не хапіла свечак?
Паўлюк. Не, проста айцец Войцех сказаў…
З вуліцы ў кузню далятае цяжкі тупат чалавечых ног.
Восіп Багрым. Глянь-тка, сын, што там?
Паўлюк ускоквае на высокі парог.
Паўлюк (амаль шэптам да бацькі). Салдаты ідуць.
Сапраўды, першыя шарэнгі салдат пяхотнага палка, накіраванага ў Крашын, ужо зраўняліся з кузняй. Відаць чырвоныя шапкі, зялёныя мундзіры… Шах, шах… Туп, туп… Як зачараваныя, глядзяць з кузні бацька з сынам на вайсковую калону. Нарэшце апошняя шарэнга праходзіць міма дзвярэй.
Паўлюк. Тату, я пагляджу, куды яны?
Восіп Багрым. Ага, сынку. Але не лезь там, куды не трэба! Паўлюк. Ага!.. (Саскоквае з парога кузні, знікае следам за калонай).
Заходзіць адстаўны салдат Ержыковіч са сваёй неразлучнай торбай: калі б не вайсковая форма – акурат жабрак…
Восіп Багрым (ківае ў бок знікшай калоны). I ты з імі, салдат?
Ержыковіч. Я сам па сабе, пане дабрадзею.
Восіп Багрым. А чаго гэта яны?
Ержыковіч. Не ведаеш? Парадак прыйшлі наводзіць.
Прыбягае Паўлюк.
Паўлюк. Становяцца табарам у мястэчку. Ходзяць па дварах з нейкім спісам, збіраюць мужыкоў. Кажуць, секчы шампаламі будуць.
Ержыковіч. Экзекуцыя!.. Знаёмая рэч!..
Восіп Багрым. Вось што, людцы, ці не зачыніцца нам тут, у кузні? Завалы моцныя, ніхто сюды не ўварвецца!
Паўлюк. А як падпаляць?
Ержыковіч. Ніхто гэтага рабіць не стане, а вось што прыйсці і па цябе, пане дабрадзею, то могуць, раз ужо экзекуцыя.
Восіп Багрым (да Паўлюка). Ці бачыў жа ты, каго яны ўжо забралі?
Паўлюк. На пляц па вуліцы вялі Шышлоўскага, Ермакоўскага. Таксама Пятра Шаройку, Івана Жукоўскага, Мікалая Бянецкага, нават адстаўнога унтэра Браневіча…
Ержыковіч (уздыхае). Экзекуцыя!.. (Пры тым гаворыць ён пра гэта, як пра нешта зусім непазбежнае).
Паўлюк. Можа, мне зноў збегаць да пляцу?
Восіп Багрым. Будзь тут! Што там яшчэ глядзець!
Паўлюк (нерашуча). Ну…
Восіп Багрым. Як сякуць людзей шампаламі, можна ўявіць сабе і тут. А мы ўсё-ткі зачынімся, каб ад гэтай, як ты кажаш, салдат, экзекуцыі падалей.
Ён ужо накіроўваецца да дзвярэй, але Паўлюк спыняе.
Паўлюк. Пачакай, тату. Мне ж да ксяндза пробашча трэба!
Восіп Багрым (нейкі час думае, пасля згаджаецца). Добра, сын. I праўда, бяжы ў плябанію. Можа, там утульнай будзе? Ды і пробашч каб дарэмна не хваляваўся. Толькі сцеражыся, сын, не совайся па дарозе куды няварта.
Паўлюк. Ладна, тату. (Выбягае з кузні).
Пробашч Магнушэўскі ў касцёле. Ходзіць, нешта шэпча сабе. Бачыць Паўлюка Багрыма.
Магнушэўскі. Што гэтак рана вярнуўся, сын мой?
Паўлюк. Салдаты ў мястэчку, святы ойча.
Магнушэўскі (спакойна, усё роўна як Паўлюкова навіна ніяк не закранула яго). I што?
Паўлюк. Ужо сякуць мужыкоў! Экзекуцыя!..
Магнушэўскі (здзіўлена). Якая яшчэ экзекуцыя? Што ты гаворыш, сын мой?
Паўлюк. Кажу, прыйшлі ў мястэчка салдаты, многа салдат, хапаюць па дварах местачкоўцаў нашых ды сякуць іх на пляцы шампаламі.
Магнушэўскі. Усё-ткі не абышлося!.. Езус Хрыстас, злітуйся, заступіся!
Вочы ў ксяндза Магнушэўскага робяцца вялікія. Ён хапаецца за сэрца, падае.
Паўлюк Багрым (крычыць). Святы ойча, што з вамі? (Голас яго ажно ракоча пад скляпеннямі касцёла). Не пакідай нас, грэшных, святы ойча!
Назаўтра крашынцы хавалі свайго ксяндза пробашча Войцеха Магнушэўскага. Прыйсці на могілкі здолелі не ўсе. Многія дзядзькі пасля экзекуцыі ляжалі на жыватах па хатах, стагналі, залечваючы крывавыя пісягі. Каб не выйшла ў часе пахавання якой нечаканасці, салдаты Літоўскага пяхотнага палка на чале з двума афіцэрамі ахоўвалі парадак. Паўлюк Багрым плакаў.
Чыноўнік па асобых даручэннях губернскага праўлення Нечвалодаў таксама прысутнічаў на пахаванні. Калі ўжо людзі пачалі разыходзіцца з могілак, да яго падышоў жандарскі ротмістр, які толькі што паявіўся ў мястэчку.
Ротмістр. Я ад ваеннага губернатара, пане Нечвалодаў.
Нечвалодаў (працягвае руку, але не для вітання, няйначай, каб узяць дэпешу). Што там?
Ротмістр. Загадана перадаць вусна.
Нечвалодаў (нарэшце з цікавасцю глядзіць на жандарскага афіцэра). Слухаю, ротмістр.
Ротмістр. Цэсарэвіч Канстанцін выказаў грамадзянскаму губернатару незадаволенасць. Загадана зняць паліцэйскі нагляд з мясцовага ксяндза… м-м-м… Магну…
Нечвалодаў. Так, ротмістр. Ма-а-гну-шэўскага. Вось так яго прозвішча гучыць. Але позна. Ксяндза пробашча толькі што апусцілі ў труне ў зямлю. Сам быў сведкам. Якія далейшыя ўказанні?
Ротмістр. Ніякіх, пане Нечвалодаў.
Нечвалодаў. Значыць, салдаты застаюцца ў Крашыне. Але ўжо няма над кім экзекуцыі ўчыняць. Здаецца, усіх зламыснікаў учора пакаралі шампаламі. А ксёндз, бачыце, выратаваўся смерцю.
Прытушваецца святло на сцэне.
Выходзяць на светлую пляму двое.
Першы. Восіп Багрым памёр праз сорак гадоў пасля падзей, якія адбыліся ў Крашыне. Ягоны сын, Павел Багрым, таксама жыў доўга, ажно семдзесят дзевяць гадоў. Ажаніўся ён з прыгожай дзяўчынай Карнеліяй Шышлоўскай. I ў іх былі дзеці. Працаваў Паўлюк усё жыццё ў кузні, што засталася яму ад бацькі. У крашынскім касцёле і ў нашыя дні вісіць пад скляпеннямі адмысловая жырандоля ягонай работы. Ад Паўлюковай спадчыны нічога больш не дайшло да нас. Пра Багрыма шмат напісана, але толькі мы з вамі зараз паспрабавалі зрабіць больш-менш дакладную рэканструкцыю тых трагічных падзей. Бясспрэчна адно – на крашынскай зямлі некалі быў створаны адзін з найвялікшых вершаваных твораў беларускай літаратуры.
Другі. Зайграй, зайграй, хлопча малы,
I ў скрыпачку, і ў цымбалы.
Я зайграю ў дуду,
Бо ў Крошыне жыць не буду.
Бо ў Крошыне пан сярдзіты,
Бацька кіямі забіты,
Маці тужыць, сястра плача:
«Дзе ж ты пойдзеш, небарача?..»
Дзе ж я пайду? Мілы Божа!
Пайду ў свет, у бездарожжа,
У ваўкалака абярнуся,
3 шчасцем на вас азірнуся.
Будзь здарова, маці міла!
Каб ты мяне не радзіла,
Каб ты мяне не карміла,
Шчасліўшая ты бы была.
* * *
Ой кажане, кажане!
Чаму ж не сеў ты на мяне?
Нарэшце зусім гасне на сцэне святло.
КАНЕЦ ДРАМЫ