О картине О художнике Материалы Галерея

Віталь Цвірка

(1(14).02.1913—11.06.1993)

Знакаміты класік беларускага жывапісу, Віталь Канстанцінавіч Цвірка, справядліва лічыцца адным з наймацнейшых творцаў, які сваёй дзейнасцю ўнёс вялікі ўклад у развіццё беларускага выяўленчага мастацтва.
Віталь Канстанцінавіч Цвірка нарадзіўся 1(14).02.1913 г. у вёсцы Радзеева Гомельскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Буда-Кашалёўскі раён Гомельскайвобласці).
У 1929–1932 гадах Віталь Цвірка вучыўся ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме на жывапісным аддзяленні ў I. Ахрэмчыка, В. Руцая, У. Хрусталёва, Л. Лейтмана, Ф. Фогта, М. Эндэ.
З 1932 па 1935 год Віталь Канстанцінавіч выкладаў малюнак і чарчэнне ў педагагічным вучылішчы 25-й агульнаадукацыйнай школе. У гэты ж час (1933 год) В. Цвірка быў абраны членам аргкамітэта Саюза мастакоў СССР.
У 1935 годзе паступіў у Маскоўскі дзяржаўны мастацкі інстытут, дзе вучыўся ў знакамітых рускіх пейзажыстаў.
У 1943 г. ў Самаркандзе, калі знаходзіўся ў эвакуацыі, стварыў цыкл эцюдаў, у якіх адлюстраваў своеасаблівасць паўднёвай прыроды ("Раніца ў кішлаку", "На осліку", "Узбекскі дворык").
У 1940–1950 гады з’яўляюцца сюжэтна-тэматычныя кампазіцыі "Першы арыст І. В. Сталіна" (1942), "Няскораныя" (1947), "Паўстанне рыбакоў на возеры Нарач" (1957) і інш. Аднак ужо ў такіх карцінах, як "Сакавік", "Сакавік. Халодны дзень", адгадваўся будучы вялікі пейзажыст.
У 1944 годзе Віталь Канстанцінавіч стаў членам Маскоўскага аддзялення Саюза мастакоў СССР.
1946 год — прыняты ў Саюз мастакоў БССР.
1956–1963 — загадчык кафедрай жывапісу ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. 1958 год — прысвоена вучонае званне дацэнта і ён стаў рэктарам гэтага ж інстытута.
1961–1967 — сакратар праўлення Саюза мастакоў СССР, а з 1962 па 1963 год узначальваў Саюз мастакоў БССР.
У карцінах перыяду канца 1950 – пачатку 1960-х гадоў: "Лагойскі сказ", "Мая Радзіма", "На возеры Свір", "Нёман", "Сказанне пра Палессе", "Браслаў", мастк імкнуўся найбольш поўна выявіць тыповыя прыкметы беларускай прыроды, захаваць яе рамантычны вобраз. За серыю пейзажаў у 1963 годзе В. Цвірку было прысвоена ганаровае званне "Народны мастак БССР", а ў 1967 годзе за серыю пейзажаў "На зямлі беларускай" — ганаровае званне "Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР".
Ён стварыў шматлікія пейзажы-паданні, якія сталі класікай беларускага жывапісу: "Браслаў" (1966), "У Пясках" (1966), "Родны край" (1968), "Стоўбцы" (1968), "Ганча – зямля партызанская" (1969), "Каложа" (1969), "Заслаўе" (1974), "Сакавіцкае сонца" (1982), "Ружовы дзень" (1982).
З 1980-х гадоў В. Цвірка захапіўся жанрам нацюрморта, які значна ўзбагаціў яго эксперыментальную творчасць: "Нацюрморт з вазай. Восеньскі матыў", "Нацюрморт з люстэркам", "Нацюрморт з нарцысамі" (усе – 1982 год).
Майстар у роўнай ступені валодаў рознымі тэхнікамі: акварэллю, тэмперным і алейным жывапісам. Але перавагу аддаваў апошняму. У такіх акварэлях мастака, як "Позняя восень","Адліга" (абедзве – 1975 год), "Лагойшчына". "Першая зеляніна", "Талы снег", "Царква ў Заслаўі" (усе – 1980 год), адчуваецца асаблівы стан паветранага асяроддзя беларускай прыроды.
За заслугі для нацыянальнай школы жывапісу Беларусі В. Цвірку было прысвоена ганаровае званне "Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР", (1955), акрамя гэтага мастак быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга" (1971), медалём Францыска Скарыны (1993) і інш.
Не стала мастака 11 чэрвеня 1993 года. Ён пайшоў з жыцця на 81-м годзе і быў пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.
Поспех Віталя Цвіркі тлумачыцца наяўнасцю таленту, а галоўнае –– вялікай працавітасцю і энергіяй. Яго творчы шлях быў доўгі і цікавы, насычаны рознымі падзеямі і сустрэчамі. І за гэтым шляхам стаяць нястомныя пошукі сваёй уласнай мастацкай мовы, мовы вобразаў і адкрытых пачуццяў.