О картине О художнике Материалы Галерея
Савіцкі Міхаіл Андрэевіч
(1922 — 2010)
Так ужо склалася ў гісторыі мастацтваў, што кожная эпоха ўваходзіць у свядомасць сучаснікаў імёнамі. Адным з такіх самабытных імёнаў, якія характарызуюць дасягненне беларускага жывапісу другой паловы ХХ ст. і пачатку ХХІ ст., з’яўляецца Міхаіл Савіцкі.
Міхаіл Андрэевіч Савіцкі - савецкі і беларускі мастак. Народны мастак БССР (1972) і СССР (1978).
З’яўляецца лаўрэатам Дзяржаўных прэмій Беларусі (1970, 1980, 1996), Дзяржаўнай прэміі СССР (1973), Міжнароднай прэміі Андрэя Першазванага (Расія, 2000) і імя Шолахава (Расія, 2002), спецыяльнай прэміі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за значны асабісты ўклад у развіццё выяўленчага мастацтва (2002). Міхаіл Андрэевіч узнагароджаны ордэнамі: Леніна (1982), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1972), Айчыннай вайны II ступені (1985), Францыска Скарыны (1997) і "Знакам Пашаны" (1967). Ганаровы грамадзянін горада Мінска (2001). Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 135 ад 1 сакавіка 2006 г. Міхаілу Савіцкаму было прысвоена званне "Герой Беларусі".
Мастак нарадзіўся 18 лютага 1922 г. ў вёсцы Звянячы Талачынскага раёна на Віцебшчыне. Дваццацігадовым юнаком ваяваў з фашыстамі. Амаль у самым пачатку вайны апынуўся ў канцлагерах Дзюсельдорфа, Бухенвальда, Дахаў. Цудам застаўся ў жывых - вызваленне лагера саюзнікамі адбылося ў той час, калі ён пасля семнаццацідзённага знаходжання пад арыштам за арганізацыю ўцёкаў, знясілены, згасаў у бараку.
Пасля вайны, у 1951 г., скончыў Мінскае мастацкае вучылішча (цяпер - Мінскае дзяржаўнае мастацкае вучылішча ім. А.К. Глебава) і Маскоўскі мастацкі інстытут ім. В.І. Сурыкава (1957). Жыў і працаваў у Мінску. З 1980 г. – кіраўнік Творчай майстэрні жывапісу Акадэміі мастацтваў СССР у Мінску (з 1991 г. - Творчая акадэмічная майстэрня Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь).
Міхаіл Савіцкі праславіўся сваімі працамі на ваенную тэматыку ў галіне манументальнага жывапісу. Зварот мастака да манументальнага мастацтва быў абумоўлены самой прыродай яго мастацкага мыслення. Для яго характэрна публіцыстычнае, эмацыйна-экспрэсіўнае раскрыццё гістарычных і сучасных тэм. Творчасць Савіцкага вылучаецца глыбокім пранікненнем у сутнасць з’яў, іх філасофскі сэнс. У аснове твораў ваеннай тэматыкі - асабістыя ўражанні пра ўчынкі фашыстаў.
Створанай у 1963 г. карцінай "Партызаны" мастак адразу заявіў пра сябе як аб адным з найбуйнейшых майстроў "суровага стылю". Карціна апынулася на грэбні тых пошукаў, якія намеціліся ў беларускім мастацтве ў пачатку 1960-х гг. Праца Савіцкага ўвасобіла стылістычныя рысы, характэрныя для ўсяго савецкага жывапісу гэтага перыяду. У "Партызанах" сканцэнтраваўся ўвесь жыццёвы і прафесійны вопыт саракагадовага майстра. Твор захоплівае сваім унутраным напружаннем, закладзеным і ў драматургіі, і ў пластычным рашэнні палатна.
Карціна "Партызанская мадонна" (1967) найбольш поўна ўвасобіла філасофска-творчае крэда майстра і асаблівасці яго мастацкага метаду. Неўзабаве, пасля стварэння, палатно было набыта Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэяй. "Партызанская мадонна" экспанавалася на шматлікіх міжнародных выставах - у Італіі, Канадзе, Англіі, Венгрыі, Германіі, Румыніі, Японіі, Манголіі. У 1978 г. Савіцкі напісаў "Партызанская мадонна (Мінская)".
У 1972 г. майстрам створаны тэмперны роспіс для Музея Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску. У складанай кампазіцыі твора экспрэсія чырвонага, чорнага і охры нясе ідэйна-сімвалічную нагрузку.
Жудасную праўду пра мінулае ў імя будучыні нясуць 16 палотнаў Міхаіла Савіцкага пад назвай "Лічбы на сэрцы" (1974-1980), прысвечаныя канцлагерам. Серыя карцін "Лічбы на сэрцы" - з’ява, якая не мае аналагаў у мастацтве па складанасці і маштабнасці рашэння мастацкіх задач.
Шырока вядомыя жывапісныя творы: "Віцебскія вароты" (1967), "Поле" (1974), "Плач па загінуўшых героям" (1974), а таксама трыпціх "Агрэсія" (1984), прасякнутыя антыфашысцкім пафасам.
Ваенная тэма - вядучая, але не адзіная ў жывапісу Савіцкага. Залатым медалём Акадэміі мастацтваў БССР адзначана серыя Міхаіла Савіцкага "Чорная быль" (1987-1992). Па словах аўтара, серыя была створана з адзінай мэтай - зняць заслону сакрэтнасці над наступствамі Чарнобыля і прыцягнуць да гэтай трагедыі ўвагу людзей, таму што адна справа гаварыць пра гэта, нават прымаць праграму ліквідацыі наступстваў, а іншае - ўспрыняць усё, што адбылося, сэрцам. Да дваццацігоддзя катастрофы на ЧАЭС выстава жывапісу "Чорная быль" экспанавалася ў Нацыянальным мастацкім музеі. У карцінах: "Эвакуацыя", "Крыж надзеі", "Пакінутыя", "Доля" мастак адлюстраваў падзеі жыцця людзей. Цяжкі шлях пераадолення катастрофы адлюстраваны ў працах: "Рэквіем", "Чарнобыльская мадонна", "Алегорыя Чарнобыля" і інш.
Шмат карцін мастак прысвяціў тэме гісторыі станаўлення беларускай нацыянальнай культуры: "Сейбіты" (1972), "Віленскія сустрэчы" (1976), цыкл палотнаў для Музея Янкі Купалы ў Мінску і інш.
Тэма сялянскай працы таксама прысутнічае ў творчасці майстра. У "мірных" палотнах стаўленне чалавека да зямлі, збожжу, хлебу выканана асаблівай глыбокай павагі. Беражліва перасыпаюць збожжа з далоні на далонь трое немаладых сялян у карціне "Ураджай" (1966-1967). У кожнага свая ўласная дума пра хлеб, але ў розных станах герояў - трывозе, заклапочанасці, мудрым спакоі - выяўляецца аднолькава патрабавальная адзнака пладоў сваёй працы. Карціна "У полі" (Час сяўбы азімых) (1971) ? пра людзей, якія думаюць пра будучы ўраджай.
Міхаіл Савіцкі вядомы і дзякуючы партрэтам. Сярод партрэтных работ: "Жаночы партрэт" (1966), "Янка Купала" (1979), "Пушкін і Ганчарова" (1986), "Дастаеўскі" (1988) і інш. У 2000-2002 гг. мастаком створана серыя партрэтаў прэзідэнтаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Творы Міхаіла Савіцкага знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў і Міністэрства культуры Расіі, выставачным аб’яднанні "Цэнтральны Дом мастака", Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі ў Маскве.
У апошні час мастак цяжка хварэў, перанёс шырокі інсульт. Памёр на 89-м годзе жыцця 8 лістапад 2010 г.
Міхаіл Андрэевіч Савіцкі назаўсёды ўвайшоў у гісторыю Беларусі як найвялікшы майстар мастацтва сучаснасці, выдатны педагог і грамадскі дзеяч, чыя творчасць складае адну з самых яркіх старонак нацыянальнай культуры.