О картине О художнике Материалы Галерея


Стальмашонак Уладзімір Іванавіч
(06.02.1928–07.06.2013)

"Уладзімір Іванавічгэта асоба, чалавек-эпоха. Адзін з першых дазволіў сабе выйсці за рамкі сацрэалізму іпрапанаваў нечаканыя пластычныя рашэнні партрэта, пейзажу, і гэта было прынята як прагрэсіўны рух."
Леанід Хобатаў

Стальмашонак Уладзімір Іванавіч (06.02.1928, г. Мінск, Беларуская ССР – 07.06.2013), беларускі жывапісец, манументаліст, вітражыст, педагог. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1981). Народны мастак БССР (1988). Ганаровы грамадзянін Асіповіцкага раёна (2007).
Уладзімір Стальмашонак нарадзіўся ў г. Мінску. З дзесяці гадоў будучы мастак наведваў вячэрнюю школу, дзе вучыўся маляванню ў заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Міхаіла Керзіна. Потым вучыўся ў гуртку выяўленчага мастацтва ў мінскім Палацы піянераў у выдатнага педагога Сяргея Каткова.
Пасля вяртання з эвакуацыі ў 1945 г. паступіў на будаўнічы факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута (зараз УА "Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт"). Праз год факультэт быў расфарміраваны. Уладзімір Стальмашонак пераехаў у г. Ленінград (зараз г. Санкт-Пецярбург). Скончыў факультэт мастацкай апрацоўкі дрэва Ленінградскага вышэйшага мастацка-прамысловага вучылішча імя В.І. Мухінай (1946) (зараз установа вышэйшай адукацыі "Санкт-Пецярбургская дзяржаўная мастацка-прамысловая акадэмія імя А.Л. Штыгліца").
У 1947–1950 гг. працягнуў вучобу на факультэце сцэнаграфіі Ленінградскага мастацкага вучылішча імя В.А. Сярова (зараз Санкт-Пецярбургскае мастацкае вучылішча імя М.К. Рэрыха). Вучобу сумяшчаў з працай у тэатрах Ленінграда, дзе маляваў дэкарацыі па эскізах вядомага мастака Канстанціна Кустодзіева.
У 1951 г. Уладзімір Стальмашонак паступіў у Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Я. Рэпіна пры Акадэміі мастацтваў СССР (зараз Санкт-Пецярбургская акадэмія мастацтваў імя І.Я. Рэпіна). Пасля заканчэння інстытута ў 1957 г. вярнуўся ў Мінск. Больш за сорак гадоў выкладаў у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (зараз УА "Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў"), а затым (да 2000 г.) – у мастацкім ліцэі пры Акадэміі.
Член Саюза мастакоў СССР (1957). Двойчы абіраўся старшынёй Саюза мастакоў Беларусі (1965–1968, 1987–1989), дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР.
У рэспубліканскіх і замежных выстаўках Уладзімір Іванавіч пачаў удзельнічаць з сярэдзіны 1950-х гг. Працаваў у розных жанрах станковага жывапісу і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, вядомы як манументаліст, жывапісец, афарміцель і мастак-пастаноўшчык, але большую ўвагу аддаваў партрэту.
Сярод асноўных работ ранняга перыяду творчасці – партрэты інжынера В. Любімава, шахтапраходчыка А. Селіванава і ветэрана працы В. Сядых (1958), групавы партрэт "Пінскія механізатары" (1960). Найбольш вядомыя партрэты дзеячаў гісторыі і культуры: Якуба Коласа, Рыгора Шырмы, Францыска Скарыны, Кірылы Тураўскага, Пятра Мсціслаўца, серыя партрэтаў "Радзівілы". Уладзімір Стальмашонак з’яўляецца аўтарам 24 партрэтаў ганаровых грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія знаходзяцца зараз у зале прыёмаў і пасяджэнняў Мінскай ратушы.
Асобнае месца ў творчай дзейнасці Уладзіміра Стальмашонка займала работа над манументальнымі аб’ектамі, якая пачалася ў 1960-я гг. Мастак у суаўтарстве з Гаўрылам Вашчанкам стварыў для актавай залы Беларускага тэхналагічнага інстытута імя С.М. Кірава і на фасадзе Палаца культуры Мінскага камвольнага камбіната (1962–1964) дэкаратыўныя пано ў тэхніцы сграфіта, а таксама вітраж і роспіс Палаца піянераў (1963). У 1972 г. яго размалёўка "Беларускі канцэрт" упрыгожыла фае ў Палацы культуры хімікаў у Светлагорску. У гэтым жа годзе два дэкаратыўныя пано "Беларускі матыў" і "Рабінка", а таксама вітраж "Перамога" з’явіліся ў санаторыі "Беларусь" у Місхоры. Разам з Валерыям Даўгалам Уладзімір Іванавіч прымаў удзел у афармленні станцый мінскага метро "Плошча Перамогі" (1979–1982) і "Маскоўская" (1982). За два пано ("Чырвоная плошча" і "Ленінскія горы"), якія выкананы ў тэхніцы фларэнтыйскай мазаікі, мастак быў узнагароджаны ганаровай граматай Саюза архітэктараў СССР і ордэнам "Знак Пашаны".
1 снежня 2006 г. у г. Асіповічы адкрыта Карцінная галерэя народнага мастака Беларусі У.І. Стальмашонка УК "Асіповіцкі раённы гісторыка-краязнаўчы музей". У залах галерэі экспануюцца 37 карцін, 7 акварэляў і 120 графічных работ, падораных мастаком.

Творы мастака знаходзяцца ў фондах УК "Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь", ДУК змешанага тыпу "Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў", УК "Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.В. Масленікава", ГА "Беларускі саюз мастакоў", у галерэях і прыватных калекцыях у Рэспубліцы Беларусь і за мяжой.