Выберите интересующий Вас раздел:

Краснапольскаму роднаму краю,
Магілёўшчыне светлай і любай,
беларускаму зорнаму краю
Пысін сэрца аддаў - адналюб.

Віктар Арцем'еў

Музей А. Пысіна.
г.п. Краснаполле - в. Палуж-1

Аляксей Васільевіч Пысін нарадзіўся 22 сакавіка 1920 года ў вёсцы Высокі Борак Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям'і: маці Хрысціна Рыгораўна, бацька Васіль Пятровіч. Дзяцінства будучага паэта праходзіла ў роднай вёсцы, і спазала тое, што ад веку выпадала спазнаць сялянскаму хлапчуку: радасці, уцехі i, адначасова, нялёгкую працу, а праз працу - рана спасцігнуты сэнс жыцця.
У 1928 годзе Аляксей пачаў вучыцца ў першым класе Высокаборскай пачатковай школы, дзе працавала настаўніцай Ефрасіння Самсонаўна Анішчанка. Менавіта яна заклала падмурак каліграфічнага почырку будучага журналіста і паэта. Ефрасіння Анішчанка з вучнямі пачатковай школы ставіла спектаклі, стварыла дзіцячы хор, дзе Аляксей быў адным з першых сярод выканаўцаў мастацкіх задумак настаўніцы.
Першыя спробы пяра Аляксей Пысін зрабіў яшчэ будучы вучнем Высокаборскай сямігодкі. Сярэднюю адукацыю атрымаў у вёсцы Палуж, да якой было дзесяць кіламетраў. Першыя вершы ён, выпускнік сярэдняй школы, прынёс на суд земляку-паэту Петрусю Бядуліну, які працаваў тады ў рэдакцыі краснапольскай раённай газеты "Чырвоны сцяг". Адзін з іх, "Ураджай", быў надрукаваны ў ёй у 1938 годзе. Пятрусь Бядулін з'явіўся першым настаўнікам і крытыкам мастацкага слова будучага паэта Пысіна.
У 1937 годзе, пасля заканчэння Палужскай сярэдняй школы райком камсамола накіраваў яго, як актыўнага селькора на вучобу ў Мінскі Камуністычны інстытут журналістыкі імя С. М. Кірава. У верасні 1939 года, пасля ўз’яднання Усходняй і Заходняй Беларусі, яго, тады студэнта другога курса, накіравалі на працу ў горад Бельск на Беласточчыне. Там, спачатку ў Бельскай павятовай, а затым у раённай газеце "Чырвоная звязда", ён працаваў да 22 чэрвеня 1941 года.


А. В. Пысін

Па дарогах вайны ў шынэлі і касцы прайшло яго юнацтва. Гвардыі радавы Пысін прайшоў усю вайну сувязістам - забяспечваў бесперабойную кабельную сувязь пярэдняга краю з камандаваннем. Яго зброяй была вінтоўка, катушка з провадам-кабелем і палявы тэлефонны апарат.
Аляксей Пысін удзельнічаў у баях на пяці франтах: Заходнім, Калінінскім, Ленінградскім, 1-м і 2-м Прыбалтыйскіх франтах. Двойчы быў цяжка паранены. Узнагароджаны медалямі, у тым ліку медалём "За адвагу", салдат Пысін сустрэў Дзень Перамогі ў Латвіі, на беразе Балтыйскага мора.
Вайна пакінула незабыўны след у памяці паэта. Нягледзячы на тое, што,будучы салдатам, ён ніколі не браў у рукі пяро (выключэннем з'яўляецца верш "Часавы", які быў напісаны, калі А. Пысін у першыя пасляваенныя гады яшчэ заставаўся ў арміі) і воляю лёсу ў гады вайны апынуўся па-за літаратурнай атмасферай, цэнтрам творчасці А. Пысіна з'яўляецца вайна.
Дэмабілізаваўшыся з арміі, да 1948 года А. Пысін працаваў адказным сакратаром Краснапольскай раённай газеты "Чырвоны сцяг". Ён друкаваў першыя пасляваенныя вершы ў часопісах "Вожык", "Беларусь", газеце "Літаратура і мастацтва". З 1949 па 1950 гады быў уласным карэспандэнтам Магілёўскай абласной газеты "За Радзіму", а з мая 1950 года працаваў рэдактарам у палітаддзеле Свержанскай МТС Стаўбцоўскага раёна Баранавіцкай вобласці.
У 1950 годзе Аляксея Васільевіча Пысіна прынялі ў члены Саюза пісьменнікаў СССР.
Першая кніга Аляксея Пысіна "Наш дзень" выйшла ў свет у 1951 годдзе, праз 13 гадоў пасля з'яўлення ў друку яго першых вершаў. За гэты час паэт прайшоў вялікую і суровую школу жыцця. У кнізе шырока выявіліся ненатоленая прага жыцця, імкненне заглянуць у кожны яго куточак, прывітаць дзень аднаўлення разбуранай вайной краіны. Гэта звязана з біяграфіяй паэта, з самаадчуваннем былога франтавіка, які блізка глядзеў у вочы смерці. Побач з матывамі барацьбы за мір на зямлі, вершамі-водгукамі на міжнародныя падзеі вялікае месца ў кнізе займаюць творы, у якіх услаўляюцца людзі-працаўнікі ("Лесаруб", "Трактарыст", "За рулём").

А. Пысін з сям'ёй
1966 г.

З 1954 года Аляксей Пысін працаваў рэдактарам Чэрыкаўскай раённай газеты "Сацыялістычная перамога".
Добрай школай паэтычнага выхавання сталі для Аляксея Васільевіча Пысіна Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве, на якія ён паступіў у 1956 годзе. У адной групе з беларускім паэтам вучыліся: Чынгіз Айтматаў (Кіргізія), Кайсын Кіліеў (Кабардзіна-Балкарыя), Давід Дарчыеў (Асеція) і інш. Вучоба ў Маскве і, асабліва, творчыя семінары пад кіраўніцтвам У. Лугаўскога засталіся ў памяці паэта на ўсё жыццё.
Пасля заканчэння, ў 1958 годзе, літаратурных курсаў Аляксей Пысін, да выхаду на пенсію, жыў у Магілёве і працаваў у рэдакцыі газеты "Магілёўская праўда". Аб настойлівай вучобе і крапатлівых творчых пошуках сведчаць зборнікі вершаў паэта "Сіні ранак" (1959 г.), "Сонечная паводка" (1962 г.) і першая кніга для дзяцей "Матылёчкі-матылі" (1962 г.). Акном, праз якое паэт бачыў вялікі свет, стала Магілёўшчына. Тэма "малой" Радзімы моцна гучала яшчэ ў самых першых вершах паэта: "Магілёўскі шоўк", "Магілёўскія дзяўчаты", "Краснаполле". У зборніку "Сонечная паводка" ужо адчуваецца "прыстасаванне" паэта да сваёй тэмы – зварот да франтавых будняў, роздум аб якіх стаў адной з істотных рыс яго сталай лірыкі: "Была бранёю гімнасцёрка…", "Магілёўская шаша", "У мяне аж мільён адрасоў", "Хто бачыў, як дубы цвітуць…", "Курганы"...
Потым былі зборнікі вершаў "Мае мерыдыяны" (1965 г.), "Твае далоні" (1967 г.), "Пойма" (1968 г.), "Да людзей ідучы" (1972 г.), "Вярбовы мост" (1974 г.), "Ёсць на свеце мой алень" (1978 г.), "Палёт" (1984 г.) Лірыцы Аляксея Васільевіча ўласцівы жыццёсцвярджальнасць, спавядальная шчырасць, унутраная засяроджанасць, традыцыйная манера пісьма.
За зборнік вершаў і паэм "Твае далоні" ў 1968 годзе Аляксею Васільевічу Пысіну была прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР імя Янкі Купалы. Праз некаторы час паэт атрымаў прапанову пераехаць у Мінск, але, пасля нядоўгіх разважанняў, застаўся ў Магілёве, які стаў яму родным горадам.

А. В. Пысін

З 1973 года Аляксей Пысін працаваў у рэдакцыі абласной газеты "Магілёўская праўда". Падчас журналісцкай працы Пысін неаднаразова пісаў пра людзей вёскі, пра іх працу, беражлівыя адносіны да народнай культуры, у прыватнасці да народнай песні. Ён не проста захапляўся працай даяркі, свінаркі, цялятніцы, паэтызуючы працоўнага чалавека, але і імкнуўся разабрацца глыбей, знайсці карані працоўнага гераізму ў самой аснове псіхалогіі савецкага чалавека. У сваіх нарысах "Тысячы сустрэтых зор", "Вышыня майго камбата" А. Пысін імкнуўся паказаць веліч подзвігу, сілу працоўнага энтузіязму і багатую духоўную культуру людзей вёскі. Праца і песня жывуць у народзе непарыўна, непадзельна. Спевакам мастацкай самадзейнасці Магілёўшчыны прысвечана кніга нарысаў "Бярозка ля кожных варот" (1972 г.).
Аляксей Васільевіч Пысін, як журналіст і публіцыст, актыўна выступаў супраць бяздумнай меліярацыі зямель і іншых заганных у грамадстве.
У сааўтарстве з С. Гаўрусёвым Аляксей Пысін пераклаў на беларускую мову і выдаў зборнік вершаў татарскага паэта Мусы Джаліля "Маабіцкі сшытак" (1975 г.). Пераклаў зборнік вершаў "Жураўлі над стэпам" (1977 г.) калмыцкага аўтара Міхаіла Ханінава.
Не абышоў сваёй увагай Аляксей Васільевіч і дзяцей. Дзівосны і шматфарбны свет адкрываецца дзецям на старонках яго кніг "Матылёчкі-матылькі" (1962 г.), "Вясёлка над плёсам" (1964 г.), "Колькі сонцаў" (1979 г.), у паэмах "Кавылёк" (1966 г.) і "Дзяўчынка Марыям" (1970 г.). Героі дзіцячых кніг Пысіна - маленькія хлопчыкі і дзяўчынкі з іх паўсядзённымі клопатамі і забавамі, з іх дзіцячай назіральнасцю і дапытлівасцю, з іх хітрасцю і свавольствам. Усё створанае для дзяцей гучыць шчыра, выяўляючы вялікія сімпатыі паэта да маленькага чытача, развівае розум, памяць, выхоўвае адчуванне прыгожага.
З 1974 года і да апошніх дзён быў сакратаром Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР. Па ініцыятыве Аляксея Пысіна кожны год 6 лютага, у дзень нараджэння Аркадзя Куляшова на яго радзіме праводзяцца святы паэзіі, прысвечаныя жыццю і творчасці паэта. Аляксей Пысін першым пасля смерці Куляшова падняў пытанне аб стварэнні яго музея ў Саматэвічах.
Лепшыя вершы і паэмы Аляксея Васільевіча Пысіна сабраны ў кнігах "Вярбовы мост" (1974 г.), "Ёсць на свеце мой алень" (1978 г.), "Палёт" (1982 г.) У 1980 годдзе Аляксей Васільевіч Пысін атрымаў званне заслужанага работніка культуры БССР, а ў 1981 быў узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў.
Пяру А. Пысіна належыць больш за дваццаць кніжак паэзіі. У 1989 годзе быў выдадзены збор твораў у двух тамах. У яго ўвайшлі ўсе вершы са зборнікаў, паэмы, некаторыя творы для дзяцей і пераклады.
Творы Аляксея Васільевіча Пысіна перакладзены на рускую, украінскую і іншыя мовы. На яго вершы кампазітарамі Л. Курачком, I. Пятровым-Кумінскім і Ю. Федуненкам напісаны песні.

Мемарыяльная дошка.

27 жніўня 1981 года Аляксея Васільевіча Пысіна не стала. Ён пахаваны ў Магілёве на Польскіх могілках па вуліцы Лазарэнкі. На магіле паэта ўстаноўлены гранітны помнік з яго барэльефам. Надмагільная пліта мае вершаваныя радкі, якія напісаў паэт за 15 год да сваёй смерці:

...Я гляджу на даўняе курганне,
На траву, на рыжых мурашоў.
Ведайце: калі мяне не стане,
Я ў сваю дывізію пайшоў.

Імя Аляксея Пысіна прысвоена Палужскай сярэдняй школе Краснапольскага раёна, дзе вучыўся будучы паэт. Пры школе працуе літаратурны музей. У гарадскім пасёлку Краснаполле ёсць вуліца імя Аляксея Васільевіча Пысіна.
У горадзе Магілёве на доме № 35-а па праспекту Міру, дзе жыў паэт, устаноўлена мемарыяльная дошка.