|
Магілёўскі шоўк
За Масквою, у тылу глыбокім,
За поўсвета ад Дняпра – ракі,
Сцяг гвардзейскі магілёўскім шоўкам
Вышывалі рускія жанкі.
Нібы вытканы з зарніц, з маланак,
Ён над намі ярка палымнеў.
За Радзіму ў цяжкі бой вяла нас
Дружба наша і народны гнеў.
І жывы Ільіч глядзеў са сцяга,
Пад якім на захад полк ішоў.
Прашумеў над сценамі рэйхстага
Славай гучнай магілёўскі шоўк.
Кожны, хто пад гэтым сцягам стане,
Будзе непахісным змагаром,
Бо Радзімы частка ў сцяг заткана –
Тваё імя,
Горад над Дняпром.
Май, 1947 г. |
|
Рака
Па праўдзе сказаўшы, фізічная карта
Не лічыцца з рэкамі гэткімі...
Плывуць яе хвалі ні ціха ні шпарка:
Навошта спяшацца ім з трэскамі?
А трэскі на хвалях з стагодняга дубу,
Збірае з іх рэчка флатылію;
І мусіць не знае, што людзі на службу
Бяруць яе розумам-сілаю.
Спрадвечнаю плесню, зацішша і ціну
Дубовыя палі распырскалі,
І хутка ўжо моцнай рукою плаціна
Узніме ўверх воды празрыстыя.
І кола турбіны струмень вадаспада
Праверыць сваімі далонямі.
Імклівыя хвалі ў калгасныя хаты
Памчацца агнямі цудоўнымі.
1947 г. |
|
Магілёўскія дзяўчаты
Жыццё дарэмна іх не песціць,
Яны не ў кветніку цвітуць:
Дамы будуюць, гліну месяць,
Вучыцца вечарам ідуць.
І над прылаўкам, і ў кіёску
Адчуешь ласку мілых рук;
А трэба – едуць смела ў вёску,
І на Іртыш,
На Ангару.
У красе – без лішняе прыкрасы,
У бядзе – без лішняе нуды.
Калі разлюбяць – то адразу,
Калі палюбяць – наўсягды.
Машэку часам я шкадую,
Што ён не здолеў у жыцці
На ўсім Днапры адну такую
Сяброўку верную знайсці.
(1958 г.) |
|
Першамайская вуліца
Гэта кожнаму даецца –
Родны кут, свая сям’я:
Першамайскаю завецца
Вуліца мая.
Вучыцца, жыве, працуе
На праспекце маладосць.
Ад знаёмых клёнаў чую,
Што і я не госць.
Пад гарою хваля плешча,
Над гарой шумяць сады.
І смялей бырэш на плечы
З ношаю гады.
(1958 г.) |
|
Краснаполле
Расступаюцца сосны, і поле
Мне прыносіць жытнёвы паклон.
Добры дзень, добры дзень Краснаполле,
Салаўіны, глыбінны раён.
Бачу нівы, лугі і лясы я,
Чую песню дзяўчат на зары.
Тут гукні – адгукнецца Расія,
Рэха вернецца з Краснай Гары.
Помню сам, як кацілася рэха
З гулам, звонам ад нас напрасткі.
Ўслед за рэхам у вёску прыехаў
Першы трактар
Адтуль,
З-за ракі.
Перасыпана гліна пяскамі,
З гэтай гліны збаны,
Як званы.
На прасторах збанкамі-званкамі
Залацістыя звоняць ільны.
Добры дзень, землякі - аграномы,
Трактарысты, будаўнікі!..
Добры дзень! Адчуваю знаёмы
Аж да слёз – моцны поціск рукі.
Край бацькоўскі, раўнінна-гарысты,
Аніколі цябе не мінеш.
Ты лістком, ты расінкаю чыстай
І дымком сваім сэрца кранеш.
А даведнік часамі чытаю:
Краснаполлі – іх больш дзесяці.
І пад Полацкам, і на Алтаі
Краснаполле магчыма знайсці.
Што ж, на назвы няма манаполій,
І сказаць я па праўдзе хачу:
Урадженцаў усіх Краснаполляў
Землякамі сваімі лічу.
(1958 г.) |
|
Балота патушыла аганькі...
Балота патушыла аганькі
На сініх газавых ражках.
І вось над лугам плачуць кнігаўкі
Ў крухмальна-белых фартушках.
Яшчэ здалюку чую енкі я
Адтуль дзе свеціцца вада:
О дзедкі дробныя, маленькія,
Бяда чакае вас, бяда...
То долу прыпадаюць грудкамі,
То след у жыта адвядуць;
А луг красуе незабудкамі,
І нават купіны цвітуць.
Чаго ты б’ешся гэтак, чаіца,
Нібы ўдавіца аб парог?
Відаць, там шчасце не канчаецца,
Дзе ёсць прычыны для трывог.
(1961 г.) |
|
Была бранёю гімнасцёрка...
Была бранёю гімнасцёрка,
Такога ж колеру, як танк.
Па мне з пад кожнага ўзгорка
Гарматы білі ў час атакі.
Асколак дастаюць з-пад плуга
Там, дзе былі мае сляды.
І, можа, не мая заслуга,
Што сам у дол не лёг тады.
Так гналі ворагаў, што легчы
Хутчэй спяшаліся яны.
Не я адзін узяў на плечы
Яшчэ з акопаў груз двайны.
Нясу за тых, з кім развітаўся,
Нясу за тых, хто прыйдзе ў свет,
І не жадаю, каб застаўся
Пад прысакам наступны след.
Хачу каб каскі, без погонаў
Хадзіць з сябрамі па зямлі
І каб у чашах палігонаў
Жывыя кветкі расцвілі
(1960 г.)
|
|
Дала мне маці гэту мову...
Дала мне маці гэту мову,
Каб не нямым прыйшоў у свет,
Дала мне маці гэту мову
Як спадчыну і запавет.
Была яна не беларучкай
І на жніве і на сяўбе;
На глебе добрай беларускай
Здабыты словы ўсе яе.
Прапахлі сонцам і падзолам,
Дажджамі, сокамі раслін,
Пад знак рукам яе мазольным,
Што мелі толькі ў сне спачын.
Дачка мая! У жыццёвай прозе
У буднях і святочным днём
Не пакідай яе ў парозе,
Калі ў нечы ўвойдзеш дом.
(1964 г.) |
|
Магілёўская шаша
Калісьці тут усё палала:
Метал, паветра, валуны,
Пад соснамі магіл нямала
Чужых і нашых –
З той вайны.
Шуміць, гудзе рака дарогі
Паміж адхонаў і лясоў.
Алень на ўзлессе вынес рогі,
Прыйшоўшы ў госці да ласёў.
Тут да машын усе прывыклі.
Ты тут – шафёр
Ці пасажыр.
Усцяж адхона хтосцьі выклаў
З каменьчыкаў ружовых –
"МІР".
Ляжыць на перавале неба,
Машыну – хоць ў блакіт гані...
Аб тым, за што змагацца трэба,
Гавораць нават камяні.
(1960 г.) |
|
Вузел
Не ведаю, якім вузлом
Навекі я прывязан
Да старых сосен за сялом,
Да яблынь, груш і вязаў;
Да кладак гладкіх,
Валуноў,
Да траў, жытоў на ўзлесках,
Да партызанскіх курганоў
І помнікаў гвардзейскіх...
Адно я знаю: гэткі меч
На свеце не скуецца,
Каб мог ён вузел мой рассеч,
Не закрануўшы сэрца.
(1958 г.) |
|
Наваселле
Наваселле ў суседкі –
І людзей прыйшло нямала
З імі ў госці, ці то ў сведкі,
Сонца ў хату завітала.
Перад сонцам пахваліцца
Ў новай хаце ўсё гатова.
Ажно свецяцца масніцы,
Стружкай свежаю, сасновай.
Вось і чарку ўсе паднялі,
Гаспадыні далі слова.
Сонца свеціць на медалі,
Захапляецца прамовай.
Гаспадыня жмурыць вочы
І з усмешкай да свяціла:
-Да зямлянкі неахвоча,
А тут, бач, як засвяціла!
(1946 г.) |
|
У мяне аж мільён адрасоў..
У мяне аж мільён адрасоў,
Родных сцежак палян і лясоў;
Прада мною ляжаць дываны,
Ступіш – след падымаюць яны.
Не па мяккіх хадзіў верасах,
Дым і попел нашу ў валасах,
Верасы вы мае, верасы.
Хто сказаў, што вясна адцвіла?
Вунь звініць над узяткам пчала;
Жаркі цвет на мяцёлцы гарыць,
Значыць, ёсць чым пчалу адарыць,
І пакуль той зазімак ды лёд,
Яшчэ будзе ў нас цвет, будзе мёд,
Верасы вы мае, верасы.
(1961 г.)
|
|
Ляглі сябры ва ўсім паходнім...
Ляглі сябры ва ўсім паходнім,
Гарматы сціхлі. Цішыня.
Што сніцца ім пад небам родным
На досвітку, ў пачатку дня?
Над імі жаўранак цвіркоча,
Трапеча, долу дастае.
Нібы падняць забітых хоча,
Ды толькі сілы не стае.
(1960 г.)
|
|
Сасна і кусты іван-чаю...
Сасна і кусты іван-чаю,
Далёка лугі і палі.
Дзе б крокі мае ні былі,
Я вёску ў сабе адчуваю.
Над хатай дымок, як калісьці,
То голуб, то кот на страсе...
Мне вецер з сасны данясе
Рыпенне забытай калыскі.
"Ўсё вёска, і зноў жа пра тое",–
Хтось, можа, дакорам кальне...
Ёсць горад і вёска ў мяне,
Я зроду не быў сіратою.
( 1974 г.) |
|
|
|
|
Помнік у Лясной
Вакол няма ні гор, ні скал –
Ў сасновы бор пайшлі барозны.
Ўзляцеў на шэры п’едэстал
Арол, адліты з чыстай бронзы.
Валун звычайны, палявы
Стаў птаху гордаму гарою,
Бо аж да самай сінявы
Узнят ён славай нашай зброі.
Тут, каля шведскіх курганоў,
Знайшлі сабе пагост бясслаўны
І тыя, што з мячом ізноў
Да нас прыходзілі нядаўна.
Завораны сляды баёў –
Акопы, жоўтыя траншэі.
Разгорнуты абрус палёў
Наўсцяж усходамі рунее.
Глядзіць з гары сваёй арол.
Ўсё ахапіў ягоны позірк:
Бары, нябёсы навакол,
І нам здаецца –
Пры трывозе
Устрапянецца вартавы,
І кліч, як рэха, панясецца;
На клёкат грозны, баявы
Зляцяцца ўраз арлы-гвардзейцы.
1948 г. |
|
Балада пра начлег
Нядоўгі прывал. Нядоўгі начлег.
Пад намі снег, над намі снег.
Вароты рыпяць ці нашы сляды?
Дарога адна, дарога туды,
Дзе будзем анучы ў цяпле сушыць,
Да раніцы спаць, да старасці жыць.
Налева зіма, направа зіма,
Ні печы няма, ні дома няма.
Граната ў руках. Патрон у ствале.
Чаго нам, сябры, яшчэ не стае!
Стралковая рота сопку ўзяла.
...Пад намі зямля, над намі зямля.
(1967 г.) |
|
Балада пра сувязіста
"Как приду с победою,
Сяду пообедаю".
Вось і песенка ўся, пяць, можа слоў,
Склаў яе і спяваў Аляксей Весялоў.
Сувязіст радавы. Шрам на шчацэ.
Карабін на плячы. Провад у руцэ.
Цераз Волгу, Дняпро ў далеч палёў
Провад свой
вёў,
вёў.
Провад вёў праз агонь, праз лясы,
Вёў у провадзе
галасы.
Вёў загад – па агонь,
На атаку загад,
Абрываў галасы
снарад.
Два канцы зубамі сціскаў,
Каб жывым провад зноў стаў.
Поле міннае – смерці схоў,
Спатыкнуўся Аляксей Весялоў.
Расступілася перад ім зямля,
Сувязіста з провадам узяла.
А ў зямлі, а ў зямной глыбіні
Дрэў, і траў, і крыніц карані –
Гэта вечныя ўсё правады
Праз агонь,
праз імглу,
праз гады.
Ад травінак, ад лісцяў, ад кропляў расы –
Галасы,
галасы,
галасы...
(1978 г.) |
|
Балада Буйніцкага поля
Памяці К. Сіманава
За полем поле, як за словам слова
У спеве аб свяшчэнным, дарагім.
Ёсць Барадзінскае, ёсць Кулікова,
І – гэтае, вядомае не ўсім.
О, поле бою,
Буйніцкае поле,
Дарога, дрэўцы, ўскрайчык травяны,
З трывогаю, з сваім глыбінным болем
Ты ўсё яшчэ вяртаешся з вайны.
Над долам неба ў выбухах пяклося,
Абвальваўся і падаў Магілёў.
Уздрыгвае прыціхлае калоссе,
Ў цішы дасюль не ўлёгся гул баёў.
Даўно пярэдні край жніва не дзеліць,
Ды бой жыве, стралковы полк жыве.
Варожых танкаў колькі!..
Трыццаць дзевяць
Старчма гараць на горасным жніве.
Знікаюць дрэвы, птушкі палявыя,
Дняпром сплывае плач маладзіка.
"Мы будзем тут стаяць, пакуль жывыя", -
Сказаў Куцепаў, камандзір палка.
Паэт узлётам бітвы прычасціўся
(Пасля раскажа свету пра яе);
Узяў свой штык і вернасць пабрацімству
Засведчыў подпісам на валуне.
Баі на Чырным і на Белым. Траса
І па вазде, і пад вадой вяла.
А вырай памяці сюды вяртаўся,
Да Буйнічаў, дняпроўскага сяла.
О, поле бою,
Буйніцкае поле,
Вясною, летам, восенню сырой
Выносіш ты ў разгорнутым прыполе
Мінулае – з каменнем и жарствой.
Перад дарогаю пад гул матораў
Скаціўся з поля камень, а на ім
Той самы подпіс – франтавы аўтограф
Палку Куцепава і нам, жывым.
Спыніцеся, мой боль, мой смутак, - пастаім.
(1980 г.) |
|
Курганы
Ля Горак, ля Горак
Не ўбачыш ні пнёў, ні лясоў,
За ўзгоркам узгорак
Яшчэ старажытных часоў.
І побач курганы
Без доўгай травы-барады.
У іх пахаваны
Не продкі, а нашы браты.
Над нівамі птушкі,
Ў лугах цымбалісты-чмялі.
Пад сцягам Касцюшкі
Палякі на Захад ішлі.
У полыме-дыме
Дарогі, масты перапраў,
Чакала Радзіма,
Якую чужынец распяў.
Пяскі Прыдняпроўя
Над плынню рачной сінівы...
Славянскаю кроўю
Не раз арасіліся вы.
Чакалі матулі
Да дому жаўнераў сваіх:
Под дзёрнам заснулі,
І ўжо не разбудзіце іх.
За братнюю дружбу
Галовы злажылі сыны.
Вяргню і ружу
Дзяўчаты кладуць ім на сны.
-Вы спіце, вы спіце! -
Чуваць у жытах над ракой, -
І ў лузе, і ў жыце,
На ўсход, і на захад спакой.
Ў жытах перапёлкі
Прамылі расой галасы.
Над імі вясёлкі
Павіслі, нібы паясы.
З азёраў бяруцца,
Як светлы уток ільняны,
Ў сем колераў ткуцца
Высока, шырока яны.
Узгоркі... Курганы...
І дзесці над Віслай мой брат...
Не, гэта вулканы
Ад Волгі да самых Карпат.
Хай вораг кранецца,
Зачэпіць хоць ценем сваім, -
Замля уздрыгнецца
І вогненнай стане пад ім.
(1960 г.)
|
|
Трактарыст
Дыміцца цеплынёй ралля,
Над ёй гракі з усёй акругі...
Дном залатым цябе, зямля,
Зрабілі залатыя рукі.
Кладзецца за машынай след
Шырокай роўнай паласою.
Падумаў трактарыст:
-
А дзед
Араў свой шнур-загон
Сахою.
У шырыню быў шнур той менш,
Чым трактару паставіць колы.
Ды толькі з нараджэння
Меж
Не бычыў трактарыст ніколі.
Яго прастор – ары, ары, -
Па далягляд,
За даляглядам.
За працу ўсе свае дары
Зямля спаўна аддасць аратым.
Гудзе матор,
Арэ юнак,
І мае клопату ён мала,
Што з небасхілу за бальшак
На адпачынак сонца ўпала.
Пражэктар сонца замяніў,
І кожны, хто з дарогі гляне,
Убачыць, што гектары ніу
Не змрокам,
А раллёй засланы.
А юнаку – пражэктар мар
Дзень новы азарыў яскрава:
З дубровай гэтаю ў рад
Пшаніца ўстане неўзабаве.
І кожны колас будзе варт
Не толькі ў сноп,
А ў герб джяржаве.
(1948 г.) |
|
Іван-чай
Вабіць незнаёмая дарога,
І сабе ты скажаш: прыкмячай.
А калі дарог на свеце многа,
Друг мой, Іван-чай?
Ды тваіх, смаленскіх, не забуду
У снягах, дажджах і сіняве.
Тройчы адбівалі вёску Буду,
Тройчы паміралі за яе.
А пад Будай — хлопцы пахаваны,
А пад Будай — многія сябры.
Аляксеі, Віктары, Іваны...
Гліна коўзкая. Падзол сыры.
Узышлі травой і гарыцветам,
Узышлі на радасць ці жальбу?
Вунь Іван стаіць па-над кюветам,
Галавой ківае: “Вось жыву.
Не здзіўляйцеся, што ўвесь чырвоны;
Восем куль было — крывёю сцёк.
Скора восень. Каркаюць вароны.
Жоўты каля ног маіх лісток.
Хочаш — пачастую нашым чаем,
Я ж цяпер навекі вадахлёб”.
Не, Іване, з чаем — пачакаем,
Закурыць не лішне нам было б.
Мы цыгарку скруцім па-былому,
Пусцім шызы дым на правады.
Першая зацяжка — мне, жывому,
Бо занадта ў сэрцы гаркаты.
Чырвань, чырвань, колер праваты...
(1964 г.) |
|
Птушыныя гнёзды пад снегам заснулі...
Птушыныя гнёзды пад снегам заснулі,
Дрымотную пражу завеі прадуць.
А хочаш – зімой закукуюць зязюлі,
Мядовыя росы на дол упадуць.
Я сам пажадаў сёння гэткага раю.
На беразе казкі зімовай стаю;
Прыгожае імя тваё паўтараю,
Насустрач любоў выклікаю тваю.
Дыханнем качу тваё імя па снезе,
Качу, нібы сонца, па белых лясах;
І падымаюць галовы мядзведзі,
Што спалі ў мядова-малінавых снах.
(1965 г.) |
|
Цябе, як пушчу, адкрываю...
Цябе, як пушчу, адкрываю
У зменах часу і святла.
То ты прамая, то крывая,
То немая, то гаваркая,
То ты – расінка, то – смала.
Калі ты блізка – так малюю,
Адыдзеш – і пазнаю
Бездапаможную, малую
Цябе, былінку палявую,
Былінку горную маю.
(1966 г.) |
|
|