Навуковыя працы М.С. Яўневіча прысвечаны сінтаксісу беларускай мовы, праблемам сінтаксічнай сінанімікі.
Ён аўтар больш за 50-ці навуковых прац. У яго манаграфіі “Сінтаксічная сінаніміка ў сучаснай беларускай літаратурнай мове” (1977) упершыню на багатым фактычным матэрыяле даследавана сістэма сінанімічных сродкаў выражэння прасторавых адносін. Ён выявіў прыназоўнікава-склонавыя спалучэнні, зрабіў іх структурна-семантычны аналіз, паказаў агульнасць іх значэнняў і адрозненне сэнсавымі адценнямі або стылістычнай афарбоўкай, ахарактарызаваў асаблівасці ўжывання і прадуктыўнасць, тэндэнцыю іх развіцця, адносіны да літаратурнай нормы.
Для арганізацыі самастойнай вучобы студэнтаў філалагічных факультэтаў М.С. Яўневіч (разам з П.У. Сцяцко) напісаў дапаможнік “Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы” (1987).
Значны ўклад вучонага ў тэорыю і практыку вывучэння беларускай мовы ў сярэдняй школе. М.С. Яўневіч – аўтар (разам з У.К. Андрэенкам) трох школьных падручнікаў: “Беларуская мова” для 6–7 класаў школ з рускай мовай навучання (1963–1992), “Беларуская мова” для 6–7 класаў школ з беларускай мовай навучання (1971–1992), “Беларуская мова” для 8–9 класаў (1964–1993).
Вучоны ўнёс значны ўклад у падрыхтоўку навуковых кадраў па беларускай лінгвістыцы, настаўнікаў-філолагаў. Ён быў старшынёй Спецыялізаванага савета па абароне кандыдацкіх дысертацый у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М. Танка, з’яўляўся членам вучонага савета ўніверсітэта і савета факультэта беларускай філалогіі і культуры, членам саветаў па абароне доктарскіх дысертацый у Беларускім дзяржаўным універсітэце і Інстытуце мовазнаўства імя Я. Коласа НАН Беларусі.
1989–1990 гг. удзельнічаў у падрыхтоўцы Закона БССР “Аб мовах у Беларускай ССР” і “Дзяржаўнай праграмы развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у Беларускай ССР” (1990), а таксама ў рабоце Дзяржаўнай камісіі па ўдасканаленні беларускага правапісу (1993).