ВОЎК–ЛЕВАНОВІЧ ІОСІФ ВАСІЛЬЕВІЧ

(06.11.1891 х. Лявонаўка, Бабруйскі павет, Мінская губерня (цяпер Асіповіцкі раён, Магілёўская вобласць), – 19.08.1943)

Беларускі мовазнавец

БІЯГРАФІЯ

Нарадзіўся 6 лістапада 1891 г. на хутары Лявонаўка Бабруйскага павета Мінскай губерні (цяпер Асіповіцкі раён, Магілёўская вобласць) ў сялянскай сям’і.
У 1911 г. паспяхова скончыў Бабруйскую класічную гімназію з срэбным медалём і паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта.
З пачаткам першай сусветнай вайны пайшоў дабраахвотнікам у войска. Быў цяжка паранены, потым захварэў.
У снежні 1917 г. звольніўся з арміі і прыехаў для лячэння ў хатніх умовах да бацькоў.
У 1918–1920 гг. працуе выкладчыкам рускай мовы і латыні ў прыватнай гімназіі Гадыцкага-Цвіркі ў Бабруйску і Клецкай грамадскай гімназіі.
У 1920 г. мабілізаваны ў Чырвоную Армію. Праз два гады дэмабілізаваўся і вярнуўся на вучобу ў Петраградскі ўніверсітэт. Скончыўшы яго ў 1923 г., прыехаў у Мінск, выкладаў беларускую мову ў польскім і яўрэйскім педтэхнікумах.
З лютага 1924 г. працаваў у Беларускім дзяржаўным універсітэце імя У.І. Леніна (цяпер “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт”) на кафедры гісторыі беларускай мовы, а з 1927 г. адначасова і ў Інбелкульце навуковым сакратаром Камісіі па ўкладанні гістарычнага слоўніка беларускай мовы.
У верасні 1930 г. быў вымушаны пераехаць з Беларусі ў Саратаў. Загадваў кафедрай агульнага мовазнаўства ў Саратаўскім дзяржаўным універсітэце імя М.Г. Чарнышэўскага (цяпер “Саратаўскі нацыянальны даследчы дзяржаўны ўніверсітэт імя М.Г. Чарнышэўскага”).
З верасня 1934 г. працаваў загадчыкам кафедры рускай мовы і літаратуры ў Арэнбургскім педінстытуце (цяпер “Арэнбургскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт”).
17 верасня 1937 г. быў арыштаваны і засуджаны. Сасланы ў лагер на Поўначы.
Памёр у зняволенні 19 жніўня 1943 г.
У 1958 г. быў рэабілітаваны.

НАВУКОВАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ

Галоўныя аб’екты навуковых даследаванняў І.В. Воўк–Левановіча – гісторыя беларускай мовы і беларуская дыялекталогія.
Па гэтых галінах мовазнаўства апублікаваў шэраг артыкулаў: “Гістарычнае вывучэнне беларускай мовы ў славянскай міфалогіі” (1925), “Мова выданняў Францішка Скарыны” (1926), “Важнейшыя рысы гаворкі вёскі Татаркавічы і гаворак ваколічных вёсак” (1928), “Аб прынцыпах і метадах укладання гістарычнага слоўніка беларускай мовы” (1929), “Яшчэ да пытання аб “ляшскіх” рысах у беларускай фанетыцы” (1930), “Да пытання аб пабудове граматыкі рускай мовы” (1934).
У 1927 г. выдаў вучэбны дапаможнік “Лекцыі па гісторыі беларускай мовы”. У “Лекцыях” выкладзена першая частка праграмнага ўнівесітэцкага курса, які ён чытаў на працягу 1925–1927 гг. студэнтам этнолага-лінгвістычнага аддзялення педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна.

СПІС АСНОЎНЫХ ПРАЦ

  • Воўк-Левановіч, В. Гістарычнае вывучэнне беларускай мовы ў славянскай філалогіі : гістарычна-метадалагічны нарыс / Восіп Воўк-Левановіч. — Мінск : [б. в.], 1925. — 30 с.
  • Беларускае аканне. — Мінск, 1926. — 23 с. — (Матэрыялы да Акадэмічнай Канферэнцыі па рэформе правапісу і азбукі ; V).
  • Воўк-Левановіч, Я. В. Лекцыі па гісторыі беларускай мовы : курс, чытаны ў БДУ ў 1925—1927 гг. Уступ і фанетыка / Я. В. Воўк-Левановіч. — Мінск, 1927. — 307 с.
  • Воўк-Левановіч, Я. Мова выданняў Францішка Скарыны / Язэп Воўк-Левановіч. — Мінск : [б. в.], 1927. — 24 с. : іл.

Глядзець таксама:

  • Беларускае мовазнаўства : бібліяграфічны паказальнік : 1825—1965 / Акадэмія навук Беларускай ССР, Фундаментальная бібліятэка імя Я. Коласа ; [складальнікі: А. Д. Васілеўская [і інш.] ; рэдактар Л. М. Шакун]. — Мінск : Навука і тэхніка, 1967. — 415 с.
  • Беларускае мовазнаўства : бібліяграфічны паказальнік : 1966—1975 / Акадэмія навук Беларускай ССР, Фундаментальная бібліятэка імя Я. Коласа ; [складальнікі: А. Д. Васілеўская, Я. М. Рамановіч ; рэдактар М. В. Бірыла]. — Мінск : Навука і тэхніка, 1980. — 350, [2] с.
  • Беларускае мовазнаўства : бібліяграфічны паказальнік : 1976—1985 / АН Беларусі, ЦНБ імя Я.Коласа ; [складальнікі: А. Д. Васілеўская, Я. М. Рамановіч ; уступны артыкул Л. М. Шакуна]. — Мінск, 1993. — 558 с.
  • Методыка выкладання беларускай мовы : бібліяграфічны паказальнік : 1969—1990 / складальнік М. С. Лукашус ; рэдактар В. У. Протчанка. — Мiнск : Вышэйшая школа, 1993. — 109 с.

КРЫНІЦЫ

Асноўныя:
  • І. В. Воўк-Левановіч / Германовіч, І. К. Беларускія мовазнаўцы : нарысы жыцця і навуковай дзейнасці / І. К. Германовіч. — Мінск, 1985. — С. 115—126 : фота.

Дадатковыя:

  • Воўк-Левановіч Іосіф Васільевіч // Беларускія лінгвісты — ўраджэнцы Магілёўшчыны : матэрыялы канферэнцыі / складальнік І. К. Германовіч [і інш.]. — Магілёў, 2001. — С. 9—16 : фота.
  • Волк-Леванович, И. В. : белорусский языковед // Булахов, М. Г Восточнославянские языковеды : биобиблиографический словарь. — Минск, 1977. — Т. 2. — С. 133—135.
  • І. В. Воўк-Левановіч // Германовіч, І. К. Беларускія мовазнаўцы / І. К. Германовіч. — Мінск, 1985. — С. 115—126.
  • Корбут, В. Рукапісы з мінулага / Віктар Корбут // Беларусь. — 2013. — № 1. — С. 21—23.
  • Малюгин, О. И. И. В. Волк-Леванович и его воспоминания : штрихи к портрету лингвиста / О. И. Малюгин, А. Н. Максимчик // Журнал Белорусского государственного университета. История. — 2020. ― № 2. ― С. 59―79.
  • Науменко, В. В. Волк-Леванович Иосиф Васильевич // Науменко, В. В. Очерки истории образования Могилевщины / В. В. Науменко, В. С. Богданов, А. Г. Агеев ; Управление образования Могилевского областного исполнительного комитета. — Могилев, 2012. — С. 150.
  • Рублевская, Л. Лингвистическая дискуссия с расстрелом : фрагменты биографии Осипа Волк-Левоновича / Л. Рублевская // СБ. Беларусь сегодня. — 2009. — 28 августа. — С. 8—9.
  • https://www.sb.by/articles/lingvisticheskaya-diskussiya-s-rasstrelom.html
  • Цыхун, Г. Язэп Воўк-Левановіч і яго ўспаміны (з гісторыі універсітэцкай славістыкі) / Генадзь Цыхун // Славянские языки: аспекты исследования : сборник научных статей. — Минск, 2009. — С. 230―235.
Установа культуры «Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна»
Copyright © 2023