ЦІХІНСКІ ЯЗЭП ФЛАРЫЯНАВІЧ

(28.09.1842 фальварак Фларэнтынаў, Рагачоўскі павет, Магілёўская губерня (цяпер Рагачоўскі раён, Гомельская вобласць), – каля 1922?)

Беларускі лексікограф, краязнаўца. Псеўданімы: Язэп Бурачок, Бурачок

БІЯГРАФІЯ

Нарадзіўся 28 верасня 1842 г. у фальварку Фларэнтынаў Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Рагачоўскі раён, Гомельская вобласць) у сям’і штабс-капітана Фларыяна Ціхінскага.
Звесткі пра маладыя гады Язэпа Фларыянавіча сціплыя. Вядома, што ён скончыў нейкую навучальную ўстанову, атрымаўшы атэстат за № 11 670.
1862–1864 гг. служыў у Магілёўскай палаце дзяржаўных маёмасцей на пасадзе памочніка столаначальніка гаспадарчага аддзялення і атрымаў чын губернскага сакратара. Звесткі пра яго далейшую службу ў Магілёве не знойдзены. Вядома толькі, што ў пачатку 1867 г. Ціхінскі зноў паспрабаваў уладкавацца ў Магілёўскую кантрольную палату. Згода магілёўскага губернатара, а потым і Міністэрства ўнутраных спраў была атрымана, але ніякіх звестак пра яго далейшую чыноўніцкую кар’еру не выяўлена.
У 1868 г. узяў шлюб з Людмілай Яноўскай, якая паходзіла з маёнтка Прусін, што знаходзіўся ў Чэрыкаўскім павеце Магілёўскай губерні. Там Язэп Ціхінскі распачаў работу па стварэнні слоўніка беларускай мовы.
Першая сусветная вайна і рэвалюцыйныя падзеі ў Расійскай імперыі прывялі да радыкальных перамен у жыцці лексікографа. Не паспеўшы скончыць справу свайго жыцця, ён страціў зрок і аказаўся амаль без сродкаў да існавання. Апошнія звесткі аб Я.Ф.Ціхінскім адносяцца да 1922 г.
Памёр каля 1922 г.

НАВУКОВАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ

Я.Ф. Ціхінскі – стваральнік самага вялікага слоўніка новай беларускай мовы XIX – пачатку XX стагоддзя.
Амаль 40 гадоў свайго жыцця прысвяціў складанню 16-томнага “Беларуска-польска-рускага слоўніка” на 200 тысяч слоў, частка якога на літары В, Н, О, Р страчана ў Вялікую Айчынную вайну, а рэшта рукапісу захоўваецца ў рукапісным аддзеле бібліятэкі Акадэміі навук Літвы.
Аснову слоўніка складае агульнаўжывальная лексіка беларускай мовы, уласныя асабовыя імёны, назвы дзяржаў, гарадоў і мясцовасцей. Я.Ф. Ціхінскі добра ведаў лексічныя запасы беларускай народнай мовы, бачыў перспектывы яе развіцця і ў слоўнік уключаў найбольш вартае і каштоўнае. У слоўніку змешчаны таксама пашыраныя запазычанасці з іншых моў. Пры перадачы (аканне, яканне, дзеканне, цеканне), адлюстрована афіксальнае словаўтварэнне. Рэестравая частка слоўніка забяспечана багатым ілюстрацыйным матэрыялам: кароткімі сказамі побытавага зместу, асобнымі фразамі і словазлучэннямі.
Слоўнік Я.Ф. Ціхінскага адыграў важную ролю ў стварэнні перакладных руска-беларускіх і беларуска-рускіх слоўнікаў, складальнікамі якіх былі М. Байкоў і С. Некрашэвіч.

КРЫНІЦЫ

Асноўныя:
  • Гуліцкі, М. Ф. Ціхінскі Язэп // Беларуская мова : энцыклапедыя / Беларуская Энцыклапедыя; пад рэдакцыяй А. Я. Міхневіча ; рэдкалегія: Б. І. Сачанка [і інш.]. — Мінск, 1994. — С. 604.
  • Язэп Ціхінскi : беларускi лексікограф і краязнаўцa : да 100-годдзя са дня смерці [Электроны рэсурс] / аўтары-складальнікі: С. П. Астанковіч, У. М. Дзянісаў // Национальный исторический архив Беларуси. — Режим доступа: https://niab.by/newsite/ru/vistava-tsihinski. — Дата доступа: 20.04.2023.

Дадатковыя:

  • Рублевская, Л. Тайна пропавшего словаря. Язеп Тихинский (1842—1921?) / Людмила Рублевская // Рублевская, Л. Рыцари и дамы Беларуси : исторические очерки / Людмила Рублевская. — Минск, 2016. — С. 180—184.
  • Ціхінскі Язэп // Асветнікі зямлі Беларускай : Х — пачатак ХХ ст. : энцыклапедычны даведнік / рэдактар Г. П. Пашкоў. — 2-е выд.. — Мінск, 2006. — С. 461.
  • Ціхінскі Язэп // Мысліцелі і асветнікі Беларусі : энцыклапедычны даведнік. — Мінск, 1995. — С. 592.
Установа культуры «Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна»
Copyright © 2023