СЕВЯРНЁВА ГАННА КУЗЬМІНІЧНА

(08.04.1897 в. Навасёлкі, Магілёўскі павет (цяпер Бялыніцкі раён, Магілёуская вобласць), – 28.02.1991)

Беларускі мовазнавец, метадыст, педагог

БІЯГРАФІЯ

Нарадзілася 8 красавіка 1897 г. у в. Навасёлкі Магілёўскага павета (цяпер Бялыніцкі раён Магілёуская вобласць).
Першыя чатыры класы царкоўна-прыходcкай школы закончыла ў сваёй вёсцы. А затым вучылася ў Нежкаве.
У 1915 г. паступіла ў Магілёўскую школу па падрыхтоўцы настаўнікаў пачатковых класаў.
У 1918 г. пачала працаваць у Навасёлаўскай пачатковай школе. Праз два гады перавялася ў Галоўчынскую двухкамплектную школу.
У 1924 г. Цэнтральным праўленнем Саюза работнікаў асветы БССР была камандзіравана на вучобу ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя У.І. Леніна (цяпер “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт”). Закончыўшы літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне БДУ, выкладала беларускую мову і літаратуру ў школах Мінска, была завучам, інспектарам-метадыстам гарадскога аддзела народнай асветы, інспектарам-метадыстам пачатковых і сярэдніх школ Народнага камісарыята асветы БССР.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны змагалася з нямецкімі захопнікамі як сувязная, затым як баец партызанскага атрада “За Радзіму”.
Пасля вызвалення Беларусі вярнулася ў Народны камісарыят асветы, пазней працавалва рэдактарам навучальна-педагагічнай літаратуры ў Дзяржаўным выдавецтве БССР, выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры, завучам сярэдняй школы № 12 г. Мінска, займала пасаду навуковага супрацоўніка аддзела пачатковых школ у Інстытуце педагогікі Міністэрства асветы БССР.
Выкладчыцкую працу ў школах, рэдактарскую ў выдавецтве і адміністрацыйную ва ўстановах народнай асветы Г.К. Севярнёва плённа спалучала з навуковай.
Памёрла 28 лютага 1991 г.

НАВУКОВАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ

Асабліва вялікая заслуга Г.К. Севярнёвай – ў стварэнні падручнікаў і метадычных дапаможнікаў па беларускай мове для пачатковых класаў.
У 1934 г. выйшаў з друку падручнiк “Беларуская мова” у трох частках (для I II, III i IV класаў, у суаўтарстве з К. Бязносікам).
1945–1947 гг. – падручнiк “Беларуская мова” ў чатырох частках (для кожнага класа пачатковай школы асобна, у суаўтарстве з К. Шапялевічам).
1961–1962 гг. –  падручнік “Беларуская мова” ў дзвюх частках (для I i II класаў у суаўтарстве з С. Шыманскай).
У 1969 г. – падручнік “Беларуская мова” для I класа, а у 1970 – падручнік “Беларуская мова” для II класа (у суаўтарстве з Л. Падгайскім).
Гэтыя падручнікі вытрымалі 127 выданняў, па іх вучылася не адно пакаленне дзяцей Беларусi.
З С. Гапіенка Г.К. Севярнёва склала “Хрэстаматыю па беларускай літаратуры” для V класа, якая вытрымала тры выданнi (1938, 1939, 1940).
У 1947 г. быў выдадзены падручнiк для школ дарослых “Буквар і першая кніга для чытання”, падрыхтаваны Г. Севярнёвай разам з У. Ляўданскім, які перавыдаваўся тры разы (1950, 1958, 1963).
Створаныя Г.К. Севярнёвай самастойна або ў сааўтарстве з іншымі мовазнаўцамі падручнікі і метадычныя дапаможнікі вызначаліся высокімі навуковымі і метадычнымі якасцямі.

УЗНАГАРОДЫ

  • Ганаровая грамата Міністэрства адукацыі БССР

Як удзельнік Вялікай Айчыннай вайны:

  • Ордэн Вялікай Айчыннай вайны II ступені (1985)

СПІС АСНОЎНЫХ ПРАЦ

  • Севярнёва, Г. К. Беларуская мова : граматыка, правапіс і развіццё мовы : падручнік для 2-га класа пачатковай школы / Г. К. Севярнёва, К. І. Шапялевіч. — 7-е выданне. — Мінск : Дзяржаўнае вучэбна-педагагічнае выдавецтва Міністэрства асветы БССР, 1960. — 114, [2] с. : іл.
  • Падгайскі, Л. П. Практычныя работы па беларускай мове : граматыка і правапіс беларускай мовы : 1–3 класы / Л. П. Падгайскі, Г. К. Севярнёва. — Мінск : Народная асвета, 1976. — 142 с.
  • Падгайскі, Л. П. Беларуская мова ў першым класе : метадычны дапаможнік для настаўнікаў / Л. П. Падгайскі, А. К. Севярнёва. — 2-е выданне. — Мінск : Народная асвета, 1980. — 112 с.
  • Беларуская мова : падручнік для 2-га класа школ з беларускай мовай навучання / В. А. Бекіш [і інш.]. — 4-е выданне, перапрацаванае. — Мінск : Народная асвета, 1993. — 205 с.

КРЫНІЦЫ

Асноўныя:
  • Севярнёва Ганна Кузьмінічна // Памяць: Бялыніцкі раён : гісторыка-дакументальная хроніка. — Мінск, 2000. — С. 439.
  • Гузаў, В. З народных крыніц / В. Гузаў // Зара камунізму (Бялынічы). — 1986. — 26 красавіка. — С. 4.

Дадатковыя:

Установа культуры «Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна»
Copyright © 2023