РАМАНОВІЧ ЯЎГЕНІЯ МІХАЙЛАЎНА

(06.07.1922 в. Дараганава, Асіповіцкі раён, Магілёўская вобласць, – 22.12.2012)

Беларускі мовазнавец. Кандыдат філалагічных навук (1954)

БІЯГРАФІЯ

Нарадзілася 6 ліпеня 1922 г. у в. Дараганава Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці.
У 1940 г. скончыла сярэднюю школу № 2 і паступіла на філалагічны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (цяпер УА “Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка”).
З пачаткам вайны эвакуіравалася ў Чалябінск, дзе працава на ваенным заводзе.
У 1944 г. працягнула вучобу ў Беларускім дзяржаўным універсітэце імя У.І. Леніна (цяпер “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт”), які скончыла ў 1948 г. У гэтым жа годзе паступіла ў аспірантуру Інстытута мовазнаўства АН БССР.
У 1954 г. пад кіраўніцтвам прафесара П.А. Растаргуева абараніла кандыдацкую дысертацыю “Гаворкі Уздзенскага раёна Мінскай вобласці”, стала кандыдатам філалагічных навук.
1952–1991 гг. працавала ў Інстытуце мовазнаўства, спачатку ў сектары гісторыі беларускай мовы, а затым у сектары дыялекталогіі (з 1986 г. гэта аддзел дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі).
Памерла 22 снежня 2012 г.

НАВУКОВАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ

Я.М. Рамановіч – аўтар прац па беларускай дыялекталогіі, гісторыі беларускай мовы, сучаснай беларускай літаратурнай мове, бібліяграфіі беларускага мовазнаўства.
Яўгенія Міхайлаўна займалася стварэннем розных фундаментальных работ, якія праводзіліся ў галіне дыялекталогіі пад кіраўніцтвам загадчыка сектара Ю.Ф. Мацкевіч. Гэта: “Дыялекталагічны атлас беларускай мовы” (1963), выданне “Нарысы па беларускай дыялекталогіі” (1964), “Хрэстаматыя па беларускай дыялекталогіі” (1962), навуковая манаграфія “Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак”, а таксама альбом рэкартаграфічных матэрыялаў, у якім паказана, як суадносяцца паміж сабой па пашырэнні розныя моўныя асаблівасці, характэрныя беларускім народным гаворкам, якія пучкі ізаглос яны ўтвараюць (1968–1969).
Менавіта за ўдзел у стварэнні пералічаных, знакавых для нацыянальнай лінгвівістыкі, культуры прац Я.М. Рамановіч разам з іншымі найбольш актыўнымі даследчыкамі была адзначана Дзяржаўнай прэміяй СССР.
У навуковай бібліяграфіі Я.М. Рамановіч асаблівае месца займаюць публікацыі ў галіне нацыянальнай лексікаграфіі. Яна адзін з удзельнікаў міжнароднага праекта “Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча” (1979–1986).
На аснове матэрыялаў слоўніка ў наступным падрыхтавала да друку шэраг артыкулаў: “Некаторыя акцэнталагічныя адрозненні ў сучасных беларускіх гаворках” (1966, у суаўтарстве), “Да лексіка-семантычнай дыферэнцыяцыі ў беларускіх народных гаворках” (1971, у суаўтарстве) і інш.
Удзельнічала ў падрыхтоўцы падручнікаў для вышэйшай школы. Сярод іх “Параўнальная граматыка ўсходнеславянскіх моў” і “Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Марфалогія” (1957, у суаўтарстве).
У коле навуковых інтарэсаў лінгвіста была таксама і анамастыка. Я.М. Рамановіч з’яўляецца суаўтарам навуковага выдання “Мікратапанімія Беларусі” (1974).
Яна займалася складаннем бібліяграфічных паказальнікаў па беларускім мовазнаўстве (1967, 1980, 1993).
Разам з А.К. Юрэвіч з’яўляецца аўтарам манаграфіі “П.А. Бузук”, прысвечанай навуковай дзейнасці выдатнага беларускага лінгвіста і славіста.
Была ўдзельнікам фундаментальнага даследавання “Лексічны атлас беларускіх народных гаворак : у 5 тамах” (1993–1998).

УЗНАГАРОДЫ

  • Дзяржаўная прэмія СССР (1971)
  • Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (2000)

СПІС АСНОЎНЫХ ПРАЦ

  • Рамановіч, Я. М. Бібліяграфія прац Я. Ф. Карскага / Я. М. Рамановіч, А. К. Юрэвіч // Працы інстытута мовазнаўства АН БССР. — Мінск, 1961. — Вып. VIII. — С. 18—88.
  • Рамановіч, Я. П. Нарысы па беларускай дыялекталогіі : вучэбны дапаможнік для філалагічных факультэтаў універсітетаў і педінстытутаў / Я. П. Рамановіч ; рэдактар Р. І. Аванесаў. — Мінск: Навука і тэхніка, 1964. — 415 с.
  • Рамановіч, Я. П. А. Бузук / Я. Рамановіч, А. Юревіч ; [рэдактар В. У. Мартынаў]. — Мінск : Навука і тэхніка, 1969. — 101, [2] с. : іл. — Бібліягр.: С. 96—102.
  • Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак (кніга карт ізаглос) / Р. І. Аванесаў [і інш.]. — Мінск : Навука і тэхніка, 1969. — 112 с.
  • Рамановіч, Я. М. Асаблівасці націску ў назоўніках жаночага роду на –к (а) у беларускай мове / Я. М. Рамановіч // Беларуская лінгвістыка. — Мінск, 1972. — Вып. 1. — С. 49—54.
  • Рамановіч, Я. М. У слоўнік Гомельшчыны / Я. М. Рамановіч, А. І. Чабярук // Народнае слова / пад рэдакцыяй А. Я. Баханькова. — Мінск, 1976. — С. 157—165.
  • Рамановіч, Я. М. З лексікі адной гаворкі Клічаўскага раёна / Я. М. Рамановіч, А. І. Чабярук // Жывое слова / рэдактары Ю. Ф. Мацкевіч, І. Я. Яшкін . — Мінск, 1978. — С. 126—128.
  • Лексічны атлас беларускіх народных гаворак : у 5 т. / Акадэмія навук Беларусі, Інстытут мовазнаўства імя Я. Коласа. Т. 1 : Раслінны і жывёльны свет: [адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел на 1 сакавіка 1993 г. / Г. У. Арашонкава [ і інш.] — Мінск : Фонд фундаментальных даследаванняў Рэспублікi Беларусь, 1993. — 159, [1] с., [140] л. карт.
  • Лексічны атлас беларускіх народных гаворак : у 5 т. / Акадэмія навук Беларусі, Інстытут мовазнаўства імя Я. Коласа. Т. 2 : Сельская гаспадарка: [адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел на 1 кастрычніка 1993 г. / укладальнікі: М. П. Антропаў [і інш.] — Мінск : Фонд фундаментальных даследаванняў Рэспублікi Беларусь, 1994. — 145, [1] с., [142] л. карт.
  • Лексічны атлас беларускіх народных гаворак : у 5 т. / Акадэмія навук Беларусі, Інстытут мовазнаўства імя Я. Коласа. Т. 3 : Чалавек: [адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне на 1 лістапада 1994 г. / укладальнікі: А. П. Груцо [і інш.]. — Мінск : Фонд фундаментальных даследаванняў Рэспублікi Беларусь, 1996. — 115, [1] с., [132] л. карт.
  • Лексічны атлас беларускіх народных гаворак : у 5 т. / Акадэмія навук Беларусі, Інстытут мовазнаўства імя Я. Коласа. Т. 4 : Побыт: [адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне на 1 лістапада 1995 г. / укладальнікі: А. П. Груцо [і інш.]. — Мінск : Фонд фундаментальных даследаванняў Рэспублікi Беларусь, 1997. — 115, [1] с., [132] л. карт.
  • Лексічны атлас беларускіх народных гаворак : у 5 т. / Акадэмія навук Беларусі, Інстытут мовазнаўства імя Я. Коласа. Т. 5 : Семантыка. Словаўтварэнне. Націск: [адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел на 1 студзеня 1997 г. / Н. У. Быкава [і інш.]. — Мінск : Фонд фундаментальных даследаванняў Рэспублікi Беларусь, 1998. — 125, [1] с., [139] л. карт.

КРЫНІЦЫ

Асноўныя:
  • 6 ліпеня — 100 гадоў з дня нараджэння Я. М. Рамановіч (1922–2014), мовазнаўца // Новыя кнігі : па старонках беларускага друку. — 2022. — № 3. — С. 3—4. — (Дадатак: Даты беларускага каляндара).
  • Крыўко, М. Нястомная даследчыца народнага слова : [Я. М. Рамановіч] / Мікалай Крыўко // Наша слова. — 2012. — 18 ліпеня. — С. 2.

Дадатковыя:

Установа культуры «Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна»
Copyright © 2023