Е.Р. Раманаў вывучаў матэрыяльную і духоўную культуру беларусаў: жыллё, адзенне, сямейны побыт, народныя абрады, вераванні, дзіцячыя гульні, народны каляндар і медыцыну.
Аўтар больш як 200 прац па этнаграфіі, фальклоры, гісторыі, археалогіі і мове беларусаў, сабраў і надрукаваў больш як 10 тысяч фальклорных твораў.
Галоўная фальклорна-этнаграфічная праца Е.Р. Раманава “Беларускі зборнік” (вып. 1–9, 1886–1912) з’яўляецца своеасаблівай энцыклапедыяй побыту і культуры беларусаў дарэвалюцыйнага часу.
У 1886–1894 гг. вёў археалагічныя раскопкі на тэрыторыі Магілёўскай і Віцебскай губерній. Ён склаў археалагічныя карты Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскай губерній, сабраў звесткі пра больш за 1000 гарадзішчаў на Беларусі, выявіў шмат стаянак першабытнага чалавека, вёў антрапалагічныя даследаванні. Каля в. Высокі Гарадзец Талачынскага раёна Е.Р. Раманаў адкрыў помнік эпіграфікі 12 ст. Барысаў камень.
У 1900 Е.Р. Раманаў выдаў зборнік “Тарас на Парнасе і іншыя беларускія вершы” (дапоўненае выданне выйшла ў 1902), у 1901 апублікаваў (са скарачэннямі) працу А. Меера “Апісанне Крычаўскага графства 1786 г.”.
Значнай працай з’яўляюцца “Матэрыялы па гістарычнай тапаграфіі Віцебскай губерні. Павет Веліжскі” (1898), навуковыя вывады ў якой зроблены на аснове асабістых даследаванняў. У гэты перыяд апублікавана каля 100 розных прац. Пад рэдакцыяй Е.Р. Раманава выйшлі тры выпускі “Магілёўскай даўніны” (1900, 1901, 1903), два выпускі “Матэрыялаў па этнаграфіі Гродзенскай губерні” (1911, 1912), адзін выпуск “Крыніц для гісторыі Магілёўскага краю” (1916).
За вялікі ўклад у развіццё навукі Раманаў быў выбраны правадзейным членам Рускага геаграфічнага таварыства (1886), таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі (1888), Маскоўскага археалагічнага таварыства (1890), Віцебскага статыстычнага камітэта (1891) і інш.