ПАДЛУЖНЫ АЛЯКСАНДР ІОСІФАВІЧ

(16.08.1935 в. Залессе, Мсціслаўскі раён, Магілёўская вобласць, – 21.11.2005)

Беларускі мовазнавец. Доктар філалагічных навук (1982), прафесар (1989). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (1999)

БІЯГРАФІЯ

Нарадзіўcя 16 жніўня 1935 г. у в. Залессе Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці ў сям’і калгаснікаў.
У 1959 г. скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна (цяпер “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт”).
3 1962 г. працуе ў Інстытуце мовазнаўства імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (з 1969 – загадчык аддзела, з 1983 – намеснік дырэктара, з 1989 – дырэктар), адначасова з 1997 – акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
1982 г. – доктар філалагічных навук, 1989 г. – прафесар.
З 1989 г. – галоўны рэдактар штогодніка “Беларуская лінгвістыка” , з 1997 г. – галоўны рэдактар часопіса “Весці НАН Беларусі. Серыя гуманітарных навук”.
Памёр 21 лістапада 2005 г.

НАВУКОВАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ

Асноўныя напрамкі навуковай дзейнасці А.І. Падлужнага – фанетыка і фаналогія. Усяго выдаў больш за 120 навуковых работ, у тым ліку 14 манаграфій.
У 1967 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю “Фонологическая система современного белорусского литературного языка”, пазней глыбока і дэталёва распрацаваў гэту тэму ў доктарскай дысертацыі “Фонетичекая система белорусского языка (экспериментально-фонетическое исследование звукового состава)” (1981).
У 1969 г. у Інстытуце мовазнаўства імя Я. Коласа Акадэміі навук БССР вучоны стварыў лабараторыю эксперыментальнай фанетыкі, дзе была выканана вялікая работа па эксперыментальным даследаванні фанетычнай сістэмы беларускай мовы. Яе вынікі абагульнены ў манаграфіях “Фанетыка слова ў беларускай мове” (1983), “Фанетыка беларускай літаратурнай мовы” (1989), а таксама ў шэрагу артыкулаў, прысвечаных тэарэтычным праблемам фанетыкі і фаналогіі.
Вучоны з’яўляецца аўтарам прац “Фаналагічная сістэма беларускай літаратурнай мовы” (1969), “Нарыс акустычнай фанетыкі беларускай мовы” (1977).
Значнае месца ў навуковай дзейнасці А.І. Падлужнага займалі праблемы нармалізацыі беларускага літаратурнага маўлення. Ён уваходзіў у рэдкалегію і быў адным з аўтараў нарматыўнага “Слоўніка беларускай мовы. Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне” (1987), а таксама аўтарам раздзелаў “Фаналогія” і “Арфаэпія” (з М.В. Бірылам) у акадэмічнай “Беларускай граматыцы” (ч. 1, 1985).
А.І. Падлужны з’яўляецца навуковым рэдактарам і адным з аўтараў кнігі “Беларуская мова: цяжкія пытанні фанетыкі, арфаграфіі, граматыкі” (1987), хрэстаматыі “Вусная беларуская мова” (1990), зборніка “Пытанні культуры пісьмовай мовы” (1991), у суаўтарстве падрыхтаваў вучэбныя дапаможнікі “Фанетыка беларускай мовы” (1984), “Практыкум па фанетыцы беларускай мовы” (1989), а таксама “Учебник белорусского языка. Для самообразования” (1994).
У 1990-я гг. А.І. Падлужны з’яўляўся намеснікам старшыні Дзяржаўнай камісіі па ўдасканаленні беларускага правапісу, старшынёй Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі пры НАН Беларусі (прызначаны ў 1992 г.), членам рэдкалегіі і адным з аўтараў энцыклапедыі “Беларуская мова” (1994). Узначальваў рабочую групу па падрыхтоўцы праекта новай рэдакцыі правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі.
На працягу многіх гадоў уваходзіў у Камісію па фанетыцы і фаналогіі пры Міжнародным камітэце славістаў, быў членам рабочай групы Міжнароднай камісіі па “Агульнаславянскім лінгвістычным атласе” (прымаў удзел у распрацоўцы гэтага праекта і кіраваў беларускай групай).

УЗНАГАРОДЫ

  • Ордэн “Знак Пашаны” (1986)
  • Прэмія НАН Беларусі за вучэбнік беларускай мовы (1995)
  • Ганаровае званне “Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь” (1999)

СПІС АСНОЎНЫХ ПРАЦ

  • Арашонкава, Г. У. Слоўнік цяжкасцей беларускай мовы / Г. У. Арашонкава, В. П. Лемцюгова ; пад рэдакцыяй: М. В. Бірылы, А. І. Падлужнага. — Мінск : Вышэйшая школа, 1987. — 210 с.
  • Падлужны, А. І. Беларуская мова: цяжкія пытанні фанетыкі, арфаграфіі, граматыкі / А. І. Падлужны, Л. Ц. Выгонная ; рэдактар А. I. Падлужны. — Мінск : Народная асвета, 1987. — 144 с. — (Бібіліятэка настаўніка беларускай мовы і літаратуры).
  • Крывіцкі, А. А. Практыкум па фанетыцы беларускай мовы : вучэбны дапаможнік для філалагічнага факультэта ВНУ / А. А. Крывіцкі, А. І. Падлужны. — Мінск : Вышэйшая школа, 1989. — 220 с.
  • Фанетыка беларускай літаратурнай мовы / А. І. Падлужны [і інш.] ; рэдактар А. I. Падлужны АН БССР. — Мінск : Навука і тэхніка, 1989. — 335 с.
  • Белорусский язык для говорящих по-русски / А. А. Кривицкий, A. E. Михневич, А. И. Подлужный. — 3-е издание, переработанное. — Минск : Вышэйшая школа, 1990. — 367 с.

Глядзець таксама:

  • Беларускае мовазнаўства : бібліяграфічны паказальнік : 1825—1965 / Акадэмія навук Беларускай ССР, Фундаментальная бібліятэка імя Я. Коласа ; [складальнікі: А. Д. Васілеўская [і інш.] ; рэдактар Л. М. Шакун]. — Мінск : Навука і тэхніка, 1967. — 415 с.
  • Беларускае мовазнаўства : бібліяграфічны паказальнік : 1966—1975 / Акадэмія навук Беларускай ССР, Фундаментальная бібліятэка імя Я. Коласа ; [складальнікі: А. Д. Васілеўская, Я. М. Рамановіч ; рэдактар М. В. Бірыла]. — Мінск : Навука і тэхніка, 1980. — 350, [2] с.
  • Беларускае мовазнаўства : бібліяграфічны паказальнік : 1976—1985 / АН Беларусі, ЦНБ імя Я.Коласа ; [складальнікі: А. Д. Васілеўская, Я. М. Рамановіч ; уступны артыкул Л. М. Шакуна]. — Мінск, 1993. — 558 с.
  • Методыка выкладання беларускай мовы : бібліяграфічны паказальнік : 1969—1990 / складальнік М. С. Лукашус ; рэдактар В. У. Протчанка. — Мiнск : Вышэйшая школа, 1993. — 109 с.
  • Беларускае мовазнаўства : бібліяграфічны паказальнік : 1986—1991 / [складальнікі: А. У. Каратышэўская, А. У. Траццякова]. — Мінск : Беларуская навука, 2004. — 484 с.

КРЫНІЦЫ

Асноўныя:
  • Падлужны Аляксандр Іосіфавіч / складальнік І. К. Германовіч [і інш.] // Беларускія лінгвісты — ураджэнцы Магілёўшчыны. — 2001. — С. 70—72 : фота.
  • Подлужный Александр Иосифович // Национальная академия наук Беларуси : персональный состав, 1928—2015 / составители: Т. С. Буденкова [и др.] ; редакторы: В. Г. Гусаков [и др.]. — Минск, 2016. — С. 209—210 : фото.

Дадатковыя:

  • Лаўшук, А. С. Акадэмік Аляксандр Іосіфавіч Падлужны : да 65-годдзя з дня нараджэння / А. С. Лаўшук // Веснік МГУ імя А. А. Куляшова. — 2000. — № 4. — С. 137—139.
  • Лаўшук, Д. А. З павагай і ўдзячнасцю : [А. І. Падлужны] / Д. А. Лаўшук // Веснік МДУ імя А. А. Куляшова. — 2005. — № 2—3. — С. 202—203 : фота.
  • Ліхадзіеўская, Л. Мова ў жыцці і жыццё ў мове : [А. І. Падлужны] / Людміла Ліхадзіеўская // Роднае слова. — 2005. — № 8. — С. 42—43 : фота.
  • Лукашанец, А. А. Аляксандр Іосіфавіч Падлужны : да 70-годдзя з дня нараджэння // Весці НАН Беларусі. — 2005. — № 3. — С. 120—122.
  • Лукашанец, А. А. Падлужны Аляксандр Іосіфавіч / А. А. Лукашанец // Беларуская мова : энцыкапедыя / рэдактар А. Я. Міхневіча. — Мінск, 1994. — С. 397— 398 : фота.
  • Лукашанец, А. Жыццё з клопатам аб мове : 70 год А. І. Падлужнаму / А. А. Лукашанец // Звязда. — 2005. — 17 жніўня. — С. 4.
  • Падлужны Аляксандр Іосіфавіч // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Мсціслаўскага раёна / галоўны рэдактар У. І. Лемяшонак. — Мінск, 1999. — С. 537 : фота.
  • Падлужны Аляксандр Іосіфавіч : у 6 т. // Культура Беларусі : энцыклапедыя / галоўны рэдактар У. У. Андрыевіч. — Мінск, 2015. — Т. 6. — С. 118 : фота.
  • Перавалава, Н. Аляксандр Падлужны : жыццёвы і творчы шлях / Н. Перавалава // Голас Радзімы. — 2005. — 8 снежня. — С. 10.
  • Подлужный Александр Иосифович // Национальная академия наук Беларуси : энциклопедический справочник / Национальная академия наук Беларуси ; [главный редактор В. Г. Гусаков]. — Минск, 2017. — С. 439.
  • Подлужный Александр Иосифович // Ученые, прославившие Беларусь ; Национальная академия наук Беларуси, Комиссия по истории науки ; Национальная академия наук Беларуси, Отделение гуманитарных наук и искусств ; Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа. — Минск, 2017. — С. 338—340.
  • Русак, В. П. Аляксандр Іосіфавіч Падлужны : да 75-годдзя з дня нараджэння / В. П. Русак // Беларуская лінгвістыка / НАН Беларусі ; Інтытут мовы і літаратуры імя Я. Купалы і Я. Коласа. — Мiнск, 2010. — Выпуск 65. — С. 128—131.
  • Русак, В. П. Каб любіць Беларусь нашу мілую… : да 80-годдзя з дня нараджэння Аляксандра Іосіфавіча Падлужнага / В. П. Русак // Беларуская лінгвістыка / галоўны рэдактар А. А. Лукашанец. — Мінск, 2015. — Выпуск 74. — С. 120—123 : фота.
  • Русак, В. Шчыры сейбіт родных слоў : [А. І. Падлужны] / Валянціна Русак // Роднае слова. — 2010. — № 8. — С. 48—50 : фота.
  • Сапёраў, А. Навукоўцы з сям’і калгаснікаў… : [А. І. Падлужны] / А. Сапёраў // Святло Кастрычніка (Мсціслаў). — 2013. — 27 ліпеня. — С. 3 : фота.
  • Сідарэнка, Л. Знакаміты вучоны-мовазнаўца : [А. І. Падлужны] / Л. Сідарэнка // Святло кастрычніка (Мсціслаў). — 2017. — 7 чэрвеня. — С. 2 : фота.
Установа культуры «Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна»
Copyright © 2023