ПАДГАЙСКІ ЛЕАНІД ПРАКОПАВІЧ

25.11.1934 г. Ленінград (цяпер г. Санкт-Пецярбург, Расія), – 04.08.1980)

Беларускі мовазнавец. Кандыдат філалагічных навук (1966), доктар філалагічных навук (1980)

БІЯГРАФІЯ

Нарадзіўся 25 лістапада 1934 г. у Ленінградзе (цяпер г. Санкт-Пецярбург, Расія) ў сям’і рабочых-беларусаў, якія праз год вярнуліся на радзіму ў г. Мсціслаў.
У 1942 г. пачаў вучыцца ў Зарачанскай пачатковай школе, пазней перайшоў у сярэднюю школу № 1 г. Мсціслава.
У 1953 г. скончыў Мсціслаўскае дзяржаўнае педагагічнае вучылішча Міністэрства асветы БССР. Настаунічаў (1953–1958).
У 1962 г. скончыў Магілёускі дзяржаўны педагагічны інстытут (цяпер УА “Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова”).
У 1963 г. паступіў у аспірантуру пры кафедры беларускай мовы Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М. Горкага (цяпер УА “Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка”). За два з паловай гады напісаў кандыдацкую дысертацыю па тэме “Дзеяслоўна-іменныя словазлучэнні з акалічнаснымі адносінамі ў сучаснай беларускай мове (у супастаўленні з рускай)” і паспяхова прайшоў абмеркаванне на кафедры.
У 1966 г. на пасяджэнні Аб’яднанага савета Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа і Інстытута літаратуры імя Я. Купалы АН БССР Л.П. Падгайскаму была прысвоена вучоная ступень кандыдата філалагічных навук.
Важнейшыя навуковыя вынікі свайго кандыдацкага даследавання апублікаваў у выглядзе манаграфіі пад назвай “Словазлучэнне ў беларускай мове” (1971).
Пасля заканчэння аспірантуры быў пакінуты на кафедры беларускага мовазнаўства ў якасці старшага выкладчыка, з 1968 г. – пасля зацвярджэння дысертацыі саюзным ВАКам – пераведзены на пасаду дацэнта.
У верасні 1970 г. атрымаў вучонае званне дацэнта.
1971–1978 гг. працаваў намеснікам дэкана і дэканам філалагічнага факультэта, а потым быў пераведзены на пасаду прарэктара па вучэбнай рабоце МДПІ. Пры гэтым ён не пакідаў выкладчыцкай дзейнасці і працягваў чытаць лекцыі ў якасці дацэнта кафедры беларускага мовазнаўства.
Памёр 4 жніўня 1980 г.

НАВУКОВАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ

Л.П. Падгайскі даследаваў сінтаксіс беларускай мовы і методыку яе выкладання ў пачатковых класах.
За час працы на кафедры Л.П. Падгайскі у суаўтарстве з метадыстамі-практыкамі (А. Севярнёва, С. Малашкевіч, В. Будзько) напісаў і апублікаваў у 1969–1971 гг. тры падручнікі для вучняў 1–3 класаў, якія перавыдаваліся звыш дзесяці разоў. Для таго, каб палегчыць настаўніку падрыхтоўку да ўрокаў, а самі заняткі зрабіць змястоўнымі і цікавымі, Л. Падгайскі самастойна і ў суаўтарстве з А.К. Севярнёвай падрыхтаваў шэраг метадычных дапаможнікаў: “Беларуская мова ў першым класе” (1970, 1973), “Беларуская мова ў другім класе” (1971, 1974), “Беларуская мова ў трэцім класе” (1971, 1975).
Былі сярод работ Л.П. Падгайскага і калектыўныя дапаможнікі для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў: “Зборнік дыктантаў па беларускай мове” (1973), “Сучасная беларуская літаратурная мова. Марфалогія” (1975).
Па матэрыялах працяглай эксперыментальнай працы, праведзенай пераважна ў вясковых школах БССР, Л.П. Падгайскі падрыхтаваў і надрукаваў у 1975 г. манаграфію “Вывучэнне беларускай мовы ў пачатковых класах: граматыка, правапіс і развіццё мовы” (1975).
Манаграфія стала асновай доктарскай дысертацыі Л.П. Падгайскага “Сістэма навучання роднай мове ў пачатковых класах беларускіх школ (граматыка, правапіс, развіццё мовы)”, якую ён паспяхова абараніў у 1980 г. у Маскоўскім абласным педагагічным інстытуце імя Н. Крупскай. У ёй упершыню ў рэспубліцы былі распрацаваны тэарэтычныя асновы методыкі навучання роднай мове.

СПІС АСНОЎНЫХ ПРАЦ

  • Падгайскі, Л. П. Беларуская мова : падручнік для 1 класа / Л. П. Падгайскі, А. К. Севярнёва. — Мінск : Народная асвета, 1969. — 167 с. : іл.
  • Падгайскі, Л. П. Беларуская мова : падручнік для 3 класа / Л. П. Падгайскі, С. С. Малашкевіч, В. Я. Будзько. — Мінск : Народная асвета, 1971. — 192 с. : іл.
  • Падгарскі, Л. П. Развіццё мовы вучняў пачатковых класаў / Л. П. Падгарскі, Я. М. Івашуціч. — Мінск : Народная асвета, 1979. — 104 с.
  • Падгайскі, Л.П. Беларуская мова : дапаможнік для вучняў старэйшых класаў / Л. П. Падгайскі, М. Ц. Кавалёва. — Мінск : Народная асвета, 1982. — 272 с.
  • Арфаграфічны слоўнік : для пачатковых класаў / рэдактар Л. П. Падгайскі. — 5-е выданне. — Мінск : Народная асвета, 1987. — 168 с.
  • Беларуская мова : падручнік для 2 класа школы з беларускай мовай навучання / Л. П. Падгайскі [і інш.]. — 5-е выданне. — Мінск : Народная асвета, 1995. — 206 с. : іл.

Глядзець таксама:

  • Беларускае мовазнаўства : бібліяграфічны паказальнік : 1825—1965 / Акадэмія навук Беларускай ССР, Фундаментальная бібліятэка імя Я. Коласа ; [складальнікі: А. Д. Васілеўская [і інш.] ; рэдактар Л. М. Шакун]. — Мінск : Навука і тэхніка, 1967. — 415 с.
  • Беларускае мовазнаўства : бібліяграфічны паказальнік : 1966—1975 / Акадэмія навук Беларускай ССР, Фундаментальная бібліятэка імя Я. Коласа ; [складальнікі: А. Д. Васілеўская, Я. М. Рамановіч ; рэдактар М. В. Бірыла]. — Мінск : Навука і тэхніка, 1980. — 350, [2] с.
  • Беларускае мовазнаўства : бібліяграфічны паказальнік : 1976—1985 / АН Беларусі, ЦНБ імя Я. Коласа ; [складальнікі: А. Д. Васілеўская, Я. М. Рамановіч ; уступны артыкул Л. М. Шакуна]. — Мінск, 1993. — 558 с.
  • Методыка выкладання беларускай мовы : бібліяграфічны паказальнік : 1969—1990 / складальнік М. С. Лукашус ; рэдактар В. У. Протчанка. — Мiнск : Вышэйшая школа, 1993. — 109 с.
  • Беларускае мовазнаўства : бібліяграфічны паказальнік : 1986—1991 / [складальнікі: А. У. Каратышэўская, А. У. Траццякова]. — Мінск : Беларуская навука, 2004. — 484 с.

КРЫНІЦЫ

Асноўныя:
  • Германовіч, І. К. Падгайскі Леанід Пракопавіч / І. К. Германовіч // Беларуская мова : энцыклапедыя // рэдактар А. Я. Міхневіч. — Мінск, 1994. — С. 397 : фота.

Дадатковыя:

Установа культуры «Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна»
Copyright © 2023