Галоўны аб’ект навуковых даследаванняў Б.А. Плотнікава – праблемы агульнага мовазнаўства, аб чым сведчаць вучэбныя дапаможнікі “Общее языкознание” (1983), “Семиотика текста. Параграфемика” (1992), “Агульнае мовазнаўства” (1994) і інш.
Б.А. Плотнікаў апублікаваў каля 200 навуковых прац, у тым ліку 20 кніг і асобных выданняў па праблемах агульнага мовазнаўства, славістыкі, русістыкі, беларусістыкі, арганізацыі навучальнага працэсу ў ВНУ. Яго манаграфічны вучэбны дапаможнік “Семиотика текста” (1992) шырока вядомы ў навуковых лінгвістычных колах.
Вялікую цікавасць у моваведаў выклікаюць манаграфіі “Основы семасиологии” (1984), у якой прааналізаваны галоўныя канцэпцыі і аспекты значэння, выяўлены асаблівасці семантыкі розных адзінак мовы, а таксама “О форме и содержании в языке” (1989), у якой усебакова асветлены пытанні моўнай формы i зместу.
У 1999 г. надрукаваў наватарскі вучэбны дапаможнік “Беларуская мова ў сістэме славянскіх моў”.
У 2000 г выходзіць яшчэ адна кніга – “Фанетыка і марфалогія беларускай мовы”.
Вялікую работу праводзіў і як арганізатар навукі – уваходзіў у склад некалькіх спецыялізаваных саветаў па абароне доктарскіх дысертацый, з’яўляўся старшынёй экспертнага савета па лінгвістычных дысцыплінах BAK Рэспублікі Беларусь.