ГАРЭЦКІ МАКСІМ ІВАНАВІЧ

(18.02.1893 в. Малая Багацькаўка, Мсціслаўскі pаён, Магілёўская вобласць, – 10.02.1938)
Пісьменнік, лексікограф, літаратуразнавец, перакладчык, фалькларыст.
Псеўданімы: Мізэрыус; Беларус; Монус; Амстиславский; Псэўдонім; Беларус М.; Мсціслаўскі А.; Мышка Мацей; Дзед Кузьма; Беларус Максім; Дед Кузьма; Максім; Кузьмянкоў

БІЯГРАФІЯ

Нарадзіўся 18 лютага 1893 г. у в. Малая Багацькаўка Мсціслаўскага pаёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і.
Скончыў Вольшынскае двухкласнае вучылішча (1909), Горацкае каморніцка-агранамічнае вучылішча (1913), Паўлаўскае ваенае вучылішча (Петраград, 1916).
1913–1914 гг. працаваў на Віленшчыне.
1914–1917 гг. – на фронце, быў цяжка паранены.
Кастрычніцкую рэвалюцыю М.І. Гарэцкі сустрэў у Смаленску, дзе працаваў камендантам жыллёвага аддзела Смаленскага гарадскога Савета, шмат пісаў, друкаваўся ў газетах “Известия Смоленского Совета”, “Дзянніца”, “Вольная Беларусь”.
У жніўні 1918 г. працаваў у газеце “Звязда”, рэдакцыя якой спачатку пераехала ў Мінск, а потым, у сувязі са стварэннем Літоўска-Беларускай рэспублікі, у Вільню. Тут ён выкладаў на беларускіх настаўніцкіх курсах, у Віленскай беларускай гімназіі, працаваў рэдактарам газеты “Наша думка” (снежань 1920 — ліпень 1921), з верасня 1921 г. рэдактарам-выдаўцом газеты “Беларускія ведамасці”.
Літаратурным дэбютам М. Гарэцкага стала апавяданне “У лазні” (1912), апублікаванае пад псеўданімам Максім Беларус. Потым з’яўляюца новыя апавяданні (“Стогны душы”, “Роднае карэнне”, “У панскім лесе”, “Красаваў язмін”, усе – 1913), большасць якіх увайшло ў зборнік “Рунь” (1914). 
У студзені 1922 г. арыштаваны і зняволены ў Лукішскую турму. Яму было прад’яўлена абвінавачванне “у прыналежнасці да партыі камуністаў, у арганізацыі тайных баявых дружын з мэтаю замаху на дзяржаўную ўладу, у друкаванай і вуснай прапагандзе”. За гэта пагражала смяротная кара або катарга. У выніку пратэстаў за мяжой супраць масавых арыштаў беларускіх і літоўскіх дзеячоў прымусова з іншымі арыштаванымі высланы ў Літву.
У кастрычніку 1923 г. пераехаў у Мінск. Выкладаў беларусазнаўства на рабфаку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна (цяпер “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт”), беларускую мову і літаратуру ў Камуністычным універсітэце Беларусі (існаваў да верасня 1932 г.). Загадваў кафедрай беларускай мовы і літаратуры ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі сельскай і лясной гаспадаркі (цяпер УА “Беларуская дзяржаўная ордэнаў Кастрычніцкай рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчая акадэмія”) (люты 1926 – жнівень 1928), працаваў у Інбелкульце, у Акадэміі навук БССР.
18 ліпеня 1930 г. арыштаваны на падставе сфабрыкаванага абвінавачання ў буржуазным нацыяналізме і 10 красавіка 1931 г. асуджаны на 5 гадоў высылкі ў Вятку (Расія). Там працаваў спачатку землякопам, потым чарцёжнікам, тэхнікам-каштарыснікам мясцовай фабрыкі вучэбных дапаможнікаў і землеўладкавальнікам.
З мая 1936 г., пасля адбыцця тэрміну пакарання, разам з сям’ёй жыў у п. Пясочная Кіраўскай вобласці, выкладаў рускую літаратуру і мову.
У ноч на 4 лістапада 1937 г. быў арыштаваны паўторна за быццам бы контррэвалюцыйную работу. 5 студзеня 1938 г. прыгавораны да расстрэлу. Прыгавор быў выкананы 10 лютага 1938 г.
Рэабілітаваны Вярхоўным судом БССР 15 лістапада 1957 г.

НАВУКОВАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ

М.І Гарэцкі ўнес значны ўклад у развіццё лексікаграфіі пачатку XX ст. Разам з братам Гаўрылам выдаў “Руска-беларускі слоўнік” (1918) – першы беларускі слоўнік такога тыпу, надрукаваны пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, і першы вопыт самаго М.І. Гарэцкага ў галіне лексікаграфіі.
М. Гарэцкаму належыць “Невялічкі беларуска-расійскі слоўнік” (Вільня, 1919), які меў тры выданні, апошняе выйшла пад назвай “Беларуска-расійскі слоўнічак” (1925).
У 1924 г. ў Мінску з’явіўся складзены М. Гарэцкім разам з М. Байковым “Практычны расійска-беларускі слоўнік”, які налічваў каля 20 тысяч слоў. Праз два гады Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі выпусціла дапоўненае выданне гэтай даволі грунтоўнай працы.
Двухмоўныя перакладныя слоўнікі Максіма Гарэцкага адгукаліся на канкрэтныя патрэбы дня і вельмі высока ацэньваліся сучаснікамі, у тым ліку спецыялістамі-філолагамі.
1920–1921 гг. выйшлі першае і другое выданне “Гісторыі беларускай літаратуры”, якое ў скарочаным выглядзе друкавалася і на польскай мове.
У 1922 г. – “Хрэстаматыя беларускай літаратуры. ХІ век – 1905 год”, дзе змешчаны пераклад М.І. Гарэцкага “Слова об полку Игореве”, прызнаны лепшым перакладам літаратурнага помніка на славянскія мовы.

СПІС АСНОЎНЫХ ПРАЦ

  • Гарэцкі, М. Руска-беларускі слоўнік / М. Гарэцкі, Г. Гарэцкі. — Смаленск, 1918. — 108 с.
  • Гарэцкі, М. Невялічкі беларуска-маскоўскі слоўнік / М. Гарэцкі. — Вільня, 1919. — 264 с.
  • Гарэцкі, М. Маскоўска-беларускі слоўнік / М. Гарэцкі. — 2-е выданне. — Вільня, 1921. — 144 с.
  • Гарэцкі, М. Невялічкі беларуска-маскоўскі слоўнік / М. Гарэцкі. — 2-е выданне. — Вільня, 1921. — 261 с.
  • Байкоў, М. Практычны расійска-беларускі слоўнік / М. Байкоў, М. Гарэцкі. — Мінск, 1924. — 261 с.
  • Гарэцкі, М. Беларуска-расійскі слоўнічак / М. Гарэцкі. — 3-е выданне. — Мінск, 1925. — 175 с.
  • Гарэцкі, М. Гісторыя беларускай літаратуры / М. Гарэцкі. — 4-е выданне. — Mінск, 1926. — 255 с.

Глядзець таксама:

  • Беларускае мовазнаўства : бібліяграфічны паказальнік : 1825—1965 / Акадэмія навук Беларускай ССР, Фундаментальная бібліятэка імя Я. Коласа ; [складальнікі: А. Д. Васілеўская [і інш.] ; рэдактар Л. М. Шакун]. — Мінск : Навука і тэхніка, 1967. — 415 с.
  • Беларускае мовазнаўства : бібліяграфічны паказальнік : 1966—1975 / Акадэмія навук Беларускай ССР, Фундаментальная бібліятэка імя Я. Коласа ; [складальнікі: А. Д. Васілеўская, Я. М. Рамановіч ; рэдактар М. В. Бірыла]. — Мінск : Навука і тэхніка, 1980. — 350, [2] с.
  • Беларускае мовазнаўства : бібліяграфічны паказальнік : 1976—1985 / АН Беларусі, ЦНБ імя Я.Коласа ; [складальнікі: А. Д. Васілеўская, Я. М. Рамановіч ; уступны артыкул Л. М. Шакуна]. — Мінск, 1993. — 558 с.
  • Методыка выкладання беларускай мовы : бібліяграфічны паказальнік : 1969—1990 / складальнік М. С. Лукашус ; рэдактар В. У. Протчанка. — Мiнск : Вышэйшая школа, 1993. — 109 с.
  • Беларускае мовазнаўства : бібліяграфічны паказальнік : 1986—1991 / [складальнікі : А. У. Каратышэўская, А. У. Траццякова]. — Мінск : Беларуская навука, 2004. — 484 с.

КРЫНІЦЫ

Асноўныя:
  • Гарэцкі Максім Іванавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. : Т. 5 : Гальцы — Дагон / галоўны рэдактар Г. П. Пашкоў. – Мінск, 1997. — С. 81 : фота.

Дадатковыя:

  • Адамовіч, А. “Браму скарбаў сваіх адчыняю…” / Алесь Адамовіч. — Мінск : Выдавецтва БДУ імя У. І. Леніна, 1980. — 223 с.
  • Бугаёў, Д. Я. Максім Гарэцкі / Дзмітрый Бугаёў. — 2-е выданне, выпраўленнае і дапоўненае. — Мінск : Беларуская навука, 2003. — 237, [2] с.
  • Гарэцкі Максім Іванавіч // Беларускія лінгвісты — ўраджэнцы Магілёўшчыны : матэрыялы канферэнцыі / складальнік І. К. Германовіч [і інш.]. — Магілёў, 2001. — С. 16—21 : фота.
  • Гарэцкі, Р. Г. Ахвярую сваім «я»… : Максім і Гаўрыла Гарэцкія / Р. Г. Гарэцкі ; АН Беларусі. — Мінск : Беларуская навука, 1998. — 285, [2] с. — (Людзі беларускай навукі).
  • Голуб, Т. С. У творчай майстэрні класіка : тэксталогія твораў М. Гарэцкага / Т. С. Голуб ; НАН Беларусі, Інстытут літаратуры імя Я. Купалы. — Мінск : Беларуская навука, 2002. — 154, [3] с.
  • Дасаева, Т. М. Летапіс жыцця і творчасці Максіма Гарэцкага / Т. М. Дасаева. — Мінск : Навука і тэхніка, 1993. — 87 с.
  • Зарэмба, Л. Я. Купала і М. Гарэцкі — перакладчыкі «Слова аб палку Ігаравым» / Л. Зарэмба // Полымя. — 1985. — № 4. — С. 207—224.
  • Караткоў, М. М. Аб жанрава-стылявых формах ранняй прозы М. Гарэцкага / М. М. Каратаў // Весці АН БССР. Серыя грамадскіх навук. — 1984. —№ 1. — С. 91—95.
  • Ліўшыц, У. М. Максім Гарэцкі: сцежкамі жыцця : да 125-годдзя з дня нараджэння / У. М. Ліўшыц ; Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, Галоўнае ўпраўленне адукацыі, навукі і кадраў, Установа адукацыі “Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія”, Народнае літаратурнае аб’яднанне “Парнас”. — Горкі : БДСГА, 2018. — 179 с.
  • Лужанін, М. Слухаючы Максіма Гарэцкага / М. Лужанін // Полымя. — 1983. — № 2. — С. 202—206.
  • Ляпіч, А. М. Стылёвыя асаблівасці дакастрычніцкіх апавяданняў Я. Коласа і М. Гарэцкага / А. М. Ляпіч // Народныя песняры : да 90-годдзя з дня нараджэння Я. Купалы і Я. Коласа. — Мінск, 1972. — С. 92—100.
  • Максім Гарэцкі. Вернасць высокім ідэалам : успаміны, аповесці, апавяданні, запіскі : да 125-годдзя з дня нараджэння / укладанне: Р. Гарэцкая, В. Шніп ; мастак У. Свентахоўскі]. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2018. — 317, [2] с.
  • Максім і Гаўрыла Гарэцкія. Жыццё і творчасць : XVII Гарэцкія чытанні / [галоўны рэдактар Р. Гарэцкі і інш.] / Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры ; Рэспубліканскі фонд імя братоў Гарэцкіх. — Мінск : [б. в.], 2009. — 199 с.
  • Марціновіч, А. Брама, адчыненая ў вечнасць : дзецям пра Максіма Гарэцкага : нарысы / Алесь Марціновіч. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2013. — 206 с. — (Гісторыя ў асобах).
  • Мушынскі, М. Падзвіжнік з Малой Багацькаўкі : жыццёвы і творчы шлях Максіма Гарэцкага / Міхась Мушынскі ; [навуковы рэдактар А. М. Макарэвіч] ; Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы. — 2-е выданне, выпраўленае і дапоўненае. — Мінск : Беларуская навука, 2013. — 509, [1] с., [8] л. іл.
  • Падгайскі, Л. Жывая спадчына / Л. Падгайскі // Полымя. — 1969. — № 6. — С. 217—221.
  • Чыгрын, І. П. Паміж былым і будучым : проза Максіма Гарэцкага / Іван Пятровіч Чыгрын. — 2-е выданне. — Мінск : Беларуская навука, 2003. — 166 с.
Установа культуры «Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна»
Copyright © 2023