Кола асноўных навуковых інтарэсаў Р.Н. Клюсава – пытанні лексікалогіі і лексікаграфіі, беларускай тэрміналогіі, марфалогіі і сінтаксісу, арфаграфіі і пунктуацыі, стылістыкі, этымалогіі, параўнальнай граматыкі і некаторыя іншыя.
Найбольш вядомыя працы Р.Н. Клюсава, створаныя для студэнтаў філалагічных факультэтаў, – дапаможнік “Сучасная беларуская пунктуацыя” ў сааўтарстве з А.Л. Юрэвічам (1966, 1972) і “Зборнік дыктантаў павышанай цяжкасці” ў сааўтарстве з Л.І. Аляксеенка (1970).
Энцыклапедызм эрудыцыі P.H. Клюсава яскрава праявіўся ў працах па лексікалогіі і лексікаграфіі. Вяршыняй у гэтай галіне можна лічыць яго артыкул “Двуязычный переводной словарь: замечания и размышления”, прысвечаны двухтомнаму перакладному “Руска-беларускаму слоўніку” (2-е выд., Мн., 1982) – трэцяму па ліку акадэмічнаму слоўніку ў гісторыі беларускай лексікаграфіі.
Вялікую ўвагу удзяляў культуры мовы, праблемам яе ўнармавання, стылістыцы, словаўжыванню. Гэтым пытанням прысвяціў серыю артыкулаў, у прыватнасці: “K вопросу о месте причастий в грамматической системе современного белорусского литературного языка”, “Да пытання аб ужыванні форм дзеепрыметнікаў у сучаснай беларускай літаратурнай мове”, “Што напісана пяром…”, “… Ад ранняй да вячэрняе зары”, “Нататкі па граматычнай стылістыцы” і інш.
Пільна цікавіўся складанымі, нявырашанымі праблемамі граматыкі, у першую чаргу – сінтаксісу. Граматычныя даследаванні вучонага выкладзены ў артыкулах “Складаназалежныя сказы з комплексным падпарадкаваннем”, “Общая типология придаточных определительных предложений в русском языке”, “Об асимметричных конструкциях условных предложений”, “Сэнсава-граматычныя асаблівасці даданых азначальных сказаў”, “О разновидностях приложений”, “О личных значениях существительных” і інш.
P.H. Клюсаў прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы лінгвістычных кадраў вышэйшай кваліфікацыі. Ён неаднаразова выступаў у якасці афіцыйнага апанента пры абароне кандыдацкіх дысертацый, пад яго кіраўніцтвам напісалі і паспяхова абаранілі кандыдацкія дысертацыі М.А. Аўласевіч, C.Я. Кечык і Л.I. Шапавалава.