КЕЧЫК САФІЯ ЯКАЎЛЕЎНА

(07.11.1922 г. Крычаў, Магілёўская вобласць, – 16.10.2018)

Беларускі мовазнавец. Кандыдат філалагічных навук (1976), дацэнт (1985)

БІЯГРАФІЯ

Нарадзілася 7 лістапада 1922 г. у г. Крычаве Магілёўскай вобласці.
Удзельніца Вялікай Айчыннай вайны. За ўклад у справу Перамогі адзначана ўрадавымі ўзнагародамі.
У 1946 г. скончыла літаратурны факультэт Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (цяпер УА “Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова”) па спецыяльнасці “Беларуская мова і літаратура. Руская мова і літаратура”.
1946–1950 гг. – асістэнт, 1950–1984 гг. – старшы выкладчык, 1985 г. – дацэнт кафедры беларускай мовы Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (з 1990 г. УА “Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова”).
У 1976 г. у Інстытуце мовазнаўства імя Я. Коласа АН БССР абараніла кандыдацкую дысертацыю “Дзеепрыслоўе ў сучаснай беларускай літаратурнай мове”. Кандыдат філалагічных навук (1976). Дацэнт (1985).
Педагагічнай і навукова-метадычнай працы С.Я. Кечык аддала больш чым 60 гадоў, і ўсе гады прапрацавала ў адной установе. Яна выкладала дысцыпліны “Сучасная беларуская мова”, “Беларуская дыялекталогія”, “Гістарычная граматыка беларускай мовы”, “Гісторыя беларускай літаратурнай мовы”.
Памёрла 6 кастрычніка 2018 г.

НАВУКОВАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ

Навукова-даследчая спецыялізацыя – сучасная беларуская мова, беларуская дыялекталогія, методыка выкладання беларускай мовы, лексікаграфія.
С.Я. Кечык з’яўляецца адным з суаўтараў “Матэрыялаў да абласнога слоўніка Магілёўшчыны”, якія выйшлі ў Мінску ў акадэмічным выдавецтве “Навука і тэхніка” ў 1981 г.
У 1985 г. выйшла з друку ў выдавецтве “Вышэйшая школа” яе кніга “Дзеепрыслоўе ў сучаснай беларускай мове”. У кнізе зроблена спроба вызначыць сінтаксічныя функцыі дзеепрыслоўяў і дзеепрыслоўных канструкцый, месца дзеепрыслоўя ў сістэме членаў сказа, паказаць суадноснасць дзеепрыслоўя з суб’ектам дзеяння дзеяслова-выказніка (у асабовых, безасабовых, інфінітыўных, няпэўна-асабовых сказах і ў сказах іншых тыпаў).
Значны ўклад унесла С.Я. Кечык у беларускую акадэмічную мовазнаўчую навуку. Яна з’яўляецца суаўтарам пяцітомнага “Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак”. Для чацвёртага тома гэтага выдання, які называецца “Побыт” (1997), аўтар склала лінгвагеаграфічныя карты № 115–133.
С.Я. Кечык абследавала экспедыцыйным шляхам для названага атласа чатыры населеныя пункты на тэрыторыі Магілёўскай вобласці: в. Забалоцце Мсціслаўскага раёна, в. Ушакі Чэрыкаўскага раёна, в. Мхінічы Краснапольскага раёна і в. Баханы Хоцімскага раёна, дзе сабрала і сістэматызавала тысячы ўнікальных моўных дыялектных адзінак.
У 1981 г. выйшаў “Зборнік практыкаванняў па беларускай мове”, падрыхтаваны С.Я. Кечык у суаўтарстве з Л.І. Аляксеенка. Зборнік прызначаецца для студэнтаў факультэтаў педагогікі і методыкі пачатковага навучання педагагічных інстытутаў. У зборніку змешчаны матэрыялы па фанетыцы, лексіцы і фразеалогіі, словаўтварэнні, марфалогіі і сінтаксісе. Фактычны матэрыял падаецца ў выглядзе асобных слоў, сказаў, узятых з твораў беларускай мастацкай і публіцыстычнай літаратуры.
У 1988 г. у выдавецтве “Вышэйшая школа” выйшла праца “Моўны разбор у ВНУ і ў школе. Схемы, узоры, заданні”, падрыхтаваная С.Я. Кечык у суаўтарстве з В.І. Рагаўцовым.
Акрамя гэтага, упершыню ў Беларусі склала “Зборнік практыкаванняў па беларускай мове” з элементамі безмашыннага праграміравання.

УЗНАГАРОДЫ

  • Ганаровае званне “Выдатнік народнай асветы БССР” (1977)
  • Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР (1978)
  • Ганаровая грамата Міністэрства асветы БССР (1982)
  • Ганаровае званне “Выдатнік асветы СССР” (1985)
  • Ганаровая грамата Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (1993)

Як удзельнік Вялікай Айчыннай вайны:

  • Медаль “За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.” (1946)

СПІС АСНОЎНЫХ ПРАЦ

  • Кечык, С. Я. Зборнік практыкаванняў па беларускай мове : вучэбны дапаможнік для факультэта педагогікі і методыкі пачатковага навучання / С. Я. Кечык, Л. I. Аляксеенка. — Мінск : Вышэйшая школа, 1981. — 192 с.
  • Кечык, С. Я. Дзеепрыслоўе ў беларускай мове : вучэбны дапаможнік для філалалагічнага факультэта педагагічных інстытутаў / С. Я. Кечык. — Мінск : Вышэйшая школа, 1985. — 88 с.
  • Кечык, С. Я. Моўны разбор у ВНУ і ў школе: схемы, узоры, заданні: вучэбны дапаможнік для педагагічных інстытутаў / С. Я. Кечык, В. I. Рагаўцоў. — Мінск : Вышэйшая школа, 1988. — 127 с.
  • Кечык, С. Я. Анамастычны слоўнік Магілёўшчыны / С. Я. Кечык, В. І. Рагаўцоў. — Магілёў : МДУ імя А. А. Куляшова, 2000. — 168 с.

Глядзець таксама:

  • Беларускае мовазнаўства : бібліяграфічны паказальнік : 1825—1965 / Акадэмія навук Беларускай ССР, Фундаментальная бібліятэка імя Я. Коласа ; [складальнікі: А. Д. Васілеўская [і інш.] ; рэдактар Л. М. Шакун]. — Мінск : Навука і тэхніка, 1967. — 415 с.
  • Беларускае мовазнаўства : бібліяграфічны паказальнік : 1966—1975 / Акадэмія навук Беларускай ССР, Фундаментальная бібліятэка імя Я. Коласа ; [складальнікі: А. Д. Васілеўская, Я. М. Рамановіч ; рэдактар М. В. Бірыла]. — Мінск : Навука і тэхніка, 1980. — 350, [2] с.
  • Беларускае мовазнаўства : бібліяграфічны паказальнік : 1976—1985 / АН Беларусі, ЦНБ імя Я.Коласа ; [складальнікі: А. Д. Васілеўская, Я. М. Рамановіч ; уступны артыкул Л. М. Шакуна]. — Мінск, 1993. — 558 с.
  • Методыка выкладання беларускай мовы : бібліяграфічны паказальнік : 1969—1990 / складальнік М. С. Лукашус ; рэдактар В. У. Протчанка. — Мiнск : Вышэйшая школа, 1993. — 109 с.
  • Беларускае мовазнаўства : бібліяграфічны паказальнік : 1986—1991 / [складальнікі: А. У. Каратышэўская, А. У. Траццякова]. — Мінск : Беларуская навука, 2004. — 484 с.

КРЫНІЦЫ

Асноўныя:
  • Кечык Софія Якаўлеўна // Ученые МГУ имени А. А. Кулешова : биобиблиографический справочник / Министерство образования Республики Беларусь, Учреждение образования «Могилевский государственный университет имени А. А. Кулешова» ; [составители: С. А. Порошков, В. В. Старостенко, Е. К. Сычова ; под общей редакцией К. М. Бондаренко]. — Могилев, 2013. — С. 153 : фото.

Дадатковыя:

  • Іваноў, Я. Я. Кечык Софія Якаўлеўна / Я. Я. Іваноў, В. І. Рагаўцоў // Мовазнаўцы Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова : біябібліяграфічны даведнік / Я. Я. Іваноў, В. І. Рагаўцоў. — Магілёў, 2002. — С. 170—173 : фота.
  • Кечык Софія Якаўлеўна // Беларускія лінгвісты – ураджэнцы Магілёўшчыны / складальнік І. К. Германовіч. — Магілёў, 2001. — С. 50.
  • Крыўко, М. Двойчы выдатнік асветы, каралева дзеепрыслоўя : 90 гадоў з дня нараджэння Соф’і Кечык / М. Крыўко // Настаўніцкая газета. — 2012. — 11 кастрычніка. — С. 7.
  • Пайшла з жыцця Сафія Якаўлеўна Кечык : некралог // Магілёўскія ведамасці. — 2018. — 19 кастрычніка. — С. 19.
Установа культуры «Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна»
Copyright © 2023