Галоўным аб’ектам навуковых заняткаў С.М. Грабчыкава была лексікаграфія.
Пяру таленавітага лексікографа належыць каля 50 навуковых прац. Ён аўтар “Русско-белорусского словаря” (1965) для школ, “Арфаграфічнага слоўніка беларускай мовы” (1968) для пачатковых школ, “Беларуска-рускага слоўніка” (1970) і інш.
Шмат часу і старання аддаў С.М. Грабчыкаў стварэнню “Слоўніка мовы В. Дуніна-Марцінкевіча” – першай у гісторыі беларускай лексікаграфіі працы па сістэматычнаму і поўнаму апісанню лексікі пісьменніка. Гэтая капітальная праца атрымала высокую ацэнку спецыялістаў-лексікографаў не толькі ў нашай рэспубліцы, але і за яе межамі.
С.М. Грабчыкаў вядомы як складальнік зборнікаў мастацкіх і публіцыстычных твораў для школьнікаў: “Вершы, аднаактовыя п’есы” (1961), “Слова аб роднай прыродзе” (1963; 2-е выд, 1968; 3-е выд., 1989), “Чырвоныя лісткі календара” (1966; 2-е выд., 1984).
Часта ён выступаў у друку з артыкуламі па гісторыі беларускай літаратурнай мовы, па беларускай лексікаграфіі, па культуры беларускай мовы, з рэцэнзіямі на новыя беларускія мовазнаўчыя працы.
Уклад С.М. Грабчыкава ў беларускае мовазнаўства, асабліва ў беларускую лексікаграфію, вельмі значны. Створаныя ім слоўнікі не старэюць з часам, па-ранейшаму дапамагаюць авалоданню мовамі і працягваюць перавыдавацца.