БУЛАХАЎ МІХАІЛ ГАПЕЕВІЧ

(22.06.1919 в. Маслакі, Горацкі раён, Магілёўская вобласць, – 05.05.2012)

Беларускі мовазнавец. Заслужаны дзеяч навукі Беларусі (1971). Доктар філалагічных навук (1966), прафесар (1967)

БІЯГРАФІЯ

Нарадзіўся 22 ліпеня 1919 г. у в. Маслакі Горацкага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і.
Скончыўшы мясцовую сямігодку і шасцімесячныя падрыхтоўчыя курсы, у 1936 г. паступіў на філалагічны факультэт Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (цяпер УА “Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А Куляшова”). Пасля трэцяга курса працаваў настаўнікам Дулебненскай дзесяцігодкі на Магілёўшчыне.
У 1940 г. здаў экстэрнам курсавыя і дзяржаўныя экзамены за педінстытут і быў прызваны на службу ў Чырвоную Армію. Усю Вялікую Айчынную вайну прабыў на фронце (511 гаўбічны артылерыйскі полк, старшы лейтэнант; лейтэнант адміністрацыйнай службы), быў некалькі разоў паранены і кантужаны. Дзень Перамогі сустрэў пад Прагай.
У снежні 1945 г. звольніўся ў запас і пачаў вучыцца ў аспірантуры пры Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя М. Горкага (цяпер УА “Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка”) па спецыяльнасці “Руская мова”.
У сакавіку 1948 г. быў залічаны выкладчыкам у штат кафедры рускай мовы педінстытута, пазней яе ўзначаліў.
У 1950 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю па лексіцы “Рэалістаў” Дз.I. Пісарава, выкананую пад кіраўніцтвам члена-карэспандэнта АН СССР С.Р. Бархударава. Праз год перайшоў на даследчую працу ў Інстытут мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР, дзе спачатку займаў пасаду старшага навуковага супрацоўніка сектара сучаснай беларускай мовы і культуры маўлення. З 1952 г. загадваў гэтым сектарам.
У маі 1965 г. па конкурсе быў абраны загадчыкам кафедры рускай мовы і агульнага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна, абараніў доктарскую дысертацыю на тэму “Гісторыя ад’ектыўнага формаўтварэння і формаўжывання ў беларускай мове”.
У лютым 1967 г. прысвоена вучонае званне прафесара.
1969–1975 гг. з’яўляўся галоўным рэдактарам часопіса “Веснік Белдзяржуніверсітэта. Серыя 4. Філалогія. Журналістыка. Педагогіка. Псіхалогія”.
З 1975 г. працаваў ў Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя М. Горкага на пасадзе прафесара кафедры рускай мовы і агульнага мовазнаўства, шаснаццаць гадоў загадваў гэтай кафедрай.
Памёр 5 мая 2012 г.

НАВУКОВАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ

Асноўныя кірункі навуковай дзейнасці М.Г. Булахава – беларускае, рускае і славянскае мовазнаўства, удасканаленне методыкі выкладання лінгвістычных дысцыплін у вышэйшых установах.
М.Г. Булахаў даследаваў мову старажытных беларускіх помнікаў дзелавога, публіцыстычнага і літаратурнага характару, твораў 17–20 ст., першадрукаў Ф. Скарыны (“Аб словаўтварэнні скарынінскіх выданняў” 1968; “Аб задачах лінгвістычнага вывучэння кніжнай спадчыны Ф. Скарыны”, 1967, і інш.), С. Буднага.
М.Г. Булахаў аўтар трохтомнага даследавання “Прыметнік у беларускай мове” (1964), “Гісторыя прыметнікаў беларускай мовы XIV–XVII стагоддзяў. Ч. 2. Сінтаксічны нарыс” (1971), “Гісторыя прыметнікаў беларускай мовы. Ч. 3. Лексіка-лагічны нарыс” (1973).
Стварыў першы ў айчынным мовазнаўстве трохтомны біябібліяграфічны слоўнік “Усходнеславянскія мовазнаўцы” (1976–1978). У ім змешчаны нарысы пра 352 вучоных ад XVI ст. па 1970-я гады, з іх 26 – беларускія: І. Насовіч, Я. Карскі, Б. Тарашкевіч, С. Некрашэвіч, М. Байкоў, І. Воўк-Левановіч, П. Бузук і інш.
М.Г. Булахаў удзяляў вялікую ўвагу падрыхтоўцы падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў па беларускай і рускай мовах для сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў. Сярод іх: “Беларуская мова” (ч. 1–2, 1955, 1958), “Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы” (т. 1–3, 1957, 1959, 1961), “Граматыка беларускай мовы” (т. 1–2, 1962, 1966) і інш.

УЗНАГАРОДЫ

  • Ганаровае званне “Заслужаны дзеяч навукі Беларусі” (1971)
  • Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР (1979 і 1982)
  • Медаль Францыска Скарыны (1990)
  • Ордэн Францыска Скарыны (1997)

Як удзельнік Вялікай Айчыннай вайны:

  • Ордэн Чырвонай зоркі (1943)
  • Ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені (1985)

СПІС АСНОЎНЫХ ПРАЦ

  • Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Марфалогія : падручнік для студэнтаў філалагічных факультэтаў універсітэтаў і педагагічных інстытутаў/ М. Г. Булахаў [і інш.]. — Мінск, 1957. — 304 с.
  • Булахаў, М. Г. Беларуская мова. Ч. 2. Сінтаксіс : падручнік / М. Г. Булахаў, Н. І. Гурскі, М. Ц. Марчанка. — Мінск, 1958. — 245 с.
  • Булахаў, М. Г. Беларуская мова. Ч. І : Лексікалогія, фанетыка, марфалогія : падручнік / М. Г. Булахаў, Н. І. Гурскі, М. Ц. Марчанка. — Выданне 2-е, выпраўленнае і дапаўненнае. — Мінск, 1958. — 393 с.
  • Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Сінтаксіс : падручнік для студэнтаў філалагічнага факультэтаў / М. Г Булахаў [і інш.]. — Мінск, 1959. — 378 с.
  • Булахаў, М. Г. Граматыка беларускай мовы. Т. 1 : Марфалогія / М. Г. Булахаў [і інш.]. — Мінск : АН БССР, 1962. — 540 с.
  • Булахаў, М. Г. Аб словаўтварэнні скарынінскіх выданняў / М. Г. Булахаў // 450 год беларускага кнігадрукавання. — Мінск, 1968. — С. 315—344.
  • Булахов, М. Г. Восточнославянские языковеды : биобиблиографический словарь : в 3 т. / М. Г. Булахов. — Минск : БГУ, 1976—1978. Т. 1. — 1976. — 320 с. Т. 2. — 1977. — 352 с. Т. 3. — 1978. — 384 с.
  • Булахаў, М. Г. Беларускія перакладчыкі, даследчыкі, ілюстратары «Слова о полку Игореве» / М. Г. Булахаў ; [уступны артыкул Н. В. Паляшчук]. — Мінск : Беларуская навука, 2012. — 166, [1] с., [9] л. іл., партр., факсім.

Глядзець таксама:

  • Беларускае мовазнаўства : бібліяграфічны паказальнік : 1825—1965 / Акадэмія навук Беларускай ССР, Фундаментальная бібліятэка імя Я. Коласа ; [складальнікі: А. Д. Васілеўская [і інш.] ; рэдактар Л. М. Шакун]. — Мінск : Навука і тэхніка, 1967. — 415 с.
  • Беларускае мовазнаўства : бібліяграфічны паказальнік : 1966—1975 / Акадэмія навук Беларускай ССР, Фундаментальная бібліятэка імя Я. Коласа ; [складальнікі: А. Д. Васілеўская, Я. М. Рамановіч ; рэдактар М. В. Бірыла]. — Мінск : Навука і тэхніка, 1980. — 350, [2] с.
  • Беларускае мовазнаўства : бібліяграфічны паказальнік : 1976—1985 / АН Беларусі, ЦНБ імя Я.Коласа ; [складальнікі: А. Д. Васілеўская, Я. М. Рамановіч ; уступны артыкул Л. М. Шакуна]. — Мінск, 1993. — 558 с.
  • Методыка выкладання беларускай мовы : бібліяграфічны паказальнік : 1969—1990 / складальнік М. С. Лукашус ; рэдактар В. У. Протчанка. — Мiнск : Вышэйшая школа, 1993. — 109 с.
  • Беларускае мовазнаўства : бібліяграфічны паказальнік : 1986—1991 / [складальнікі: А. У. Каратышэўская, А. У. Траццякова]. — Мінск : Беларуская навука, 2004. — 484 с.

КРЫНІЦЫ

Асноўныя:
  • Булахаў Міхаіл Гапеевіч // Беларускія лінгвісты — ўраджэнцы Магілёўшчыны : матэрыялы канферэнцыі / складальнік І. К. Германовіч [і інш.]. — Магілёў, 2001. — С. 38—43 : фота.

Дадатковыя:

Установа культуры «Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна»
Copyright © 2023