БЯЛЬКЕВІЧ ІВАН КАНДРАТАВІЧ

(06.03.1883 в. Варонічы, Слонімскі раён, Гродзенская вобласць, – 19.10.1960)

Беларускі мовазнавец, лексікограф, педагог

БІЯГРАФІЯ

Нарадзіўся 6 сакавіка 1883 г. у в. Варонічы Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям’і.
Паспяхова скончыўшы мясцовую царкоўнапрыхадскую школу, некаторы час вучыў грамаце дзяцей-аднавяскоўцаў. Разам са сваімі вучнямі настойліва вучыўся і сам, бо марыў працягнуць сваю адукацыю.
1905–1909 гг. вучыўся ў Свіслацкай настаўніцкай семінарыі. Працаваў загадчыкам чатырохкласнай школы ў в. Бракава на Слонімшчыне.
У 1915 г. у сувязі з набліжэннем фронту мясцовае насельніцтва было эвакуіравана ў глыбокі тыл, і I.К. Бялькевіч апынуўся на Саратаўшчыне.
У 1919 г. вярнуўся на Радзіму. Працаваў загадчыкам Вароніцкай беларускай школы Слонімскага павета. Педагагічную работу спалучаў з грамадскай: часта выступаў перад насельніцтвам з дакладамі і гутаркамі аб міжнародным становішчы і мерапрыемствах Савецкай улады, дапамагаў праводзіць у жыццё рашэнні мясцовых камітэтаў беднаты.
У жніўні 1920 г. пераведзены ў Мінск загадчыкам Беларускага аддзела Народнага камісарыята асветы БССР, а па сумяшчальніцтву адначасова настаўнікам 36-й гарадской школы і загадчыкам вячэрняй школы № 2 па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых.
У 1925 г. паспяхова скончыў этнолага-лінгвістычнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна (цяпер “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт”). Быў размеркаваны па свайму жаданню ў Мсціслаў выкладчыкам, а затым дырэктарам педтэхнікума. У гэты час пачаў працаваць над самым значным сваім творам “Краёвым слоўнікам Усходняй Магілёўшчыны”.
У 1927 г. пераехаў у Мінск і пачаў працаваць у Інбелкульце, спачатку сакратаром Аддзела гуманітарных навук, а пасля спецыялістам Слоўнікавай камісіі.
У 1930 г. I.К. Бялькевіч быў абвінавачаны ў нацыяналізме і высланы за межы Беларусі. Чатыры гады ён жыў і працаваў у г. Йошкар-Ола Марыйскай АССР, потым пераехаў у Азова-Чарнаморскі край. Там выкладаў рускую мову і літаратуру спачатку ў Натальеўскай сярэдняй школе, а затым у школах Жданава.
1948–1955 гг. займаў пасаду загадчыка навучальнай часткі вучэбнага пункта “Азоўсталь”.
1955–1958 гг. быў інжынерам-метадыстам Жданаўскага філіяла Данецкага вячэрняга будаўнічага тэхнікума, так і не атрымаўшы дазволу вярнуцца на Радзіму.
Рэабілітаваны 19 верасня 1960 г.
Памёр 18 кастрычніка 1960 г.

НАВУКОВАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ

I.К. Бялькевіч вывучаў дыялекталогію і культуру беларускай літаратурнай мовы.
Аўтар артыкулаў па беларускаму мовазнаўству і “Краёвага слоўніка Усходняй Магілёўшчыны” (падрыхтаваны ў 1920-х гг., выдадзены ў 1970 г.) – самага вялікага абласнога слоўніка беларускай мовы (каля 20 тысяч слоў).
На вялікі жаль, убачыць свой слоўнік надрукаваным I.К. Бялькевічу пры жыцці не давялося. Клопаты аб выданні “Краёвага слоўніка Усходняй Магілёўшчыны” пасля смерці аўтара ўзяла на сябе яго жонка Н.М. Улашчык і сын У.І. Бялькевіч.

СПІС АСНОЎНЫХ ПРАЦ

  • Бялькевіч, Я. Выступленне па пытаннях рэформы беларускай графікі / Я. Бялькевіч // Працы Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі. — 1927. — С. 160—165; 235—238; 284—287.
  • Бялькевіч, І. К. Краёвы слоўнік усходняй Магілёўшчыны / І. К. Бялькевіч. — Мінск : Навука і тэхніка, 1970. — 511 с.

КРЫНІЦЫ

Асноўныя:
  • І. К. Бялькевіч / Германовіч, І. К. Беларускія мовазнаўцы : нарысы жыцця і навуковай дзейнасці / І. К. Германовіч. — Мінск, 1985. — С. 163—179 : фота.

Дадатковыя:

Установа культуры «Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна»
Copyright © 2023