Нарадзіўся 20 чэрвеня 1938 г. у в. Прошкі Шаркаўшчынскага pаёна Віцебскай вобласці.
У 1953 г. паступіў у Полацкі педагагічны тэхнікум (цяпер Полацкі каледж УА “Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава”), які скончыў з адзнакай у 1957 г.
У гэтым жа годзе паступіў на філалагічны факультэт Полацкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (у 1958 г. аб’яднаны з Віцебскім педінстытутам, цяпер УА “Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава”), у ім правучыўся 2 курсы. У сувязі з закрыццём установы (1959) быў пераведзены ў Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут (цяпер УА “Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова”), які і скончыў з адзнакай у 1962 г. па спецыяльнасці “Беларуская і руская мова і літаратура”.
У 1968 г. скончыў аспірантуру Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа АН БССР (пры сектары сучаснай беларускай літаратурнай мовы і культуры мовы) па спецыяльнасці “беларуская мова”.
Кандыдат філалагічных навук (1970), кандыдацкая дысертацыя “Пабочныя кампаненты сказа ў беларускай літаратурнай мове” абаронена ў Інстытуце мовазнаўства імя Я. Коласа АН БССР.
Член-карэспандэнт Беларускай акадэміі адукацыі (1997).
Больш за 30 гадоў жыццёвы шлях Міхаіла Аляксандравіча быў звязаны з Магілёўскім дзяржаўным педагагічным інстытутам (цяпер УА “Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова”).
З 1965 г. працаваў на розных пасадах: асістэнтам (1962–1963), выкладчыкам (1964), старшым выкладчыкам (1965–1972), дацэнтам (1976–1991), прарэктарам па вучэбнай рабоце (1972–1991), першым прарэктарам (1991–1994).
1992 г. – прысвоена вучонае званне прафесара.
1994–2000 гг. М.А. Аўласевіч – рэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А. Куляшова.
Імя прафесара М.А. Аўласевіча ўнесена ў кнігу “Хто ёсць хто ў сучаснай беларускай лінгвістыцы”.
Міхаіл Аляксандравіч быў вядомы ў рэспубліцы як актыўны грамадскі дзеяч. З’яўляўся старшынёй Рэспубліканскага Савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы таленавітых навучэнцаў і студэнтаў, членам Камітэта па Дзяржаўных прэміях Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у вобласці літаратуры і мастацтва.
2000–2004 гг. працаваў намеснікам старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Памёр 11 сакавіка 2008 г. Пахаваны ў г. Мінску.