АНІЧЭНКА УЛАДЗІМІР ВАСІЛЬЕВІЧ

(20.07.1924 в. Янаўка, Хоцімскі раён, Магілёўская вобласць – 02.02.2001)

Беларускі мовазнавец. Доктар навук (1970), прафесар (1971). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1976)

БІЯГРАФІЯ

Нарадзіўся 20 ліпеня 1924 г. у в. Янаўка Хоцімскага раёна Магілёўскай вобласці ў мнагадзетнай сялянскай сям’і.
У 1931 г. паступіў вучыцца ў Янаўскую трохгадовую пачатковую школу, чацвёрты клас якой скончыў у суседняй в. Камуна ў 1935 г.
У 1935–1941 гг. вучыўся ў Хоцімскай сярэдняй школе.
У чэрвені 1941 г. дапамагаў эвакуіраваць калгасных коней у Курскую вобласць. Пасля вяртання дадому зведаў усе жахі фашысцкай акупацыі: трапіў у Магілёўскі канцлагер, адкуль у хуткім часе ўцёк. Затым быў вывезены фашыстамі на прымусовыя работы ў Судэты (г. Мост, Чэхія), дзе яму разам з іншымі вязнямі пашанцавала вырвацца з няволі і стварыць у Арліцкіх гарах партызанскі атрад “Эда”, у складзе якога змагаўся з 12 верасня 1943 г. па 9 мая 1945 г.
У 1945–1946 гг. служыў у Чырвонай Арміі. Быў супрацоўнікам армейскай газеты “Гвардзеец”, пасля дэмабілізацыі – карэспандэнт ваўкавыскай гарадской газеты “Зара”.
На працягу 1947–1952 гг. быў студэнтам філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.I. Леніна (цяпер “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт”), які закончыў з адзнакай, і стаў аспірантам Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа АН БССР.
У 1955 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю “Гісторыя форм прошлага часу ў беларускай мове па матэрыялах Літоўскай метрыкі XV-XVI ст.ст.” (навуковы кіраўнік – дацэнт А.Я. Бірыла). Працаваў малодшым, а потым старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства АН БССР. Займаўся ўкамплектаваннем інстытуцкай бібліятэкі рэдкімі рукапіснымі і друкаванымі помнікамі старабеларускага пісьменства.
У 1970 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму “Беларуска-украінскія пісьмова-моўныя сувязі”. З гэтага часу У.В. Анічэнка – загадчык кафедрай беларускай мовы Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (цяпер УА “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны”).
1991–2001 гг – прафесар кафедры беларускай мовы і загадчык лінгвістычнай лабараторыі пры навукова-даследчым сектары ўніверсітэта. Узначальваў савет па абароне кандыдацкіх дысертацый па спецыяльнасці “Беларуская мова”. Выхаваў больш за 20 кандыдатаў і дактароў навук мовазнаўства.
У апошнія гады свайго жыцця У.В. Анічэнка займаўся падрыхтоўкай да выдання рукапісу “Царкоўнаславянска-беларускага слоўніка”, які не быў апублікаваны.
Памёр 2 лютага 2001 г.

НАВУКОВАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ

У.В. Анічэнка даследаваў гісторыю беларускай мовы. Вывучаў (1960-я гг.) беларуска-украінскія пісьмова-моўныя сувязі старажытнай пары.
На рахунку вучонага больш за 250 навуковых прац, у тым ліку 18 асобных выданняў, апублікаваных за мяжой.
Па ініцыятыве У.В. Анічэнкі з 1973 г. ў выдавецтве БДУ (з 1996 г. у ГДУ) стаў выходзіць міжведамасны зборнік навуковых артыкулаў “Беларуская мова і мовазнаўства” (1973–1976), перайменаваны ў зборнік “Беларуская мова” (1977–1999). Усяго пад рэдакцыяй У.В. Анічэнкі выйшлі 24 выпускі зборніка, у якіх апублікавалі свае артыкулы выкладчыкі і аспіранты Гомельскага дзяржаўнага універсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна, Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук, Мазырскага, Віцебскага, Гродзенскага, Магілёўскага, Брэсцкага ўніверсітэтаў.
За комплекс работ “Скарынiяна” (1966–1988) быў удастоены звання лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР. У 1993 г. у Гомельскім дзяржаўным універсітэце, дзякуючы намаганням У.В. Анічэнка, быў адкрыты музей-лабараторыя Ф. Скарыны.

УЗНАГАРОДЫ

  • Ганаровае званне “Заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР” (1976)
  • Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларускай ССР (1988)
  • Медаль імя Францыска Скарыны (1996)
  • Кавалер ордэна прападобнага Сергія Раданежскага (1999)

Як удзельнік Вялікай Айчыннай вайны:

  • Ордэн Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені (1985)
  • Медаль “Чэхаславацкі партызан”

СПІС АСНОЎНЫХ ПРАЦ

  • Анічэнка, У. В Беларуска-ўкраінскія пісьмова-моўныя сувязі / У. В. Анічэнка. — Мінск : Навука і тэхніка, 1969. — 294 с.
  • Гістарычная лексікалогія беларускай мовы / Акадэмія навук Беларускай ССР, Інстытут мовазнаўства імя Я. Коласа; У. В. Анічэнка [і інш.]. — Мінск : Навука і тэхніка, 1970. — 337, [2] с.
  • Анічэнка, У. В. Марфалогія ўсходнеславянскіх моў. Назоўнік. Дзеяслоў. Прыслоўе / У. В. Анічэнка. — Мінск : Вышая школа, 1973. — 128 с.
  • Слоўнік мовы Скарыны / складальнік У. В. Анічэнка. — Мінск : Вышая школа, 1977—1984. Т. 1 : А—О. — 1977. — 476 с. Т. 2 : П—Я. — 1984. — 360 с.
  • Анічэнка, У. В. Гістарычная лексікалогія ўсходнеславянскіх моў : вучэбны дапаможнік / У. В. Анічэнка. — Гомель, 1978. — 94 с.
  • Гістарычная лексікалогія ўсходнеславянскіх моў : вучэбны дапаможнік для студэнтаў і выкладчыкаў філалагічных факультэтаў вышэйшых навучальных устаноў / У. В. Анічэнка. — Гомель : ГДУ, 1978. — 94 с.
  • Анічэнка, У. В. Беларуская мова : дапаможнік для самаадукацыі / У. В. Анічэнка. — Мінск : Беларуская навука, 1998. — 206 с.

Глядзець таксама:

  • Беларускае мовазнаўства : бібліяграфічны паказальнік : 1825—1965 / Акадэмія навук Беларускай ССР, Фундаментальная бібліятэка імя Я. Коласа ; [складальнікі: А. Д. Васілеўская [і інш.] ; рэдактар Л. М. Шакун]. — Мінск : Навука і тэхніка, 1967. — 415 с.
  • Беларускае мовазнаўства : бібліяграфічны паказальнік : 1966—1975 / Акадэмія навук Беларускай ССР, Фундаментальная бібліятэка імя Я. Коласа ; [складальнікі: А. Д. Васілеўская, Я. М. Рамановіч ; рэдактар М. В. Бірыла]. — Мінск : Навука і тэхніка, 1980. — 350, [2] с.
  • Беларускае мовазнаўства : бібліяграфічны паказальнік : 1976—1985 / АН Беларусі, ЦНБ імя Я.Коласа ; [складальнікі: А. Д. Васілеўская, Я. М. Рамановіч ; уступны артыкул Л. М. Шакуна]. — Мінск, 1993. — 558 с.
  • Методыка выкладання беларускай мовы : бібліяграфічны паказальнік : 1969—1990 / складальнік М. С. Лукашус ; рэдактар В. У. Протчанка. — Мiнск : Вышэйшая школа, 1993. — 109 с.
  • Беларускае мовазнаўства : бібліяграфічны паказальнік : 1986—1991 / [складальнікі: А. У. Каратышэўская, А. У. Траццякова]. — Мінск : Беларуская навука, 2004. — 484 с.

КРЫНІЦЫ

Асноўныя:
  • Анічэнка Уладзімір Васільевіч / Беларускія лінгвісты — ўраджэнцы Магілёўшчыны : матэрыялы канферэнцыі / складальнік І. К. Германовіч [і інш.] ; Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова. — Магілёў, 2001. — С. 6—9 : фота.

Дадатковыя:

Установа культуры «Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна»
Copyright © 2023