АНДРЭЕНКА УЛАДЗІМІР КАЛІНАВІЧ

(28.11.1918 в. Зарэчча, Круглянскі раён, Магілёўская вобласць, – 01.02.2002)

Беларускі мовазнавец

БІЯГРАФІЯ

Нарадзіўся 28 лістапада 1918 г. у в. Зарэчча Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці.
У 1934 г. скончыў Цяцерынскую 7-гадовую школу.
У 1937 г. – Магілёўскі педагагічны тэхнікум (цяпер Сацыяльна-гуманітарны каледж УА “Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова”).
У 1941 г. – Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя М. Горкага (цяпер УА “Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка”).
Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Баявая дзейнасць У.К. Андрэенкі адзначана ўрадавымі ўзнагародамі.
Каля 20 гадоў працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе.
У 1957–1983 гг. старшы навуковы супрацоўнік, вучоны сакратар, загадчык аддзела Навукова-даследчага інстытута педагогікі Міністэрства асветы Рэспублікі Беларусь.
У ліпені 1998 г. У.К. Андрэенка назаўсёды пераязжае з Мінску ў г. Троіцк (30 км. ад Масквы), дзе праводзіць апошнія гады жыцця.
Памёр 1 лютага 2002 г.

НАВУКОВАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ

У.К. Андрэенка зрабіў вялікі ўклад у складанне праграм па беларускай мове для 4–8-х класаў усіх тыпаў школ (1959–1986), аўтар шэрагу артыкулаў па пытаннях складання праграм, стварэння падручнікаў і методыкі беларускай мовы ў школе.
У.К. Андрэенка (у сааўтарстве з М.С. Яўневічам) упершыню ў Рэспубліцы Беларусь напісаў і выдаў падручнік “Беларуская мова” для 5–6-х класаў васьмігадовай і сярэдняй школы з рускай мовай навучання (1963), падручнік “Беларуская мова” для 5–6-х класаў васьмігадовай і сярэдняй школы з беларускай мовай навучання (1970) і “Беларуская мова” для 7–8-х класаў васьмігадовай і сярэдняй школы (1964).
Усе тры падручнікі былі ўхвалены настаўнікамі і атрымалі станоўчую ацэнку ў друку. Названыя падручнікі дапрацоўваліся, перавыдаваліся, на іх аснове ствараліся новыя. За тры с паловай дзесяцігоддзі У.К. Андрэенка разам з М.С. Яўневічам падрыхтавалі восем падручнікаў для школы (тыраж каля 7 млн. экз.), апошні – “Беларуская мова. Сінтаксіс : падручнік для VІІ–ІХ класаў” выйшаў у 1995 г.

УЗНАГАРОДЫ

  • Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР
  • Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1990)
  • Ганаровае званне “Выдатнік народнай асветы Рэспублікі Беларусь”
  • Медаль “Лаўрэат ВДНГ СССР” (1984)
  • Медаль “За працоўную доблесць”
  • Медаль“Ветэран працы”

Як удзельнік Вялікай Айчыннай вайны:

  • Ордэн Айчыннай вайны II ступені (1985)

СПІС АСНОЎНЫХ ПРАЦ

  • Андрэенка, У. К. Беларуская мова : падручнік для 5―6-х класаў васьмігадовай і сярэдняй школы : у 2 ч. / У. К. Андрэенка, М. С. Яўневіч. — Мінск : Народная асвета. — 1963. — 211 с.
  • Андрэенка, У. К. Беларуская мова : падручнік для 5―6-х класаў школ з рускай мовай навучання / У. К. Андрэенка, М. С. Яўневіч. — Мінск : Народная асвета, 1971. — 303 с. : іл.
  • Андрэенка, У. К. Беларуская мова: сінтаксіс і пунктуацыя : падручнік для 8―9-х класаў / У. К. Андрэенка, М. С. Яўневіч. — Мінск : Народная асвета, 1973. — 303 с. : іл.
  • Андрэенка, У. К. Беларуская мова: сінтаксіс і пунктуацыя : падручнік для 7―8-х класаў / У. К. Андрэенка, М. С. Яўневіч. — Мінск : Народная асвета, 1981. — 287 с.
  • Андрэенка, У. К. Беларуская мова : падручнік для 6―7-х класаў школ з беларускай мовай навучання / У. К. Андрэенка, М. С. Яўневіч. — 14-е выданне, дапрацаванае. — Мінск : Народная асвета, 1992. — 334 с.

Глядзець таксама:

  • Беларускае мовазнаўства : бібліяграфічны паказальнік : 1825—1965 / Акадэмія навук Беларускай ССР, Фундаментальная бібліятэка імя Я. Коласа ; [складальнікі: А. Д. Васілеўская [і інш.] ; рэдактар Л. М. Шакун]. — Мінск : Навука і тэхніка, 1967. — 415 с.
  • Беларускае мовазнаўства : бібліяграфічны паказальнік : 1966—1975 / Акадэмія навук Беларускай ССР, Фундаментальная бібліятэка імя Я. Коласа ; [складальнікі: А. Д. Васілеўская, Я. М. Рамановіч ; рэдактар М. В. Бірыла]. — Мінск : Навука і тэхніка, 1980. — 350, [2] с.
  • Методыка выкладання беларускай мовы : бібліяграфічны паказальнік : 1969—1990 / складальнік М. С. Лукашус ; рэдактар В. У. Протчанка. — Мiнск : Вышэйшая школа, 1993. — 109 с.
  • Беларускае мовазнаўства : бібліяграфічны паказальнік : 1976—1985 / АН Беларусі, ЦНБ імя Я.Коласа ; [складальнікі: А. Д. Васілеўская, Я. М. Рамановіч ; уступны артыкул Л. М. Шакуна]. — Мінск, 1993. — 558 с.
  • Беларускае мовазнаўства : бібліяграфічны паказальнік : 1986—1991 / [складальнікі: А. У. Каратышэўская, А. У. Траццякова]. — Мінск : Беларуская навука, 2004. — 484 с.

КРЫНІЦЫ

Асноўныя:
  • Андрэенка Уладзімір Калінавіч // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Круглянскага раёна / галоўны рэдактар Г. П. Пашкоў. — Мінск, 1996. — С. 503—504 : фота.

Дадатковыя:

Установа культуры «Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна»
Copyright © 2023