АДЗІНЕЦ АРКАДЗЬ ЯКАЎЛЕВІЧ

(09.08.1895 в. Парэчча, Бабруйскі павет, Мінская губерня (цяпер Глускі раён Магілёўская вобласць), – ?)

Беларускі мовазнавец

БІЯГРАФІЯ

Нарадзіўся 9 жніўня 1895 г. у в. Парэчча Бабруйскага павета Мінскай губерні (цяпер Глускі раён Магілёўскай вобласці), беларус.
У 1915–1918 гг. служыў у царскай арміі.
У 1918–1919 гг. вучыўся на педкурсах, працаваў загадчыкам Народнага дома ў вёсцы Рудабелка.
У 1920 г. мабілізаваны ў Чырвоную Армію, у якой служыў да канца 1921.
У 1922–1923 гг. настаўнічаў на вёсцы. У 1924 г. скончыў Бабруйскі педтэхнікум, працаваў настаўнікам у Мазыры.
У 1928 г. скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя У.І. Леніна (цяпер “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт”), вучыўся ў аспірантуры Беларускай акадэміі навук (цяпер “Нацыянальная акадэмія навук Беларусі”).
18 ліпеня 1930 г. арыштаваны і па пастанаўленню Калегіі ОДПУ БССР ад 10 красавіка 1931 г. па арт. 58 п. 4, 7, 10, 11 Крымінальнага кодэксу БССР высланы ў г. Чэбаксары Чувашскай АССР тэрмінам на 5 гадоў.
25 ліпеня 1935 г. пастановай Асобай нарады А.Я. Адзінец быў зноў асуджаны. Рэабілітаваны 15 лістапада 1957 г. Вярхоўным судом БССР.
Пасля рэабілітацыі жыў у г. Сцерлітомак Башкірскай АССР. Звестак аб далейшым лёсе няма.

НАВУКОВАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ

Навукова-даследчай працай А.Я Адзінец пачаў займацца падчас вучобы ў аспірантуры: выяджаў з іншымі студэнтамі ў дыялекталагічныя экспедыцыі на Тураўшчыну.
Аўтар навуковай працы “Агульныя нататкі аб мове Тураўшчыны” (разам з І. Юрашкевічам, 1928).

СПІС АСНОЎНЫХ ПРАЦ

  • Адзінец, А. Агульныя нататкі аб мове Тураўшчыны : [з доследу, зробленага ўдзельнікамі студэнцкай краязнаўчай экспедыцыі ў Тураўшчыне] / Аркадзь Адзінец, Іван Юрашкевіч ; [пад кіраўніцтвам П. А. Бузука]. — Мінск, 1928. — 81 с.

КРЫНІЦЫ

Асноўныя:
  • Адзінец Аркадзь Якаўлевіч // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Глускага раёна / галоўны рэдактар У. І. Лемяшонак. — Мінск, 1999. — С. 219.
Установа культуры «Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна»
Copyright © 2023