АБАБУРКА МІКАЛАЙ ВАСІЛЬЕВІЧ

(15.05.1941 в. Морач, Клецкі раён, Мінская вобласць)

Беларускі мовазнавец. Доктар філалагічных навук (2001), прафесар (1993). Псеўданімы: Мікола Бабраўнічы

БІЯГРАФІЯ

Нарадзіўся 15 мая 1941 г. у в. Морач Клецкага раёна Мінскай вобласці (былой Баранавіцкай) ў сялянскай сям’і. Бацька – Васіль Андрэевіч і маці – Ефрасіння Пятроўна – звычайныя беларускія хлебаробы.
У 1948–1955 гг. навучаўся ў Морацкай сямігодцы.
У 1958 г. скончыў Заастравецкую сярэднюю школу. Потым тры гады працаваў у калгасе.
У 1961 г. паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна (цяпер “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт”), які скончыў у 1966 г.
У 1966–1969 гг. вучыўся ў аспірантуры пры кафедры беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна.
У 1971 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Диалектная лексика в белорусской советской художественной прозе” (навуковы кіраўнік – доктар філалагічных навук прафесар М.А. Жыдовіч).
У 2001 г. – доктарскую дысертацыю на тэму “Станаўленне і развіццё мовы беларускай мастацкай літаратуры”.
У 1996 г. прысвоена вучонае званне прафесара.
У 1966–1967 гг. працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, рускай мовы і літаратуры, нямецкай мовы Грабянецкай сярэдняй школы Чэрвеньскага pаёна Мінскай вобласці, метадыстам Навукова-метадычнага кабінета Міністэрства сярэдняй і спецыяльнай адукацыі БССР (1970).
З 1970 г. працуе ў Магілёўскім дзяржаўным педагагічным інстытуце (цяпер УА “Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова”) (старшы выкладчык 1970–1976, дацэнт 1976–1993, прафесар 1993, загадчык кафедры беларускай мовы 1973–1983), з 2018 – факультэт пачатковай і музычнай адукацыі, кафедра пачатковай адукацыі і лінгвадыдактыкі.

НАВУКОВАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ

Навукова-даследчай працай М.В. Абабурка пачаў займацца яшчэ ў час вучобы ва ўніверсітэце: удзельнічаў у разнастайных студэнцкіх канферэнцыях, рыхтаваў конкурсныя працы, штогод выязжаў у дыялекталагічныя экспедыцыі па зборы лексікі мінска-маладзечанскіх гаворак. Ён даследуе мову мастацкай літаратуры, лексіку беларускай літаратуры і дыялектнай мовы, стылістыку, культуру мовы, пытанні параўнальнай граматыкі моў, тэрміналогію.
Аўтар больш за 40 кніг і 200 навуковых публікацый. Сярод іх – манаграфіі “Станаўленне і развіццё мовы беларускай мастацкай літаратуры” (2000), “Беларуская лінгвістычная паэтыка і тэксталогія” (2008), “Сучасны літаратурна-мастацкі расповед” (2011, у суаўтарстве), “Паэтыка беларускай мастацкай літаратуры XX ст.” (2014, у суаўтарстве); вучэбныя дапаможнікі “Тэарэтычныя асновы беларускай лінгвістычнай тэксталогіі” і “Практычныя асновы беларускай лінгвістычнай паэтыкі і тэксталогіі” (2003), “Адметнасці ў стылі і мове твораў В. Быкава” (2004, у суаўтарстве), “Лінгвістыка тэксту” (2008); слоўнікі “Слоўнік-даведнік асноўных лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў” (1998), “Лінгвастылістычныя і тэксталагічныя тэрміны” (2011), “Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў” (2012, у суаўтарстве); вучэбна-метадычныя дапаможнікі “Рознастылёвыя тэксты і іх аналіз” (2010), “Вывучэнне мовы твораў Аркадзя Куляшова” (2014), “Размежаванне часцін мовы і іх граматычных форм” (2015) і інш.
М.В. Абабурка вядомы як майстар мастацкага слова. Выступае пад літаратурным псеўданімам Мікола Бабраўнічы. Яго апавяданні, мініяцюрныя замалёўкі, эсэ публікуюцца ў беларускіх часопісах і газетах.

СПІС АСНОЎНЫХ ПРАЦ

  • Абабурка, М. В. Беларускае слова і яго вывучэнне / М. В. Абабурка. — Мінск : Вышэйшая школа, 1986. — 127 с.
  • Абабурка, М. В. Параўнальная граматыка беларускай і рускай моў : вучэбны дапаможнік / М. В. Абабурка. — Мінск : Вышэйшая школа, 1992. — 224 с.
  • Абабурка, М. В. Культура беларускай мовы / М. В. Абабурка. — Мінск : Вышэйшая школа, 1994. — 122 с.
  • Абабурка, М. В. Слоўнік-даведнік асноўных лінгвістычных і тэксталагічных тэрмінаў / М. В. Абабурка. — Магілёў : МДУ імя А. А. Куляшова, 1998. — 24 с.
  • Абабурка, М. В. Станаўленне і развіццё мовы беларускай мастацкай літаратуры : манаграфія / М. В. Абабурка. — Магілёў : МДУ імя А. А. Куляшова, 2000. — 204 с.
  • Абабурка, М. В. Тэорыя і практыка перакладу : дапаможнік / М. В. Абабурка. — Магілёў : МДУ імя А. А. Куляшова, 2007. — 88 с.
  • Беларуская мова: вучэбна-метадычны комплекс: для студэнтаў 1-га курса факультэта пачатковай і музычнай адукацыі : у 2 ч. / М. В. Абабурка. — Магілёў : МДУ, 2020. Ч. 1 : Уводзіны. Фанетыка. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. Лексікалогія. Фразеалогія. Лексікаграфія. Марфеміка. Словаўтварэнне. — 2020. — 198 с. Ч. 2 : Марфалогія, сінтаксіс, пунктуацыя. — Магілёў : МДУ, 2021. — 195 с.
  • Абабурка, М. В. Лінгвістычнае асвятленне матэрыяльнай і духоўнай (нематэрыяльнай) культуры беларусаў XX стагоддзя : манаграфія / М. В. Абабурка, І. М. Ячмянёва. — Магілёў : МДУ, 2021. — 261 с.

Глядзець таксама:

  • Беларускае мовазнаўства : бібліяграфічны паказальнік : 1825—1965 / Акадэмія навук Беларускай ССР, Фундаментальная бібліятэка імя Я. Коласа ; [складальнікі: А. Д. Васілеўская [і інш.] ; рэдактар Л. М. Шакун]. — Мінск : Навука і тэхніка, 1967. — 415 с.
  • Беларускае мовазнаўства : бібліяграфічны паказальнік : 1966—1975 / Акадэмія навук Беларускай ССР, Фундаментальная бібліятэка імя Я. Коласа ; [складальнікі: А. Д. Васілеўская, Я. М. Рамановіч ; рэдактар М. В. Бірыла]. — Мінск : Навука і тэхніка, 1980. — 350, [2] с.
  • Беларускае мовазнаўства : бібліяграфічны паказальнік : 1976—1985 / АН Беларусі, ЦНБ імя Я. Коласа ; [складальнікі: А. Д. Васілеўская, Я. М. Рамановіч ; уступны артыкул Л. М. Шакуна]. — Мінск, 1993. — 558 с.
  • Методыка выкладання беларускай мовы : бібліяграфічны паказальнік : 1969—1990 / складальнік М. С. Лукашус ; рэдактар В. У. Протчанка. — Мiнск : Вышэйшая школа, 1993. — 109 с.
  • Беларускае мовазнаўства : бібліяграфічны паказальнік : 1986—1991 / [складальнікі: А. У. Каратышэўская, А. У. Траццякова]. — Мінск : Беларуская навука, 2004. — 484 с.
  • Мікалай Васільевіч Абабурка : да 75-годдзя з дня нараджэння і 55-годдзя навукова-педагагічнай дзейнасці : біябібліяграфічны паказальнік / аўтары-складальнікі: С. М. Новікава, В. М. Шаршнева, І. М. Ячмянева ; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Установа адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова». — Магілёў : МДУ імя А. Куляшова, 2016. — 51 с. — (Біябібліяграфія вучоных МДУ імя А. А. Куляшова).

КРЫНІЦЫ

Асноўныя:
  • Абабурка Мікалай Васілевіч // Іваноў, Я. Я. Мовазнаўцы. Магілёўскага Дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова : агульнае і славянскае мовазнаўства (1930—2001) / Я. Я. Іваноў, В. І Рагаўцоў. — Магілёў, 2002. — С. 73—88 : фота.

Дадатковыя:

Установа культуры «Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна»
Copyright © 2023