ЮРЧАНКА ГЕОРГІЙ ФЁДАРАВІЧ

(31.01.1928 в. Кудрычы, Мсціслаўскі раён, Магілёўская вобласць, – 01.11.2014)

Беларускі мовазнавец, пісьменнік, крытык, збіральнік фальклору

БІЯГРАФІЯ

Нарадзіўся 31 студзеня 1928 г. у в. Кудрычы Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і.
У 1940 г. закончыў пачатковую школу, прадоўжыў сваю вучобу ў Чырвонагорскай сямігодцы.
У 1951 г. скончыў Магілёўскі настаўніцкі інстытут (цяпер УА “Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова”).
У 1959 г. – Гродзенскі дзяржаўны педагагічны інстытут (цяпер УА “Гродзенскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Я. Купалы”). Настаўнічаў, вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы АН Беларусі.
У 1961–1988 гг. працаваў у выдавецтве “Навука і тэхніка” у г. Мінску.
Памёр 1 лістапада 2014 г.

НАВУКОВАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ

Асноўны напрамак навуковай дзейнасці Г.Ф. Юрчанкі – дыялектная лексіка і фразеалогія. Плёнам яго вывучэння і сістэматызацыі гаворак Мсціслаўскага раёна – мяжы непасрэдных кантактаў сучасных рускіх і беларускіх гаворак – стаў “Дыялектны слоўнік: з гаворак Мсціслаўшчыны” (1966).
У слоўніку растлумачана значэнне 2170 дыялектных слоў, што адсутнічаюць у нарматыўным “Беларуска-рускім слоўніку” ці зарэгістраваны ў ім не з усімі значэннямі. Асаблівая ўвага звернута на пераноснае значэнне слоў, надзвычай характэрнае для гаворак Мсціслаўшчыны.
У слоўніку “Народная сінаніміка” (1969) на матэрыяле гаворак Мсціслаўшчыны распрацаваў 440 сінанімічных радоў, у якія ўвайшло больш за 4000 шырокаўжывальных слоў. Слоўнік адлюстроўвае асаблівасці сінанімізацыі лексікі народных гаворак, узаемасувязь народна-дыялектнай лексікі.
На аснове мсціслаўскіх гаворак склаў фразеалагічны слоўнік у трох тамах: “І коціцца і валіцца” (1972), “І сячэ і паліць” (1974), “Слова за слова” (1977). Тут апрацавана 16150 фразеалагічных выразаў і іх варыянтаў. У канцы кожнай кнігі падаецца слоўнік народных слоў, якія не ўвайшлі ў ранейшыя працы аўтара.
Г.Ф. Юрчанка апублікаваў “Народнае вытворнае слова: З гаворкі Мсціслаўшчыны” ў 3-х кнігах (1981, 1983, 1985), “Сучаснае народнае слова: З гаворкі Мсціслаўшчыны” (1988), а таксама зборы мікратапанімічных і фальклорных матэрыялаў, шматлікія рэцэнзіі на слоўнікі, артыкулы пра мову і мастацкія асаблівасці твораў беларускай літаратуры.
Г.Ф. Юрчанка вядомы і як парадыст. Выдадзены кнігі літаратурных пародый і эпіграм “Распрэжаны Пегас” (1965), “Вярхом на вожыку” (1968), “Немеладычныя мелодыі” (1974), “Парнаскія ўхабы” (1979), “У натхнёнай паграбеньцы” (1983), “Негабляваная пегасня” (1989).

СПІС АСНОЎНЫХ ПРАЦ

  • Юрчанка, Г. Ф. Пра адзін сінанімічны рад / Г. Ф. Юрчанка // З жыцця роднага слова. Лексікалагічны зборнік / галоўны рэдактар А. І. Жураўскі. — Мінск, 1968. — С. 153—165.
  • Юрчанка, Г. Ф. Народная сінаніміка / Г. Ф. Юрчанка. — Мінск : Навука і тэхніка, 1969. — 278, [2] с.
  • Юрчанка, Г. Ф. Мікратапанімія вёскі Кудрычы Мсціслаўскага раёна / Г. Ф. Юрчанка // Пытанні беларускай тапанімікі : матэрыялы Першай беларускай тапанімічнай канферэнцыі (1—3 снежня 1967 г.). — Мінск, 1970. — С. 181—188.
  • Юрчанка, Г. Ф. Прыслоўныя раздзельнааформленыя ўтварэнні ў гаворцы Мсціслаўшчыны / Г. Ф. Юрчанка // Народнае слова / пад рэдакцыяй А. Я. Баханькова. — Мінск, 1976. — С. 263—275.
  • Юрчанка, Г. Ф. Сучаснае народнае слова: З гаворкі Мсціслаўшчыны : слоўнік: [каля 4000 слоў] / Г. Ф. Юрчанка. — Мінск : Навука і тэхніка, 1988. — 254, [2] с.

Глядзець таксама:

  • Юрчанка, Г. З увагай да чалавека / Георгій Юрчанка // Полымя. — 1962. — № 10. — С. 189—190.
  • Юрчанка, Г. Асветнік з Кудрыч / Георгій Юрчанка // Полымя. — 1990. — № 6. — С. 206—214.

КРЫНІЦЫ

Асноўныя:
  • Юрчанка Георгій Фёдаравіч // Беларускі фальклор : энцыклапедыя : у 2 т. / галоўны рэдактар Г. П. Пашкоў. — Мінск, 2006. — Т. 2. — С. 804—805.
  • Юрченко Георгий Фёдорович // Биографический справочник. — Мінск : Белорусская советская энциклопедия им. Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 713—737 с.

Дадатковыя:

Установа культуры «Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна»
Copyright © 2023