Нарадзіўся 6 сакавіка 1883 г. у в. Варонічы Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям’і.
Паспяхова скончыўшы мясцовую царкоўнапрыхадскую школу, некаторы час вучыў грамаце дзяцей-аднавяскоўцаў. Разам са сваімі вучнямі настойліва вучыўся і сам, бо марыў працягнуць сваю адукацыю.
1905–1909 гг. вучыўся ў Свіслацкай настаўніцкай семінарыі. Працаваў загадчыкам чатырохкласнай школы ў в. Бракава на Слонімшчыне.
У 1915 г. у сувязі з набліжэннем фронту мясцовае насельніцтва было эвакуіравана ў глыбокі тыл, і I.К. Бялькевіч апынуўся на Саратаўшчыне.
У 1919 г. вярнуўся на Радзіму. Працаваў загадчыкам Вароніцкай беларускай школы Слонімскага павета. Педагагічную работу спалучаў з грамадскай: часта выступаў перад насельніцтвам з дакладамі і гутаркамі аб міжнародным становішчы і мерапрыемствах Савецкай улады, дапамагаў праводзіць у жыццё рашэнні мясцовых камітэтаў беднаты.
У жніўні 1920 г. пераведзены ў Мінск загадчыкам Беларускага аддзела Народнага камісарыята асветы БССР, а па сумяшчальніцтву адначасова настаўнікам 36-й гарадской школы і загадчыкам вячэрняй школы № 2 па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых.
У 1925 г. паспяхова скончыў этнолага-лінгвістычнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна (цяпер “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт”). Быў размеркаваны па свайму жаданню ў Мсціслаў выкладчыкам, а затым дырэктарам педтэхнікума. У гэты час пачаў працаваць над самым значным сваім творам “Краёвым слоўнікам Усходняй Магілёўшчыны”.
У 1927 г. пераехаў у Мінск і пачаў працаваць у Інбелкульце, спачатку сакратаром Аддзела гуманітарных навук, а пасля спецыялістам Слоўнікавай камісіі.
У 1930 г. I.К. Бялькевіч быў абвінавачаны ў нацыяналізме і высланы за межы Беларусі. Чатыры гады ён жыў і працаваў у г. Йошкар-Ола Марыйскай АССР, потым пераехаў у Азова-Чарнаморскі край. Там выкладаў рускую мову і літаратуру спачатку ў Натальеўскай сярэдняй школе, а затым у школах Жданава.
1948–1955 гг. займаў пасаду загадчыка навучальнай часткі вучэбнага пункта “Азоўсталь”.
1955–1958 гг. быў інжынерам-метадыстам Жданаўскага філіяла Данецкага вячэрняга будаўнічага тэхнікума, так і не атрымаўшы дазволу вярнуцца на Радзіму.
Рэабілітаваны 19 верасня 1960 г.
Памёр 18 кастрычніка 1960 г.