ІВАН ЧЫГРЫНАЎ. ВЕРНАСЦЬ ПРАЎДЗЕ

КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 2

2013

З УСПАМІНАЎ МІХАСЯ ЛАСОЎСКАГА, БІБЛІЯТЭКАРА З ВЁСКІ  ТРАСЦІНО ХОЦІМСКАГА РАЁНА, АЛЬБО РЭЦЭПТ САЛЕННЯ РЫЖЫКАЎ ГАЛОЎНАГА ГЕРОЯ РАМАНА “СВАЕ І ЧУЖЫНЦЫ” ДЗЯНІСА ЗАЗЫБЫ

Для Трасціно Міхась Аляксеевіч чалавек унікальны: вучоны краязнаўца, які сабраў вялікі гістарычны матэрыял аб Трасціно ды і ўсёй зямлі хоцімскай з 1602 года да нашых дзён, і дэпутат сельскага Савета трыццаць тры гады без перапынкаў. Яго ўключаюць ва ўсе камісіі, якія ўтвараюцца мясцовай уладай, ён актыўна ўдзельнічае ў шматлікіх грамадскіх аб’яднаннях і нясе моўчкі груз гэтых абавязкаў, як вернік крыж. Шкодзіла гэта працы ў бібліятэцы ці дапамагала?
– Дапамагае, ды яшчэ як! – заўсёды адказваў Міхась. – Нешта робіш для людзей і адначасова глыбей акунаешся ў іх праблемы, запыты, памкненні. Чытач яшчэ не прыйшоў у бібліятэку, а я нарыхтаваў ужо патрэбныя яму кнігі, дакументы. З іх дапамогай кожны чытач удасканальвае сваю прафесію, назапашвае веды.
…Аб сяброўстве пісьменнікаў-землякоў з Ласоўскім варта сказаць асобна. Відаць, ніхто з бібліятэкараў краіны не быў абласканы такой увагай і блізкасцю літаратараў. У Трасціно прыязджалі, ды й па некалькі разоў, Аркадзь Куляшоў, Аляксей Пысін, Пятро Прыходзька, Віктар Карамазаў, Іван Чыгрынаў, Аляксей Зарыцкі… І не толькі для гамонкі.
Віктар Карамазаў зрабіў нарыс «Пахлі лугі някошаныя», які надрукавала газета «ЛіМ» 30 ліпеня 1971 года. Летась ён унёс папраўкі і чытач знойдзе яго на старонках гэтага зборніка.
Аляксей Пысін прысвяціў Міхасю нарыс «Дзень добры, аднапалчанін!» Газета «ЛіМ» надрукавала яго 8 мая 1974 года. Ён таксама ўключаны ў зборнік.
Аркадзь Куляшоў, высока ацаніўшы станоўчыя вынікі дзейнасці трасцінскага самародка, сказаў:
– У будучым такую карысную работу будуць рабіць усе бібліятэкі нашай рэспублікі.
А ўбачыўшы цеснату кутка, у якім месцілася бібліятэка, як дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, звярнуўся да кіраўнікоў сельскага Савета:
– Абмяркуйце пытанне аб будаўніцтве памяшкання бібліятэкі і дашліце сваё хадайніцтва на маё імя. Я паспытаю дапамагчы, каб і ў вашай вёсцы бібліятэка была размешчана ў добрым памяшканні.
Так для бібліятэкі ў Трасціно быў адбудаваны зборнашчытавы дом, абліцаваны сілікатнай цэглай, з вадзяным атапленнем і лямпамі дзённага асвятлення. Было зроблена так, як гэтага хацеў паэт-зямляк. Міхась Аляксеевіч на некалькі месяцаў зрабіўся не толькі бібліятэкарам, а яшчэ цесляром і мулярам, прыпыніўшы будаўніцтва ўласнага дома.
Аляксей Пысін глыбока паважаў Ласоўскага як салдата, як кніжніка і як чалавека. Калі Міхась Аляксеевіч прыязджаў ў Магілёў, найчасцей гэта было, калі ў бібліятэчным тэхнікуме вучылася яго дачка Таццяна, тады і Пысін прыходзіў да мяне, і мы ўтрох вялі гамонку.
Іван Чыгрынаў некалькі гадоў запар наведваўся ў Трасціно, каб назапасіць матэрыялу для раманаў «Апраўданне крыві» і «Свае і чужынцы». На старонках рамана мы чытаем аб Трасціно і аб прыродзе яго наваколля, хаця падзеі адбываюцца ў іншых мясцінах. Чытачам прыглянуўся рэцэпт салення рыжыкаў героем рамана Зазыбам. Дык вось, рэцэпт гэты Іван Гаўрылавіч зведаў на бяседзе за сталом у доме Ласоўскага, калі гаспадар убачыў, што ён азартны грыбнік. Ён і траўнік хваткі, але на лузе датошна выпытваў Міхася час ад часу:
– А як гэтая раслінка завецца? – І тут жа у свой сшытачак чыркане занатоўку. А яшчэ цікавіўся, якая раслінка як пад ветрыкам калыхаецца.

Рэцэпт салення рыжыкаў
(урывак з рамана «Свае і чужынцы»)

Пачыналася ўсё з таго, што чалавек, прыйшоўшы з лесу, ставіў перад сабой дубовую кадку, потым браў салянку, а цераз плячо вешаў ручнік. Дастаўшы з кошыка першы грыб, ён здзімаў з яго шыгалле, а то і слімакоў, затым зразаў да астатку корань і гэта жа далікатна, як браў у рукі, каб не зашчарбіць, акурат размаляваную шапку, пачынаў выціраць «князя» ручніком. «На гэты грыб, – казаў ён, – не павінна нават капнуць вада. Зверху на шапку няхай ідзе хоць і дождж, а на грабеньчыку сыспаду і блізка вады не трэба». Абабраны і выцерты «князь» тут жа ўкладваўся на дно кадкі, аднак таксама з захаваннем пэўных умоў – угору тым ружовым грабеньчыкам, з якога ўжо гатовы быў пырснуць сок. І так – адзін круглячок да аднаго, у самы прытык, пакуль першы пласт грыбоў не закрываў дно кадкі. Тады гаспадар чэрпаў жменяю соль і густа пасыпаў ёю ўвесь пласт. На першы пласт гэткім жа чынам клаўся другі, затым трэці і так далей. Солі Сяголетка не шкадаваў. Звычайна з аднаго прыносу не хапала на поўную кадку рыжыкаў. Але гэтая акалічнасць не замінала справе. Як толькі апошні рыжык быў ачышчаны з дапамогаю ручніка і ўкладзены сваім парадкам у кадку, чарга наставала за вечкам, дакладней, у ход ішоў звычайны драўляны круг, які свабодна памяшчаўся ў сярэдзіне кадкі. На вечка тым часам клаўся цяжар. Для гэтага з печы, з самага поду, выкочваўся жалезнай качаргой палявы камень, можа, кілаграмаў на пяць, які ўвесь дзень перад тым моцна жарыўся там. Можна сабе ўявіць, што пасля гэтага рабілася з прадстаўнікамі знатнага грыбнога роду. Вынік звычайна відаць быў назаўтра. За ноч кадку да сярэдзіны затапляў сок. Уласны рыжыкавы сок, які нагадваў цёмна-бурштынавае піва. Дні праз тры – трэба ж даць часу нарасці на знаёмых мясцінах новым грыбам – гаспадар прыносіў дамоў укоптар наступны кошык, сплецены з лазовай кары знарок дзеля гэтага, і ўсё пачыналася спачатку. Зноў той жа ручнік перавешваўся цераз гаспадарова плячо, у драўляную ступку-салянку насыпалася соль, а на ўслоне станавілася дубовая кадка. Як помніў Зазыба, цесць ягоны вытрымліваў затым рыжыкі ў кадцы не меней шасці тыдняў: можа, то былі выдаткі асаблівай вытворчасці, вытанчанасці густу, а можа, сапраўды ў тых шасці тыднях заключалася штосьці абавязковае. У кожным разе, Сяголетка тэхналогіі прыгатавання і ўтрымання рыжыкаў ніколі не парушаў. Ён і на стол падаваў іх з асаблівай дыхтоўнасцю. Набярэ з кадкі ў рэшата, тады пачне паліваць крынічнай вадой, каб змыць да астатку і пясок, які мог затрымацца на грыбе, і лішнюю соль. На стале тым часам ужо чакала гасцей у глінянай місцы развараная бульба, абвалаквалася парай, а побач у цёмнай, затлушчанай бутэльцы стаяў алей. Гэта як для сябе. Гасцям жа гаспадар заўсёды раіў паліваць рыжыкі смятанай. Справа, вядома, густу. Але ў адным і ў другім выпадку глыбокай восенню ці нават зімой чалавек, які браў на відэлец прыгатаваны такім чынам рыжык, чуў перад сабой водар жнівеньскага лесу.

2001

ПЛАНЕТА ЧЫГРЫНАВА

Мне, як арганізатару літаратурных вечарын у Магілёве, давялося сустракацца з Іванам Гаўрылавічам неаднойчы, але гэтыя сустрэчы былі, так сказаць, дзяжурныя: прывітанне адзін аднаму і поціск рукі. Толькі тройчы ўдалося ўзяць аўтограф. Ды пастаялі разам ля магілы Пысіна. Моўчкі. А так хацелася паслухаць ягонае грунтоўнае літаратурнае выступленне, як слухаў я кожнага пісьменніка, хто наведваўся ў Магілёў, і пагаварыць хоць колькі хвілін сам-насам. Выпала такая ўдача ў другой дэкадзе мая 1982 года. Іван Гаўрылавіч даў згоду на літаратурную вечарыну 11 мая ў абласной бібліятэцы імя У.І. Леніна.
Недзе ля поўдня я сустрэў яго ў аэрапорце «Магілёў». З Чыгрынавым быў вядомы літаратурны і тэатральны крытык Георгій Колас. Яго бачыў упершыню, але чуць давялося многа. Яны расказалі, што I. Чыгрынаў раней збіраўся ляцець у Лондан. Візу затрымалі. I сёння раненька пра гэта тэлефонны званок. Іван Гаўрылавіч спрасонку ім адказвае:
– У які Лондан? Мне ж у Магілёве трэба быць!
Пасмяяліся разам.
Іван Гаўрылавіч трымаўся проста, уважліва. Падалося нават: задаволены, што сустрэў яго. Сеў з Г. Коласам у машыну палкоўніка ДТСААФ Цярэнція Лакціёнава. Запрашалі і мяне. Каб не перашкаджаць дзелавой гутарцы (у Ц. Лакціёнава была нейкая справа да I. Чыгрынава, і я ведаў пра гэта) і не цясніць іх, сеў у машыну абласнога ўпраўлення культуры.
А палове сёмай вечара мелася адбыцца чытацкая канферэнцыя.
Чыгрынаў незадоўга перад ёю са мною моўчкі прайшоўся па вуліцы Дзяржынскага, засяродзіўся. Фотакарэспандэнт Віктар Кажамякін зразумеў яго настрой і зрабіў толькі адзін здымак.
Выступленне Івана Гаўрылавіча мяне прыемна ўразіла: гаворка свабодная, задушэўная і разам з тым канкрэтная, лагічная, словам – цікавая…
12 мая I. Чыгрынаў пасля выступления ў школе ДТСААФ меркаваў з’ездзіць у вёску. А я ўпрошваў яго на літаратурную вечарыну ў педагагічным інстытуце: сказаў, што студэнты філалагічнага факультэта вельмі ўжо чакаюць яго.
I Іван Гаўрылавіч, падумаўшы, адказаў:
– Добра!
13 мая пайшлі туды загадзя, пешшу (Іван Гаўрылавіч сказаў, што ён ніколі нікуды не спазняўся). Па дарозе мы заглянулі ў букіністычны магазін на вуліцы Ленінскай. I. Чыгрынаў праявіў цікавасць да «Роман-газеты». Пацікавіўся, што ўвогуле ёсць з мастацкіх твораў, найперш беларускіх аўтараў. Потым па дарозе зайшла гаворка пра яго раманы. Расказаў мне, як два маскоўскія чыноўнікі-татарыны патрабавалі ад яго, і не адзін раз, выключыць з кнігі старонкі пра паводзіны татарына-здрадніка. Не маглі адчапіцца да той пары, пакуль не сказаў ім:
– Калі будзеце і найдалей патрабаваць, то ў наступным рамане будзе дзейнічаць ужо рота іх.
Філфакаўцы сустрэлі цёпла. Дацэнт факультэта Яраслаў Клімуць даў слова Чыгрынаву. Іван Гаўрылавіч зрабіў літаратурнае выступленне, адказаў на пытанні. Мне і сёння помніцца ясна. Тым больш, што сёе-тое занёс на паперу:
– Гістарычная тэма ў мастацкай літаратуры – найважнейшая.
– «Свае і чужыя» – чыста філасофская катэгорыя. Чубар ад пачатку і да канца герой трагічны.
– «Апраўданне крыві» – гэта зуб за зуб і вока за вока. Я супраць крыві. Вы і самі заўважылі: у маіх раманах мала крыві, хоць і пішу я пра вайну.
– Верамейкі – гэта Вялікі Бор, мая родная вёска ў Касцюковіцкім раёне.
– Мой кумір з паэтаў? – Аркадзь Куляшоў.
– З празаікаў? – Іван Мележ.
– З рускіх класікаў? – Леў Мікалаевіч Талстой.
– Хто мой настаўнік? – У літаратараў настаўнікаў няма. Настаўнік пісьменніка – уся літаратура. А самы галоўны настаўнік – жыццё.
Таксама хораша гаварыў Г. Колас. Ён умее імправізаваць, падаць факт, сказаць прыгожа і эмацыянальна. ІІІто ні кажы: тэатрал – заўсёды тэатрал. Цікава пачаў пра акадэміка Каралёва. А далей нечаканы «віток»:
– У беларускай літаратуры з’явілася новая планета – Іван Чыгрынаў.
А яшчэ Іван Гаўрылавіч віншаваў філфакаўцаў-выпускнікоў народнага ўніверсітэта “Чалавек і кніга”. Пра прапаганду кнігі сказаў:
– Гэта справа і пісьменнікаў, і настаўнікаў. Наша агульная справа.
Зачытаў выказванні А. Пысіна, П. Кавалёва і Л. Прокшы (скарыстаў мой альбом аўтографаў пісьменнікаў «Слова пра кнігу і бібліятэку»).
А. Пысіна і П. Кавалёва горача падтрымаў, а пра выказванне Л. Прокшы – «Самая цікавая кніга тая, якую прадаюць з-пад прылаўка», – зрабіў вывад: “Тут няпраўда. Я з гэтым не згодзен”.
У заключэнне ўручыў пасведчанні выпускнікам. Гэтага вельмі хацела сакратар абласнога таварыства кнігалюбаў Іна Зотава, Іван Гаўрылавіч напачатку запярэчыў:
– Гэта ж роля вясельнага генерала!
Я падтрымаў просьбу Зотавай. Мне на падмогу прыйшоў Я. Клімуць.
Падалося мне, што пасля Іван Гаўрылавіч і сам застаўся задаволены.
У нечым ён, здаецца, мне давяраў. Часам, перад тым як прыняць якое-небудзь рашэнне, пытаўся:
– А як думаеш?
– Што зробім?
Але аўтографы даваць не любіў. Мой альбом пісьменнікаў пра кнігу яму спадабаўся, толькі свой аўтограф ставіць не стаў, хаця я і прасіў.
Не любіў Іван Гаўрылавіч і мітусні, мішуры, паказухі. Лічыў, што аднаго літаратурнага выступлення пісьменніка ў дзень дастаткова. Калі ж тры ці чатыры, то будзе звычайная гаварыльня. Сам рабіў адну сустрэчу ў дзень. Затое яна запаміналася прысутным на ўсё жыццё.
Наконт мітусні зрабіў заўвагу Г. Коласу. А пасля, ужо адзін на адзін, сказаў мне:
– Тэатралы заўсёды шумлівыя. Георгій Колас натура экзальтаваная – не ведаеш, што ён выкіне праз хвіліну.
Тое ж самае сказаў і пра некаторых паэтаў.
Івана Чыгрынава і Георгія Коласа я праводзіў у Магілёўскі аэрапорт. Часу яшчэ хапала. Мы хораша пагутарылі і цёпла развіталіся.

КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 1

1998

ЁН БЫЎ НАДЗЕЙНЫМ СЯБРАМ

Жыццё, мусіць, ніколі не бывае лёгкім. А ў скрутлівым XX стагоддзі яно неймаверна ўскладнілася і часта кідае ў непрадказальныя віражы, з якіх рэдка каму ўдаецца выйсці без вялікіх, спусташальных страт. Хапала іх і на маім вяку. Але выпадалі і свае ўдачы. Сярод іх адна з найбольшых – падтрымка Саюза пісьменнікаў і канкрэтна такіх майстроў, цяпер ужо нябожчыкаў, як Кандрат Крапіва і Міхась Лынькоў, Уладзімір Дубоўка і Іван Мележ, Максім Танк і Пімен Панчанка, Андрэй Макаёнак і Алесь Адамовіч. А з Іванам Чыгрынавым было ў мяне і блізкае сяброўства, пра якое хачу расказаць, не ўдаючыся ў падрабязны аналіз творчасці пісьменніка, бо пісаў пра яе для друку зусім нядаўна.
Нашы дарогі ўпершыню судакрануліся недзе ў самым пачатку 60-х гадоў. Я тады быў навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы, а Іван Гаўрылавіч працаваў загадчыкам рэдакцыі літаратуры і мастацтва ў акадэмічным выдавецтве. Гэтаму выдавецтву я прапанаваў кнігу пра Міхася Лынькова. Але яно друкаваць яе не спяшалася. I я з гатовым рукапісам на працягу трох гадоў не мог трапіць у выдавецкі план, хаця тады нярэдка планаваліся кнігі і па «голых» заяўках, рукапісамі яшчэ не забяспечаных. Пэўнае дачыненне да гэтай «валакіты» меў і Чыгрынаў. Праўда, ініцыятарам тут быў не ён, а адзін уплывовы чалавек з Інстытута літаратуры, які лічыў, што Бугаёва трэба трохі прытрымаць. Чыгрынаў са мною яшчэ не сутыкаўся і таму пярэчыць не стаў.
Асаблівай крыўды на Чыгрынава ў мяне не было, бо, паўтаруся, я ведаў, хто і чаму імкнуўся падставіць мне падножку.
А потым адно за другім сталі паяўляцца ў друку чыгрынаўскія апавяданні. Мне добра запомніліся «Адна ноч», «Апавяданне без канца» і іншыя. Была яшчэ і цэлая папка ненадрукаваных твораў гэтага жанру. Яны афіцыйна абмяркоўваліся ў Саюзе пісьменнікаў. Я тую папку прачытаў з вялікай цікавасцю, выразна адчуў, што ў літаратуру ідзе вельмі таленавіты мастак, публічна сказаў пра гэта, не шкадуючы пахвалы, палемізуючы з тымі, хто рабіў несправядлівыя, як мне здавалася, крытычныя закіды. Вядома, Чыгрынава гэта трохі здзівіла, а больш узрадавала. I ён пачаў ставіцца да мяне не толькі без ранейшай калі не насцярожанасці, дык абыякавасці, але і з відавочнай прыхільнасцю.
У хуткім часе ягонае імкненне пісаць праўду, сур’ёзна даследаваць складаныя праблемы жыцця выклікала рэзкія нападкі з боку ідэалагічных наглядчыкаў. Асабліва дэмагагічна крытыкаваліся апавяданні «Маці» (пазнейшая назва «У ціхім тумане») і «Жыве ў крайняй хаце ўдава». Я зноў, дзе і як мог, бараніў яго, бо якраз у праўдзівасці літаратуры бачыў яе галоўную вартасць. Даводзілася адкрыта спрачацца і з вельмі ўплывовымі людзьмі, у прыватнасці, з Пятром Глебкам, які сам мастацкіх твораў ужо амаль не пісаў, а маладых пісьменнікаў нярэдка гваздаў з зацятасцю старога артадокса. А ён жа быў акадэмікам!
Канечне, выратаваў Чыгрынава не я, а тагачасны партыйны бог у рэспубліцы Мазураў, які спачатку і агучваў разнос таго ж апавядання «Маці» ў адным са сваіх дакладаў, а потым злітаваўся і даў Івану Гаўрылавічу дазвол зноў друкавацца. Але і маю падтрымку Чыгрынаў лічыў істотнай, бо ў тых умовах і яна нешта значыла.
Прамое дачыненне да лёсу некаторых чыгрынаўскіх кніг пачалося ў мяне са зборніка «Самы шчаслівы чалавек». Відаць, сам Чыгрынаў пастараўся, каб выдавецтва «Беларусь» аддало рукапіс гэтага зборніка на рэцэнзаванне мне. Натуральна, што рэцэнзію я напісаў станоўчую, праўда, з некаторымі прыватнымі заўвагамі. Была і сур’ёзная (па задуме) палеміка, але не з аўтарам апавяданняў, а з афіцыйнай тэндэнцыяй вінаваціць найбольш праўдзівых пісьменнікаў за нібыта знарочыстае згушчэнне фарбаў у паказе асабліва трагічных старонак вайны. Спыніўшыся на апавяданні «У баку ад дарогі», у якім празаік звярнуўся да падзей разгромнага для нас лета 1941 года, я спецыяльна падкрэсліў: «Вядома, Іван Чыгрынаў і тут не піша ружовую ідылію. Ён паказвае, як нялёгка было ваяваць з лепш падрыхтаванай і лепш узброенай фашысцкай арміяй, якія трагічныя становішчы нараджала гэтая чыста ваенная перавага гітлераўцаў». Далейшыя разважанні ўвязваліся з трагедыйным зместам апавядання, і рабіўся вывад: «Усё гэта не асабліва прыемыя рэчы. Але так было. I, мусіць, не трэба гэтага забываць. У кожным разе, не Чыгрынава трэба за гэта папракаць».
У 1967 годзе зборнік выйшаў у свет. I я на аснове выдавецкай рэцэнзіі хутка зрабіў публікацыю ў «Полымі» пад палемічна скіраванай назвай «Пазбягаючы просталінейнасці і спрашчэння», а потым уключыў гэты артыкул і ў кнігу «Шматграннасць» (1969).
Іван Гаўрылавіч маім аналізам быў увогуле задаволены і пад настрой падхвальваў, жартуючы: «Вось добра ты напісаў, што не Чыгрынаў адказны за паражэнне краіны ў 1941 годзе, не ён дапусціў немцаў да Масквы. I як толькі гэта прайшло праз цэнзуру?» А прычэпкі сапраўды былі. Не столькі ў «Полымі», як пры рэдагаванні кнігі, калі мне толькі цудам удалося адстаяць тую мясціну. Сёння ўся гэтая гісторыя здаецца неверагоднай, бо гутарка ж ішла пра вельмі зразумелыя, можна сказаць, элементарныя рэчы. Але к канцу 60-х гадоў ад хрушчоўскай адлігі з яе адноснай свабодай ужо мала што заставалася, а, наадварот, уладарна падымаў галаву неасталінізм, з-за якога публічна гаварыць пра многае зноў стала амаль немагчыма.
Чыгрынаўскія раманы, пачынаючы яшчэ з «Плачу перапёлкі», радавалі мяне і сваёй агульнай праўдзівасцю, і грунтоўнасцю ў паказе народнага побыту, і навізной падыходу да вайны, адлюстраваннем не толькі таго, як людзі ваявалі ў гэты час, але і як яны жылі ва ўмовах гітлераўскай акупацыі. Я пра ўсё гэта гаварыў Чыгрынаву пры рознай нагодзе, але пісаць пра ягоныя раманы ўзяўся не хутка. Спачатку была мая рэцэнзія для выдавецтва на раман «Апраўданне крыві», а потым на «Сваіх і чужынцаў». Гэты, ужо трэці чыгрынаўскі раман, я рэцэнзаваў і ў друку, адгукаючыся не на асобнае выданне, а на публікацыю ў часопісе «Маладосць (1983). Рэцэнзію па ініцыятыве Чыгрынава мне заказаў рэдактар «Звязды», непасрэдна сам. Без усякіх прыгод яна і прайшла пад гучным загалоўкам «Высвечваючы глыбіні народнага жыцця». Рэцэнзаваў я ў друку і кнігу крытычных артыкулаў Чыгрынава «Новае ў жыцці, новае ў літаратуры», прычым двойчы: у «Полымі» і ў маскоўскай «Дружбе народов».
К таму часу стала распаўсюджвацца пагалоска, што Бугаёў бязбожна захвальвае Чыгрынава, знарок не заўважаючы ў яго ніякіх недахопаў. Яе шмат разоў вусна і ў друку паўтараў наш зямляк і ўвогуле зусім неблагі пісьменнік Віктар Карамазаў, які вёў зацятую вайну з Чыгрынавым. Я ў гэтую вайну ўцягвацца не хацеў, але рыкашэтам яна закранала мяне з-за сяброўства з Іванам Гаўрылавічам, які таксама коса паглядаў, калі мне здаралася ў станоўчым кантэксце сказаць пра ягонага ваяўнічага апанента.
Карамазава ж (і не аднаго яго) асабліва раззлавала тое, што я ўбачыў у чыгрынаўскіх раманах прамы працяг мележаўскай традыцыі. А гэта было маё шчырае перакананне, пра якое я і сказаў упершыню ў Маскве на пасяджэнні Савета па крытыцы і літаратуразнаўстве ў лютым 1980 года. Матэрыялы гэтага пасяджэння друкаваліся ў часопісе «Вопросы литературы» і выйшлі асобнай брашурай («О состоянии современной советской прозы». М., 1980). Вось цытата з той брашуры: «Пра мележаўскі пачатак, глыбіннасць і аналітычнасць можна гаварыць, напрыклад, у сувязі з раманамі І.Чыгрынава «Плач перапёлкі» і «Апраўданне крыві». Вядома, і тэматычна, і ў непасрэдна праблемным аспекце гэтыя раманы далёкія ад «Палескай хронікі», ды і ўвогуле я не збіраюся сцвярджаць, быццам І.Чыгрынаў у сваёй дылогіі пра пачатак Вялікай Айчыннай вайны ва ўсім дасягнуў мележаўскага ўзроўню ў эстэтычным асваенні рэчаіснасці. Аднак сама рэалістычная грунтоўнасць апавядання, яго псіхалагічная насычанасць, уменне І.Чыгрынава даследаваць глыбінную плынь народнага жыцця ў пераломны момант гісторыі, – ва ўсім гэтым ёсць мележаўская арыентацыя, рух у тым рэчышчы, якое пракладваў у нашай прозе І.Мележ».
Здавалася б, што тут перабольшана, ды яшчэ так, каб выклікаць абурэнне? Але абураліся, асабліва моцна, калі я гэтую думку разгарнуў у артыкуле «Пра сучасную прозу», апублікаваным з прабачальным падзагалоўкам «Суб’ектыўныя нататкі» ў «Полымі», а потым і ў кнізе «Чалавечнасць» (1985). Ды і падзагаловак мне ніколькі не дапамог – права хоць на якую суб’ектыўнасць у нас тады не прызнавалася.
А знарочыстага захвальвання ўсё ж не было. Пры самых блізкіх сяброўскіх адносінах з Іванам Гаўрылавічам я ніколі не гаварыў і не пісаў пра яго таго, чаго не думаў. Наша дружба грунтавалася на безумоўнай шчырасці і пэўным супадзенні падыходаў да жыцця і літаратуры. Чыгрынаў, як мне здавалася, таму і цаніў маё слова, што ў яго шчырасці не сумняваўся. Калі ж нашы ацэнкі ў нечым разыходзіліся, дык ён не рабіў з гэтага вялікай праблемы, хаця спрачаліся мы часта і часамі заўзята, бо і ён ад вынашанага не меў звычкі адмаўляцца, і я праяўляў упартасць, калі быў перакананы ў сваёй праваце. Нават у выдавецкіх рэцэнзіях, заўвагі з якіх маглі выкарыстоўвацца пры рэдагаванні як аргумент супраць пісьменніка, я ўсур’ёз аспрэчваў тое, што лічыў недакладным ці памылковым.
Так, рэцэнзуючы ў 1976 годзе «Апраўданне крыві», настойваў, што Зазыба ў размове з сынам Масеем «дае вельмі неглыбокае тлумачэнне» рэпрэсіям 30-х гадоў. Гэтыя рэпрэсіі «ён схільны тлумачыць як нейкае стыхійнае зло: «… ком з гары каціўся. Было, адмаўляць нельга. Але ж… не ўсюды аднолькава. У нас, напрыклад, дык ніводнага і пальцам не кранулі. Ды і не толькі ў нас. Значыць, самаўпраўства на месцах тварылася. А зверху за ім недагледзелі».
Выходзіць зноў той анекдатычны стрэлачнік вінаваты! I гэта гаворыць разумны, праніклівы Зазыба! Ківаць на мясцовыя перагібы, вядома, зручна. Але ж гэта яўная няпраўда, бо не на месцах, не стрэлачнікамі і простымі выканаўцамі былі прыдуманы масавыя рэпрэсіі.
Сказана, здаецца, рашуча і без аглядкі на сяброўства. Далей я яшчэ спасылаўся на прынятую ў 1956 годзе пастанову ЦК КПСС «Аб пераадоленні культу асобы і яго вынікаў», у якой сцвярджалася, што масавыя рэпрэсіі былі прадвызначаны сталінскай тэорыяй пра непазбежнае абвастрэнне класавай барацьбы ў перыяд так званага паспяховага будаўніцтва сацыялізму. I ўсе гэтыя разважанні, калі паявілася магчымасць, я апублікаваў у вялікім абагульняльным артыкуле пра Чыгрынава, змешчаным у кнізе «Арганічнасць таленту» (1989).
Не ведаю, хто яшчэ дараваў бы такое, а Чыгрынаў і брывом не павёў. Ён, канечне ж, пакінуў непарушнымі тыя Зазыбавы словы, за якія я зачапіўся ўвогуле слушна, але без уліку абставін, у якіх раман рыхтаваўся да друку. Чыгрынаў жа мусіў лічыцца з тымі абставінамі. Ён лепш за мяне ведаў, што пастанова 1956 года ўжо даўно цэнзарамі не прымалася ў разлік і таму не магла стаць дазволеным апірышчам у вытлумачэнні бальшавіцкага генацыду, які ў 70-я гады зноў замоўчваўся. Толькі ў рамане «Вяртанне да віны» (1992) празаік змог сказаць праўду пра гэты генацыд, па сутнасці абвяргаючы тое, што ён пісаў на гэты конт у «Апраўданні крыві».
У выдавецкай рэцэнзіі на раман «Свае і чужынцы» я з пэўным скепсісам выказаўся пра Чубара, заўважыўшы, што яму «ўсё ж не стае сапраўднай чалавечай маштабнасці, той, якая складае галоўную вартасць Зазыбы і некаторых іншых герояў». А потым паўтараў гэтую думку ў друку некалькі разоў, у тым ліку і ў лімаўскім артыкуле «Глыбіннасць таленту», напісаным па просьбе Чыгрынава да ягонага 50-годдзя. Словам, паразумення наконт Чубара ў нас не атрымалася, бо Іван Гаўрылавіч лічыў яго адным з галоўных герояў сваіх раманаў, ставіў па значнасці, не толькі ў арганізацыі сюжэта, але і эстэтычнай, побач з Зазыбам. А я эстэтычную значнасць фактычна адмаўляў. I наша сяброўства ад гэтага не парушылася.
У перабудовачныя гарбачоўскія часы ён рабіў настойлівыя спробы стаць дэпутатам Вярхоўнага Савета спачатку СССР, а потым – рэспублікі. За гэтым стаяла не проста амбіцыя, Чыгрынаву, здаецца, не чужая, а меркаванне, што ў якасці дэпутата Вярхоўнага Савета СССР ён змог бы нешта зрабіць для Беларусі. У гэтым яго пераконваў вопыт дэпутацтва ў складзе рэспубліканскага Вярхоўнага Савета 11-га склікання. Там ён узначальваў камісію па нацыянальных пытаннях і міжнацыянальных адносінах і добра пашчыраваў, каб беларуская мова набыла ў рэспубліцы статус дзяржаўнай.
Для ўдзелу ў выбарах, якія ўжо не зводзіліся да фармальнага адабрэння партыйнай разнарадкі (па ёй раней, у 1986 годзе, яшчэ стаў дэпутатам і Чыгрынаў), пачалі стварацца групы падтрымкі кандыдатаў. Кожны з іх меў права ўзяць у сваю групу дзесяць чалавек. Выкарыстоўваючы гэтую акалічнасць, Чыгрынаў запрасіў і мяне. У сакавіку 1989 года разам то з Алесем Пісьмянковым, то з Кузьмой Хромчанкам і некаторымі іншымі прыхільнікамі Чыгрынава, мы агітавалі за яго ў Глускім і Асіповіцкім раёнах, а таксама ў Асіповічах. Здаецца, стараліся, але вынік атрымаўся нулявы – наш кандыдат не прайшоў.
На гэта былі важкія прычыны. Відаць, і мы паказалі сябе не лепшымі агітатарамі. I выбарчая праграма Чыгрынава была недастаткова радыкальная. Ёй яўна не хапала кідкага папулізму, напорыстай дэмагагічнасці, на якую робяць стаўку хітрыя палітыкі. Чыгрынаў не ішоў на гэта з-за сваёй чалавечай прыстойнасці. Ён лічыў, што нельга абяцаць таго, што потым не зможаш выканаць. Прамахнуўся ён і са сваім галоўным арганізатарам, якога называў начальнікам штаба. Той, як потым сцвярджаў Іван Гаўрылавіч, тайна працаваў на ягонага канкурэнта. Канкурэнт жа знайшоў агульную мову і з «паралельным» кандыдатам – генералам, які на Бабруйшчыне адзін балаціраваўся па нацыянальна-тэрытарыяльнай акрузе. Па генеральскай камандзе падначаленыя вайскоўцы дружна прагаласавалі супраць Чыгрынава, забяспечыўшы вырашальную перавагу ягонаму канкурэнту. Сваё паражэнне Чыгрынаў перажываў моцна, хоць выгляду стараўся не падаваць. Але гэта яму не вельмі ўдавалася.
Гісторыя паўтарылася і на выбарах у Вярхоўны Савет Беларусі 12-га склікання. Цяпер Іван Гаўрылавіч выпрабоўваў сваё дэпутацкае шчасце ў Пухавіцкім раёне, дзе ў яго былі ўплывовыя сябры. На падмогу ён зноў запрасіў і мяне. Але вынік і тут аказаўся несуцяшальны. Падвяла пухавіцкая міліцыя, якая спачатку абяцала падтрымку, а потым зрабіла стаўку на свайго непасрэднага начальніка.
Трэці заход на штурм дэпутацкіх вышыняў у новых умовах Чыгрынаў зрабіў у сябе на радзіме. Тут яму падставілі падножку сябры па камуністычнай партыі. I ён нарэшце пакінуў яе, перайшоўшы да аграрыяў, хоць у іхніх шэрагах, здаецца, ужо не актыўнічаў.
У апошняй выбарчай кампаніі я ніякага ўдзелу не прымаў і ведаю пра яе толькі са слоў Чыгрынава. На той час я ўжо страціў мабільнасць, бо ў 1991 годзе перанёс вельмі цяжкі інфаркт (з клінічнай смерцю). Выкараскацца з незайздроснага становішча, якое і некаторыя дактары лічылі безнадзейным, дапамагалі многія, перш за ўсё медыкі. Але вельмі важнай у псіхалагічным сэнсе была і сяброўская падтрымка Чыгрынава. Ён тады таксама трапіў у так званую лечкамісію і заходзіў да мяне літаральна кожны дзень, бывала, што і па некалькі разоў. Казаў: «Ты думаеш, што я хоць адносна здаровы. Памыляешся. Я хворы яшчэ больш, чым ты. Толькі не раблю з гэтага трагедыі. Раю і табе не хныкаць, а ўсё прымаць як належнае».
Зразумела, што я тады яму не паверыў. А ён, як аказалася, гаварыў шчырую праўду. А галоўнае, ён умеў сваім аптымізмам, цікавымі гутаркамі, гумарам, усім стылем паводзін ненавязліва пераканаць, што галаву вешаць не трэба. I мне гэта дапамагала, можа, не менш, чым прафесійнае ўмельства і добразычлівасць медыкаў. Не магу не згадаць і прыязныя адносіны тых, з кім я ляжаў у адной палаце.
Увогуле, Чыгрынаў садзейнічаў мне шмат у чым. I рабіў усё звычайна па ўласнай ініцыятыве, без маіх просьбаў, на якія я калі і наважваўся, дык хіба што ў сувязі з бытавымі праблемамі.
Ён самааддана змагаўся, каб я атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі. Кажу пра самаадданасць, бо ў гэтым выпадку яму давялося сутыкнуцца з моцнай апазіцыяй Ніла Гілевіча і асабліва Івана Навуменкі, які раней ставіўся да мяне прыхільна, а тады пярэчыў рэзка і настойліва, палічыўшы, што я меў дачыненне да бурна ўспрынятага ў пісьменніцкім асяроддзі чыгрынаўскага даклада «Раман – гэта народ», дзе быў закрануты і гонар Навуменкі-раманіста. А Чыгрынаў, калі рыхтаваў той даклад, са мною не раіўся. У яго былі свае погляды на літаратуру, на творчасць сучаснікаў у асаблівасці. I ён трымаўся гэтых поглядаў непахісна, а таму і не меў патрэбы ў падказках. Ды і ўласцівая яму ганарыстасць ніяк не схіляла да залежнасці ад чужых думак.
Асабліва здзіўляла ягоная інтуіцыя, якая ў шэрагу выпадкаў аказвалася, калі хочаце, прарочай. Так, ён раней за прафесійных медыкаў самага высокага рангу адчуў, што памірае Мележ, гаварыў пра гэта прынамсі за дзень да скону Івана Паўлавіча.
Выразна прадчуваў Чыгрынаў і сваю дачасную смерць. Позняй восенню 1994 года падчас аднаго працяглага шпацыру па мінскіх вуліцах ён сказаў мне, што збіраецца адзначаць сваё 60-годдзе шырока, з размахам, бо наўрад ці давядзецца яму спраўляць наступны юбілей.
Апошняя наша размова адбылася 21 снежня 1995 года. Я па тэлефоне павіншаваў Івана Гаўрылавіча з днём нараджэння, хаця ў неюбілейныя для яго гады рабіў гэта далёка не заўсёды. Ён падзякаваў за званок, за віншаванні. I гэта зноў жа было трохі нязвыкла, бо мы найчасцей абыходзіліся без знешніх сантыментаў, больш выкарыстоўвалі жартоўны тон. Пабедаваўшы, што ўжо не можам і па кілішку падняць (не з-за адлегласці, а па стану здароўя), Іван Гаўрылавіч прызнаўся, што завяршыў новы раман («Не ўсе мы згінем»), аддаў яго ў «Полымя», хутка пачнуць друкаваць, а потым з прыкметнай скрухай у голасе сказаў, што працягваць раманны цыкл больш не будзе, хоць яшчэ адзін твор і трэба было б напісаць, каб вывесці сваіх герояў у пасляваенныя гады, паказаць чарнобыльскую трагедыю, якая абрынулася і на верамейкаўцаў. Але няхай пра гэта напіша ўжо хто іншы, яму ж, Чыгрынаву, беларускі народ будзе ўдзячны за тыя раманы, якія ўжо створаны, бо зроблена справа сур’ёзная, гістарычная.
Гэтыя словы (іх, як і ўсю размову, я запісаў па свежай памяці) выглядалі як яўнае падсумаванне, у вуснах аўтара, можа, і залішне гучнае. Ды я ўсё роўна асабліва не насцярожыўся, бо ведаў, што Чыгрынаў часам любіў і пахваліцца, нібыта напаўжартоўна, але з падтэкстам зусім не жартоўным. А тут і падстава была сур’ёзная. Не кожны ж дзень пісьменнікі заканчваюць аб’ёмістыя творы.
Закругляючыся, Іван Гаўрылавіч паведаміў, што чарговы раз збіраецца класціся (пасля новага года) у бальніцу. Гэта таксама ўжо было звыклым. I я не падумаў, што ён развітваўся са мною назаўсёды. Праз два тыдні яго не стала. Прымірыцца з гэтым усё яшчэ горка і балюча.
Зрэшты, для мяне ён не толькі як пісьменнік, але ў нейкім сэнсе і як чалавек застаецца жывым. У складаных жыццёвых варунках я часта ўспамінаю яго, зноў і зноў пераконваючыся, якім надзейным сябрам ён быў, як глыбока бачыў людзей, іх вартасці і недахопы, як шмат дабрыні і чалавечнасці насіў у сваёй чулай душы, далікатнасць якой прыкрываў знешняй позай. Тую позу многія прымалі, а некаторыя нядобразычліўцы знарок імкнуліся выдаць за ягоную сапраўдную сутнасць, прыпісвалі яму саманадзейнасць і фанабэрыстасць. А ён і ў чалавечым сэнсе (не кажучы ўжо пра мастака) быў неардынарным, працаваў самааддана, пераадольваючы шматлікія перашкоды, якія так часта паўстаюць перад рупліўцамі на беларускай ніве, працаваў для Беларусі, для яе лепшай долі, якая чамусьці ўсё не становіцца рэальнасцю.

КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 1

2014

УСПАМІНЫ АБ І.Г. ЧЫГРЫНАВЕ, НАРОДНЫМ ПІСЬМЕННІКУ БЕЛАРУСІ

Да 80 годдзя І.Г. Чыгрынава

Бягуць гады… Менавіта не крочаць сабе памалу, а бягуць імкліва. Здаецца яшчэ зусім нядаўна мы былі маладыя, але час сваё бярэ. Вось і мы ўжо адзначаем 80-годдзе з дня нараджэння нашага знакамітага земляка – народнага пісьменніка Беларусі Івана Гаўрылавіча Чыгрынава, якога на вялікі жаль ужо няма сярод нас, але добрая памяць аб гэтым Чалавеку жыве ў нашых сэрцах. Нагадаю зараз вам пра яго.
Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў – мой аднагодак. Упершыню я пабачыў яго яшчэ ў першыя пасляваенныя гады на камсамольска-маладзёжных нарадах у райкаме камсамола, у якіх нас, у той час сакратароў школьных камсамольскіх арганізацый, запрашалі прыняць удзел. Я ўзначальваў камітэт камсамольскай арганізацыі Касцюковіцкай сярэдняй школы (ў той час яна была самай вялікай сярод ўсіх школьных арганізацый: налічвала больш за дзве сотні камсамольцаў), а Чыгрынаў узначальваў камсамольскую арганізацыю Саматэвіцкай сярэдняй школы, у якой ён у тыя гады пасляваенныя вучыўся ў старэйшых класах пасля заканчэння сямігодкі ў яго роднай вёсцы Вялікі Бор. Час той быў вельмі няпросты: краіна аднаўляла разбураную вайной народную гаспадарку і трэба было ўсім жыхарам нашай рэспублікі дапамагчы будаваць жыллё, прамысловыя і гаспадарчыя аб’екты, культурныя ўстановы, бальніцы, школы і г.д. Памятаю і нам, камсамольцам і вучнёўскай моладзі давялося папрацаваць на аднаўленні разбуранага вайною нашага раённага Дома Культуры (зараз гэта РЦК), таксама прымалі актыўны ўдзел у пасадцы сажанцаў дрэў у Касцюковіцкім лесе, садзілі дрэвы і кустарнікі у горадзе, дапамагалі мясцовым калгасам нарыхтоўваць угнаенні, збіраць ураджаі і інш. Шмак карысных спраў рабілі ў той час камсамольцы і моладзь нашага раёна.
Пасля заканчэння вучобы ў школе я доўгі час не сустракаў І.Г. Чыгрынава, бо нашы жыццёвыя шляхі разышліся: мяне прызвалі на вайсковую службу, а Іван Гаўрылавіч паступіў у ВНУ ў г. Мінску. Яго заўсёды вельмі вабіла літаратура і ён прысвяціў ёй усё сваё жыццё. Я таксама спрабаваў пасля вайсковай службы (амаль чатыры гады) паступіць у БДУ на юрыдычны факультэт на завочнае аддзяленне, але не хапіла ўсяго аднаго бала і як вынік, не прайшоў па конкурсу. Пасля гэтай няўдалай спробы я ўладкаваўся  на працу у Прусінскую васьмігадовую школу выкладчыкам працы і фізічнага выхавання, добра падрыхтаваўся і падаў дакументы ў Гомельскі педагагічны інстытут імя В.П. Чкалава (зараз гэта Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны) на завочнае аддзяленне біялагічнага факультэта, паступіў і закончыў яго, атрымаўшы дыплом настаўніка. Потым я працаваў выкладчыкам біялогіі і хіміі Бялынкавіцкай сярэдняй школы (9 год), дзе ў тыя гады ў гэтай школе вучыліся будучыя вядомыя паэты, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Пісьмянкоў і Аляксандр Бардоўскі. Затым мяне лёс закінуў у Саматэвіцкую сярэднюю школу, куды мяне прызначылі дырэктарам гэтай школы, якую ў свой час закончыў народны паэт Беларусі Аркадзь Аляксандравіч Куляшоў і народны пісьменнік Беларусі Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў. У гэтай школе прайшлі гады палавіны ўсяго майго працоўнага жыцця (16 гадоў). Тут мне пашчасціла сустракацца са знакамітымі паэтамі, пісьменнікамі і іншымі вядомымі людзьмі. Нарэшце, тут я зноў сустрэўся з былым выпускніком школы, народным пісьменнікам Беларусі Іванам Гаўрылавічам Чыгрынавым. Я за час работы ў Саматэвіцкай школе сам захапіўся паэтычнай творчасцю і сачыў уважліва за творчым шляхам будучага народнага пісьменніка, чытаў яго творы. Тады І.Г. Чыгрынаў працаваў у маладзёжных выдавецтвах, пазней – сакратаром Саюза пісьменнікаў Беларусі. Мне давялося нават пабываць у яго рабочым кабінеце, паназіраць як ён працуе, якія у яго адносіны да паэтаў, пісьменнікаў, калег па пяру. Я адмеціў яго цвёрдасць, разважлівасць і грунтоўнае веданне сваёй справы. Ёсць у мяне у сваёй дамашняй бібліятэцы і кніжкі І.Г. Чыгрынава (у тым ліку і з яго аўтографам).
Мяне здзіўляе такі вялікі і шырокі дыяпазон тэм і інтарэсаў нашага земляка-творцы: тут і вельмі сур’ёзны аналіз гістарычнага мінулага нашай Беларусі, вельмі дакладна раскрыты для чытача самы трагічны перыяд першых дзён Вялікай Айчыннай вайны, першыя ахвяры і першыя героі ўсенароднай барацьбы супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў і шмат іншых цікавых падзей і вобразаў. Адразу разумею: усё гэта прайшло праз душу і сэрца гэтага вялікага Майстра слова.
Ён вельмі любіў свае родныя мясціны, нашу Касцюкоўшчыну, родную сінявокую Белую Русь і яе працавіты народ.
І мы, землякі народнага пісьменніка Беларусі Івана Гаўрылавіча Чыгрынава вельмі ганарымся ім і таксама назаўсёды захаваем у нашых сэрцах светлую памяць, любоў і павагу да імя гэтага выдатнага сына роднай Касцюкоўшчыны, нашай Беларусі.

КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 1

2010

НЕЗАБЫЎНЫЯ СУСТРЭЧЫ

Пісьменніку Івану Чыгрынаву прысвячаецца

Першая, а таму і незабыўная мая сустрэча з Іванам Гаўрылавічам Чыгрынавым адбылася ў 1968 годзе. Працаваў я тады адказным сакратаром райгазеты «Шлях Кастрычніка», а маё рабочае месца знаходзілася ў невялічкім кабінеце друкарні. Я вычэрчваў макет чарговага нумара газеты і ў гэты час празвінеў званок тэлефона. Тэлефанаваў рэдактар. «Віктар, – паведаміў ён, – да цябе павінен зайсці Чыгрынаў, рыхтуйся і, калі яшчэ не пайшоў Ласоўскі, затрымай яго». А што рыхтавацца? Склаў я адну на другую падшыўкі газет, якія ляжалі на крэслах, каб зручней было сесці. Паклаў на стол чыстыя лісты паперы. Сяджу і пазіраю з хваляваннем на дзверы. Прадумваю, як сустрэць высокага госця, што сказаць яму, пра што спытаць. А тут пайшло як па напісанаму сцэнарыю. Спачатку на парозе паявіўся Ласоўскі, а неўзабаве за ім – Чыгрынаў. Павітаўшыся, я запрасіў іх прысесці на загадзя падрыхтаваныя месцы. Паклаўшы на стол акуляры, Іван Гаўрылавіч паведаміў, што мэта яго творчай камандзіроўкі на Хоцімшчыну – збор матэрыялаў пра кіраўніка паўстання сялян Крычаўскага староства Васіля Вашчылу, аб якім і зараз жывуць легенды, як аб чалавеку рашучым, ініцыятыўным і свабодалюбівым, які ачышчаў свой край ад прыгнятальнікаў даволі рашуча. Пад началам Вашчылы стаяла больш трох тысяч чалавек.
Калі Іван Гаўрылавіч стаў называць прозвішчы паплечнікаў Вашчылы, Міхаіл Аляксеевіч Ласоўскі ажывіўся. Ён, як краязнаўца, выказаў меркаванне, што правільна належала б пісаць не Стась Папятышка, а Стась Папялышка. I сапраўды, прозвішчы Папялышак ёсць у Касцюковіцкім раёне, як на Хоцімшчыне прозвішчы Вашчыліных, а на Клімаўшчыне – Карпачоў, у Крычаве – Бачковых і г. д.
Заступаючы наперад зазначу, што першым драматычным творам I. Чыгрынава была п’еса «Следчая справа Вашчылы». Пра лёс Вашчылы і сёння дакладна нічога невядома. Даследчыкі выказваюць розныя версіі, згодна з якімі Васіль Вашчыла з невялікай колькасцю паўстанцаў апынуўся ў Старадубе. Мясцовыя казакі добра ведалі, што насельніцтва Крычаўскага староства, якое цягнулася ад Крычава да Касцюковіч і Хоцімска, заўсёды дапаможа ім, а самыя смелыя ўвальюцца ў рады казацкай вольніцы, Ведалі і тое, што праз касцюковіцкія землі яшчэ ў сярэдзіне 17 стагоддзя ішлі на поўнач і паўночны захад палкі Багдана Хмяльніцкага, зрабіўшы сваёй базай Папову Гару (зараз Красная Гара) на Браншчыне. Сваю версію ў драме падае I. Чыгрынаў, падводзячы да таго, што кіраўнік сялянскіх «іунтаў», як называў гэтыя выступленні князь Радзівіл, быў атручаны.
Заканчваючы ўспамін пра першую сустрэчу з I. Чыгрынавым, пазначу, што пасля яе я больш пільна стаў сачыць за яго творчасцю. I не было розніцы, з якіх крыніц: перыядычныя выданні, радыё, ці тэлеперадачы. Лічыў за правіла, што творы сваіх слынных землякоў ведаць трэба. Бываючы ў Мінску, як студэнт-завочнік факультэта журналістыкі Белдзяржуніверсітэта, ніколі не прамінаў выпадку паглядзець спектаклі ў тэатры імя Янкі Купалы. На сцэне яго ў выкананні народных артыстаў прывабілі вобразы княгіні Рагнеды, князёў Уладзіміра Кіеўскага і Усяслава Полацкага ў драме «Звон – не малітва». Не менш уражлівая драма «Чалавек з мядзведжым тварам».
Мала каму вядома, што Іван Гаўрылавіч захапляўся падарожжамі. Ці не вынік сустрэчы з цікавымі людзьмі шматлікіх вёсак і пасёлачкаў яго раманы «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві» і «Свае і чужыя»? Пераканацца ў тым, што многія чытачы, асабліва ваеннага і пасляваеннага пакаленняў, пазнаюць у раманах свае вёскі, а герояў твораў як сваіх блізкіх, родных і знаёмых. Пацвярджаючы сказанае, прывяду радкі з запісаў у дзённіку заслужанай настаўніцы школ Беларусі Валянціны Сямёнаўны Еўдакіменка.
«Мая свякруха Арына, – піша яна, – выправіла на фронт чатырох сыноў. Двое з іх загінулі яшчэ ў першыя месяцы вайны, а двое вярнуліся цераз чатыры гады. Ад слёз свякруха стала сляпая і глухая. А свёкар, Дзмітрый Ігнатавіч, як атрымаў «пахаванкі» на двух сыноў, то больш ніколі ў рукі не ўзяў гармонік.
Удовамі засталіся і зусім маладыя жанчыны. Загінуў муж у Казловай Сукліды, жывым згарэў у Паньках сын. Аднак яна яшчэ знаходзіла сілы ўзняць на ногі малых дзяцей. У кнізе «Плач перапёлкі» Іван Чыгрынаў піша пра яе і пра Ісака Якушава…»
Маючы на сваім пісьменніцкім рахунку прозу, драматычныя творы, сцэнарыі да шматсерыйных фільмаў, пастаўленых на кінастудыі «Беларусьфільм», Іван Чыгрынаў не абыходзіў праблемы беларусаў, балявыя моманты сучаснасці ў публіцыстыцы (Кніга «Паміж сонцам і месяцам»).
Даволі няроўнай была яго дарога да звання народнага. За апавяданне «Маці» пісьменніка крытыкавалі на ўсіх узроўнях улады, маўляў, як ён асмеліўся са спагадай напісаць пра маці паліцая, узняў тэму, пра якую іншыя аўтары лічылі за правіла замоўчваць. А ён, бачце, сказаў у поўны голас! Варта ўспомніць і пра выданне са «скрыпам» кніжкі «Птушкі ляцяць на волю». I. Чыгрынаву давялося звяртацца за дапамогай аж у Маскву.
Нарэшце некалькі слоў пра 1995 год. Іван Гаўрылавіч прыехаў тады ў Касцюковічы па рашэнню III з’езда Аграрнай партыі, якая вылучыла яго кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па Касцюковіцкай выбарчай акрузе № 169. Сустрэча адбылася ў гасцініцы. Тут і запланавалі што рабіць і як весці агітацыйную работу. Склалі спіс прозвішчаў давераных асоб. На наступную раніцу аднеслі ў райвыканкам папку з неабходнай дакументацыяй, выпісалі ў акруговай выбарчай камісіі пасведчанні на давераных асоб – і за справу. Як нам і рэкамендавалі, наладжвалі сустрэчы ў працоўных калектывах. Аб адной з такіх сустрэч раскажу асобна.
9 мая. Святочны дзень. Паколькі жыхары Хоцімска і навакольных вёсак уваходзілі ў склад выбарчай акругі, туды і накіраваліся. Кіраваў «Жыгулямі» пляменнік Івана Гаўрылавіча – Сямён. Даехалі хутка. Далажылі загадчыку аддзела культуры (ён быў членам акруговай выбарчай камісіі) і старшыні райвыканкама аб мэце прыезду. Дамовіліся, што Іван Гаўрылавіч выступіць на мітынгу, прысвечаным Святу Перамогі, трэцім. Так і адбылося. Удзельнікі мітынгу цёпла сустрэлі выступленне народнага пісьменніка і суправаджалі яго прамову апладысментамі. У яшчэ недабудаваным Саборы ішла царкоўная служба. Іван Гаўрылавіч паставіў свечкі ў памяць загінуўшых у вайну, наведаў музей Хоцімскай сярэдняй школы № 1.
Па шляху ў вёску Вялікая Ліпаўка, якая была першай у рэспубліцы вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, I. Чыгрынаў завітаў да жыхароў мікрараёна гарпасёлка. Гутарыў з яго жыхарамі, распытваў пра жыццё-быццё, настрой…
Помняць сустрэчы з Іванам Чыгрынавым жыхары вёскі Баханы, іншых населеных пунктаў, удзячныя землякі пісьменніка.

КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 1

1998

І ЎСЁ-ТАКІ ЁН ЗАСТАЎСЯ

Цікава, што банальныя ісціны вельмі часта спраўджваюцца, і як бы мы іранічна ні ставіліся да іх, мудрасць народная ўсё ж перамагае. Гэтак у мяне атрымалася з выслоўем пра вялікае, што бачыцца на адлегласці, у дачыненні да асобы Івана Чыгрынава. I праз шалупінне былых падзей, размоў і плётак, адкінуўшы ўсё гэтае смецце, сёння больш яскрава высвечваецца істотнае і важкае ў вобразе гэтага творцы і чалавека.
Прызнаюся адразу: славутую пенталогію Чыгрынава ў свой час дачытаць не хапіла духу – здалася яна надта грувасткай, нуднай, хоць, безумоўна, рука майстра слова адчувалася. Ды неяк заўсёды страшнавата становіцца, калі бачыш чарговую «апупею», неяк супраціўляецца душа гэтаму нетаропкаму аранню глебы, дзе ў нашай літаратуры бадай толькі незабыўны І.Мележ здолеў захаваць і займальнасць, і дынамізм, стварыўшы, тым не менш, шырокую панараму народнага жыцця.
Але пра значэнне Чыгрынава-творцы крыху пазней, а зараз хочацца пагартаць уласныя ўспаміны, зверыць свае ўражанні ад гэтай своеасаблівай, у нечым нават гратэскавай асобы.
Памятаю, першы раз, калі на нарадзе маладых пісьменнікаў у старым каралішчавіцкім доме ўбачыў Івана Гаўрылавіча, важнага, ганарыстага, з уласцівай яму магілёўскай «трасянкай», узнікла пачуццё пэўнай непрыязнасці. Ці то ад «трасянкі», ці то ад частага падкрэслівання сваёй велічнасці і значнасці, ці ад чаго іншага, але пачуццё гэтае заставалася ў душы досыць доўга, амаль да апошняй сустрэчы, калі ўжо Чыгрынаў быў, што кажуць, на парозе адыходу з нашага жыцця. Было гэта ў Полацку ў спякотны чэрвеньскі дзень, дзень ушанавання святой Еўфрасінні, калі ў манастыр збіраецца шмат народу, калі звіняць званы і полацкі люд разам з гасцямі прыходзіць пакланіцца заступніцы беларускага народа. У апошнія гады з паўзабароненага свята ператваралася часам у своеасаблівае палітычнае шоу, калі за абавязак лічыцца для многіх службовых асоб засведчыць сваю прысутнасць на ім. Так было і тады, бо дзень гэты яшчэ асвечваўся перадвыбарнай барацьбой.
Напярэдадні патэлефанаваў мне ў Полацк Сяргей Законнікаў, што прыязджае разам з Іванам Гаўрылавічам і Анатолем Кудраўцом і што Чыгрынаў прасіў, каб я арганізаваў паездку на прыроду, і каб нікога там, апроч іх і мяне, не было.
Крыху здзівіўшыся, бо ніколі ў блізкіх стасунках з Чыгрынавым не быў, я ўсё ж тут жа звязаўся з Бярэзінскім запаведнікам і, назваўшы гасцей, напрасіўся ў тагачаснага дырэктара Уладзіміра Ганчара на візіт.
Іван Гаўрылавіч, жоўты, схуднелы, нейкі сцішаны і лагодны, зусім не падобны на ранейшага, з першых жа слоў прывітання запытаўся пра паездку. Атрымаўшы станоўчы адказ, павесялеў і адразу стаў усіх прыспешваць. Урачыстасці яшчэ не пачыналіся, але Чыгрынаў літаральна загнаў нас у «рафік», і мы паехалі ў Домжарыцы, захапіўшы па дарозе ў Лепелі жонку Івана Гаўрылавіча, якая гасцявала там у сваякоў.
На возеры ўсё было надзвычай па-хатняму, па-простаму.
Пляшка і сала, вэнджаніна, гранёныя чаркі.
– Я вып’ю крыху, – сказаў Іван Гаўрылавіч. – Сёння можна. Вы ведаеце ж, хлопцы, што чарку я заўсёды мог узяць…
Вакол кружыліся камары, іх было так шмат, што яны не давалі спакойна пасядзець, таму збоку можна было б падумаць, што мы нешта даказваем адзін аднаму на мігах.
– Люблю я, хлопцы, нашу беларускую прыроду, – задуменна сказаў Чыгрынаў.
Усе звыкла ўсміхнуліся, хаваючы іронію ў кутках вуснаў, але ўпершыню чамусьці мяне гэтыя словы «Святлейшага» не раздражнялі. Была ў іх нейкая сапраўднасць, туга. I ўсё іншае, што ён сказаў тады, было шчырым і чалавечным.
– Вы заходзьце да мяне, Толя, Сярожа. Сумна мне дома, у халадзільніку ўсё ёсць, таму стол бедны не будзе. Хочацца пагаварыць, пасядзець, як раней, расказаць, што пішу, паслухаць вас.
У ягоных поглядах на літаратуру, на творы іншых пісьменнікаў таксама шмат было своеасаблівага, як для мяне, дык спрэчнага, але пасля, успамінаючы тую гаворку, з некаторымі чыгрынаўскімі ацэнкамі я мусіў згадзіцца.
У той дзень я раптам зразумеў, што перада мной – значны пісьменнік, і справа не ў тым, што яму надалі «народнага», што ён быў «абрэгалены», як мала хто пры жыцці. У тужлівым позірку, у руках і словах, тут, на беразе запаведнага ціхага возера, ён быў сапраўдны. Ён быў беларус, сын гэтай зямлі, якую ён, відавочна, вельмі любіў.
Такога вось сапраўднага Чыгрынава я і захаваў у сваёй памяці. I ўспамін той сёння памагае мне глыбей ацаніць значэнне і вартасць гэтай асобы для нашай літаратуры, культуры ў цэлым.
Чыгрынаў – беларускі нацыянальны пісьменнік. Нягледзячы на браваду, на прагу да кіраўнічых пасад, на смешнае часам самаўзвялічванне, ён усё ж быў надзелены боскім дарам літаратара. Для нашай літаратуры ён не чужы, не наносны, не «ўкаранёны». Сёння, калі мы бачым, хто ёсць хто, калі для некаторых нашых калег беларускае слова – толькі звыклы квіток да кармушкі, – чыгрынаўская сапраўднасць цешыць і прымірае з многімі ягонымі недахопамі.
I ў літаратуры ён жыве. I глыбокім пісьмом, і цікавымі вобразамі, якія ён стварыў. Вобразамі народнымі, бо ён ведаў свой народ і любіў яго. I калі некаторыя мае сябры казалі, а я згаджаўся, што вось не стане Чыгрынава і хутка ўсе забудуцца, што быў такі пісьменнік, аказалася, што гэта не так.
Ён застаўся. Ён заняў належнае яму месца ў літаратуры і здолеў сваім жыццёвым і творчым шляхам выпеставаць і ўзгадаваць такія знаёмыя і простыя словы – Іван Чыгрынаў.

КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 1

1989

І ЗАПЛАКАЛА ПЕРАПЁЛКА

У кожным калектыве ёсць чалавек, які больш за іншых знаходзіцца ў цэнтры ўвагі. Відаць, калектыў не можа без такога чалавека: менавіта праз яго праяўляе сваё «я». Ды і ў такога чалавека знаходзяцца якасці, якія нечым звяртаюць на сябе ўсеагульную ўвагу.
У спартыўнай зале, дзе мы жылі пры паступленні ва ўніверсітэт, Іван Чыгрынаў выдзеліўся спачатку нязвыклым для нас, маладых хлопцаў, рэжымам дня. Пасля абеду ён, што б там ні было, клаўся ў ложак, нацягваў тонкую коўдру на галаву і засынаў. Калі хто гучна размаўляў, Іван супакойваў: сціхніце, я спаць буду!
А ну – сціхніце, я спаць буду!
Такая яго звычка хутка выклікала насмешкі. Як толькі Іван заходзіў у залу, хто-небудзь гукаў:
Цішэй! – я спаць буду.
Чыгрынаў на такія хіхіканні не злаваў. Наадварот пасмяецца разам з усімі ды ў ложак. Мармытне: «Што вы разумееце ў гэтым? – і спіць.
Юнацтва такое: больш артачышся – больш насядае. Ведаў гэта і Чыгрынаў. Калі яго дапякалі – смяяўся:
Паржэце – ды перастанеце.
Іван аказаўся кампанейскім. Ён распытваў пра другіх, расказваў пра сябе. Расказваючы пра сябе, мог выставіць сваё «я» ў незвычайных абставінах. Неяк расказаў, што ён хадзіў да Аркадзя Куляшова, свайго земляка, паказваць уласныя вершы. Куляшоў, які прыехаў у родныя мясціны на лета, прыняў Івана, як самага блізкага чалавека.
Чыгрынаў таксама любіў «пажартаваць». Пайшоў ён, па звычцы, пагуляць па горадзе. Кіраваў да Камароўкі. Убачыў Пташнікава, які на месцы цяперашняга паліграфкамбіната разглядаў на плоце нейкую аб’яву. Падкраўся паціху, тыцнуў пальцам:
– Рукі ўгору!
Пташнікаў, зразумела, падскочыў. Пасля Чыгрынаў доўга расказваў, як той напалохаўся. Расказваў і шкадаваў, што выйшаў гэтакі жорсткі жарт. Усё гэта было. Ад яго, як кажуць, нікуды не дзенешся. Было і тое, што Івана паважалі. Хаця па-юначы і рысаваўся часам, але хапала ў яго сапраўднай сур’ёзнасці. Ён быў назіральны, ведаў жыццё вёскі. Шмат чытаў, любіў пакапацца ў даўніх і рэдкіх кнігах. Яго хіліла да гісторыі, ён цікавіўся біяграфіямі гістарычных асоб, да Чыгрынава рана прыйшла сталасць. Калі большасць з нас безаглядна верыла падручнікам таго часу (вучыліся мы ў БДУ ў 1952–57 гг.), то Іван да многага ставіўся крытычна, падыходзіў да яго са сваёй меркай, сваёй ацэнкай. Ён напрыклад, адрозніваў сапраўдную паэзію ад «надзённай».
Хочаш – пазнаёмлю з сапраўдным паэтам? – прапанаваў Чыгрынаў. У такім разе запрашаю цябе на сустрэчу з Дзяргаем. Не чуў пра такога? Выдатны паэт. Глыбокі лірык.
Назаўтра адбылася тая сустрэча. Сяргей Дзяргай завітаў на Маскоўскую, у наш пакой. Ён, Іван і я пайшлі пагуляць. Была вясенняя нядзеля, на вуліцы малалюдна. Мы няспешна кіравалі да Дома ўрада.
Дзяргай ішоў павольна, пакульгваючы. Быў ён у шынялі. Без шапкі. Хударлявы. З удумлівым вачамі.
Мы пагулялі па горадзе, паабедалі ў сталоўцы. Калі засталіся з Іванам удваіх, ён сказаў:
Бачыш, які цудоўны чалавек!
Потым Сяргею Сцяпанавічу Дзяргаю была прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР. Калі паэт праз шмат гадоў ляжаў прыкаваны хваробай да ложка, мне выпала наведаць яго. Прыгадаў я тады нашу даўнюю сустрэчу. Яму было прыемна.
Гады вучобы супалі з бурнымі падзеямі ў жыцці краіны. Былі рэабілітаваны і многія беларускія пісьменнікі.
Бурныя падзеі выклікалі, натуральна, бурныя спрэчкі. Колькі было перагаворана, колькі было выказана думак, меркаванняў, колькі ўкладзена ва ўсё гэта душы, пачуццяў. Чыгрынаў тут быў актыўным. У яго заўсёды праяўлялася самастойнасць мыслення. І заўсёды Іван асуджаў несправядлівасць, подласць.
На адной з лекцый прывялі такі факт. Жанчына, каб адпомсціць, насаліць сваім аднавяскоўцам, пісала ананімныя пісьмы на іх. Толькі адну фразу: такі вось з’яўляецца падпявалай кулака. Пацярпелі дзясяткі чалавек. Гэты факт вельмі ўзрушыў нас. Чыгрынаў ужо вечарам, у інтэрнаце, усё абураўся такой натурай, дзівіўся, як яе зямля насіла.
Сам жа Іван быў справядлівы ў адносінах з аднакурснікамі. Каго не паважаў, трымаўся ад яго далей. З кім сябраваў – стараўся ведаць пра яго больш. Цікавілі не толькі і не столькі анкетныя звесткі, а сутнасць чалавека, яго маральныя якасці.
Вучылася з намі дачка праслаўленага Канстанціна Заслонава. Мы ўсе паважалі Музу. Прыязна адносіўся да яе і Іван. Ён не раз гаварыў з ёй – і пра бацьку, і пра яго сяброў, іх справы, і пра жыццё ў той час у Оршы, і пра маці, і пра бабку, якая жыла з імі… Неяк сказаў Музе:
Выдатны быў у цябе бацька. Станеш журналісткай раскажы пра яго людзям. Абавязкова раскажы, ніхто лепш за цябе гэта не зробіць.
Не ведаю, наколькі прыдалася Музе Іванава парада. Але яна расказала пра свайго бацьку, зняўшы кінафільм.
Парадамі, думкамі, ведамі Чыгрынаў шчодра дзяліўся з усімі. Паслухае, бывала, паслухае, распытае, удакладніць Ды і кажа рашуча:
А чаму табе не зрабіць вось так?..
У той час буру пачуццяў выклікала мода. Вузкія штаны… Доўгія валасы… Пінжакі ў клетку…
Іван разважыў:
І чаго гэтулькі крыку? Падумаеш, нехта надзеў вузейшыя штаны, чым у цябе. То што – трэба лавіць яго на вуліцы і распорваць калашыны?.. Фу! Што за народ?
Вось такое ўменне зірнуць на рэчы цвяроза – адметнасць Чыгрынава. Ён глядзеў на сённяшняе будзённае як бы з заўтрашняга дня. Ён прыўзнімаўся думкай над мітуслівым бытам. Многае ўспрымаў як дурыкі, як недастойнае ўвагі. Так і гаварыў:
Глупства гэта ўсё. Кіньце коп’і ламаць, лепш справай займіцеся.
Такое стаўленне, як я цяпер разумею, дало яму значную перавагу перад многімі студэнтамі. Пакуль іншыя трацілі час на высвятленне адносін у дробязях, Іван асвойваў больш значныя пытанні.
Наогул быў ён ужо тады рэалістам. Глядзеў на жыццё не як залежны ад яго, а як гаспадар над ім. І ішоў па ім як гаспадар. Той-сёй папракаў Івана за такую самаўпэўненасць: маўляў, ты яшчэ нічога не зрабіў за свае гады.
Ну і што з таго, адказваў Іван. – Я пазнаў мудрасць соцень вучоных, пісьменнікаў… Так што ўжо, як бачыш, нямала зрабіў. А гэта аснова для самастойнай творчай працы.
Калі Пташнікаў і Адамчык заявілі пра сябе як пісьменнікі адразу пасля заканчэння ўніверсітэта, то Чыгрынаў ішоў у літаратуру марудней. Толькі праз чатыры гады надрукаваў першыя апавяданні, а першы зборнік выйшаў яшчэ праз чатыры гады.
За гэты час у нас было некалькі сустрэч. Прыехаўшы ў Мінск з Ліды, я захацеў пабачыцца і з Іванам. Ён працаваў тады ў выдавецтве Акадэміі навук. На рабоце не аказалася: прыхварэў. Застаў яго дома.
Жыў Чыгрынаў на прыватнай кватэры на Інтэрнацыянальнай.
Здымаў пакой у старым доме. Убачыў мяне – абрадаваўся.
Заходзь, шырока ўсміхнуўся і паправіў на сабе паліто, апранутае на майку. – Прабач, што я ў такім нарадзе. Ляжу вось, прастудзіўся.
Пакой – чыста халасцяцкі. Жалезны ложак з панцырнай сеткай. Стол. Тумбачка. Здаецца, больш нічога не было.
Іван лёг – і праваліўся на сетцы. А мне адразу прыгадаліся нашы такія ж студэнцкія ложкі. І нібы не развітваліся мы на некалькі гадоў, а толькі ўчора раз’ехаліся з інтэрната.
Іван ніколькі не змяніўся – ні знешне, ні па звычках. Такі ж крыху сутулы. З той жа прычоскай – растрапанымі, напушчанымі на лоб валасамі. Тыя ж шэрыя смяшлівыя вочы. І манера размаўляць – гучна, памагаючы энергічнымі жэстамі рук.
Расказваў Іван, што піша апавяданні, але не друкуе: не гарыць, няхай вылежацца.
Ён падумаў крыху, рэзка павярнуўся да мяне:
А ты пішаш? Не? Чаму? Пішы, брат, пішы! Не траць дарэмна часу, пасля не нагоніш.
Нам было пра што гаварыць, было што ўспомніць. Прыгадалі і студэнтаў, і выкладчыкаў. Асабліва цёплае пачуццё захавалася ў Чыгрынава да прафесара Гутарава.
Я заўсёды дзівіўся на гэтага чалавека, – гаварыў Чыгрынаў. – У Івана Васільевіча захапляе ўсё: і фенаменальная памяць, і сапраўды энцыклапедычныя веды, і шчырасць, і дабрыня. А колькі ў яго прастаты, чалавечнасці!
Іван лічыў Гутарава ўзорам, на які трэба раўняцца. Выхадзец з нізоў, былы бяздомнік, дзетдомавец, Іван Васільевіч, дзякуючы сваёй працавітасці, настойлівасці, стаў вучоным, пісьменнікам. І – любімцам студэнтаў.
Успомнілі, як будавалі інтэрнат на Бабруйскай.
Тады якраз перадалі паведамленне, што ў нас пабудавана першая атамная электрастанцыя, – згадаў Іван. – Колькі радасці было! Колькі энтузіязму! І мы весялей узяліся за рыдлёўкі, помніш?
Успомнілі, як назіралі поўнае зацьменне сонца. Сотні студэнтаў выйшлі ва ўніверсітэцкі скверык, узброеныя закопчанымі шкельцамі. Сонца марудна хавалася за месяц. І ўсё неяк трывожней рабілася, што яно знікае. А калі з-за цёмнага круглага месяца засталіся тырчэць толькі пасмы сонечнага святла, на зямлю апала нейкая ненатуральная, зеленаватая ноч. Стала жудасна. Халодны вецер прашумеў па скверы. Жыццё нібы спынілася.
Ліха яго ведае, – гаварыў цяпер Іван, – быццам і ведаеш, што такое – зацьменне, а ўсё-такі ўбачыш – і мароз па скуры дзярэ. Што значыць – стыхія!
Успаміны ажывілі Чыгрынава. Але відаць было, што ён адчувае сябе няважна. Я ўстаў. На развітанне Іван паціснуў мне руку:
Будзеш у Мінску – заходзь…
У рэдакцыі часопіса «Полымя» Чыгрынаў загадваў аддзелам нарыса і публіцыстыкі. Я некалькі разоў заходзіў да палымянцаў. Працавалі ў «Полымі» і Іван Пташнікаў, і Барыс Сачанка. Надаралася, што я заставаў іх усіх. І калі выдавалася вольная мінута, пачыналася цікавая бяседа. Былі і сур’ёзныя размовы, але, бывала, як кажуць, тачылі языкі.
Чыгрынаў, як і ў час вучобы ва ўніверсітэце, нярэдка трапляў у цэнтр увагі. Асабліва калі ў гуморы быў Пташнікаў.
– То скажы, Іван, – пытаў ён, – як плача Перапёлка.
Чыгрынаў дабрадушна ўсміхаўся:
А ты хіба не чуў?
Я чуў, як яна спаць запрашае, а каб плакала…
Ты дрэнна слухаў, – перарываў Чыгрынаў, – і не тады, калі трэба.
Мне не раз прыгадвалася гэтая жартаўлівая гутарка, калі быў надрукаваны раман Чыгрынава «Плач перапёлкі». Іван і тут застаўся верны сабе. Тады ён толькі ўзяўся за твор, але быў упэўнены, што напіша яго. І напісаў. Напісаў добра, па-свойму. Стаў адным з вядучых пісьменнікаў краіны, якія пішуць аб вайне.
Пра раман шмат сказана ў друку. Твор варты высокай ацэнкі. Толькі, мне здаецца, некаторыя крытыкі ўзялі цераз край. Ставяць Чыгрынава ледзь не ўпоравень з Львом Талстым. Талстой такі вялікі, гэта такі геній, што лепш нікога з ім не параўноўваць.
У нашай жа літаратуры Чыгрынаў – сапраўды адметная з’ява. Выдатнае бачанне падзей і людзей, уменне праз дэталь паказаць цэлае, праз малое вялікае, глыбокі псіхалагізм, пранікненне ў душу герояў, іх яркая індывідуальная абмалёўка – вось што такое Чыгрынаў-пісьменнік.
Мне падабаецца вера Чыгрынава ў сябе, яго незалежнасць поглядаў. Гэтыя якасці і забяспечваюць яму ўдачы. Але і Чыгрынаў бывае, відаць – як і кожны пісьменнік, на раздарожжы.
Пытаеш, над чым працую? – Іван адкінуўся ў крэсле, склаў рукі на жываце, нахіліў галаву ўправа. – А ні над чым! Скончыў нядаўна трэці раман з той жа серыі. Ён мне абрыд; здаецца, што нічога горшага я яшчэ не пісаў.
Звычайнае адчуванне: пішаш – быццам добра, прачытаў напісанае – выкінуць хочацца.
Так то яно так, – паправіў Іван акуляры. – Зрэшты, няхай трохі паляжыць, яшчэ разік прачытаю ды аддам у часопіс, няхай ацэньваюць там, а тады – чытачы.
Памаўчаў крыху, ляпнуў далонямі па стале, нахіліўшыся ўперад, нібы сабраўся ўстаць, і зноў адкінуўся на спінку крэсла:
Ведаеш, дзіўная рэч атрымліваецца. Пішу без аглядкі, упэўнены, што так трэба. А скончу работу, азірнуся на яе – і палахлівасць нейкая агортвае.
Мы сядзелі ва ўтульным рабочым кабінеце Чыгрынава ў Доме літаратара. На вуліцы было горача, а тут прахалодна, свежа. Радыёпрыёмнік ціха рассыпаў пяшчотную музыку.
Зрэдку званіў тэлефон. Іван гаварыў коратка, канкрэтна. Альбо сам вырашаў пытанне, альбо накіроўваў таго, хто званіў па патрэбным адрасе, да патрэбнага чалавека. Бачна было, што Чыгрынаў ужо спрактыкаваны на пасадзе сакратара праўлення Саюза пісьменнікаў.
Зайшоў адзін аўтар са сваёй свежай кнігай. Падарыў яе Івану, падзякаваў за ўвагу да яго, за дапамогу.
На вялікім стале Чыгрынава было некалькі стосаў кніг.
Гэта ўсё падораныя? – пацікавіўся я.
Так, адказаў Іван. – І дома яшчэ, цэлая бібліятэка.
Заглянуў Леанід Гаўрылкін, сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў па арганізацыйных пытаннях.
Перакінуліся яны пару словамі па нявырашаным пытанні, зразумелі адзін аднаго хутка: як ні як – аднакурснікі былыя.
Я не першы раз быў у Чыгрынава, і яго пастаянная занятасць не стала мне навіной. А ён, нібы згадаўшы маю думку, сказаў:
Так цэлы дзень і круцішся. Іншы раз падумаеш вечарам, што важнае зрабіў. Аказваецца нічога. На дробязі час рассыпаўся. Але куды дзенешся: і дробныя пытанні трэба вырашаць, іншы раз яны не менш важныя, чым буйныя. І перавёў гаворку на іншае:
Ты адпачываў ужо?
Управіўся.
Я ж толькі збіраюся. Пуцёўка выдзелена на Рыжскае ўзбярэжжа. А тут гэтулькі ўсяго збеглася! Трэба ехаць у Маскву, пасля на Далёкі Усход, на святкаванне васьмідзесяцігоддзя з дня нараджэння Фадзеева.
Чым жа ты незадаволены? Цудоўныя паездкі. Да таго ж, ты лаўрэат прэміі імя Аляксандра Фадзеева.
Але часу мала. Хочацца забрацца на сваю Касцюкоўшчыну – проста пажыць на прыродзе, з людзьмі. Ці быў ты ў нашым краі?
Гэта, відаць, адзінае месца ў Беларусі, куды мне не давялося з’ездзіць.
Шкада. Цудоўныя ў нас мясціны… А што? Давай выберамся калі-небудзь. Пакажу свой Вялікі Бор, Беседзь. Пройдземся па мясцінах, якія апісаў у раманах. Люблю я іх.
І зноў перавёў гаворку:
У сустрэчах ёсць адна рэч, якая мне нe падабаецца. Не здагадваешся?
Не.
Застоллі. Я разумею людзей: яны запрашаюць ад душы, па традыцыі. Але ж дзе ты вытрымаеш, калі гэтак часта?
Многае перамянілася ў Чыгрынаве. Ён памажнеў. Жыццё, праца далі яму чалавечай мудрасці, вопыту. Ён яшчэ лепш бачыць і разумее ўсё, што адбываецца навокал. І ўсё ж у асноўным Іван застаўся ранейшым: нішто чалавечае яму не чужое. Ён жыве з людзьмі, жыве іх жыццём.
І выбірае з яго для паказу ў сваіх творах найбольш характэрнае, істотнае, этапнае. Гэта датычыць і трох раманаў «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы». Я сустракаў у крытыцы, чуў ад знаёмых, што калі Чыгрынаў так будзе паказваць вайну і далей, то спатрэбіцца напісаць дзясяткі раманаў, і некаторыя нават дакладна падлічылі – трыццаць. Адзін з нашых былых аднакурснікаў пажартаваў: Чыгрынаў, мусіць, задумаў разграміць фашыстаў і вызваліць Беларусь без адзінага стрэлу.
Сам жа Іван паставіўся да серыі раманаў інакш. Ён сказаў:
Перамога ў маі 45-га пачыналася ў чэрвені 41-га. І пачыналася перш за ўсё з веры савецкага чалавека ў сваю перамогу. Таму я падумаў, што будзе правільна вярнуцца ў сорак першы год і дзень за днём прасачыць вытокі гэтай веры, яе ўзмужненне. Героі раманаў прайшлі праз самы цяжкі час свайго станаўлення, яны ўбачылі, як вызваліць сваю зямлю ад фашысцкай брыдоты, сталі на шлях усенароднай барацьбы. Я паказаў пачатак перамогі, і не бачу патрэбы працягваць серыю раманаў.
І ўсё ж вярнуўся да тэмы, узяўся за чарговы раман з гэтай серыі.

КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 1

1998

ДА АПОШНЯГА ДНЯ

З нейкага часу Іван Чыгрынаў на поўным сур’ёзе мог нагадаць субяседніку, што ён ужо жывы класік. Чаго толькі варты яго аповед пра сон, у якім сам Максім Горкі за шырокім сталом перадаваў Чыгрынаву справы. Праўда, апошнюю паперку Горкі прытрымаў і сказаў: «А гэтую паперу я сам падпішу». Іван Гаўрылавіч глядзеў на субяседніка праз акуляры са шчырым недаўменнем – што б гэта абазначала?
Цяпер здаецца, што Іван Гаўрылавіч і сам задумваўся пра тое, ці атрымаецца, ці будзе запатрабавана чытачом яго шматраманная сага пра Вялікую Айчынную, якая пісалася з аглядкай і на «Кліма Самгіна». Першы раман «Плач перапёлкі», быццам выдыхнуты пісьменнікам, успрыняўся чытачом, займеў розгалас. І намнога спакайней адгукаліся на чарговыя раманы нават сябры-крытыкі. Надта ж імкліва кацілася пад скон стагоддзе, мяняліся погляды на многія каштоўнасці, пераглядалася гісторыя далёкая і блізкая. I як было паварочваць у іншае рэчышча задуманую эпапею пра народную вайну, паказаную праз народ, знізу, а не з партызанскіх высокіх і ніжэйшых штабоў?
Іван Чыгрынаў пайшоў па абранаму шляху да канца, да ўрачыстага партызанскага парада перад Домам урада ў Мінску. Так ён і закончыў апошні раман «Не ўсе мы згінем», хаця ведаў, што Дом урада тут ні пры чым. Парад адбываўся на былым іпадроме, дзе цяпер сквер пры вуліцы Чырвонаармейскай. Пра гэта мы гаварылі з Іванам Гаўрылавічам не аднойчы, а пазней ён з тварам пераможцы паказваў мне копіі загаду, схемы правядзення параду, якія здабыў у дасюль засакрэчаных архівах. Ведаў ад былых удзельнікаў пісьменнік і шмат дэталяў, нават такую: напярэдадні падзеі ў адным з лагераў атруціліся ваякі стравай так, што не да маршыроўкі было, з кустоў не вылазілі…
Але тым не меней раман заканчваўся ў адпаведнасці з афіцыйна пададзенай версіяй – парад праходзіць перад Домам урада.
Чалавек свайго часу, не мог ці не захацеў пераступаць за нябачную, але некім цвёрда акрэсленую рысу. З таго часу зыходзіла і ўстаноўка на шматтомную эпапею, хаця ў літаратуры быў ужо і іншы вопыт. Сапраўднае аблічча вайны ва ўсіх яе праявах найбольш ярка паўстала ў творах больш мабільнага жанру – аповесці. Прыкладам таму напісанае Васілём Быкавым, Рыгорам Бакланавым, Юры Бондаравым…
Але, пачаўшы з апавяданняў, трэба было, згодна завядзёнцы, «падняцца» да рамана, нават да цыкла раманаў. Характэрна, што першыя апавяданні Івана Чыгрынава і яго равеснікаў былі сустрэты ў штыкі тымі, хто стаяў на варце ўсталяваных канонаў, а не жыццёвай праўды. Дзеці вайны расказвалі пра вайну гэтак, як яны ўгледзелі яе. А потым і яны, не прызнаваўшыя старых канонаў, незаўважна пачалі працаваць згодна сваіх, няхай і абноўленых, прызнаных афіцыйнай ідэалогіяй…
Ці не з-за незадаволенасці тым, што пішацца, Іван Чыгрынаў звяртаецца да далёкай гісторыі, да такіх постацяў, як Вашчыла? I звяртаецца ў нязвыклым для сябе жанры п’есы. Ён сам, відаць, адчуваў, што драматург з яго слабаваты, а таму і называў свае творы п’есамі для чытання. Ці пісаліся яны, каб не быць у прастоі ў час роздумаў над чарговым раманам?
Мала хто ведае пра тое, што Іван Чыгрынаў апантана любіў пісьменніцтва, любіў пісаць. Пра гэта ён ніколі не гаварыў, гэтак жа як ніколі, ні разу не абазваўся пра сваю хваробу, не паскардзіўся, хаця знаў, што паволі і няўмольна памірае. Бог толькі ведае, якія хвіліны роспачы і адчаю перажываў ён у гадзіны начной адзіноты. Але раніцай садзіўся да пісьмовага стала і пісаў. Да апошняга дня, пакуль не лёг у бальніцу, з якой і не выйшаў.
Ідзе час, на доме, дзе жыў пісьменнік, устаноўлена мемарыяльная дошка. З яе глядзіць на прахожых зусім непадобны на сябе Іван Чыгрынаў. А тыя, хто яго ведаў, міжвольна задумваюцца – а які сапраўды ён быў? Неардынарная, каларытная постаць, асоба – гэта бясспрэчна, таленавіты пісьменнік… Але гэта далёка не ўсё. Загадка Івана Чыгрынава застаецца.

КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 1

1998

ЧАЛАВЕК З МЯДЗВЕДЖЫМ ТВАРАМ, АЛЬБО ЎСЕНАРОДНЫЯ ПОШУКІ КРЫЖА ЕФРАСІННІ ПОЛАЦКАЙ

Далібог, цяпер такіх пісьменнікаў няма. Няма ў нашай здрабнелай постсавецкай літаратуры пісьменнікаў, якія б уважалі сябе за новага Льва Талстога. А Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў – уважаў. I шчыра крыўдзіўся на тых, хто гэтага не прызнаваў. Не разумею: навошта было крыўдзіць Івана Гаўрылавіча?
У кожнага з нас ёсць свае ўлюбёныя аўтары, якіх мы аднойчы для сябе адкрылі і з якімі не развітваемся праз усё жыццё. Чытаем, перачытваем, чакаем новых публікацый. Але ёсць і такія, якіх нам не суджана прачытаць. Можаш колькі заўгодна разоў брацца за іхнія творы – усё адно не адужаеш.
Для мяне такім фатальным пісьменнікам быў Іван Чыгрынаў. I як я скончыў філалагічны факультэт, не прачытаўшы «Плач перапёлкі»? Дадушы, я зусім гэтым не ганаруся. Наадварот – мне сорамна, але я нічога не мог з сабой зрабіць.
На чацвёртым курсе сябры падаравалі мне на дзень народзін новенькі прыгожанькі трохтомнік Івана Чыгрынава. «Баяліся прынесці ў падарунак тое, што ты ўжо маеш. Вось і купілі Чыгрынава, якога ты не любіш», – патлумачылі яны. «Няпраўда, што я не люблю Чыгрынава», – запярэчыў я і стаў ліхаманкава думаць, як пазбыцца падарунка.
Тады я яшчэ не чытаў кніжак Дж. Толкіна пра забаўных чалавечкаў-хобітаў: падарункі, атрыманыя ад адных сяброў, яны ахвяравалі іншым – ажно пакуль непатрэбная рэч, прайшоўшы праз дзесяць рук, не вярталася назад. Але жыць у адным пакоі з трохтомнікам І. Чыгрынава я не змог. Вырашыў здаць яго ў «Букініст». Вандроўка па кнігарнях скончылася безвынікова: несвядомыя гандляркі катэгарычна адмаўляліся прымаць новенькі прыгожанькі трохтомнік усенародна любімага пісьменніка. «На беларускай мове бярэм толькі Караткевіча», – паведамілі мне ў «Вянку». Напалоханы перспектывай навечна застацца ўладальнікам бессмяротнай трылогіі Івана Гаўрылавіча, я аднёс кнігі ў бібліятэку.
Не хачу, каб маё шчырае прызнанне ў нелюбові да твораў пісьменніка ўспрымалася як негатыўная ацэнка іхняй мастацкай вартасці. Ніколі прафесійна не займаўся даследаваннем сучаснай беларускай прозы, таму выказваюся выключна з пазіцый чытача.
Зрэшты, якога там чытача, калі я так і не адужаў аніводнага твора Івана Чыгрынава? Ці маю я ўвогуле права пра яго пісаць?
Напэўна, не маю. Але не магу ўстрымацца, каб не выказаць сваё захапленне асобай Івана Гаўрылавіча, каб публічна не пазайздросціць тым людзям, якія былі блізка з ім знаёмыя. Калі хтосьці з іх напіша пра свайго сябра раман – я ахвотна прачытаю яго, ад першай да апошняй старонкі. Толькі ці знойдзецца ў нашай беларускай літаратуры талент, здольны напісаць раман пра Івана Чыгрынава? Далібог, цяпер такіх пісьменнікаў няма. Постмадэрнісцкая іронія добра надавалася б для стварэння вобраза галоўнага героя, але маладыя постмадэрністы не ведалі Івана Гаўрылавіча.
Я таксама добра яго не ведаў. Па-першае, таму што пісаў пра паэзію. Па-другое, з-за розніцы ва ўзросце. Але класік любіў «снисходить» да размоваў з моладдзю, асабліва з тымі, хто не прэтэндаваў на лаўры празаіка.
Іван Гаўрылавіч не хацеў мець вучняў. Дакладней, ён ведаў, што іх у яго быць не можа, як у адзінага і непаўторнага майстра беларускай прозы. Неяк за сталом я назваў Андрэя Федарэнку, якога Іван Гаўрылавіч, як і ўсе старэйшыя пісьменнікі, заўсёды вызначаў сярод тутэйшаўцаў, вучнем Чыгрынава. Сам Андрэй пагадзіўся з жартаўлівай прапановаю і натхнёна сцвердзіў: «Іван Гаўрылавіч, я – ваш вучань!» Але класік раптоўна зрабіўся сур’ёзным і цвярозым, адсунуўся ад нас і прамовіў: «Нет, Андрюша. Я тебя очень люблю, но ты не мой ученик». У ягоным голасе была чуваць невыносная скруха і жаль да няшчаснай беларускай літаратуры, якая неўзабаве мусіла асірацець. Я таксама зрабіўся сур’ёзным і цвярозым. Гэты чалавек уражваў мяне сваімі нечаканымі выказваннямі і надзвычай ўздзейнічаў на маё вобразнае мысленне.
Аднойчы ён сустрэў мяне ў парку і без усякага ўступу сказаў: «А што, Сяргей, ці не абвясціць нам усенародны пошук крыжа Ефрасінні Полацкай?» Не чакаючы майго адказу, старшыня Беларускага фонду культуры важна паплыў далей, а я стаяў аслупянелы пасярод алеі, уражаны ягонай геніяльнай ідэяй. Чамусьці мне ўяўлялася, што ўсенародны пошук распачнецца менавіта з гэтага парку, і вось мы з тым сівым дзядулькам і з гэтай зграбнай дзяўчынай возьмемся за рукі і пойдзем прачэсваць горкаўскі парк у пошуках геніяльнага тварэння Лазара Богшы…
Аднаго разу на нейкім паседжанні ў Доме Літаратара Іван Чыгрынаў гаварыў пра неабходнасць рэстаўрацыі помнікаў пісьменнікам на Беларусі. Адным з першых быў названы помнік А.С. Пушкіну ў Магілёве. Я пачаў згадваць эпізоды са свайго дзяцінства, звязаныя з гэтым «манументам», і тут нехта пажартаваў: «Калі Пушкіна ў Магілёве паклоннікі-афіцэры выкупалі ў шампанскім – гэта яшчэ не нагода ставіць яму там помнік!». Іван Гаўрылавіч сурова зірнуў на жартаўніка і заўважыў: «Пушкін стаіць у Магілёве не таму, што купаўся там у шампанскім, а таму, што ён – таленавіты паэт!». Зноў уражаны аргументам Івана Гаўрылавіча, я ўявіў свой родны горад, застаўлены помнікамі ўсіх таленавітых паэтаў свету…
А яшчэ Іван Чыгрынаў, ужо будучы прызнаным празаікам, аўтарам беларускай «Вайны і міра», вырашыў стаць драматургам і стварыць беларускія «Гістарычныя хронікі». Дзеля гэтага ён стварыў сабе пры фондзе культуры «прыгонны тэатр», які распачаў і скончыў сваю дзейнасць пастаноўкай чыгрынаўскай п’есы «Следчая справа Вашчылы». Увогуле, Іван Гаўрылавіч быў не толькі геніяльным выдаўцам сваіх раманаў, але і геніяльным пастаноўшчыкам сваіх п’ес, якія рэалізоўваліся на сцэнах тэатраў нярэдка па загаду зверху.
Можа, я дарэмна чакаю пра Івана Гаўрылавіча раман? Можа, нехта напіша п’есу? Раман мне ўяўляецца пад назвай «Чалавек, які смяецца». Як у Віктара Гюго. А п’еса – «Чалавек з мядзведжым тварам». Як у самога Івана Чыгрынава.

КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 1

2019

“СТАРИК, ТЫ СОСТОЯЛСЯ”

Воспоминания

В Союз писателей меня приняли в 1981 году в возрасте двадцати восьми лет, и этот факт далеко выходил за рамки существующих тогда правил. А для прозаика я был и вовсе молокосос. Абсолютное большинство граждан, пишущих повести и рассказы, стояли в многолетней очереди на вступление в этот самый Союз, и многие из них так и не дожидались получения вожделенной красной книжицы с профилем Ленина на обложке.
– Везунчик, – говорили некоторые из моих друзей.
– Блатной, – заявляли другие, которые не очень хорошо меня знали.
Но большая часть моих друзей об этом не думали. Их вполне устраивала роль халявщиков, пропивающих чужие гонорары. А гонорары случались, и не так уж редко.
Короче, в те годы я пахал, как папа Карло. От зари до зари работал на телевидении. В свободную минуту кутил с друзьями. Иногда встречался с подружками. Более–менее постоянных подруг было три, и здесь надо было соблюдать строгую очерёдность. Но прозаики, как правило, народ системный, я с этим справлялся.
О том, как при такой жизни я умудрялся писать свои повести и рассказы, меня никто не спрашивал. Но это и хорошо. Если бы и спросили, ничего внятного они не услышали бы.
Молодость тем и хороша, что не даёт человеку возможности раскинуть мозгами. Ужас от содеянного настигает его уже в старости, а до неё у нас мало кто доживает.
– Кому–то ведь надо быть членом, – оправдывался я перед друзьями, когда речь заходила о моём статусе.
Друзья кривились, но помалкивали. В моём случае они имели дело с бонусом в виде дополнительной бутылки водки или оплаты счёта в ресторане, когда у всех разом кончались деньги.
Итак, меня приняли в Союз писателей, и я наравне с остальными членами, в большинстве своём почтенными старцами, отправился на очередной писательский съезд. Это было важное событие для пишущего сообщества. На нём с высокой трибуны называли лучших и указывали на недостатки некоторых недозревших товарищей, но главное – знакомили с линией партии, ведущей советский народ в светлое будущее.
Поскольку я работал редактором на телевидении, с этой линией в общих чертах я был знаком. Но послушать руководство, сплошь состоящее из членов ЦК партии и депутатов Верховного Совета, было не лишним.
Съезд проходил во Дворце профсоюзов белорусской столицы. Многих маститых писателей я знал по работе на телевидении, но, тем не менее, с любопытством озирался по сторонам. Некоторых провинциалов и вовсе видел впервые. А там, где–нибудь в полесской глуши, скрывались очень любопытные экземпляры.
Я вдруг увидел драматурга Василя Гарбацевича, которого в Союз писателей приняли вместе со мной. Он стоял в уголке и робко смотрел по сторонам.
«Неофита видно издалека», – подумал я.
Василь Савич Гарбацевич родился в 1893 году, и на данный момент ему было ровно девяносто лет.
История его попадания в ряды писателей, как и моя, была далека от обычной. Первую пьесу «Свадьба» Василь Гарбацевич написал в 1921 году. Затем были пьесы «К бездне», «Красные цветы Беларуси», «Под вишнёвыми садками», «Песни наших дней». В середине двадцатых годов Гарбацевич организовал и возглавил могилёвское отделение литературного объединения «Молодняк». По всем раскладам, в тридцатые годы его, как и всех остальных руководителей «Молодняка», должны были расстрелять. Но молодой драматург оказался умнее. В какой–то момент он растворился в могилёвской глубинке, работая сельским учителем. И всевидящее око карательных органов его проморгало. Прошли коллективизация и индустриализация, отбушевала вторая мировая война, минула оттепель шестидесятых, наступила эпоха застоя, и накануне очередного юбилея о первом белорусском драматурге вспомнили.
– Жив?! – поразился председатель Союза писателей Максим Танк. – Немедленно принять!
Приёмную комиссию я и Василь Савич преодолели с одинаковым результатом: один голос против.
– Кто посмел? – спросил я секретаря по прозе Ивана Чигринова.
Он благосклонно относился ко мне, и без его поддержки до этой самой комиссии я никогда не дошёл бы.
– Есть тут один, – поморщился тот. – Он всегда голосует против.
– Даже против патриарха?
– Для него не важно, молодой ты или старый. Главное – не заслуживаешь права находиться с ним рядом.
Я подошёл к Гарбацевичу и поздоровался с ним.
– Ты кто? – спросил старец.
– Нас вместе в Союз писателей принимали.
– На холеру мне этот Союз? – обвёл он тоскливым взглядом толпящихся собратьев по перу. – До хаты надо ехать. Где Витька?
Витька, видимо, сопровождал патриарха в поездке в столицу на съезд.
– Где–то здесь, – сказал я. – Надо идти в зал, уже третий звонок.
– Иди, – кивнул старец.
Его взгляд затуманился.
Я понял, что более чем полувековая разница в возрасте имеет большое значение. Если человек родился при царе, он многое в этой жизни не понимает. Или понимает больше, чем надо.
Съезд шёл своим чередом – доклады, прения, голосование. На одном из докладов я уже стал задрёмывать, как вдруг услышал свою фамилию. Я поднял голову. За трибуной стояла одна из критикесс и рассуждала о том, что некоторых из новоиспечённых членов творческого союза слишком рано приняли в святая святых. Они и писать-то не умеют, а уже пользуются благами.
– Это обо мне? – спросил я писателя, сидевшего рядом.
– Если ты Кожедуб, о тебе, – сказал он, ухмыльнувшись.
– А Гарбацевич?
– Какой Гарбацевич?
– Которого приняли в Союз в девяносто лет.
Писатель помолчал, осмысливая услышанное, и громко заржал. На нас зашикали.
– Выйди и скажи про это, – сказал он, отсмеявшись. – Привыкла расставлять всех по ранжиру, а сама заявление на выезд в Израиль подала.
– Кто?
– Да критикесса эта. Ему точно девяносто годов?
– Точно.
– Хочешь, я сам выйду и скажу?
– Не надо.
Как я позже узнал, моим соседом был писатель, работавший в отделе литературы и искусства ЦК партии.
Объявили перерыв на обед, и я вышел в фойе. В принципе, передо мной лежали два пути – повеситься или напиться. Я склонялся ко второму варианту. Купить бутылку водки было намного проще, чем найти хорошую верёвку и кусок мыла. С этими мыслями я направился к выходу – и столкнулся с Чигриновым.
«Только его здесь не хватало», – подумал я.
Чигринов сильно хлопнул меня по плечу, поворотился к писателям, всегда окружавшим его, и громко сказал:
– Старик, ты состоялся!
Писатели засмеялись.
У меня словно пелена спала с глаз. Фигуры людей обрели чёткие очертания. Гул голосов зазвучал в ушах мощной симфонией. Расхотелось пить водку.
Я посмотрел в угол, где перед началом съезда беседовал с драматургом Василём Гарбацевичем. Там беседовали уже другие люди.
«Видимо, уехал до хаты, – подумал я. – Жалко, он ведь многое мог рассказать».
В очередной раз сбылась наша извечная присказка: «Хорошая мысля приходит опосля».
Но без этой присказки мы уже были бы не мы.

КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 3

2009

РАКА БЕСЯДЗЬ – СВЯТАЯ КРЫНІЦА НАТХНЕННЯ І ЯГО ТВОРЧАСЦІ

У лютым 1971 года, калі на Магілёўшчыне праводзіліся дні беларускай літаратуры, са сваёй творчай справаздачай прыбыла група пісьменнікаў у складзе Івана Аношкіна, Пятра Прыходзькі і Івана Чыгрынава да нас на Хоцімшчыну. Сустрэчы праходзілі ў раённым Доме культуры, у калгасе «Чырвоны Маяк» – вёска Баханы., у саўгасе «Трасціно» – вёска Трасціно. Мне, як сельскаму бібліятэкару і краязнаўцу, прышлося па даручэнню райкома партыі суправаджаць гасцей і выступаць з аглядам іх жыццёвага і творчага шляху – прадставіць іх перад хацімчанамі.
Ва ўрачыстай абстаноўцы госці былі прыняты ў ганаровыя піянеры, Іван Гаўрылавіч вельмі чула ўспрыняў гэту падзею з прызнаннем, што ён упершыню ў жыцці прыняты ў піянеры, бо адразу пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх акупантаў Касцюкоўшчыны ў іхняй сямігодцы ў вёсцы Вялікі Бор па якіх-та абставінах гэта работа не вялася.
У размовах з хацімчанамі на пытанне, як ён стаў пісьменнікам, Іван Гаўрылавіч з адкрытай душой расказваў:
– У нашай Саматэвіцкай сярэдняй школе вучыўся Аркадзь Куляшоў, паэт, які не мае патрэбы ў ацэнцы. Дык вось, калі ў іншых школах літаратуру пазнавалі па кнігах безадносна да мясцовасці, дзе вучні нарадзіліся і жылі, дык мы, мелі магчымасць знаходзіцца сярод герояў Куляшоўскіх твораў.
На запытанне, што прывяло аўтара выдатных апавяданняў да раманаў і як гэта адбылося, пісьменнік адказваў:
– Што прывяло? Магчыма пачуццё вінаватасці перад тым месцам на зямлі, дзе нарадзіўся, перад спаленым і разбураным маім Вялікім Борам, перад людзьмі, якіх я ведаў у дзяцінстве, перад маці Хадоскай Ігнатаўнай, братамі і сёстрамі, перад аднавяскоўцамі, перад тым, хто пайшоў у страшныя гады і не вярнуўся…
Увогуле да гісторыі трэба ставіцца з пачцівасцю, не ляпаць яе па плячы – працягваў сваю размову госць, – я вярнуўся ў гісторыю, каб убачыць увесь народ і правесці сваіх сучаснікаў па тых дарогах, па якіх хадзілі нашы продкі.
На памяць аб нашай сустрэчы Іван Гаўрылавіч зрабіў каштоўныя падарункі – на сваіх кнігах напісаў напоўненыя цеплынёй аўтографы: «Дарагім чытачам Трасцінскай сельскай бібліятэкі, што на Хоцімшчыне. Іван Чыгрынаў у часе Дзён беларускай літаратуры, 10 лютага 1971 г.», і мне асабіста: «Ласоўскаму Міхаілу, чалавеку з кнігай у руках, які прысвяціў сваё жыццё прапагандзе гэтай кнігі сярод людзей. Іван Чыгрынаў, 10 лютага 1971 г.».
Маё знаёмства з творчасцю пісьменніка-земляка пачалося з 1963 года. З гэтага часу пачалася і перапіска.
Летам 1971 года Чыгрынаў прыязджае ў Трасціно. Уважліва і старанна вывучае маючыя ў мяне матэрыялы. Папрасіў пакарыстацца кніжкай аб партызанскім атрадзе д. Мядзведева Г. Кулакова «Дзённік камісара», якая была выдадзена ў маскоўскім выдавецтве. З задавальннем я выканаў просьбу.
Кнігі з аўтографамі Івана Гаўрылавіча для мяне бальзам – яны даюць узнагароду – адзнаку маёй падзвіжніцкай працы, яны былі пуцяводнымі зоркамі ў 36-гадовай працы сельскага культурна-асветніцкага працаўніка. Творы майстра мастацкага слова натхнялі мяне на добрасумленную працу і іх патрэбна было апраўдаць сваёй энергіяй, працоўным подзвігам, якім ён зараджаў сваіх чытачоў, сваіх сяброў. Не пагаварыўшы з імі, ён скавана адчуваў сябе ў рабоце.
– Сябры-чытачы, – гаварыў ён, – бясхітрасныя і ацэнкі даюць адпаведныя, бо прывыклі сур’ёзна гаварыць пра сваю работу і пра чужую, і з імі заўсёды хораша…
Слынны сын Прыбеседдзя ў сваіх раманах: «Плач Перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы», «Вяртанне да віны», «Не ўсе мы згінем» увекавечыў подзвіг нашых бацькоў і прадзедаў, асабліва ў гады цяжкага ваеннага ліхалецця. З любасцю і вялікай праўдай расказаў усяму свету, як у Прыбесяддзі ішло змаганне з фашысцкімі захопнікамі.
Радуе мяне і тое, што маё роднае Трасціно некалькі разоў упамінаецца ў раманах, яно значыцца ў мастацкай літаратуры.
Творы Івана Чыгрынава чытаюць за мяжой Беларусі, яны перакладзены на многія мовы.
Але на вялікі жаль пайшоў з жыцця выдатны майстар мастацкага слова, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, літаратурнай прэміі Аляксандра Фадзеева, кавалера ордэна Дружбы народаў. Народны пісьменнік Беларусі Іван Чыгрынаў пакінуў нам праўдзівую жывую памяць народа нашага Прыбесядскага краю.

2004

МАЙСТАР МАСТАЦКАГА СЛОВА

Цешуся цудоўнымі радкамі прозы пісьменніка-земляка: «Якая раскоша, – сказаў раскурыўшы сваю самакрутку Кузьма, памаўчаў, тады зноў сказаў: – Многа я пахадзіў дзе, а вось такой прыгажосці, як у нас, здаецца, не бачыў. А ці чуў ты, Дзянісавіч, што некалі, у старыя часы, Бесядзь быццам бы называлася іначай?
– Задунаем называлася. Пра гэта я чытаў. Але то сапраўды было ў далёкія часы. Тут жа, па нашых мясцінах, калісьці шлях па вадзе пралягаў з варагаў у грэкі. Плавалі людзі з поўначы на поўдзень, вазілі на лодках тавары, гандлявалі. А на ноч спыняліся на перавалоках, на сушы. Ну вось, на тых перавалоках і ўзнікалі прыстанішчы – так званыя бяседы. Мусіць, тады і пачалася новая назва ракі. Не так жа сабе ўздоўж яе цяпер многія вёскі завуцца то проста Бесядзь, то Новая Бесядзь, то яшчэ як-небудзь, але з тым жа коранем.
– Ну, а чаму Задунай раптам?
– Гэтага я дакладна не ведаю. Толькі думаю, што жыў тут некалі, яшчэ да радзімічаў, народ, які прыйшоў з-за Дуная. Нездарма ж у нас, кожную трэцюю песню і зараз спяваюць пра Дунай. Няйначай, смутак аб далёкай прарадзіме. Словам, гэта я так думаю, а як яно на самай справе было, не ведаю. I ў кнігах, якія трапляліся мне, не напісана. Ёсць толькі гэтае сведчанне, што рака наша сапраўды даўней называлася Задунаем.
– Эй ш ты, аказваецца, чалавечая памяць не такая ўжо і доўгая. Адны кнігі могуць яе змацаваць.
– Бадай што…
– Ці ж давялося табе, Дзянісавіч, калі бачыць, дзе пачынаецца ета Бесядзь наша, дзе канчаецца?
– Толькі на карце.
– Нечага мне не хапае ў жыцці, можа, апошняга: на свае вочы пабачыць той куст з пад якога бруіцца наша рака… для мяне той выток цяпера – як святая крыніца. Здаецца, дастаў бы з-за печы свой цапок, ды і патупаў усцяж усяе Бесядзі, нават не так важна, ці вярнуўся б пасля.
– Тады і мяне бяры ж з сабой.
– У такую дарогу натоўпам не ходзяць».
Гэтай размовай старога Кузьмы Прыбыткова, па-сялянску дабітнога і цікаўнага з яго разважаннем «… зямля наша папраўдзе райская…» з рамана «Вяртанне да віны» я хацеў бы і павесці гаворку аб пісьменніку Івану Гаўрылавічу Чыгрынаве.
Жыватворнымі сокамі роднай бацькоўскай зямлі ўдосталь напоены кожны яго мастацкі твор са зборнікаў апавяданняў: «Птушкі ляцяць на волю», «Самы шчаслівы чалавек», «Ішоў на вайну чалавек», раманаў: «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы», «Вяртанне да віны», «Не ўсе мы згінем» і кніжкі драматургіі «Звон – не малітва». Яго маленькая радзіма – выток, адкуль пачалася поўнаводная рака творчасці – вёска Вялікі Бор на Касцюкоўшчыне, у якой ён нарадзіўся 21 снежня 1934 года.

1995

СУСТРЭЧЫ З ПІСЬМЕННІКАМ

Неяк зайшоў у родную школу і ў размове з яе дырэктарам Марыяй Васільеўнай Барыбкінай, выкладчыцай беларускай мовы і літаратуры, даведаўся, што пры правядзенні ўрока аб сучаснай беларускай літаратуры ў XI класе па тэме «Адлюстраванне подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне» вучні з асаблівай прагнасцю і ўвагай слухалі яе расказ аб тэматычным багацці твораў народнага пісьменніка Рэспублікі Беларусь Івана Гаўрылавіча Чыгрынава.
– Калі ласка, скажыце, – усхвалявана гаворыць мая субяседніца, – каго не зацікавяць старонкі яго раманаў, дзе ўсе падзеі адбываюцца ў нашым Прыбяседскім краі? I як прыемна мне было зачытаць радкі з рамана «Апраўданне крыві» з апісаннем пахода верамейкаўскіх жанок да лагера ваеннапалонных. Разам з імі ідзе нявестка Антона Жмэйды Анюта, каб адведаць хворую маці.
– Якраз нічога не здарылася б з тваёю маці ў тым Трасцяне. Ну, захварэла, дык ці трэба яшчэ з такой далечыні дачку клікаць? – папракаюць яе жанчыны.
– Не, я матку так не магу пакінуць! – запярэчыла Анюта. – … адведаць матку трэба. Яны, старыя, доўга хварэюць. I пасля добрых меркаванняў Анюты ў адрас маці жанчыны згаджаюцца з яе доказам, а ўсё ж рашаюць: «Дак праверым во, паглядзім, ці горш твае Трасціно за нашы Верамейкі».
Калі чытала гэтыя радкі, то і ў самой, і ў маіх вучняў сэрцы поўніліся радасцю, на тварах былі радасныя ўсмешкі. Гэта радасць гонару кранала кожнага, што родная вёска Трасціно ўвайшла на старонкі мастацкай літаратуры. Радавала і тое, што Іван Гаўрылавіч – ганаровы піянер піянерскай дружыны нашай школы.
З замілаваннем уважліва слухаў я Марыю Васільеўну, не рашаючыся перапыніць яе расказ і не адважваўся ўступаць у размову.
– I зараз пісьменнік-зямляк мовай драмы рашыў напісаць праўдзіва ўсю гісторыю Беларусі ў яе важнейшых падзеях і асобах. У творах ён вяртае народу гістарычную памяць. Думаецца, што тэма вайны ім поўнасцю не вычарпана і ў чатырох яго раманах «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы», «Вяртанне да віны» з паказам жыцця на акупіраванай ворагам тэрыторыі ў першыя ваенныя месяцы. Яму ёсць што сказаць пра гераічнае мінулае сваіх землякоў, свайго народа.
Поўнасцю згаджаюся з думкамі-меркаваннямі Марыі Васільеўны. Мне асабіста шматразова давялося перажыць радасць цеснай сяброўскай сувязі з даволі цікавым пісьменнікам, які жыве вялікаснай задумай напісаць цыкл раманаў пра беларускі народ. З усведамленнем патрэбы нашай літаратуры раздзімаць полымя, пашыраць кола святла, якое запалілі калісьці Багушевіч, Купала, Колас, Багдановіч, Гарэцкі, Чорны, Куляшоў.

КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 1

1998

ІВАН ЧЫГРЫНАЎ –  МАЙСТАР ЭПІЧНАЙ ПРОЗЫ

I

Хмурным, нейкім шэрым, журботным снежаньскім днём ехалі мы на вечарыну, прысвечаную Івану Чыгрынаву. Мы – Алесь Пісьмянкоў, Уладзімір Скарынкін, аўтар гэтых радкоў, Людміла Прохараўна, удава Чыгрынава, народны артыст Беларусі Валянцін Белахвосцік, які і вёз нас на сваім жыгулёнку. Кіраваліся мы на Пухаўшчыну, у Рудзенск.
Як толькі легкавік выслізнуў са смуродлівых абдымкаў гарадскіх вуліц, выбраўся на шырокую асфальтоўку, паваліў густы мокры снег. Бухматыя сняжынкі ляпілі ў лабавое шкло. Валянцін Белахвосцік уключыў «дворнік», мацней нахмурыў густыя чорныя бровы, пільна ўглядаючыся ў мутна-шэрую каламуць. Насустрач з уключанымі фарамі імчалі грувасткія фуры, кургузыя самазвалы, порсткія «іншамаркі». З-пад колаў машын вырываліся фантаны бруднай жыжы.
Людміла Прохараўна апавядала, як «прабівала» гэтую вечарыну, колькі цяжкасцяў давялося пераадолець. Я слухаў, дзівіўся ейнай настойлівасці і ўпартасці. Нават мне, а я пагадзіўся адразу, ёй давялося тэлефанаваць некалькі разоў. Справа ў тым, што калі вызначылася канкрэтная дата, аказалася – трэба запісвацца на тэлебачанні. Людміла Прохараўна ўгаворвала мяне, а я – тэлежурналістаў, каб здымкі перанеслі на іншы дзень, што ўрэшце і было зроблена. Але Чыгрынавай давялося пахвалявацца. Таму калі я ўвайшоў у фае Дома літаратара, дзе мы збіраліся перад ад’ездам, яна з радасцю абняла мяне і пацалавала.
– Дзякуй, зямляк, што не падвялі. А то во меўся паехаць, – яна назвала прозвішча вядомага літаратара, – і раптам захварэў.
Людміла Прохараўна згледзела Уладзіміра Скарынкіна, які спускаўся па лесвіцы, рынулася да яго. Той выслухаў, пачаў некуды тэлефанаваць, угаворваў некага адмяніць сустрэчу…
I вось мы едзем. Валянцін Белахвосцік упэўнена трымае руль – вадзіцель з вялікім стажам, басістым голасам апавядае пра навіны ў Купалаўскім тэатры. А я міжволі зноў і зноў думаю пра выступленне: што сказаць слухачам пра Івана Чыгрынава, выдатнага празаіка, драматурга, публіцыста, проста земляка, калегу, таварыша, якога ведаў больш як сорак гадоў.
Выплыў з памяці той далёкі сонечны дзень, калі я сядзеў з кніжкаю на беразе Бесядзі. Падышоў высокі цыбаты хлопец у акулярах.
– Ну, здароў! Што чытаеш?
Я паказаў кніжку.
– Дзе вучышся?
– У Магілёўскім культасветвучылішчы.
– У газеты пішаш? Давай у раёнку. Я там на практыцы. Чыгрынаў Іван, – падаў руку, доўгую, масластую, асцярожна паціснуў маю далонь.
– Ведаю вас. Чытаў вершы… Мая старэйшая сястра Моця вучылася з вамі ў Саматэвічах.
– Помню Моцю. У адным класе вучыліся. Лепей за ўсіх задачы рашала. Дзе яна цяпер?
– У Касцюковічах. Бухгалтарам працуе.
– Перадавай прывітанне.
Хлопец разуўся, падкасаў штаны, узяў сумку і пасігаў цераз раку. Ад маёй вёскі Клеявічы да ягонага Вялікага Бору – тры вярсты.
Здаецца, і зараз помню ці то асцярожны, ці то лянівы поціск маёй рукі. Праз шмат гадоў пераканаўся, што Чыгрынаў заўсёды падае руку пяніва, нібы робіць табе ласку. Я пачуваў сябе няёмка: у нас добрыя адносіны, ніякіх канфліктаў, чаму так? Суцешыў адзін супрацоўнік Дома літаратара – Іван тады працаваў сакратаром Саюза пісьменнікаў: «Святлейшы» падае каму адзін палец, каму два. Толькі Максіму Танку і Шамякіну – усе пяць…»
Гэта быў жарт, але не без падстаў.
Пасля першага знаёмства прамінула багата гадоў, калі мы зноў сустрэліся, На пачатку 1969 года я ўзбунтаваўся і кінуў «Сельскую газету», дзе працаваў у аддзеле партыйнага жыцця, «аргінап – арганізаваў і напісаў», выеў усе вантробы. А за каго я толькі не пісаў: за брыгадзіра і парторга, старшыню калгаса і сакратара райкама. Мяне доўга не адпускалі, засядала рэдкалегія, партбюро, але дзякуючы настойлівасці Нічыпара Пашкевіча я стаў супрацоўнікам «ЛіМа», які тады быў таксама газетаю, выходзіў два разы на тыдзень. Але тут я мог пісаць на роднай мове, было пісьменніцкае асяроддзе, амаль штодня бачыўся з Чыгрынавым, які працаваў у часопісе «Полымя». Праўда, сустрэчы і размовы былі вельмі кароткія, нібыта Іван Гаўрылавіч і забыў, што мы землякі.
Праз пару гадоў Макаёнак угаварыў мяне перайсці ў «Нёман» рэдактарам аддзела крытыкі і мастацтва. Не хацелася зноў ныраць у рускамоўную стыхію.
– Я ж пішу па-беларуску, а працую ў «Нёмане». Будзеш прапагандаваць нашу літаратуру на ўвесь Саюз, – пераконваў Андрэй Ягоравіч.
Аргумент сапраўды быў важкі. I вось аднойчы прыходзіць Чыгрынаў з кніжкаю апавяданняў, з цёплым аўтографам: «Дарагому земляку…». Вядома ж, я заказаў рэцэнзію на кнігу, якую і апублікавалі ў часопісе.
У жыцці бываюць нечаканыя павароты. Выйшла так, што я апынуўся ў ролі начальніка Чыгрынава, бо ў кастрычніку 1974-га мяне прызначылі адказным сакратаром часопіса «Полымя». Неяк пад канец дня завітаў Іван Гаўрылавіч. Галоўнага рэдактара і намесніка не было – мы сядзелі ўтрох у адным кабінеце, – разгаварыліся, шчыра, па-зямляцку. На развітанне Чыгрынаў паляпаў мяне па плячы і сказаў, што будзе падтрымліваць. Сказаў з падтэкстам: хоць ты і начальнік, але ў літаратуры яшчэ салага.
Усё правільна. Я быў пачаткоўцам, а Чыгрынаў ужо друкаваўся ў маскоўскіх часопісах, пра яго пісалі крытыкі, і нашы, і маскоўскія. Усе хвалілі. I было за што хваліць.
Зазначу тут, што Чыгрынаў быў вельмі вопытным рэдактарам. Вось адзін факт. Напісаў я рэцэнзію на кнігу нарысаў Васіля Праскурава. Па традыцыі рэцэнзіі на дакументальныя кнігі ішлі не па аддзелу крытыкі, а па аддзелу нарысаў. Чыгрынаў прачытаў мой опус, зайшоў да мяне:
– Стары, ты напісаў добрую рэцэнзію. Ёсць тут пару заўваг. Давай паглядзім.
Заўваг было сапраўды мала, на першы погляд – зусім нязначныя: у адным месцы паставіць кропку, каб сказ быў карацейшы, у другім – скараціць слова, у трэцім – уставіць фразу. Неўзабаве я пераканаўся, што заўвагі вельмі слушныя.
– У цябе якія адносіны з Праскуравым?
– Нармальныя. Мы пазнаёміліся яшчэ ва ўніверсітэце на завочным. Быў у яго ў гасцях у Ганцавічах. Ён – выдатны нарысіст, – адказаў я.
– Аналізуеш ты сур’ёзна яго кніжку. Усё талкова, усё правільна.
– Чыгрынаў зірнуў на мяне з-пад акуляраў, хітра ўсміхнуўся. – А Праскураву рэцэнзія можа не спадабацца. Чаму? Нават загаловак: «Не толькі ўзнёсла і шчыра…» Ты хочаш выйсці на праблему, але ружовай ўзнёсласці ў Праскурава мала. Шчырасць – так, гэта ёсць. Ён піша пра старшыню калгаса. Здаецца, нарыс-партрэт, але і выхад на праблему. Праблему гаспадарлівасці, любові да зямлі. А ў іншых аўтараў хапае балбатні і ўзнёсласці.
– Дык, можа, памяняць загаловак?
– Тады трэба пісаць іншую рэцэнзію. Хай ідзе, як ёсць.
Чыгрынаў як у ваду глядзеў. Выйшла ў часопісе рэцэнзія, напісаў я ліст Праскураву. Доўга не было адказу. Аднойчы Васіль Фёдаравіч пазваніў, падзякаваў, запрасіў у госці, але падалося мне, ранейшай цеплыні ў голасе не было.

II

У верасні 1976-га я нечакана сустрэў Чыгрынава… на беразе Чорнага мора. Я ўпершыню выбраўся ў Дом творчасці пісьменнікаў «Кактэбель», дні тры прабыў, і раптам перад вячэраю бачу Івана Гаўрылавіча. Павіталіся.
– Ты ж не збіраўся сюды, – кажу я.
– Здаваў раман у выдавецтве. «Апраўданне крыві» ў набор. Замучылі рэдактары. Кожны хоча паказаць сябе разумнікам. Стаміўся так… А тут пуцёўка гарэла ў Літфондзе. Ну, і катануў. Хоць парыбачу тут. Заўтра паеду раніцай. Наконт лодкі дамовіўся. Некалі з’ездзім з табой…
Ішоў час. Чыгрынаў паяўляўся толькі перад вячэрай, і, як правіла, у атачэнні незнаёмых людзей. У мяне быў свой распарадак: уставаў рана, бег да мора, купаўся. Пасля снядання садзіўся за стол: пісаў аповесць «Шчыглы» – тады свой твор я бачыў менавіта як аповесць пра басаногае, галоднае дзяцінства.
Быў тады ў «Кактэбелі» Макар Паслядовіч з жонкаю. Ён напісаў для выдавецтва «закрытую» рэцэнзію на мой зборнік нарысаў «Зялёны трохкутнік», ухваліў, і нарэшце шматпакутная кніжка выйшла. Аднойчы Паслядовічы запрасілі мяне ў госці «на рыбу» – Макар Трафімавіч таксама аказаўся заўзятым рыбаком. Потым я запрасіў іх. Вечарамі многія хадзілі ў госці. I Чыгрынаў неяк выказаў параду: «Запомні, зямляк, пісьменніку ўранні патрэбны кабінет, а ўвечары – буфет. А калі будзеш і ўвечары пісаць, то не заснеш. I хутка сыдзеш з дыстанцыі».
У сталоўцы за суседнім сталом сядзелі Пётр Паліеўскі, таленавіты маскоўскі крытык, Аляксандр Міхайлаў, вядомы празаік, аўтар гістарычных раманаў. Пазнаёміліся, неяк запрасіў іх у госці. У той жа дзень убачыўся з Чыгрынавым.
– Стары, запрашу цябе як-небудзь на рыбу.
– Да мяне заўтра прыйдуць госці. Прыходзь…
– Гэта цікавыя хлопцы. Добра, што ты пазнаёміўся з імі. Да мяне прыехаў перакладчык з Масквы. Можа, удвух прыйдзем. Ты не палохайся. Мы прыйдзем са сваёй рыбай і з пляшкай…
Але прыйсці яму нешта перашкодзіла. Не ўдалося нам з’ездзіць і на рыбалку.

III

Увогуле Чыгрынаў стараўся не падводзіць, і калі нешта абяцаў – выконваў. Ён актыўна падтрымліваў маладзейшых літаратараў, і калі працаваў у часопісе, і асабліва – калі быў сакратаром Саюза пісьменнікаў. Прычым, ён мог заступіцца за маладзейшага, не зважаючы на пасаду і аўтарытэт, так бы мовіць, крыўдніка. Зведаў гэта на сабе. Шмат разоў я ездзіў у Казахстан і ў выніку напісаў падарожны нарыс «Зямля і людзі». Аддаў у «Полымя». Дайшоў мой твор да К. Кірэенкі, які тады быў галоўным рэдактарам, і той упёрся: «Не будзем друкаваць». Я да Чыгрынава. Ён прачытаў, паабяцаў падтрымку. I выступіў на паседжанні рэдкалегіі часопіса. Я таксама прысутнічаў, усё чуў на свае вушы. Максім Танк сказаў, што цаліна – тэма важная «Адмірал» Вялюгін закінуў за мяне слова. Праз колькі дзён Кірэенка сярдзіта сказаў:
– Што, абаронцаў шукаеш? Скараці нарыс напалавіну, тады пойдзе.
Вядома, з гэтым я не мог пагадзіцца, так і не выйшла мая «цаліна» ў «Полымі». Але падтрымка Чыгрынава ніколі не забудзецца.
У розных сітуацыях бачыў я Чыгрынава. Заўсёды здзіўляла яго ўменне падводзіць вынікі паседжанняў ці то секцыі, ці канферэнцыі чытачоў, уменне вылушчыць галоўнае, уменне дыпламатычна прамаўчаць, а калі трэба, зрабіць заўвагу. I ўсё гэта спакойна, памяркоўна. Але давялося мне бачыць Чыгрынава і вельмі ўсхваляваным, нават разгубленым. На пачатку верасня 94-га мы ўтрох – Чыгрынаў, Пісьмянкоў і я прыехалі на святкаванне юбілея горада Касцюковічы. На драўляным памосце, спецыяльна збудаваным для гэтай урачыстасці на плошчы, дзе сабраліся тысячы землякоў, стаялі мы поплеч, выступалі з віншаваннямі. Тагачасны старшыня райвыканкама Уладзімір Адашкевіч пад воплескі шматлюднай плошчы ўручыў Чыгрынаву дыплом аб прысваенні звання Ганаровы грамадзянін горада, павязаў цераз плячо шырокую чырвоную стужку. Іван Гаўрылавіч быў настолькі ўсхваляваны, што не мог гаварыць. Неяк блытана, сцішаным голасам дзякаваў землякам за высокі гонар. Думаю, ён ведаў, што адбудзецца прысваенне, рыхтаваўся, але сама падзея проста вывела яго з раўнавагі.
А магчыма, і пачуваўся ён у той дзень не дужа добра, бо апошнія гады жыцця часта хварэў, але і ў бальніцы нястомна працаваў.
Неяк ён завітаў да нас у выдавецтва «Мастацкая літаратура», прынёс заяўку на кнігу апавяданняў. Разгаварыліся. Іван Гаўрылавіч зняў акуляры, выцер хусцінкаю вочы, загаварыў пра свае п’есы Ліна Каўрус, якая тады загадвала рэдакцыяй прозы, і я, уважліва слухалі. Мяне здзівіла, з якім жаданнем дзяліўся з намі Чыгрынаў творчымі планамі і задумамі. Мабыць, у душы адчуваў, што далёка не ўсе задумы зможа здзейсніць. Прычым, заяўку прынёс на кнігу новых апавяданняў, а гаварыў болей пра п’есы, бо менавіта драматычныя творы пісаў апошнія гады. Не без гонару зазначыў, што яму ўдалося ў п’есах адлюстраваць усю гісторыю Беларусі.
Мусіць, кожны творчы чалавек, калі ён не графаман, ведае сабе цану, ведае вартасць напісанага ім. Даволі часта самаацэнка завышаная. I гэта натуральна. Калі б чалавек лічыў, што ўсё напісанае ім г.., ці ж стаў бы ён гарбець па дзесяць – дванаццаць гадзін за сталом, пералапачваць па некалькі разоў творы, якія выношваў і абдумваў гадамі. Прычым, высока думаюць пра сябе амаль усе творцы, а вось гавораць адкрыта пра гэта толькі некаторыя, хто нібыта жартам, а хто і ўсур’ёз.
Аднойчы Іван Гаўрылавіч мяне вельмі здзівіў. Было гэта яшчэ ў старым будынку Дома пісьменнікаў на вуліцы Энгельса. Мы сядзелі побач на нейкім сходзе, ці то пленуме, якія раней даволі часта адбываліся. Лічу, што творчыя пленумы – рэч вельмі карысная і патрэбная, асабліва для маладых літаратараў. Праўда, адзін рускі класік сказаў: навучыць пісаць нельга, як нельга навучыць вынаходзіць, па-руску – изобретать. Магчыма, і так, творцам трэба нарадзіцца. Але талент без працы, вучобы, без сілы волі – марная справа. I колькі людзей прапілі, прагулялі, «струбілі» Богам дадзены вялікі, самабытны талент. Струбілі – гэта слова ёсць і ў раманах Чыгрынава. Ён свой талент не змарнаваў, не прасадзіў гаранню і гулямі.
Дык вось, на маё пытанне, як яму пішацца, Іван Гаўрылавіч адказаў: «Хачу да сарака пяці гадоў адпісацца, а потым тварыць класіку». Краем вока я зірнуў на земляка: жартуе ці гаворыць сур’ёзна? Дакладна не вызначыў, але ўсмешкі на ягоным твары не заўважыў.
Што ёсць класіка? На маю думку, «Плач перапёлкі», напісаны аўтарам да сарака гадоў, бліжэй да класікі, чымся пазнейшыя раманы.
У першым уражвала навізна матэрыялу, каларытныя, нібы жывыя людзі, яго персанажы, на якіх раптам абрынулася вялікая бяда. Іх перажыванні, сумненні, спадзяванні, трывогі, роздум: куды ісці – у паліцыю, у партызаны ці пераседзець дома? – хвалявалі чытача. Ніхто да Чыгрынава так грунтоўна, нетаропка, глыбока не пісаў пра першыя дні вайны. Заключае «Плач перапёлкі» кароткая, як стрэл, фраза: «Канчаўся ўсяго толькі другі месяц вайны…».

IV

Пра чыгрынаўскія раманы, асабліва першы і другі, напісана багата. Аналізаваць іх я не збіраюся. Скажу толькі, што для мяне чытанне раманаў земляка – гэта падарожжа па родных мясцінах. Падарожжа з вельмі назіральным чалавекам, які ўмее выразна, рэльефна абмаляваць ці то дарогу, ці то пералесак, выгіб Бесядзі, гэта нібы слухаць каларытную, нязмушаную гаворку ягоных персанажаў, настолькі ярка выпісаных, хоць ты іх памацай.
А яшчэ ўражвае незвычайная дакладнасць апісання верамейкаўскіх ваколіц. Зараз гэта ўражвае яшчэ мацней, бо некаторых вёсак, апісаных Чыгрынавым, ужо не існуе: іх пахавалі пасля Чарнобыля. Выселены людзі з Вялікага Бору (Верамеек) і з маіх Клеявічаў. Бульдозерам закапалі вёску Гутку. Але дарога, гуцянская, засталася. Вось як піша пра яе Чыгрынаў:
«Тым часам гуцянская дарога была перад Чубаравымі вачамі як на далоні – агінаючы па самым схіле верамейкаўскі курган, яна выпроствалася паводле сухадолу і неўзабаве знікала за наступным пагоркам, нагадваючы там аб сабе ўжо аднымі прысадамі. Зусім блізка адгаліноўвалася ад яе другая дарога, шмат вузейшая і голая ў абапал, простай лініяй яна прасякала скрозь сухадол, амаль паўз самы лес, знікаючы за мысам. Гэтая вяла таксама ў недалёкую вёску Мялёк. Дакладней, то была не вёска, толькі невялікі пасёлак, двароў, можа, на дваццаць, які разам з двума іншымі такімі пасёлкамі – Гарадком і Гразіўцам – утвараў новае паселішча, што гадоў дзесяць назад, ужо за калгасам, атрымала агульную назву. Недзе за Мяльком і павінен быў выйсці на сухадол бабінавіцкі Хоня з сынамі-падлеткамі». («Апраўданне крыві», с. 26.)
Сапраўды, дарога і ваколіцы паўстаюць перад вачамі чытача як на далоні.
Умее Чыгрынаў апісаць пейзаж, тонка адчувае прыроду, улаўлівае, як нараджаецца вецер, як плача перапёлка, як абуджаецца драч. Выдатна ён апісвае касавіцу ў рамане «Вяртанне да віны». Але я хачу працытаваць іншы ўрывак: стомлены спякотным днём Масей лёг спаць пад калёсамі:
«Дыхалася пад калёсамі лёгка; ды й не дзіва: скрозь ляжала прывялая трава, чаруючы рознымі пахамі. Але ўсё гэта здавалася звыклым, будзённым і зусім не перашкаджала роўна і спакойна дыхаць, злашча, што неўзабаве аднекуль ад ракі прабілася свежасць, спярша нясмелая і нетаропкая, таму ледзь чутная, затым больш адчувальная, нібыта недзе нараджаўся вецер. У лазовых кустах, туды, пад самую Бесядзь, абудзіўся напалоханы верамейкаўцамі драч – каралевіч лугоў. Голас яго хоць і не адразу стаў смелы, аднак увачавідкі мацнеў, рабіўся прарэзлівы і скрыпучы, акурат птушка помсціла людзям уначы за сваю нядаўнюю змушаную стоенасць». («Вяртанне да віны», с. 48.)
Такое апісанне – таксама класіка.
На маю думку, раманам Чыгрынава – чатыром з пяці, не хапае дынамізму, занадта запаволена рухаецца іхні сюжэт. Адзін штрых:
« – …Як думаеш, Дзянісавіч, хто выйграе?
– У якім сэнсе?
– Ну, той, хто ў партызаны, дапусцім, ідзе, ці той, хто ў паліцыю падаецца, да немцаў?» («Вяртанне да віны», с. 115.)
Гэта чацвёрты раман, а героі ўсё яшчэ думаюць, куды ісці. Творы Чыгрынава чыталіся б куда з большай цікавасцю, калі б меліся ў іх яркія сцэны кахання. Ну хіба можна ўявіць «Людзі на балоце» Мележа без кахання Васіля і Ганны?!
Чыгрынаў гэта разумеў. У рамане «Вяртанне» да віны» ягоны Масей закахаўся ў маладую кабету Анюту. Але паўнаты перажывання, нараджэння пачуцця, як нараджэнне ветру ад Бесядзі, чытач не адчуе. Вось яскравы прыклад:
«Масееў сон цяпер нечакана быў перапынены – Масей раптам адчуў, што нехта пацягнуў за руку. Расплюшчыўшы вочы, убачыў над сабой чалавечую постаць. Хутчэй за ўсё, што ён адчуў яе і толькі тады расплюшчыў вочы, пазнаў Анюту. Нагнуўшыся над Масеем, яна грымала пры губах палец левай рукі, а правай цягнула Масея ўстаць.
– Хадзем, Дзянісавіч, шчасця шукаць, – ціха шаптала Анюта, – сянні ноч купальская, дак усе мусяць шукаць шчасця…
Масей адразу паддаўся ёй, акурат сапраўды чакаў, што Анюта павінна была прыйсці ды пазваць» («Вяртанне да віны», с. 50.)

V

Неяк у сярэдзіне лістапада 1995-га ў рэдакцыю прозы выдавецтва «Мастацкая літаратура» завітаў незнаёмы чалавек.
– Мне трэба Лявонаў. – Я здзівіўся, бо даўно адвык ад свайго «дзявочага» прозвішча. Між тым госць працягваў: – Я ад Чыгрынава. Прынёс яго рукапіс.
Гэта быў супрацоўнік Беларускага фонду культуры. Пагартаў я рукапіс і ўзрадаваўся: тут быў новы раман і апавяданні. А вясною Іван Гаўрылавіч прыносіў нам заяўку на кніжку апавяданняў. Пра новы раман не ўспамінаў.
У той жа дзень пазваніў яму дамоў, павіншаваў з новым раманам.
– Дзякуй, зямляк. Стаміў мяне гэты раман. А цяпера машыністкі мучаюць… У Збор твораў – трэба экзэмпляр. У часопіс «Полымя». I вам у рэдакцыю прозы… Але, здаецца, усё зрабіў…
Голас Івана Гаўрылавіча быў стомлены, глухаваты, старэчы. Тады я не мог і падумаць, што гэта апошняя наша размова.

VI

Вечарына адбывалася ў школе, дзе сабраліся вучні старэйшых класаў. Гаварылі мы пра сустрэчы з Іванам Чыгрынавым, пра ягоныя творы. Я адзначыў, што пяць раманаў, звязаных аднымі героямі, месцам дзеяння – з’ява ўнікальная, і, мабыць, не толькі для беларускай літаратуры. А яго выдатныя апавяданні, больш дзясятка п’ес… Алесь Пісьмянкоў і Уладзімір Скарынкін чыталі вершы. Пра тое, які быў распарадак творчай працы пісьменніка, які Чыгрынаў быў клапатлівы сем’янін, бацька, дзядуля, расказала таленавіта разумная, прыветлівая Людміла Прохараўна. Валянцін Белахвосцік прачытаў на памяць урывак з рамана «Плач перапёлкі». Слухалі вучні ўважліва, шчыра пляскалі ў далоні.
Глядзеў я на юныя твары хлопцаў і дзяўчат, бачыў іхнія зацікаўленыя вочы… А над дзвярыма залы вісеў вялізны плакат: «С Новым годом». Яшчэ большымі літарамі было напісана навагодняе віншаванне над сцэнаю, і таксама па-руску. Напрыканцы выступлення сказаў я і пра гэта: маўляў, якое ж тут раўнапраўе моваў, няўжо нейкі мастак-самавук правіць баль у школе. Сімпатычныя начальніцы: старшыня раённага савета і намеснік старшыні райвыканкама з дакорам зірнулі на дырэктара. Той сумеўся, пачырванеў. Але ў душы, мабыць, не лічыў гэта памылкаю. Вось калі б двойчы было напісана на роднай мове, яго маглі б абвінаваціць у непавазе да «великого и могучего», як тое рабілася ў недалёкай гісторыі.
А яшчэ падумалася: пры такім стаўленні да роднай мовы ці доўга будуць чытаць хлопцы і дзяўчаты творы выдатнага літаратара, народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава.

КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 3

2009

ПАД НЕБАМ ВЕЧНАСЦІ

Хутчэй за ўсё многае для мяне магло б скласціся інакш. Магло б… Ды, бадай, што ні адбываецца з кожным з нас, загадзя прадвызначана Усявышнім. Калі нешта мы і можам, дык толькі ўносіць пэўныя карэктывы ў сваё жыццё. Асноўная ж плынь яго ад нашых памкненняў не залежыць, а развіваецца так, як і павінна быць. Праўда, катэгарычна наконт гэтага сцвярджаць не бяруся. У кожнага, як вядома, свая думка і, пры жаданні, сёй-той зможа прывесці прыклады, што сведчаць на карысць правільнасці менавіта яе. Тым не менш, я прытрымліваюся свайго пункта гледжання. Аднак аб усім па парадку…
У 1969 годзе (нават не верыцца, як хутка мінулася сорак гадоў) мяне прызвалі ў войска. Апынуўся за некалькі тысяч кіламетраў ад Беларусі, бо трапіў ажно ў Забайкальскую ваенную акругу. Наша часць знаходзілася непадалёку ад сталіцы Бураціі горада Улан-Удэ. Паколькі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, які я скончыў і паспеў да прызыву папрацаваць год загадчыкам аддзела пісем і масавай работы ў рэдакцыі драгічынскай раённай газеты «Запаветы Леніна», была ваенная кафедра, усім, хто навучаўся на ёй, прысвоілі воінскае званне «малодшы лейтэнант». Тым жа, хто трапіў у войска, яго павысілі да лейтэнанцкага.
Зразумела, афіцэры знаходзіліся ў больш выйгрышным становішчы, чым радавыя. Гэта тычылася і вольнага часу, якога было ў нас шмат. Дый жылі мы ў інтэрнаце – па-армейску ён называўся гасцініцай, па два-тры чалавекі ў пакоі. Я, каб асабліва не нудзіцца па родных мясцінах, з новага, 1970 года выпісаў сабе часопісы «Полымя», «Маладосць», «Беларусь» і газету «Літаратура і мастацтва».
Калі прыходзілі чарговыя нумары (хоць, канечне, і са спазненнем), тую радасць, што апаноўвала мяне ў гэты час, цяжка перадаць словамі. Пачыналася сапраўднае свята, якое доўжылася некалькі дзён. Асабліва, калі паштальён прыносіў часопісы. Кожны нумар прачытваў ад пачатку да канца. Найбольшую спажыву для роздуму давалі «Полымя» і «Маладосць», у якіх, як і заўсёды, быў багаты празаічны раздзел: друкаваліся новыя раманы, аповесці, не кажучы пра апавяданні, якіх у кожным нумары было па некалькі.
Прыгадаўшы сваё даармейскае супрацоўніцтва з асобнымі рэспубліканскімі газетамі, я вырашыў сёе-тое з навінак прарэцэнзаваць. Каб не працаваць дарэмна, загадзя паслаў лісты-запытанні ў тыя выданні, у якіх друкаваўся часцей, чым у іншых. Адказ атрымаў толькі з «Мінскай праўды».
Адгукнуўся загадчык аддзела культуры, цяпер, на жаль, ужо нябожчык Уладзімір Кобрын. Пры тым, як прызнаўся ён мне тады, калі, адслужыўшы ў войску і дапрацаваўшы ў Капылі і Слуцку, я быў запрошаны Хведарам Жычкам у «ЛіМ», зрабіў гэта з радасцю. Праўда, нашы планы з Уладзімірам Антонавічам спачатку крыху разышліся. Я хацеў прарэцэнзаваць раман Івана Пташнікава «Мсціжы», толькі што апублікаваны ў часопісе «Полымя», а У. Кобрын параіў мне іншы твор. Ім аказаўся раман I. Чыгрынава «Плач перапёлкі», надрукаваны прыкладна ў гэты час, толькі ў «Маладосці». Раман «Мсціжы» прыйшоў да чытача ў адзінаццатым-дванаццатым нумарах «Полымя», «Плач перапёлкі» – у дзесятым-дванаццатым «Маладосці» за 1970 год.
Папраўдзе кажучы, мне аднолькава спадабаліся абодва раманы. Перавагу ж «Мсціжам» я аддаў па той прычыне, што «Мінская праўда» на той час ахвотна рэцэнзавала ўсё, што выходзіла з-пад пяра пісьменнікаў-землякоў. Была ўведзена пастаянная рубрыка, якая так і называлася – «Кнігі нашых землякоў». Калі ж гэта была часопісная публікацыя, дык – «Творы нашых землякоў». Таму «Мсціжы» я і ўспрыняў для сябе лепшым варыянтам. Пра «Плач перапёлкі» збіраўся напісаць у якое-небудзь іншае выданне.
«Ды хто ведае, ці з’явіцца яшчэ такая магчымасць», – цвяроза разважыў я, атрымаўшы ліст ад У. Кобрына, таму, не задумваючыся, ахвотна адгукнуўся на прапанову. Я і не здагадваўся, наколькі своечасовай стала мая рэцэнзія для I. Чыгрынава. Адкуль мне было ведаць, што з’яўленне ягонага рамана было сустрэта так неадназначна.
Канечне, прыхільнікі творчасці Івана Гаўрылавіча шчыра радаваліся яго мастакоўскаму поспеху, прытым у новым для яго жанры. Але знайшлося ў яго і шмат нядобразычліўцаў, сярод якіх аказаліся і звычайныя зайздроснікі. Не сумненна, заўсёды і пры любых абставінах ёсць такая парода людзей, якая можа шмат папсаваць нерваў, нашкодзіць. Ды куды страшнейшыя зайздроснікі ж у літаратуры, мастацтве. Яны і апалчыліся супраць I. Чыгрынава. Хоць у нечым іх зразумець можна было. Самі нічога больш-менш значнага няздатныя напісаць, а тут раман. Ды яшчэ такі раман. Дый узрост у аўтара быў, як быццам… не раманны. Публікацыяй «Плачу перапёлкі» рэдакцыя «Маладосці» па сутнасці зрабіла I. Чыгрынаву падарунак да ягонага 36-годдзя (нарадзіўся Іван Гаўрылавіч, 21 снежня 1934 года).
Варта заўважыць, што I. Чыгрынаў, як і многія пісьменнікі, пачынаў пісаць з вершаў, якія змяшчаў у касцюковіцкай раённай газеце «Ленінскі прызыў». Характэрны такі факт: калі вясной 1952 года ў Саматэвіцкую сярэднюю школу на выпускны вечар завітаў Аркадзь Куляшоў (адзінкавы выпадак, каб адна школа выгадавала двух народных пісьменнікаў), на ўрачыстасцях з хваляваннем выступіў са сваімі вершамі і нядаўні дзесяцікласнік I. Чыгрынаў. Ужо будучы студэнтам, ён друкаваўся ў газеце «Чырвоная змена» і нават у часопісе «Полымя».
У той жа «Чырвонай змене» ў канцы 1957 года ён апублікаваў і дакументальную аповесць «Тайна адной экспедыцыі», расказаўшы пра вядомага палярнага даследчыка Аўгуста-Саламона Андрэ. Не лішне засведчыць, што жанр гэтага твора, хоць у ім малады аўтар па-свойму асэнсоўваў матэрыял, пазначаны ўсяго толькі як «гісторыка-геаграфічная кампіляцыя». Як засведчыць і тое, што пачаткам сваёй сталай літаратурнай дзейнасці I. Чыгрынаў лічыў 1961 год, калі газета «Літаратура і мастацтва» змясціла ягонае апавяданне «Праз гады».

1999

ЗВАНОК З ВЕЧНАСЦІ 

21 снежня народнаму пісьменніку Беларусі Івану Чыгрынаву споўнілася б 65 гадоў.

Бадай, такое даводзілася адчуваць многім. Ідзе насустрач чалавек – зусім незнаёмы, ты з ім ніколі дагэтуль не сустракаўся, а наблізіцца да цябе, ажно жахнешся: да таго падобны… Не важна, на каго, істотней іншае: у рысах твару, у паходцы незнаёмца шмат такога, што вылучала з іншых людзей аднаго з тых, з кім ты развітаўся назаўсёды, бо ягоны шлях на гэтай грэшнай зямлі завяршыўся і ён пайшоў у вечнасць.
Найчасцей такое падабенства адчуваеш, калі боль і незваротнасць страты яшчэ вельмі моцныя і блізкія, а памяць не паспела сцерці воблік дарагога ці знаёмага табе чалавека. Але бывае, што падобнае перажываеш і праз шмат гадоў пасля яго смерці. Нешта ў табе нібы «спрацоўвае» і на нейкае імгненне бачыш перад сабой яго, быццам адбылося немагчымае і ён наяву вярнуўся адтуль, адкуль ніхто яшчэ не прыйшоў, бо вяртання з той вечнасці няма і быць не можа.
А мо і ёсць? Толькі такое, якое нам цалкам ніколі не спазнаць і не вытлумачыць.
Але ёсць і іншае «вяртанне». Не ведаю, як іншым, а мне з ім даводзіцца сутыкацца таксама даволі часта. Часам раздасца тэлефонны званок, знімеш трубку і… О, Божухна! Голас такі знаёмы… Як, адкуль ён узяўся?! Ды такога званка проста не можа быць.
I толькі праз секунду, другую супакойваешся. Пазваніў незнаёмы чалавек. У голасе яго, праўда, ёсць падабенства на голас таго, каго нярэдка так не стае табе сёння. З кім хочацца пагутарыць, параіцца.
Калі размова адбылася, яшчэ доўга не можаш прыйсці ў сябе. Асабліва, калі незнаёмец папрасіў прабачэння, патлумачыўшы, што памыліўся нумарам. Чаму табе гэта падалося? Значыць, ёсць на тое нейкая прычына?! А калі і сапраўды існуе якаясь сувязь паміж намі, жывымі, і імі, хто пайшоў ад нас, але застаўся ў нашай памяці? I яны нешта хочуць сказаць нам. А мо ў нечым папярэдзіць, у чымсьці дапамагчы? Ці ад чагосьці благога ўратаваць? I па-свойму падаюць вестку аб сабе…
Мне часцей за ўсё «звоніць» Іван Чыгрынаў. Іншыя, калі і «з’яўляюцца», дык іх падобнасць калі-нікалі мільгне ў сустрэчным. А тут такое адчуванне, быццам хоча Іван Гаўрылавіч штосьці сказаць. Правільней, дасказаць, бо, відаць, многае не дагаварыў пры сустрэчах.
А пагаварыць ён любіў, асабліва апошнім часам. Хоць, тады, зразумела, я не ведаў, што гэты час хутка стане «апошнім». А ён ведаў, не мог не здагадвацца. I часта нерваваўся, нават злаваўся, калі яму падавалася, што яго не разумеюць ці не так разумеюць, як яму хацелася б.
Ніколі не забуду адну з нашых сустрэч, што адбылася ў бальніцы «лечкамісіі». Пабачыцца захацеў сам I. Чыгрынаў, але на мяне выйсці не змог, патэлефанаваў тагачаснаму галоўнаму рэдактару «ЛіМа» Міколу Гілю. А ўжо Мікола Сямёнавіч перадаў мне, што І. Чыгрынаў хоча, каб я ўзяў у яго інтэрв’ю.
Інтэрв’ю I. Чыгрынаў любіў даваць. Для якіх толькі выданняў я ні рабіў іх?! Часам бывала і так: ці пры сустрэчы, ці паталефанаваўшы, запытаецца:
– Можа, зробім куды-небудзь інтэрв’ю?
Што было – тое было. I я адмовіцца не мог, бо заўсёды прыемна гутарылася з Іванам Гаўрылавічам. Але тады, перад тым, як ён патэлефанаваў М. Гілю, настрой у мяне быў не з лепшых. Бываюць жа у кожнага моманты, калі ўвесь белы свет здаецца нямілым, а тут – інтэрв’ю. Ды і, прызнацца, не люблю хадзіць у бальніцы. Не надта хацеў, каб хто-небудзь прыходзіў і да мяне самога, калі ляжаў з інфарктам. Але не зайсці да Івана Гаўрылавіча не мог, а таму, прыхапіўшы дыктафон, паспяшаўся на Чырвонаармейскую.
Было гэта крыху больш за пяць гадоў назад. Дакладна памятаю, бо праз некалькі месяцаў пасля нашай гутаркі Івану Гаўрылавічу да яго 60-годдзя надалі званне народнага пісьменніка Беларусі. Уласна кажучы, інтэрв’ю і неабходна было, каб гэты працэс… Не, не паскорыць, наколькі вядома, справа рухалася да прысваення звання, а… Як бы лепей сказаць? А запэўніць шаноўную грамадскасць, што менавіта так і трэба. А яна, грамадскасць, ведама якая была пяць гадоў назад. I цяпер «крыкуны» не перавяліся, але тады яны дамінавалі. I складалі шматгалосы хор, а хор гэты быў цікавы тым, што гучаў вельмі ж суладна. Ніводзін голас не «браў» сваю ноту.
Як быццам, і не блага. Усе – за Адраджэнне. За вяртанне нацыянальных сімвалаў. Усе – за тое, каб паўсюдна гучала беларуская мова. Але такія мы людзі. Калі за нешта возьмемся, дык абавязкова кінемся ў крайнасці. Так было ў гады рэвалюцыі, калі рушылі ўсё «до основания», не задумваючыся навошта гэта было рабіць, прытрымліваючыся крайнасцяў. Так, на жаль, працягвалася і ў новыя часы.
Аднак не ўсе людзі прывыклі спяваць толькі «хорам» ці ў «хоры». Не прывык да гэтага і I. Чыгрынаў. Ён, канечне, быў за Адраджэнне. За нацыянальныя сімвалы ён быў. I тым больш за тое, каб родная стала мовай дзяржаўнай не на словах, а на справе.
Але I. Чыгрынаў, як і кожны чалавек, які ведае сабе цану, урэшце, як кожны, хто не прывык ісці за натоўпам, няхай і правільным кірункам, але і сам здатны выбіраць, як гэта лепш зрабіць, – I. Чыгрынаў прымаў самастойныя рашэнні, якія, у чым ён ніколькі не сумняваўся, з’яўляюцца правільнымі. Таму і ўзначаліў так званы Сербскі камітэт. Многім гэта не спадабалася. Але такой бяды, што камітэт узначаліў. Настойліва адстойваў сваю пазіцыю ў друку, у тых жа інтэрв’ю. Многім гэта не спадабалася. Некаторыя ж сваю «крыўду» вырашылі несці «наверх». А «наверсе» ж і прысвойваюць розныя званні, даюць узнагароды. Ва ўсе часы – ад імя народа.
У інтэрв’ю, якое павінен быў узяць, I. Чыгрынаў і збіраўся расставіць усе кропкі над «і». Інакш кажучы, патлумачыць, што мае права па пэўных пытаннях мець уласнае меркаванне, але ў астатнім – ён, як усе.
Інтэрв’ю давалася нялёгка. Адчувалася, што Іван Гаўрылавіч трапіў у бальніцу не столькі для прафілактыкі, колькі, каб хоць крыху акрыяць ад хваробы, якая даўно падточвала яго сілы. Твар яго быў бледны, хваравіты. Калі гаварыў, нерваваўся.
Дастаткова было запытацца пра нешта, на што ён не збіраўся адказваць, як ледзьве не закрычаў:
– Ты мяне не правакуй!
Калі нешта падобнае прагучала з яго вуснаў другі раз, ужо ўскіпеў я:
– Ды не напрошваўся я на гэтае інтэрв’ю!
Іван Гаўрылавіч неяк адразу аціх. Сказаў спакойна:
– Каб ты ведаў, Саша, як гэтае інтэрв’ю мне патрэбна».
Сумленнейшы чалавек, ён мусіў апраўдвацца перад тымі, сярод якіх знаходзілася нямала звычайных зайздроснікаў, якія I. Чыгрынаву па сутнасці зайздросцілі ўсё яго жыццё. I тады, калі ён выдаў свае кнігі апавяданняў «Птушкі ляцяць на волю» і «Самы шчаслівы чалавек», ці не ўсе творы з якіх (рэдкі выпадак!) былі перакладзены на рускую мову, а некаторыя і на іншыя мовы народаў СССР. I калі гэтак хораша заявіў пра сябе першым раманам «Плач перапёлкі». I калі пачаў пісаць наступныя раманы – «Апраўданне крыві», «Свае і чужыя». I тым больш, калі ўзяўся за драматургічныя творы.
А натура зайздросніка такая, што ў таго, каго ён не любіць, усё не падабаецца. Толькі і чакае зручнага моманту, каб «укусіць», абразіць.
Атрымаўся ў I. Чыгрынава перапынак у напісанні чарговага твора з «верамейкаўскага цыкла» і, калі ласка, паплылі ў літаратурным і калялітаратурным асяродку зласлівыя пагалоскі: «Спісаўся!». Іншыя не адзін дзясятак гадоў маўчаць у друку – нічога. А тут такое, што дзіву даешся: няўжо няма межаў зласлівасці, зайздрасці, бесчалавечнасці.
I дзе? Сярод «інжынераў чалавечых душ»! Хоць, калі разабрацца, сярод гэтых «інжынераў» часам і пасрэднага «прараба» не знойдзеш. Але «прарабы» тым і адрозніваюцца ад «інжынераў», што горла ў іх луджанае, загартаванае. А таму, калі што не па-іхняму, такі гвалт падымаюць, што чалавек, не звыклы, ад усяго гэтага ляманту і за сэрца можа ўхапіцца. Хоць I. Чыгрынаў даўно быў загартаваны. Таму з аднолькавай абыякавасцю ўспрымаў і папрокі ў тым, што «спісаўся», і няменш зласлівыя сведчанні наконт сваіх драматургічных твораў: «П’есы? Хе-хе! Для чытання!»
Часта (відаць, недзе глыбока ў душы падобная несправядлівасць гняла яго, не давала спакою) у нашай размове з ім прасковала:
– Усё мінецца – усё стане на сваё месца! Галоўнае, каб «фігура» была!
Так, як прамаўляў ён слова «фігура», ніхто іншы сказаць не мог, бо ўкладваў у гэтае паняцце сэнс, аднаму яму вядомы.
Ён на самай справе з’яўляўся фігурай. У літаратуры, у жыцці. Вылучаўся і талентам, і паводзінамі. Той, хто добра ведаў Івана Гаўрылавіча, як і тыя, каму даводзілася і прысутнічаць на сустрэчах з ім, не маглі не адчуць, што ў характары I. Чыгрынава, а больш у паводзінах яго, многае працавала на «класіка». Ён нібы загадзя прымерваў сябе да слаўнай кагорты, якая сёння ў гісторыі беларускай літаратуры стаіць на першым плане.
А чаму б было не «прымервацца», ведаючы сабе цану? Дый, будзем справядлівымі, крытыка ў ацэнках напісанага ім, была не менш высокай думкі. Назва аднаго з артыкулаў Віктара Каваленкі чаго вартая – «Абяцанне эпапеі»!
І тыя, хто раней «здымаў з п’едэстала» I. Чыгрынава, і хто ў думках робіць гэта сёння, павінны пры ўсім зразумець, што таленту яму было не займаць. I тое, што напісана ім, – у пераважнай большасці таленавітае. А талент (не мне нагадваць) рэч такая, што ён не залежыць ад таго, уваходзіць чалавек у які-небудзь камітэт ці не ўваходзіць; член ён бюро ЦК КПБ ці ў партыю не ўступаў.
Талент з шэрагу паняццяў, якія з’явіліся куды раней, чым людзі прыдумалі гербы, сцягі і іншыя атрыбуты. I ў раннюю эпоху былі тыя, хто мог загнаць у яму самага вялікага маманта, і тыя, хто са смакам гэтага маманта елі, а пасля, набіўшы трыбух, ляжалі на цёплых шкурах і, наколькі ім дазваляла міміка, абгаворвалі свайго таварыша, што справу, даручаную яму, ён зрабіў не так хутка, як маглі зрабіць яны.
Наша агульная бяда, што многія з нас мяркуюць, што іншыя абавязкова павінны думаць так, як думаюць яны. I асабліва падобная катэгарычнасць дае аб сабе знаць у час вялікіх сацыянальных зрухаў. Так было ў гады рэвалюцыі, прыкладна тое ж назіраецца і сёння. I асабліва прыкра, калі гэта праяўляецца ў ацэнцы пэўных мастацкіх твораў.
Што і на самай справе так, лёгка ўпэўніўся, і калі завяршыў працу над рукапісам нарыса і жыцця і творчасці I. Чыгрынава для серыі «Народныя пісьменнікі Беларусі», заказанага Навукова-метадычным цэнтрам вучэбнай кнігі і сродкаў навучання Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Па завядзёнцы, яго прапанавалі двум рэцэнзентам. Водгукі былі станоўчыя, за выключэннем некаторых заўваг, што, вядома, з’ява звычайная пры ацэнцы ці не кожнага рукапіса.
Асабліва мяне ўсцешыла меркаванне адной з вядомых нашых настаўніц, якая вельмі шмат робіць па прапагандзе беларускай мовы. Але гэтая настаўніца, як кажуць, сустрэла ў штыкі апавяданне «Народны камісар». «Спрацавала», што галоўны герой – «камісар», а значыць – камуніст. Больш таго, сваё непрыманне апавядання «Народны камісар» падмацавала такім выракам: «ІІІто падумае пра гэта Быкаў?!»
Рукапіс быў завершаны незадоўга да заўчаснай смерці I. Чыгрынава. Ён ведаў, што такая кніга пра яго пішацца. Ён хацеў яе патрымаць у руках. Таму я, каб паскорыць працэс, проста скараціў адпаведнае месца ў рукапісе. Праўда, даючы тлумачэнне аб унесеных праўках на заўвагі рэцэнзентаў заўважыў было, што ў дадзеным выпадку мяне не цікавіць, што думае наконт гэтага які-небудзь вядомы пісьменнік. Пасля і гэта выкрасліў. Хацелася, каб кніга выйшла хутчэй.
Яна выйшла ў выдавецтве «Народная асвета». Толькі сёлета. I не ў серыі, бо ад яе адмовіліся. I ў скарочаным удвая выглядзе. Папрок не «Народнай асвеце». Папрок тым, хто складае школьныя праграмы па беларускай літаратуры. Аказваецца, у іх ужо амаль няма месца! Чыгрынаву. Аказваецца, сярод складальнікаў гэтых праграм ёсць і тыя, хто не прымаў Івана Гаўрылавіча пры жыцці.
Тады «фігура» I. Чыгрынава дазваляла пастаяць за сябе. Цяпер кожны думае пра сябе. Таму і Збор твораў I. Чыгрынава ў шасці тамах так і запыніўся на першым томе.
I гэта нягледзячы на тое, што ёсць пастанова Саўміна аб увекавечванні памяці Івана Гаўрылавіча, дзе, між іншым, значыцца і выданне яго творчай спадчыны ў найбольш поўным выглядзе.
Ды, сумнення няма, нягледзячы ні на што, чытач, неабыякавы да нацыянальнай літаратуры, заўсёды будзе запатрабоўваць творы I. Чыгрынава. Балазе, у бібліятэках яны ёсць, бо выдаваліся неаднойчы. А яшчэ ёсць шматсерыйны тэлевізійны фільм, пастаўлены рэжысёрам Ігарам Дабралюбавым, па яго раманах. I многія публікацыі ў перыёдыцы, пры жаданні, дапамогуць шмат даведацца, якім цікавым, арыгінальным пісьменнікам ён быў. I, як не зважаючы на тое, што пражыў мала (не стала Івана Гаўрылавіча 5 студзеня 1996 года), паспеў зрабіць. А яшчэ, што вельмі важна, адчуваючы, як хутка завяршыцца яго зямны шлях, паспеў закончыць раман «Не ўсе мы згінем», якому суджана стаць апошнім з «верамейкаўскага цыкла». I напісаў шэраг апавяданняў, лішні раз засведчыўшы, наколькі вялікім майстрам з’яўляецца ў «малым жанры».
А ў гэтыя дні мне хацелася б, каб у тэлефоннай трубцы пачуўся яго голас. Успрыму яго спакойна, бо ведаю: гэта Іван Гаўрылавіч адгукаецца ў свае 65!

1998

РОССПАЧНЫ ПЛАЧ ПЕРАПЁЛКІ

А хутчэй за ўсё многае магло б скласціся інакш. Магло б… Ды, як кажуць, па парадку. У 1969 годзе я быў прызваны ў армію, трапіў ажно ў Забайкальскую ваенную акругу, наша часць знаходзілася непадалёку ад сталіцы Бураціі Улан-Удэ. А паколькі ў Беларускім  дзяржаўным універсітэце, які я скончыў і паспеў папрацаваць год загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы рэдакцыі драгічынскай раённай газеты «Запаветы Леніна», была ваенная кафедра, дык усім нам прысвоілі вайсковае званне малодшы лейтэнант, а тыя, хто трапіў на службу, былі павышаны да лейтэнанта. Зразумела, афіцэр – не радавы і становішча куды больш выйгрышнае. Выкарыстоўвалі, як маглі. Я ж, каб асабліва не нудзіцца па родных мясцінах, выпісаў часопісы «Полымя», «Маладосць, «Беларусь» і газету «Літаратура і мастацтва», што тыднёвікам яна стала праз некалькі месяцаў. I, зразумела, калі прыходзілі яны, хоць, праўда, і са спазненнем, прачытваў літаральна ад пачатку да канца. У гэтым сэнсе спажыву для роздуму асабліва давалі «Полымя» і «Маладосць», у якіх друкаваліся новыя раманы, аповесці.
Прыгадаўшы сваё даармейскае супрацоўніцтва з асобнымі рэспубліканскімі газетамі, вырашыў сёе-тое прарэцэнзаваць. А каб дарэмна не працаваць, загадзя паслаў лісты-запытанні ў некаторыя рэдакцыі. Пашчасціла з «Мінскай праўдай». Тадышні загадчык аддзела культуры, цяпер, на жаль, нябожчык Уладзімір Антонавіч Кобрын (светлая яму памяць), з радасцю, як казаў мне ён па маім прыездзе ўжо ў Мінск, адгукнуўся. Праўда, нашы планы спачатку крыху разышліся. Я хацеў адзін твор прарэцэнзаваць, а ён параіў  «Плач перапёлкі» Івана Чыгрынава. Гэты раман, які тады публікаваўся ў часопісе «Маладосць», мне спадабаўся. Але меў намер паслаць рэцэнзію ў якое-небудзь іншае выданне, бо «Мінская праўда» звычайна адгукалася на тое, што з’яўлялася з-пад пяра землякоў, дарэчы, і рубрыка была пастаянная – «Кнігі нашых землякоў». А І. Чыгрынаў, як вядома, родам з Магілёўшчыны.
Рэцэнзія была надрукавана. I, як высветлілася, прачытана Іванам Гаўрылавічам. Пра гэта я даведаўся, калі з верасня 1972 года пачаў працаваць у «ЛіМе». І. Чыгрынаў жа тады загадваў па суседству аддзелам публіцыстыкі і нарыса ў «Полымі» і любіў завітваць у «лімаўскі» калідор. Ці не пры першай сустрэчы ўспомніў ён і пра тую рэцэнзію, горача падзякаваў, заўважыўшы, што яна яму была на той час вельмі дарэчы, бо знаходзіліся жадаючыя «паскубсці» і сам раман, і творчасць яго ўвогуле. А Іван Гаўрылавіч, будзем шчырымі, любіў, калі пра яго пісалі станоўча. З гэтага моманту і склаліся ў нас прыязныя адносіны. А хутчэй за ўсё многае магло б скласціся інакш. Калі б не прапанова Уладзіміра Антонавіча Кобрына.
Я, магчыма, так падрабязна і не згадваў бы гэты эпізод, калі б ён не аказаў своеасаблівы ўплыў на нашы далейшыя ўзаемаадносіны. З цягам часу яны сталі, як бы лепш сказаць… калі не сяброўскія, дык таварыскія (бадай, паміж гэтымі двума словамі розніца ёсць). Я па-ранейшаму называў яго паважна на «Вы», хоць з некаторымі літаратарамі з яго пакалення ледзь не адразу перайшоў на «ты». Але я мог даверыцца яму, расказаць і сказаць тое, чаго іншым ніколі не гаварыў і гаварыць не збіраўся. I, канечне ж, не прамінаў выпадку своечасова прачытаць кожны яго новы твор. I абавязкова рэцэнзаваў яго.
Сёй-той гатовы ўсміхнуцца, асабліва з «браціі», якая добра ведае біяграфію І. Чыгрынава. А чаму б было не пісаць, калі Іван Гаўрылавіч займаў уплывовыя пасады – быў намеснікам старшыні, а пасля сакратаром праўлення СП БССР, а ў апошнія свае гады старшынёй праўлення Беларускага фонду культуры. Пасады яго я не «выкарыстоўваў». Проста я перакананы, што І. Чыгрынаў з пісьменнікаў, роля якіх у нашай літаратуры яшчэ належным чынам не ацэнена. Ён акурат з тых зорак, святло якіх ярчэйшым становіцца праз гады, хоць і адразу вельмі яркае, вялікай прыцягальнай сілы. I тыя, хто яго не любіў, канечне ж, не маглі пра гэта не здагадвацца. Інтуітыўна адчувалі, што ён «вышэй» за іх. Разумелі – больш таленавіты, а таму нярэдка так скептычна ставіліся да многага, што з’яўлялася з-пад яго пяра.
Хоць, магчыма, і падставы некаторыя для гэтага былі. Іван Гаўрылавіч часам ледзь не сам напрошваўся на «крытыку». Прыгадайма, як ён у свой час на адным з пленумаў праўлення СП БССР рабіў даклад пра беларускі раман. Перапала ў тым выступленні многім, нават самым знакамітым. Праўда, праз некаторы час, наколькі мне вядома, крыху адумаўся, з некаторымі, каго пакрытыкаваў, зноў наладзіў належныя адносіны. Ды хіба такое забываецца? А манера паводзіць сябе… Гэтак звысака… Каму такое падабаецца? I няўцям многім, што такім Іван Гаўрылавіч быў яшчэ з гадоў студэнцтва. Таму і быў высокай думкі аб сабе, бо ведаў (а чаму ведаў, аднаму яму было вядома ды Богу яшчэ), што здатны куды на большае, чым асобныя яго таварышы па пяру.
Як мне здаецца, нават і «прымерваўся» да вялікіх. Прынамсі, калі ў адзін час пачаў насіць такую прычоску, як… Неяк пры сустрэчы я не ўстрымаўся: «Іван Гаўрылавіч, пад Талстога «працуеце»? Пад Аляксея Мікалаевіча?» Нічога не адказаў, толькі ўсміхнуўся. Відаць, спадабалася яму такое маё параўнанне. Але хутчэй і сам у думках параўноўваў сябе з Талстым… Аляксеем Мікалаевічам…
Не прымалі многія і палітычныя погляды Івана Гаўрылавіча, асабліва калі падзьмулі гэтыя самыя вятры. Хто кажа дэмакраты, а хто – дэр… Не ў гэтым справа. Раптам усе сталі такімі адраджэнцамі, а І. Чыгрынаў з Барысам Сачанкам «выбіраюцца» членамі ЦК КПБ. Разам з Іванам Шамякіным. Але з Івана Пятровіча што «возьмеш», ён у гэтым самым бюро колькі часу быў, а тут… Ці ўдзел Івана Гаўрылавіча ў «сербскім» ці нейкім там яшчэ камітэце… А яшчэ, памятаеце, сто літаратараў падпісалі ліст, у якім гаварылі, што нельга парываць сувязяў з рускімі пісьменнікамі… А яшчэ…
Гэтае «яшчэ» можна пералічваць шмат разоў. I гэта таксама пацвярджэнне таму, што І. Чыгрынаў з’яўляўся найвялікшай індывідуальнасцю. Асмелюся нават сказаць, што асобныя «ўчынкі» ён рабіў як бы насупраціў… Тым, хто яго не прымаў… Тым, хто зайздросціў яго папулярнасці… Тым, хто толькі ўсміхаўся яго жаданню быць жывым класікам… Усім даказваў: Я ёсць Я… I маю права на ўласныя погляды, нават больш, чым іншыя. Усё адно быў, ёсць і буду Чыгрынавым.
Ён і быў ім… У творчасці, у жыцці… Я свядома не пералічваю творы, вартыя чытацкай увагі, творы, якія адразу пасля з’яўлення іх увайшлі ў залаты фонд нашай літаратуры. Гэта зрабілі іншыя. А што для мяне І. Чыгрынаў-пісьменнік, я паспрабаваў сказаць у нарысе «Іван Чыгрынаў», напісаным для серыі «Народныя пісьменнікі Беларусі», якую выпускае выдавецтва «Народная асвета». Яшчэ пры жыцці Івана Гаўрылавіча напісаў…
А І. Чыгрынаў-чалавек? Душа чалавек! I ў гэтым упэўніўся, калі апошні час ён асабліва часта заходзіў у «ЛіМ», у тым ліку і да мяне асабіста… I рэгулярна званіў. А яшчэ, нібыта спяшаючыся выказацца, як прадчуваў, што зямны век яго нядоўгі, ахвотна згаджаўся на інтэрв’ю. Падчас аднаго, дарэчы, адбыўся выпадак, пра які без усмешкі прыгадваць не магу.
Час у нас быў абмежаваны. Івана Гаўрылавіча па нейкай патрэбе выклікалі ў Савет Міністраў… Ці сам ён туды ішоў… Гэта неістотна… Гаворка адбывалася на кватэры. На пытанні адказы я атрымаў хутка, бо карыстаўся дыктафонам. Сама час развітвацца. I тут вяртаецца дамоў жонка І. Чыгрынава Людміла Прохараўна. Павіталіся:
– Дык, можа, паабедаеце?
Іван Гаўрылавіч ці не са злосцю:
– Ты ж ведаеш, што я ў Саўмін іду?!
– Дык можна паспець!
– Ты што, думаеш, я туды выпіўшы пайду?!
Людміла Прохараўна здзівілася такому адказу, а потым усё зразумела:
– Ды я чарку і не прапаноўваю…
– А нашто нам абед без чаркі!
Так і не паабедалі мы тады з Іванам Гаўрылавічам, хоць даводзілася гэта рабіць у іншых абставінах.
АпошнІ раман І. Чыгрынава я чытаў па меры яго напісання. Тым, хто не ведае: Іван Гаўрылавіч меў звычку пісаць дробным, уборыстым почыркам у агульным сшытку. I гатовае аддаваў на перадрук машыністцы. Гатовыя старонкі я адразу і чытаў, бо прыспешваў час здачы нарыса для серыі «Народныя пісьменнікі Беларусі». Так і напісаў пра яго артыкул яшчэ для таго, як І. Чыгрынаў за некалькі тыдняў да сваёй смерці прапанаваў свой раман часопісу «Полымя».
Хто чытаў гэты раман, памятае, што ў заключных эпізодах у Зазыбы забалеў нечакана страўнік, а тут партызанскі парад… I хоць я ніколі асаблівых заўваг Івану Гаўрылавічу не рабіў, тут не ўстрымаўся:
– Навошта Вам гэты эпізод? Няўжо хочаце, каб хто-небудзь сказаў: пісаў, пісаў Чыгрынаў і дапісаўся да таго, што галоўны герой…
Іван Гаўрылавіч памаўчаў. Адчувалася, што заўвага яму не спадабалася. Нарэшце ціха прамовіў:
– А мо і сапраўды…
Тым не менш згаданы эпізод у рамане так і застаўся.
Цяпер, калі з дня смерці пісьменніка мінуў не адзін год, я разумею, чаму ён «настаяў» на сваім. Уносіць праўкі ён ужо проста не мог. Не мог па той прычыне, што інтуітыўна адчуваў: і гэты раман, і іншыя з «верамейкаўскага цыкла», і шматлікія апавяданні, драматычныя творы ўжо становяцца гісторыяй літаратуры. Гісторыяй, бо яму самому засталося жыць не так і шмат. Навошта, у такім разе, нейкія праўкі, удакладненні? Хай будзе так, як і было ў першапачатковым варыянце. Даследчыкам у далейшым разбірацца, што і да чаго. Сам жа ён зрабіў усё, што мог зрабіць…
I сапраўды зрабіў. Цяжка хворы, давёў «верамейкаўскі цыкл» да завяршэння. I многія новыя апавяданні напісаў, у якіх, як ніколі, быў шчырым, гаварыў нават тое, што звычайна павінна гучаць падтэкстава, іншасказальна. Ды навошта было нешта хаваць, калі галоўнае заключалася ў тым, каб паспець выказацца.
…Пасля першага з’яўлення рамана «Плач перапёлкі» ў друку асобныя з пісьменнікаў (ды і з чытачоў таксама) заўважылі, што перапёлка не плача… Магчыма, у прыродзе і так. А ў літаратуры? У літаратуры яна плакала, плача і заўсёды будзе плакаць, пакуль жыць беларусам на гэтай зямлі, а значыць і беларускай літаратуры. Дзякуючы таленту гэтага твора.
Цяпер жа яшчэ плач яе роспачны, бо не так шмат часу мінулася, каб змірыцца з незваротнасцю страты. З цягам часу плач гэты стане жыццесцвярджальным, як і ўся творчасць І. Чыгрынава. Творчасць класіка беларускай літаратуры. I гэта ўжо сёння нельга не прызнаць.

КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 1

1998

ГРУНТОЎНАСЦЬ МАЙСТРА

Іван Чыгрынаў быў надзелены яркім дарам імправізатара.
Я меў шчасце некалькі разоў падарожнічаць разам з ім па Магілёўшчыне. Гэтыя падарожжы заўсёды былі надзвычай цікавымі: у Горках мяне чакаў невядомы аўтар «Тараса на Парнасе», у Слаўгарадзе – Карл XII і Пётр I, у Крычаве – Васіль Вашчыла і Геранім Радзівіл…
Апавядаў пра іх Чыгрынаў любоўна, з цікавымі падрабязнасцямі і яркімі дэталямі, як звычайна расказваюць пра даўніх і добрых знаёмых. Гэты прыродай дадзены дар у ім арганічна спалучаўся з сялянскай працавітасцю. Нават ужо цяжка хворы, лежачы ў бальніцы, ён працягваў працаваць. Пісаў ён звычайна ў тоўстых агульных сшытках, якія неаднойчы паказваў, калі я заходзіў да яго ў лечкамісію: «Знаеш, брат, а ўсё-ткі сянні ўдалося добра папрацаваць», – шырока і шчасліва ўсміхаўся Іван Гаўрылавіч. Чалавек горды і ўпэўнены ў сабе, ён не любіў жаліцца на здароўе і наракаць на хваробы. I ўсё ж аднаго разу падчас адной з нашых апошніх сустрэч цяжка ўздыхнуў: «Мала ж у мяне засталося часу! А хацелася б яшчэ папісаць…» Я, помніцца, хацеў запярэчыць і пачаў гаварыць нешта суцяшальна-аптымістычнае, але Іван Гаўрылавіч перапыніў мяне сваім характэрным чыгрынаўскім жэстам: «Да, брат, хацелася б яшчэ папісаць…»
Пісаць для яго значыла жыць.
Ён грунтоўна асвоіў амаль усе літаратурныя жанры і ў кожным дасягнуў значных вяршынь: шырокавядомыя раманы пра вайну «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы», «Вяртанне да віны», «Не ўсе мы згінем», гістарычныя драмы «Следчая справа Вашчылы», «Звон – не малітва», а таксама п’есы пра сучаснасць, кінасцэнарыі, кнігі крытыкі і публіцыстыкі і, вядома ж, апавяданні…
Дарэчы, у канцы сваёй творчай дзейнасці ён зноў звярнуўся да жанру апавядання, з якога некалі і пачынаў свой шлях у літаратуру. Чытаючы ягоныя раманы пра вайну, я сумаваў па чыгрынаўскім апавяданні. Не-не, дый успаміналіся то «За сто кіламетраў на абед», то «Бульба». Ажывалі ў памяці з любоўю выпісаныя празаікам хлопчыкі Мішка Бычыхін і Санька Брылёў. Пакуль ішлі жорсткія баі на Бесядзі, яны не адыходзілі ад вогнішча, якое палілі на адным і тым жа месцы. Хлопчыкі цярпліва чакалі знаёмага старшага лейтэнанта. У іх была напагатове для яго печаная бульба. Але старшы лейтэнант не прыйшоў…
Я чакаў апавяданняў Чыгрынава не толькі таму, што яны праўдзіва псіхалагічныя: у іх была сардэчная цеплыня і душэўная незамутнёнасць, як у тых ягоных хлопчыкаў пры вогнішчы. Мне з імі было добра.
А яшчэ тыя апавяданні імпанавалі непаспешлівай беларускай грунтоўнасцю. Дарэчы, грунтоўнасць – адна з асноўных рысаў ягонай натуры, вельмі ж ужо несумяшчальныя Чыгрынаў і мітусня.
Памятаю, як у адным з інтэрв’ю вельмі ўразіла адно прызнанне: «Нанава вывучаў, скажам, птушак, травы, расліннасць. Нават склаў уласны траўнік. Звычайна браў сваіх пляменнікаў на луг, у лес і ў поле, прыносіў адтуль ахапкі травы і кветак і разбіраў пасля гэтыя букеты з суседзямі, параўноўваў з каляровым атласам раслін, якія растуць у Беларусі, у нас на Магілёўшчыне, знаходзіў нейкую дакладную назву іх. Зараз у мяне гэтых назваў каля сямісот. Гэтак жа сама вывучаў нанава птушак. Раней здавалася, што ўсё ведаў, а як пачаў пісаць, аказалася – мала гэтага ведання». Тут ёсць над чым задумацца і ёсць чаму павучыцца, асабліва калі ведаць, што на пачатку сваёй літаратурнай дарогі Іван Чыгрынаў узяў ды і пакінуў сталічную мітусню і пайшоў падарожнічаць па роднай яму Магілёўшчыне. Пайшоў, як сёння трэба разумець, да герояў сваіх будучых кніг.
Проза Чыгрынава сапраўды багатая на пахі і гукі, у ёй можна канкрэтна разабраць, што і як пахне, хто і як спявае.
Прырода ў яго раманах не проста фон, на якім адбываецца ўсенародная трагедыя. Яна нясе яшчэ і вялізную філасофскую нагрузку. У гэтым сэнсе вельмі цікавы вобраз Радзівона Чубара. Разам з ім чытач багата пахадзіў ляснымі сцежкамі Забесяддзя. У тых шматлікіх вандроўках Чубар спасцігае не толькі глыбінную сутнасць прыроды, але спасцігае і асэнсоўвае сябе як яе неад’емную частку. Невыпадкова перад смерцю чыгрынаўскі герой бачыць Забесяддзе з вышыні птушынага палёту.
Чыгрынаў любіў канкрэтныя назвы і мясцовыя прозвішчы. Здаецца, цяпер я разумею, чаму ў нашых гаворках ён часта згадваў «Баркулабаўскі летапіс» – урокі земляка-летапісца не прайшлі дарэмна для Чыгрынава-празаіка. Як і ўрокі невядомага аўтара «Слова аб палку Ігаравым»: плач Яраслаўны… плач перапёлкі… Заўважце, і Яраслаўна, і перапёлка плачуць у час ваеннага ліхалецця:
– «Піць-піль-віць… Піць- піль-віць…
Сёння перапёлка няйначай плакала – ці то гняздзечка яе разбурыў хто, ці яшчэ якая бяда прымусіла агалошваць тугой наваколле, але замест звычайнага спеву чуўся плач.
– Піць-піль-віць… Піць-піль-віць…
Зазыба нарэшце адчуў гэта, і ў галаве ягонай узнікла пакутлівая думка: калі птушкі так плачуць ад свайго гора, то як жа тады павінны галасіць людзі…» I гэтая паралель невыпадковая, асабліва калі браць пад увагу, што Іван Чыгрынаў пераклаў «Слова…» прозай. Дарэчы будзе ў гэтым кантэксце і радок з верша Ігара Шклярэўскага, прысвечанага Крычаву: «Здесь разговаривают хаты словами «Слова о полку». Ігар Шклярэўскі, між іншым, таксама родам з Магілёўшчыны.
А яшчэ Іван Чыгрынаў любіў сваіх герояў, яны ў яго прыгожыя. Мішка Бычыхін і Санька Брылеў, стары Зазыба, Парфён Вяршкоў, верамейкаўскія жанчыны… З імі цікава.
Па старонках яго раманаў шчодра і ненавязліва рассыпана мноства гістарычных падрабязнасцяў. У сваіх філасофскіх развагах чыгрынаўскія персанажы ўвесь час звяртаюцца да гістарычнага вопыту сваіх продкаў, у ім яны шукаюць духоўнае апірышча, каб выстаяць у нялёгкі для Бацькаўшчыны час. Так што зварот да гісторыі для Чыгрынава з’ява натуральная і заканамерная. Вось характэрны дыялог Парфёна Вяршкова і Масея Зазыбы:
А калі ета Вашчыла бунтаваў? Яшчэ і цяпера крычаўскіх баб вашчылкамі завуць. Нават калі ў нас хто, здараецца, бярэ адтуль сабе дзеўку, дык вашчылкай яе за вочы дражняць.
– Вашчыла бунтаваў пры паляках. Якраз хутка будзе дзвесце гадоў таму паўстанню.
– Ага, помню, пра ета яшчэ і цяпера розныя гісторыі расказваюць…»
Ці не адсюль, з гэтага дыялогу, вырасла гістарычная драма «Следчая справа Вашчылы»?
Звычайна гавораць, што пісьменнік усё жыццё піша адну кніжку. Пры гэтым маецца на ўвазе галоўная думка, якая аб’ядноўвае ўсё напісанае. Так, у Льва Талстога ў «Вайне і міры» асноўнай думкай, ці як ён казаў, любімай, была «мысль народная». Ёсць свая любімая думка і ў народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава. Яна скразной лініяй праходзіць праз яго раманы, драмы, апавяданні, публіцыстыку. Гэта ідэя нацыянальнага яднання.
Вельмі слушная думка. Асабліва сёння.

КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 1

2005

ВЕДАЎ ЖЫЦЦЁ…

Празаік Іван Чыгрынаў

Ці не заўважылі вы, дарагія чытачы, наступнай акалічнасці: калі мы (у школе, дома, з сябрамі і г. д.) гаворым пра вялікую літаратуру, пра вялікіх пісьменнікаў, дык ні сваю літаратуру, ні сваіх нават самых знакамітых майстроў слова такімі не лічым?.. А дарэмна.
Так думаю я, калі гаворка ідзе пра аднаго з нашых сапраўды значных, непаўторных па сутнасці сваёй творчасці пісьменнікаў – Івана Чыгрынава. З Іванам Гаўрылавічам пашчасціла быць знаёмым і мне…
Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў нарадзіўся ў 1937 годзе ў вёсцы Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна, памёр у 1996-м. I яшчэ напомню, што ён, будучы народны пісьменнік Беларусі, – выпускнік (1952 г.) Саматэвіцкай СШ. Так, той самай знакамітай школы, у якой вучыўся Аркадзь Куляшоў. Але, два сапраўды народныя, два сапраўды знакамітыя майстры роднага слова – адзін у паэзіі, другі – у прозе, з аднаго бласлаўлёнага куточка нашай зямлі, з адной беларускай, далёкай ад вялікіх гарадоў вясковай школы праславілі сваю Айчыну сваімі талентамі.
Пішучы гэты свой успамін пра Івана Гаўрылавіча, выказваючы некаторыя свае меркаванні адносна яго вялікай і шматграннай творчасці – апавяданні, раманы, п’есы, кінасцэнарыі, артыкулы, – зыходжу з таго, што многае чыгрынаўскае чыталася на ўроках літаратуры і па-за школьнай праграмай, таму пастараюся абысціся без пераліку ўсягоім створанага.
Я пазнаёміўся з Іванам Гаўрылавічам Чыгрынавым 14 снежня 1982 года ў Доме літаратара, на ўрачыстасцях. Нас, групу тады маладых пісьменнікаў (У. Рубанава, В. Ткачова, А. Цяжкага, М. Барэйшу, мяне і яшчэ некалькі чалавек) калегі прынялі ў свой творчы Саюз… Можаце ўявіць наш настрой, калі сярод калег, членаў прэзідыума праўлення СП былі Максім Танк, Пімен Панчанка, Янка Брыль, Іван Шамякін, Іван Навуменка, Мікола Лобан, Янка Скрыган, Васіль Вітка, Іван Чыгрынаў…
Ды, вядома ж, усе мы, «навабранцы» ў літаратуры, аўтары адной-дзвюх кволенькіх кніжачак прозы або вершаў, толькі ад ведання створанага класікамі, а яшчэ больш ад таго, што яны абмяркоўваюць нашу творчасць, проста ніякавелі, губляліся, не ведалі, што рабіць, куды сябе падзець…
У такую, можа, адну з самых хвалюючых хвілін майго жыцця, калі мы з маім таварышам і аднакурснікам па факультэце журналістыкі БДУ імя Леніна (выпуск 1975 г.) У. Рубанавым зашыліся ў кут падалей ад жывых класікаў, Іван Гаўрылавіч адшукаў нас. Рубанава ён ведаў па Уладзіслававай працы ў «Полымі», мяне – не. Таму, спыніўшыся каля Уладзіслава, класік як запатрабаваў (перадаю даслоўна):
– Уладзіслаў, дык знаём жа мяне з нашым земляком.
Уявіце зварот! Іван Чыгрынаў, аўтар мноства кніг, сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі нашай рэспублікі, а ўвогуле той, каго чытае ўся вялікая краіна, хоча пазнаёміцца з нейкім пачаткоўцам у прозе, да ўсяго, які працуе ў кіно, а не ў часопісе або выдавецтве. (Як я зразумеў потым, з усімі «навабранцамі» ў СП Іван Гаўрылавіч ужо быў добра знаёмы, яны ж былі бліжэй да пісьменніцкага Саюза, чым я.)
А я, пісьменнік, можа, і пачынаючы, але трыццацігадовы сталы чалавек, які пабачыў ужо нямала чаго ў жыцці ды іншых знакамітасцей у кіно, зніякавелы, не знайшоў нічога лепшага, як сказаць:
– Ды вы, Іван Гаўрылавіч, у апавяданні «Выпадак у вёсцы Капранаўка» пісалі пра мае родныя мясціны: вёска Баравіца – мой сельсавет, Пацава Слабада – добра знаёма мне, не раз бываў у ёй, працуючы пасля школы ў райгазеце. Капранаўка ж – гэта Капланаўка, нейкіх два кіламетры ад майго Скачка, дзе жывуць бацькі.
Думаю, было тое сказана недарэчы. Я зразумеў гэта і зніякавеў.
– Ведаю Скачок, – сказаў Іван Гаўрылавіч, паглядаючы крыху ўгору, ледзь прыкметна ўсміхнуўся. – Нашу машыну там запраўлялі лесаўчасткаўцы. Чакай, Саламаха…
– Так, бацька запраўляў! – узрадаваўся я. – Вось разгадка!
– Якая?
– Бацька мне неяк казаў, што запраўлялі «газік» аднаго пісьменніка (шафёр шапнуў), але пасаромеліся спытаць, каго…
Чаму бацька казаў пра «пісьменніка» як пра незвычайнае? Ды ў нас ні ў пасёлку, ні ў школе ніхто не бачыў жывога пісьменніка. А я ж яшчэ ў школе спрабаваў пісаць. Пісьменнік – недасяжнае, найвышэйшае. Літаратура – святло…
…I добра тады мне стала, знікла хваляванне.
Пра апавяданне напомню, здаецца, у школе яго не вывучаюць… Яно цалкам дакументальнае. Адпавядае жыццёвай праўдзе, зрэшты, як і ўсе творы майстра… Дык вось, адным днём (канец 60-х мінулага стагоддзя) пісьменнік (ці лірычны герой) з адным чалавекам, некім Джагаравым, едуць у глыб Магілёўшчыны. Джагараў там ваяваў у Айчынную. Едуць па дарогах майго Кіраўскага раёна ў кірунку Магілёва. У вёсцы ж Капранаўка (на самай справе Капланаўка) бяруць у машыну спадарожніка. І вось раптам спадарожнік расказвае ім, што быў у вёсцы на сваёй магіле, дзе 60 гадоў таму, у Грамадзянскую, таварыш пахаваў яго попел – думаў, што баявы сябра згарэў у бронемашыне ў час бою… Пра сваё «пахаванне» чалавек даведаўся неўзабаве. Усё жыццё хадзіў, ведаючы, што ў вёсцы Капранаўка ёсць яго магіла. I вось ужо на схіле жыцця наведаў яе…
Ехаў, расказаў, выйшаў з машыны і потым знік «недзе ў людскім натоўпе, непрыкметны нікому…».
Якое класічнае апавяданне!.. З жыцця. Не прыдуманае. I сёння, успамінаючы тую нашу першую сустрэчу з Іванам Гаўрылавічам, хочацца сказаць наступнае: пісьменнік Іван Чыгрынаў ведаў жыццё як мала хто з творцаў. Ён не вывучаў яго па падручніках, а спасцігаў у рэальнасці. Яшчэ калі я вучыўся ў БДУ, выкладчык літаратуры, выдатны паэт Рыгор Семашкевіч, прыводзіў нам прыклад, як трэба вывучаць жыццё, каб хоць што «людское» (у сэнсе, вартае) напісаць: «Хадзіце, хлопцы, па вёсках, як Чыгрынаў». Казаў, што Чыгрынаў у студэнцтве на канікулы з Мінска ў свой Вялікі Бор хадзіў пешшу. Мы не верылі: «Не можа быць!.. Ды гэта ці не пад трыста вёрст…»
Я пасаромеўся тады спытаць у Івана Гаўрылавіча пра гэта. Пазней чуў ад старэйшых пісьменнікаў, што сапраўды так рабіў Іван Гаўрылавіч. Хаця, можа, ішоў не цалкам увесь шлях: дзе – на падводзе – вучыўся ж ён ва ўніверсітэце з 1952-га па 1957 год, і машыну тады рэдка можна было сустрэць. Зрэшты, тут ёсць вельмі важная акалічнасць: будучы народны пісьменнік Беларусі заўсёды быў з людзьмі, сярод людзей. Ён ведаў, чым жыве чалавек, ведаў яго боль і радасць, надзеі. Вось чаму такія праўдзівыя яго апавяданні, вось чаму так бязмежна насычаны праўдай жыцця ўсе яго раманы, вось чаму яго любілі і любяць чытачы!..
Ведаю і іншае. Як асоба Іван Гаўрылавіч выдзяляўся сярод многіх калег, і тут не трэба некага прыніжаць: проста ён быў такі – незалежны, своеасаблівы, у асобныя мінуты (мяркую па часе знаёмства) летуценны. I па-свойму задумлівы. Мабыць, разгадку задумлівасці гэтай трэба шукаць у творах: ахоп падзей – незвычайны, герояў – безліч, зрухі душы кожнага – ледзь улоўныя… Значыць, усё абдумваў, усё прапускаў праз сябе.
I тут мне хочацца сказаць наступнае: а ці хапае сённяшнім маладым, што імкнуцца ў літаратуру, сапраўднага ведання жыцця, каб пісаць годнае? Напрыклад, чыгрынаўскага?..
Але змяніўся час, многія атрыбуты, якія нібыта вызначаюць жыццё чалавека і якія, сцвярджаецца, уздзейнічаюць на яго свядомасць, – таксама змяніліся. Можа, і так. Але калі я перачытваю Івана Гаўрылавіча Чыгрынава, калі бачу нібы наяве яго герояў – простых людзей, дык – без перабольшання – бачу свой народ. I ў тым часе, пра які пісаў класік, і сёння, калі яго няма. Не ўстрымаюся ўсё ж, назаву хоць раманы: «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужыя», «Вяртанне да віны».
Вялікія творы вялікай літаратуры.

КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 1

2018

«А МАЯ ПЕРАПЁЛАЧКА ЛЁТАЕ…»

Нечасто отец просил меня привезти из Минска какую-нибудь книгу. Однажды заказал роман Ивана Чигринова «Плач перапёлкі», и чтобы непременно на белорусском языке. Мало того что заказал, так дал и три рубля (книги в 1974-м стоили дешево). Купил, привез. Отец прочитал. Прошло несколько лет, и он услышал по радио, что вышло продолжение романа. Просьба повторилась. Я доставил ему из столицы «Апраўданне крыві» – вторую часть будущей трилогии.
Собирая грибы в сыром осеннем лесу, мы разговорились про первый и второй роман известного белорусского писателя. Отец тогда рассказал несколько своих личных историй, связанных с войной. Показал места, где жители нашей деревни прятались, где у каждой семьи была своя «будка», сделанная из веток. Рассказал, как ночью рассыпал соль на лесной дороге и ее пришлось собирать. Всю, до последней крупинки. С землей, сосновыми иголками, травой и землей. На том месте трава и через тридцать лет не росла, пятно напоминало выжженное тавро. Провел по тропе, по которой быстрее всего можно добраться из леса, где прятались деревенские, до дома…
С Иваном Чигриновым они были почти сверстники. События, описанные в романах, отец видел своими глазами, был их свидетелем. Еще ему нравилось, грело то обстоятельство, что говорили герои романов так, как и в наших местах, на Гомельщине.
И третий роман трилогии отец прочитал, и девятисерийный телевизионный фильм посмотрел, но лучшей считал первую книгу – «Плач перепелки».
С Иваном Гавриловичем Чигриновым мне доводилось встречаться не один раз. С молодыми литераторами он разговаривал по-доброму, но несколько снисходительно. К тому времени он уже имел и премии, и награды, и звание народного писателя Беларуси.
Узнав, из каких краев молодой коллега, неизменно повторял: «Гэта ж ад маіх мясцін зусім побач. Лясок толькі перайсці». А расстояние на самом деле могло быть в сто километров. Вспоминается все это теперь, как что-то невероятно далекое. Но кажется, что и голос писателя слышу, и вижу его сидящим за столом, поблескивающим стеклами очков.
Довольно часто он любил повторять одну и ту же мысль, меняя лишь интонацию голоса. Иногда говорил, как по секрету: «Вось усё вы выдумляеце нешта такое, здзівіць спрабуеце, пішыце-пішыце… А мая «перапёлачка» лётае і будзе лётаць!»
Евгений Коктыш хорошо знал Ивана Чигринова, не один раз снимал. Я выбрал этот черно-белый снимок. Осенний. Мне он напомнил задушевные и важные разговоры с отцом. О детстве, о войне, о жизни…

КОЛЬКАСЦЬ АРТЫКУЛАЎ: 2

1998

СХАЛАСТЫНЫЯ НАКІДЫ

1989 год, кавярня тады яшчэ Дома літаратара. Сядзім я, Наварыч і Сыс і ад безграшоўя п’ем нейкае таннае, слабенькае чырвонае віно, якое Сыс пераліў з бутэлек у вазу і паставіў туды букет гваздзікоў. Трэба напоўніць шклянкі – Сыс выцягвае кветкі, разлівае віно, ставіць кветкі назад. Гучна тлумачыць:
– Бо як убачаць пляшку, дык наляцяць гэтыя аглаеды, за імі ўхопіш.
I раптам твар яго святлее. Каля самага ўваходу, адзін за столікам, сядзіць Іван Чыгрынаў, блізарука прыгорбіўшыся, гартае часопіс.
– О, хоць адзін чалавек знайшоўся! Нікуды не сыходзьце, – камандуе Сыс (тады ён яшчэ мог камандаваць), разводзіць для абдымкаў рукі і кіруецца да таго століка.
Неўзабаве перад намі стаіць поўненькі графін каньяку і талерка з паўдзясяткам свежых бутэрбродаў.
– Іваня – во, сапраўдны пісьменнік! – рэзюмуе Сыс, падымаючы ўверх палец. – Яшчэ і на таксоўку даў.
А мы з Наварычам не адрываем вачэй ад яго левай грудзіны. Кішэню на кашулі адцягвае цяжкі чырвона-зялёны значок дэпутата Вярхоўнага Савета.
– Іваня даў панасіць, – з гонарам пагладжвае значок Сыс. – Дык што – налівайце хто-небудзь дэпутату!..
Бадай, у кожнага са старшыняў ці сакратароў Саюза пісьменнікаў былі свае мянушкі: «Жорсткі», «Цішайшы» і да т.п. У Івана Чыгрынава – «Святлейшы». Гэта было ці не самае яго любімае слова пры ацэнцы чалавека. Ён не прызнаваў паўтаноў, даючы толькі чорна-белыя характарыстыкі: «Гэты? Светлы чалавек! А той – не, цёмны… Што б ён там ні пісаў, што б мне пра яго ні казалі – цёмны, німба над галавою не відаць! Ды і не п’е, не курыць, не пагаворыць ніколі… Адно слова – цёмны нейкі».
Міжволі згадваеш булгакаўскае: «Штосьці, воля вашая, нядобрае ёсць у мужчынах, якія цураюцца віна, гульняў, красунь-жанчынаў, застольных бясед. Такія людзі або цяжка хворыя, або ў душы ненавідзяць іншых».
Мне было лёгка з ім, як з роўняю, амаль не адчувалася розніца ва ўзросце. Разам з тым вельмі востра адчувалася іншае – што вось быў беларускі вясковы хлопчык Іваня, гойсаў, як і ўсе дзеці, басанож па вуліцы, лазіў у чужыя сады, свіней, магчыма, пасвіў, вадзіў у начное коней, перажыў вайну, пасляваенную галаднечу, вучыцца паступіў (касцюмчык старэнькі, гімнасцёрка, паддзёўка бацькава)… Раптам трах-бах – першы верш, затым – прыём у СП (у 1964 годзе, калі я нарадзіўся). Далей – болей: ад рэдактара публіцыстыкі ў часопісе «Полымя» да дэлегата БССР на сесію Генеральнай Асамблеі ААН, да старшыні пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета БССР па нацыянальных пытаннях і міжнацыянальных зносінах і, нарэшце, да народнага пісьменніка.
I вось чамусьці лёс звёў нас, і мы сядзім, размаўляем пра жыццё, пра літаратуру…
А хтосьці ў гэты час ужо нарадзіўся.
Хвароба напала на яго раптоўна і «з’ела» – у прамым значэнні слова – за якіх тры гады.
Калі б ён рыхтаваўся да гэтага, тады, магчыма, арганізм здолеў бы неяк мабілізавацца… мне, напрыклад, і цяпер не верыцца, што ўсё было так безнадзейна, што хвароба была невылечная.
У апошні год жыцця ён часта клаўся ў бальніцу. Аднойчы я наведаў яго. Ён быў вясёлы і жыццялюбны, жартаваў, хваліўся, як добра яму пішацца тут, у палаце. Лекі і ўколы памаглі, пухліна з ног спала, колер твару быў нармальны, як і ў звычайнага, адно стомленага вясковага мужчыны. Мяне ўразіла, як ён піша: прыгожым роўным почыркам у агульным сшытку, практычна без правак – бяры і аддавай машыністцы. Іван Гаўрылавіч прачытаў уголас кавалак – гэта была новая гістарычная п’еса. Мне спадабалася, я так і сказаў: сюжэт закручаны выдатна, вось толькі не ведаю, як выцягнеце.
Ён уздыхнуў з палёгкаю і схаваў сшытак у шуфляду. Відаць, у яго тады быў той самы, вядомы кожнаму творчаму чалавеку перыяд «спаду самаацэнкі», ці як гэта сказаць. Калі не ведаеш, людскае што пішацца або лухта, і абавязкова трэба погляд «з боку», чужымі вачыма.
Я спытаў, ці не збіраецца ён ехаць адпачываць на поўдзень.
– Які поўдзень… – I раптам ажывіўся яшчэ больш, падняў вочы ў столь (ён часта гаварыў, пазіраючы не на субяседніка, а кудысь уверх): – Вось хай бы зіма была цяпер! А ў маёй вёсцы хай бы не было радыяцыі… На санях бы заснежаным лесам праехаць, рыбкі свежай паспытаць, самагонкі выпіць – ніякі напой у свеце не зраўняецца з харошай жытнёўкаю… Вось што мяне выратавала б!
Ахвотнікі скарачаць чужы век білі яго з насалодаю і зацята, асабліва ў апошнія гады, калі ён быў хворы – як тыя куры, што накідваюцца і дзяўбуць таварку, заўважыўшы, што яна нямоглая і не здолее абараніцца.
Білі за тое, што ўдзельнічае ў нейкіх славянскіх камітэтах, за тое, што нібыта «заваліў» «Спадчыну», што нібыта «выпісаўся» як празаік і драматург і яму трэба ўвогуле кідаць літаратуру, за тое, што нібыта ён не «нацыяналіст»…
Ён трымаўся з усіх сіл, але ў душы, вядома ж, перажываў. Перажываў моцна. Гэта было дужа несправядліва, не па-людску – дабіваць хворага, дні якога літаральна падлічаны. (I за што, калі ўдумацца, дабіваць?!)
– Ды мне дастаткова было б пачапіць бел-чырвона-белую значку на лацкан, і тыя самыя, што мяне цяпер бэсцяць, заўтра на руках насілі б.
– Дык пачапіце, Іван Гаўрылавіч…
– З прынцыпу не пачаплю. Хоць бы з-за таго, што носяць гэтую значку тыя, каго на кіламетр не варта падпускаць да нацыянальнай ідэі. А тое, што пішуць пра мяне – хай пішуць… А мая перапёлачка лятае!
Ён часта згадваў сваю «перапёлачку», гэта ўсім вядома.
Апошні раз, за месяц перад смерцю, ён прыйшоў у «Полымя», прынёс вычытаныя гранкі новага рамана. Быў ужо ніякі з выгляду, у вачах – і стома, і боль, і страх ад прадчування блізкага канца… Павітаўся, спытаў, ці на месцы галоўны рэдактар, пайшоў, у дзвярах раптам спыніўся:
– Ледзь не забыў – ну, а ты як, Андрэй? – і, не чакаючы адказу, адразу ж выйшаў.
Потым ён памёр.
Калі з’явіўся рэдакцыйны нумар «Полымя», якога Іван Гаўрылавіч так і не пабачыў, Алесь Жук, задумліва пагладжваючы вокладку, нечакана заўважыў:
– Вось Іван-Іван, а глядзіце, якую ў апошні момант даў выдатную назву? (А. Жук перакладаў тады на беларускую «Майстра і Маргарыту» і ва ўсім шукаў сімвалаў).
А назва рамана была – «Не ўсе мы згінем».

1994

ВЯЛІКАЕ НА АДЛЕГЛАСЦІ

Першае, што я з твораў Івана Чыгрынава прачытаў, была кніга артыкулаў «Новае ў жыцці, новае ў літаратуры». Я якраз вярнуўся з арміі, дзе быў рэдактарам «Боевого листка», зампаліт хваліў мае, на  цяперашні розум жахлівыя, «заметкі» пра тое, як адстраляліся на палігоне, як «рядовой Кучук, будучи в наряде по кухне, украл часы у своего товарища и, что самое ннтересное, тоже украинца по национальности сержанта Полянского»; зампаліт пераконваў, што быць мне журналістам. Як чалавек дысцыплінаваны, я паслухаўся. Вярнуўшыся з войска, накупіў кніг па тэорыі літаратуры і стаў набірацца розуму.
I трэба ж, у першай кнізе, згаданым зборніку I. Чыгрынава, наляцеў акурат на тое, што трэба – «10 запаведзей Купрына для пачынаючых белетрыстаў». Бясцэнныя парады – пішы сабе, звярайся з правіламі, і ўсё атрымаецца. Паспрабаваўшы, аднак, я хутка пераканаўся, што гэта (напісаць апавяданне) справа зусім нялёгкая, нават для чалавека, узброенага найлепшай тэорыяй. Натуральна, пасля разумных літаратуразнаўчых артыкулаў I. Чыгрынава захацелася пачытаць і «практыку» гэтага аўтара.
Так мне адкрыўся яшчэ адзін выдатны беларускі празаік. Пазней, у Мінску, пашчасціла і пазнаёміцца з ім, пагаварыць, і я пераканаўся, што чалавек гэты адпавядае сваёй харошай бяскрыўднай мянушцы, якая ходзіць пра яго ў літаратурным асяроддзі, – «Святлейшы».
Чытаючы нядаўнія падборкі ў «ЛіМе» апавяданняў-успамінаў I. Чыгрынава, а паралельна перачытваючы «На Быстранцы» і «Апошнюю сустрэчу» Я. Брыля, падумалася: як усё ж часта мы, маладзейшыя, не цэнім сваіх жывых класікаў – таго ж Я. Брыля, I. Чыгрынава, I. Пташнікава, іншых, – шкадуем для іх цёплага слова, хоць аб’ектыўна іхняя проза такога ўзроўню, што дай Бог калі нам, маладзейшым, так пісаць… З тых падборак I. Чыгрынава ўразіла апавяданне-нарыс «Коні». Тры партызаны выбіраліся з блакады, коні заміналі ім. Партызаны прывязалі іх да бяроз у гаі, а самі пераплылі раку і ацалелі. А вось забраць коней у блізкім часе не ўдалося. «I калі нарэшце Антон (галоўны герой. – А.Ф.) вярнуўся ў бярозавы гай, коні былі нежывыя – выскублі не толькі ўсю траву пад нагамі, але і абгрызлі кару на дрэвах»…
Па-мойму, нават гэты ўрывачак дастаткова сведчыць пра майстэрства Чыгрынава-пісьменніка. А ўвогуле творчы набытак яго наўздзіў багаты і не пакідае сумнення, што ён, I.Г. Чыгрынаў, па праву носіць ганаровае, высокае званне Народнага: раманы, п’есы, апавяданні, сцэнарыі шматсерыйных кінафільмаў, акрамя таго ўвесьчасная грамадска-палітычная праца, рэдагаванне папулярнага гістарычнага часопіса «Спадчына», кіраванне Беларускім фондам культуры…
У кнізе беларускага эмігранта М. Сяднёва «Масеева кніга» ёсць эсэ «Пра апавяданні Івана Чыгрынава». Хачу працытаваць яго амаль цалкам, балазе невялікае: «… У жанры апавяданняў я гатовы паставіць Івана Чыгрынава на першае месца, залічыць яго да ліку нашых класікаў. Апрача артыстызму, я вычуваю ў іх наша, нацыянальнае – філасофію, псіхіку, быт, норавы нашага народа. Да гэтага імкнуўся Кузьма Чорны, але шмат сваіх твораў ён папсаваў, намагаючыся задаволіць партыйныя вымогі ў літаратуры. У малым жанры, у жанры апавядання, Іван Чыгрынаў незраўнаны. У гэтым жанры, думаецца, ён больш дасканалы, чым у жанры эпапеі».
Што ж, вялікае, як кажуць, бачыцца на адлегласці…

Вернасць праўдзе. Віртуальны музей народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава
© Установа культуры “Магілёўская абласная бібліятэка імя У.і. Леніна”