О картине О художнике Материалы Галерея
"Мінск. Плошча Перамогі" (1960)
"і была вайна,
і была Перамога,
І горад з руін паўставаў,
Як волат прыгожы,
Як нашы адвечныя мары,
Як наша Любоў.
Віктар Шніп
Вялікую ролю ў развіцці тэмы мінскага краявіду, поруч з жывапісцамі першых пасляваенных дзесяцігоддзяў – В. Цвіркам, І. Басавым, М. Данцыгам, – адыграў А. Мазалёў. Для яго Мінск – гэта горад па-сапраўднаму мужны і легендарны, які перажыў акупацыю, але выстаяў і пакінуў для нашчадкаў свае вуліцы, прадмесці, ускраіны, што памятаюць і падпольшчыкаў, і вызваліцеляў. Мастак разумеў: на гэтыя раёны насоўваюцца стандартныя архітэктурныя праекты – і нястомна маляваў завулкі з драўлянымі пабудовамі. Асабліва яму падабалася пісаць мінскія матывы ў зімовую і веснавую поры, калі каларыт пейзажаў рабіўся серабрыста-зіхатлівым. Быццам гэта не звычайны горад, а срэбраны, што з часам становіцца толькі больш каштоўным.
Сапраўдным шэдэўрам мастка з'яўляецца палатно "Мінск. Плошча Перамогі" (1960), намаляванае з вуліцы Кісялёва, з балкона шматпавярховага будынка. Тут мастак даў волю сваім імпрэсіяністычным захапленням, адлюстраваўшы цэнтр горада ў шэрым дажджлівым асвятленні. Але нават у пахмурнае надвор'е мінская плошча свеціцца ўзвышанай, жыццесцвярджальнай паэтыкай. Карціна стала гімнам новаму, нікім не асэнсаванаму гораду. "Мінск. Плошча Перамогі" – гэта дзіўны вобраз вялікага, нечакана манументальнага горада. Дзіўны, бо ў ім не вычытваецца аніякага палітычнага наратыву, аніякай штучнай пафаснасці. Выдатны доказ тыпалагічнага падабенства варыянтаў імпрэсіянізму ў розных мастацкіх школах, што не выключае наяўнасці нацыянальнай і канкрэтнай гістарычнай спецыфікі.
У 1967 г. гэты пейзаж экспанаваўся ў Англіі, Францыі і Канадзе. Зараз карціна захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.