О картине О художнике Материалы Галерея

"Партызанам Беларусі прысвячаецца"
(1984)

Разам з Адольфам Гугелем усё жыццё працавала Раіса Уладзіміраўна Кудрэвіч — жонка і сааўтар многіх яго карцін. Іх творчая садружнасць зарадзілася яшчэ ў гады вучобы ў Віцебскім мастацкім вучылішчы і пазней перарасла ў вялікае пачуццё, якое з’яднала мастакоў на ўсё жыццё. Гэта арыгінальны творчы дуэт, своеасаблівы сплаў мастацкіх індывідуальнасцей. Іх сумесная праца дала беларускаму мастацтву выдатныя творы: "Мікалай Астроўскі" (1956), "Кастусь Каліноўскі" (1958), трыпціх "Сімфонія рэвалюцыі" (1968), "Грэнада" (1970). Але, самай сур'ёзнай і манументальнай з'яўляецца карціна "Партызанам Беларусі прысвячаецца" (1984), створаная да 40-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
У карціне "Партызанам Беларусі прысвячаецца" псіхалагічны вобраз раскрываецца як своеасаблівы "дыялог" паміж пластычнай завостранасцю і выразнасцю твораў, поз партызан і ўвасабленнем іх вялікай унутранай сілы. Гэта адчуваецца ў структурнай маналітнасці кампазіцыі: унутранае напружанне падтрымана колерам — кантрастам вохрыста-зялёных і прыглушаных карычневых з усплёскам ружовага, бэзавага, аранжавага, блакітнага тонаў. Дакладны рэалістычны малюнак, умелая раскладка колеравых плоскасцей пры беражлівай увазе да распрацоўкі дэталей другога плана, глыбіні прасторы — усё працуе на аўтарскую задуму. Найбольш паслядоўна тэма "прысвячэння" вырашана ў цэнтральных постацях пажылога партызана ў плашч-палатцы і яго таварыша, хлопчыка ў паўкажушку і жанчыны ў светлай хустцы з вінтоўкай.
Іншымі словамі, аўтары аб'ядналі партызан у адзіным пачуцці, пранізаўшы кампазіцыю высокім рамантычным пафасам, у той жа час надзялілі ўсіх удзельнікаў "дзейства" характэрнымі, яскравымі індывідуальнымі рысамі, не дапусціўшы ў карціну ніякай прыгладжанай, ідэалізаванай нівеліроўкі. Так атрымалася моцнае і суровае злучэнне велічнай, манументальнай абагульненасці з верагоднай і канкрэтнай жыццёвай праўдай, афарбаванай душэўным мастакоўскім хваляваннем.