Аб карціне Аб мастаку Матэрыялы Галерэя
"Я імкнуўся перадаць у гэтай карціне незабыўны час партызанскага руху. Гэты час для мяне не проста старонкі гераічнай гісторыі, а і маё жыццё. І ўсе мы, колькі б ні было нам гадоў, маем дачыненне да адзінай вялікай біяграфіі – біяграфіі рэспублікі".
Май Данцыг
Безумоўна, магістральнай тэмай у творчасці Мая Данцыга стала вайна. Самым галоўным днём года мастак лічыў 9 мая. "Гэта не вялікая, а найвялікшая Перамога!" – любіў паўтараць майстар. Вайна прымусіла адзінаццацігадовага хлопчыка пасталець раней часу. І дзіцячая памяць назаўжды захавала ў сэрцы мастака яе жахі і драмы: першыя дні вайны, эвакуацыя з роднага Мінска ў Далёкі Ульянаўск…
У творах, прысвечаных вайне, Май Вольфавіч як ніколі быў апантаны жаданнем адысці ад літаратурнай тэмы і вырашыць яе апасродкавана "насуперак". У яго карцінах няма ні адной батальнай сцэны, "ні аднаго стрэлу", як адзначаў сам аўтар. Аднак па сіле эмацыйнага ўздзеяння, па глыбіні сэнсавай нагрузкі і арыгінальнасці кампазіцыйнага рашэння "ваенных" твораў Маю Данцыгу няма роўных у беларускім мастацтве.
Шырокую вядомасць на ваенную тэму атрымалі наступныя работы мастака: "І памятае свет выратаваны", "Беларусь - маці партызанская", "Партызанская Балада", "Нацюрморт аб Вялікай Айчыннай". Асаблівае месца сярод гэтых палотнаў займае карціна "Партызанская вяселле", напісаная мастаком у 1968 г.
...У лесе, у партызанскім лагеры, ва ўмовах жорсткай вайны і насуперак ёй, партызаны ўрачыста спраўляюць вяселле, сцвярджаючы гэтым вялікую чалавечнасць, надзею, дабро. Стройны лес ствалоў стрэльбаў і аўтаматаў самкнуўся над маладымі. Канкрэтныя падзеі і амаль сімвалічнае іх абагульненне, шырокая, шматпланавая думка, да краю напоўненая чалавечай цеплынёй, псіхалагізм робяць карціну глыбока ўражваючай.
Сімфанічнасць "Партызанскага вяселля" – у складанай кампазіцыйнай завязцы, у выразнасці прадметаў, у колеравай і пластычнай экспрэсіі, у рытмах форм і ліній. Для таго, каб перадаць пяшчотнасць кахання, народжанага ў агні, недастаткова было канстатаваць гэты выключны факт. У кіна- і фота-фона архівах сярод тысяч метраў плёнкі Май Данцыг нічога падобнага не знайшоў. І тым не менш, думаў мастак, так магло здарыцца. Бо сутнасць подзвігу народнага выяўляецца не толькі ў знешнім яго абрысе – у бітвах і паходах. Ён велічны яшчэ і тым, што людзі, якія яго здзейснілі, асабліва востра былі датычныя да прыгажосці жыцця менавіта ў гадзіну нягоды і былі ад гэтага духоўна яшчэ больш прыгожымі і ўзнёслымі. Калі б Май Данцыг перанёс на палатно проста маладую пару, якую благаслаўляе камандзір, глядач убачыў бы толькі канкрэтны факт. Але ж мастак здолеў узняць, мабыць, і не такі ўжо прыватны выпадак у партызанскім атрадзе да ступені вялікага вобраза, ператварыўшы сваіх герояў у манумент подзвігу і кахання.
Так і ідуць яны на гледача – дзяўчына ў белым вэлюме, падперазаная кулямётнай стужкай, з вінтоўкай на рэмені, і хлопец з аўтаматам на грудзях. Побач людзі, шмат людзей: пажылыя і маладыя партызаны, старыя жанчыны, маці партызанскія з душэўным болем за маладых, дапытлівыя дзеці, якія ўжо зведалі вайну і гора. Тут усе, хто хадзіў за плугам, вырошчваў і песціў жыццё на беларускай зямлі, былыя аратыя, лесарубы, кавалі, рыбакі. Але сёння яны паўсталі сцяной за Радзіму, у імя светлай будучыні. Паўсталі салдатамі.