Выбярыце раздзел: |
Міхась Зарэцкі
(1901 - 1937)
Дом, дзе нарадзіўся М. Зарэцкі |
Сапраўднае прозвішча Зарэцкага – Касянкоў Міхаіл Яфімавіч. Нарадзіўся ён 20 лістапада 1901 года ў сям'і дзяка. Месца нараджэння – сяло Высокі Гарадзец Сенненскага павета Магілёўскай губерні (цяпер гэта Талачынскі раён Віцебскай вобласці). Але дзяцінства Міхася Касянкова прайшло на Магілёўшчыне – пад Шкловам, у вёсцы Зарэчча (адсюль і пісьменніцкі псеўданім), на ўлонні апаэтызаванага ім у шэрагу твораў Дняпра.
Адукацыя Міхася Касянкова мела царкоўны ўхіл. Спачатку былі чатыры гады вучобы ў Аршанскім духоўным вучылішчы, а потым яшчэ два гады – у Магілёўскай духоўнай семінарыі. Аднак прававернага царкоўніка з Міхася Касянкова не атрымалася. Выйшла якраз наадварот – ён стаў, як сам казаў, "грунтоўным атэістам".
У бурлівым 1917 годзе юнак пакінуў вучобу ў семінарыі і "паспрабаваў знайсці сабе самастойны занятак". Даводзілася брацца за многае: быў перапісчыкам у паўвайсковай часці, разам з якой выязджаў у Арлоўскую губерню, потым царкоўным вартаўніком. 3 лютага 1919 года настаўнічаў у пачатковай школе адной з вёсак Магілёўшчыны. Затым быў старшынёй валаснога аб'яднання настаўнікаў у Шклове, загадчыкам Шклоўскага валаснога аддзела народнай адукацыі. "У 1920 годзе, – гаворыцца ў аўтабіяграфіі пісьменніка, – працаваў некаторы час у Магілёве ў якасці пастаяннага члена праўлення работнікаў асветы і сацыялістычнай культуры. У канцы таго ж года быў мабілізаваны у Чырвоную Армію, у якой праслужыў да пачатку 1926 года.
Міхась Зарэцкі |
Служба у Чырвонай Арміі адыграла для Міхася Зарацкага, рашаючую ролю у фарміраванні яго светапогляду. Ён і папраўдзе быў перакананым камуністам, гарачым прыхільнікам бальшавізму і пэўны час карыстаўся даверам бальшавіцкіх кіраўнікоў. 3 арміі яго дэмабілізавалі па рашэнні бюро ЦК КП(б) Беларусі і накіравалі на працу ў апарат ЦК на пасаду інструктара аддзела друку.
Займацца літаратурнай творчасцю Міхась Зарэцкі стаў яшчэ ў перыяд армейскай службы. Зімою 1921 года ён напісаў апавяданні "Цішка Бабыль" і "У Саўках". Папулярная тады беларускамоўная газета "Савецкая Беларусь" надрукавала гэтыя апавяданні, якія засведчылі, што ў нашу літаратуру прыйшоў новы, выдатны талент.
Працаваў ён у той час вельмі актыўна і плённа. Першая кніга Зарэцкага (зборнік апавяданняў "У віры жыцця") выйшла ў 1925 годзе. Тады ж з'явіўся і зборнік "Пела вясна". 1926 год даў тры кнігі: зборнікі апавяданняў "Пад сонцам", "42 дакументы і Двое Жвіроўскіх" і сатырычную аповесць "Голы звер". 1928 год зноў быў шчодры на выданні. Ім пазначаны раман "Сцежкі-дарожкі" і кніга апавяданняў "На чыгунцы".
Але гэты ж год стаў для Зарэцкага і прадвеснікам прыкрых перамен у ягоным лёсе, якія потым прывялі да трагічнага зыходу. Якраз у 1928 годзе М. Зарэцкі напісаў нарыс "Падарожжа на новую зямлю" і апублікаваў (разам з А. Александровічам і А. Дударом) заяву, што пакідае вучобу ў Белдзяржуніверсітэце (паступіў туды пасля армейскай службы) з-за непрыхільных адносін у гэтай шаноўнай навучальнай установе да беларускіх пісьменнікаў. "Ліст трох" (так звычайна называецца тая заява) бальшавіцкія артадоксы адразу абвясцілі нацыяналістычным, а "Падарожжа на новую зямлю" сталі разносіць у наступным, 1929-м, годзе. Такі ж лес напаткаў і пачатак рамана "Крывічы", надрукаваны ў "Полымі" (№ 4 за 1929 год). У гэтым творы выразнага патрыятычнага зместу пісьменнік востра ставіў нацыянальныя праблемы, абараняў ідэю беларускай бацькаўшчыны, якая ў канцы 20-х гадоў стала разглядацца як заганная, несумяшчальная з савецкай ідэалогіяй. Далейшае друкаванне рамана было спынена, а самога аўтара ў снежні 1929 года выключылі з бальшавіцкай партыі. Ён яшчэ спрабаваў змагацца за свае права застацца у шэрагах бальшавікоў, апеліруючы да вышэйшых партыйных інстанцый. Але 12 сакавіка 1931 года злавесную кропку паставіў сакратарыят ЦК КП(б)Б, які рашэнне аб выключэнні Зарэцкага прызнаў абгрунтаваным.
Пазбаўленне партыйнага білета ўжо тады, як правіла, вяло і да фізічнай расправы. Зарэцкі ж пражыў яшчэ сем гадоў (без двух з паловай месяцаў). Ён да пачатку кастрычніка 1936 года працаваў у АН БССР загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва, яшчэ пісаў, зноў і зноў апраўдваючыся, новыя творы, стварыў лепшы свой раман "Вязьмо" (1932), але ратунку ўсё роўна для яго ўжо не было. 3 кастрычніка 1936 года сумленнага мастака арыштавалі, абвінаваціўшы ў прыналежнасці да выдуманай трупы "тэрарыстаў, шпіёнаў, дыверсантаў", якія нібыта "праводзілі падрыўную работу" контррэвалюцыйнага характару, а жахлівым для беларускай літаратуры днём 29 кастрычніка 1937 года расстралялі разам з шэрагам іншых пісьменнікаў.
Крыніца: Платонаў, Р. Чырвоны бунтар / Расціслаў Платонаў // Полымя. – 1998. – № 3. – С. 221–223.
Літаратурнае аб'яднанне "Полымя". Мінск, 1926 г.
Сядзяць: Якуб Колас, Цішка Гартны, Янка Купала, Міхась Чарот, Васіль Сташэўскі;
стаяць: Алесь Ляжневіч, Міхайла Грамыка, Уладзіслаў Галубок, Міхась Зарэцкі,
Анатоль Вольны, Алесь Дудар, Алесь Гурло. 1936 г.
Дадатковыя матэрыялы аб жыцці і дзейнасці:
-
Анціпенка, Л. Псеўданім нарадзіўся на Шклоўшчыне : [аб жыцці і творчасці беларускага пісьменніка Міхася Зарэцкага] / Л. Анціпенка // Ударны фронт . – 1993. – 27 лістапада. – С. 2.
-
Белая, А. Вобраз Галілея ў рамане "Вязьмо" Міхася Зарэцкага : [філолага-філасофскае прачытанне] / Алена Белая // Роднае слова. – 2011. – № 7. – С. 19–23.
-
Бугаёў, Д. Пакутныя дарогі рамантыка : [аб жыцці і творчасці беларускага пісьменніка Міхася Зарэцкага] / Дзмітрый Бугаёў // Бугаёў, Д. Служэнне Беларусі / Дзмітрый Бугаёў. – Мінск, 2003. – С. 68-113.
-
Воюш, І. У непрытульным свеце… : [жаночыя вобразы ў прозе Міхася Зарэцкага] / Інга Воюш // Роднае слова. – 2004. – № 9. – С. 9–12. ; № 10. – С. 19–21.
-
Выскварка, Т. Кадыфікаваныя і некадыфікаваныя прыметнікі-кампазіты Зарэцкага-апавядальніка / Таццяна Выскварка // Полымя. – 2011. - № 5. – С. 122–127.
-
Гібок-Гібок, А. “Песню ліла вясна…” : [тэма кахання ў апавяданнях М. Зарэцкага] // Роднае слова. – 1996. – № 12. – С. 49–60.
-
Далідовіч, Л. З ліку сумленых і мужных : [аб жыцці і творчасці Міхася Зарэцкага] / Людміла Далідовіч // Маладосць. – 2001. – № 12. – С. 233–238.
-
Дасаева, Т. На хвалі рэвалюцыйнай раманыкі : [літаратурны партрэт М. Зарэцкага] / Т. Дасаева // Беларуская мова і літаратура ў школе. – 1991. – № 10. – С. 43-48.
-
Карніловіч, Э. За што цкавалі Зарэцкага? / Эдуард Карніловіч // Маладосць. – 1991. – № 2. – С. 120–124.
-
Лаўшук, Д. Л. Словы з эмацыянальным значэннем у прозе К. Чорнага і М. Зарэцкага / Д. Л. Лаўшук // Куляшоўскія чытанні : матэрыялы Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі 24 красавіка 2008. – Магілёў, 2008. – С. 55–56.
-
Максімовіч, В. Палоннік мастацкай праўды : [Міхась Зарэцкі – навэліст] / В. Максімовіч // Роднае слова. – 2001. – № 11. – С. 3–5.
-
Марціновіч, А. Жыцця вірлівыя павароты : [аб жыцці і творчасці беларускага пісьменніка Міхася Зарэцкага] / Алесь Марціновіч // Беларуская думка. – 2001. – № 10. – С. 63–73.
-
Мушинский, М. Три рассказа : [о Михасе Зарецком] / Михась Мушинский // Неман. – 1979. – № 8. – С. 6–38.
-
Мушынскі, М. І. Герой яго твораў – мужная праўда : [да 100-годдзя з дня нараджэння М. Зарэцкага] // Народная асвета. – 2001. – № 12. – С. 70–73.
-
Падстаўленка, В. Антыгерой у “малой прозе” Якуба Коласа і Міхася Зарэцкага / Віталь Падстаўленка // Роднае слова. – 2008. - № 9. – С. 18–20.
-
Пахомчык, Н. Бяда Зарэцкага : [у жыцці і творчасці Міхася Зарэцкага] / Наталля Пахомчык // ЛіМ. – 2011. – 18 лістапада. - С. 1.
-
Пахомчык, Н. Семенарысты [штрыхі да біяграфіі Міхася Зарэцкага, ураджэнца Магілёўшчыны] / Наталля Пахомчык // ЛіМ. – 2010. – 15 кастрычніка. – С. 15.
-
Пятрова, Н. Сінаніміка ў творах Максіма Зарэцкага / Наталля Пятрова // Родная слова. – 2006. – № 10. – С. 27–30.
-
Рублевская, Л. Бездны Михася Зарецкого : [о жизни и творчестве белорусского писателя] / Людмила Рублевская // Советская Белорусия. – 2006. – 19 декабря. – С. 21.
-
Ячмянёва, І.М. Гутарковыя сінтаксічныя канструкцыі ў дыялогах твораў М. Зарэцкага / І. М. Ячмянёў // Веснік Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова. – 2002. – № 1. – С. 58–64.
Інтэрнэт-рэсурсы
http://mihaszarecki.ru |
Міхась Зарэцкі (Михаил Косенков) 1901-1937 Сайт, посвящен творчеству известного белорусского писателя, одного из организаторов литературного объединения "Маладняк", члену объединения "Полымя" Михаила Зарецкого. Зарецкий разрабатывал новую в белорусской литературе тему трагической судьбы представителей побежденных революцией классов ("Ворагі"). Правдивая историческая картина событий Октябрьской революции 1917 г. и гражданской войны, трагедия белорусской деревни и крестьянства в 1930-е годы показаны в повести "Голы звер", романах "Сцежкі-дарожкі", "Вязьмо". |
"Вязьмо" Міхася Зарэцкага на сайце "Родныя вобразы"
Міхась Зарэцкі на сайце "Беларуская палічка. Беларуская электронная бібліятэка"
Міхась Зарэцкі на сайце "Вікіпедыі"
Выбярыце раздзел: |